Вы тут

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана…


Сёння ў Беларусі крыху больш за 800 населеных пунктаў яшчэ не маюць якаснай вады, а ў 4414 мястэчках яна ўжо адпавядае нормам пітной якасці. Згодна з падпраграмай «Чыстая вада» дзяржпраграмы «Камфортнае жыллё і камфортнае асяроддзе», да 2025 года ўсе беларусы павінны будуць атрымаць якасную ваду, таму да канца гэтага тэрміну ў краіне неабходна збудаваць яшчэ каля 700 станцый абезжалезвання ў дадатак да 1422 тых, што ўжо эксплуатуюцца. Пра спосабы забеспячэння жыхароў краіны чыстай вадой сёння і ў недалёкай будучыні расказалі эксперты галіны.


Фота: pixabay.com

Патрабаванні «вёсак будучыні»

У 23 200 населеных пунктах Беларусі налічваецца 6730 сістэм цэнтралізаванага водазабеспячэння. У краіне распрацаваны рэгіянальныя комплексы па развіцці і рэканструкцыі цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння, згодна з якімі ў малых населеных пунктах прадугледжана будаўніцтва 753 станцый абезжалезвання, перападключэнне 112 населеных пунктаў да месцаў з вадой нарматыўнай якасці, будаўніцтва 50 артэзіянскіх свідравін, а ў некаторых (як часовая мера) — арганізацыя падвозу вады, расказаў Алег Конан, генеральны дырэктар Белвадаканала:

— Асноўных спосабаў, дзякуючы якім мы забяспечваем спажыўцоў паслугай па атрыманні якаснай вады, восем: будаўніцтва станцый абезжалезвання кантэйнернага тыпу, кампактныя ўстаноўкі абезжалезвання вады, падамавыя індывідуальныя устаноўкі абезжалезвання, абезжалезванне вады ў ваданосным пласце,Ппдвоз вады ў бутэляваных і стацыянарных ёмістасцях, устаноўка вадаматаў, абезжалезванне вады ў існуючай воданапорнай вежы, падключэнне да найбліжэйшага населенага пункта з вадой нарматыўнай якасці.

Пры выбары аднаго з названых спосабаў неабходна ўлічваць патрабаванні тыпавых праектаў «вёскі будучыні».

— Прапанаваныя рашэнні распаўсюджваюцца на пяць тыпаў пасяленняў адпаведна з асноўнымі палажэннямі дзяржаўнай схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі. Да чацвёртага тыпу адносяцца мястэчкі з колькасцю жыхароў ад 50 да 200 чалавек з актыўным зніжэннем колькасці насельніцтва. Тут прыярытэтным з'яўляецца аптымізацыя дзеючых сістэм цэнтралізаванага водазабеспячэння з вывадам з эксплуатацыі сетак спажыўцоў, якія выбылі. Пяты тып пасяленняў — вескі з колькасцю жыхароў менш за 20 чалавек у будучыні без пастаяннага пражывання ў гэтым месцы. Для падачы ім вады арганізуюцца лакальныя групавыя ці аўтаномныя сістэмы водазабеспячэння свідравін, устройства шахтавых калодзежаў, электрапомпаў ці водаразборных калонак, патлумачыў Алег Конан.

Колькі жыхароў — такі і падыход

З 818 населеных пунктаў краіны, дзе яшчэ трэба думаць над рацыянальным спосабам забеспячэння людзей чыстай пітной вадой, 124 мястэчкі — з колькасцю жыхароў да 100 чалавек. І кожны з гэтых населеных пунктаў трэба разглядаць паасобку, а не агулам, упэўнены Дзмітрый Кліманскі, першы намеснік генеральнага дырэктара Віцебскаблвадаканала:

— Мы зрабілі градацыю такіх пунктаў па колькасці жыхароў, каб разумець, што гэта за пункты, колькі іх, як гэта адбіваецца на эканоміцы прадпрыемства. Да дзясятка чалавек жыве ў 129 вёсках Віцебшчыны (у 69 — увогуле па адным-два-тры жыхары), ад дзесяці да 30 — у 218 населеных пунктах, ад 30 да 100 — у 53-х.

Вёскі, дзе жывуць ад дзесяці чалавек, застаюцца ў спісе пунктаў, дзе трэба забяспечыць людзей вадой пітной якасці. Іх дастаткова перападключыць да населеных пунктаў, якія цэнтралізавана забяспечаны якаснай вадой. А вось ладзіць водазабеспячэнне ў пунктах, дзе жыве пара-тройка чалавек, — практычна і эканамічна бессэнсоўна, лічаць віцебскія спецыялісты. Два гады таму тут сталі прымяняць метад падвозу вады.

— Падштурхнула да гэтай ідэі тое, што такія населеныя пункты, як правіла, вельмі старыя, свідравіны ў іх працуюць з 1960—1970-х гадоў мінулага стагоддзя і пакрысе выходзяць са строю. Лагічна, што будаваць новы аб'ект водазабеспячэння для аднаго-двух чалавек — нерэнтабельна. Таму ўстанавілі ёмістасць для падвозу вады. Пашчасціла, што малы населены пункт знаходзіўся побач з буйным, дзе ёсць станцыя абезжалезвання з адпаведнай тэхнікай. Падключылі гэтую стацыянарную ёмістасць (з чахлом, каб не замерзла ўзімку) да існуючай водаправоднай сеткі. Такіх пунктаў у вобласці тры, — падзяліўся Дзмітрый Кліманскі.

Каб забяспечыць спажыўцоў якаснай пітной вадой, у некаторых населеных пунктах віцебскія воднікі змянілі статус «спажывец» на статус «неспажывец», то-бок перавялі жыхароў на нецэнтралізаванае водазабеспячэнне. Людзям выкапалі індывідуальныя шахтавыя калодзежы або рабілі заглыбленыя свідравіны з далейшай перадачай гэтых аб'ектаў грамадзянам ці пакідалі іх на абслугоўванні прадпрыемства. Па затратах воднікі прайгравалі ў любым выпадку, аднак больш лагічным для прадпрыемства стаўся менавіта такі падыход, чым несці затраты на абслугоўванне людзей пры цэнтралізаваным водазабеспячэнні ў тых жа 129 вёсках, дзе жыве да дзясятка чалавек. Тым больш што часта жыхары ў такіх пунктах карысталіся існуючай вадой ужо толькі для гаспадарчых патрэб, таму псіхалагічна былі гатовыя прыняць такі метад забеспячэння пітной вадой. Да таго ж такім чынам вырашылі і праблему абслугоўвання сетак, якія таксама жадалі лепшага, падкрэсліў намеснік гендырэктара:

— Падобная сітуацыя назіраецца і ў населеных пунктах, дзе жыве ад дзесяці да 30 чалавек, — тут таксама ў большасці сваёй лепш перайсці на нецэнтралізаванае водазабеспячэнне. Там, дзе жыхароў ад 30 да 100 чалавек, магчымасцяў больш. Можна перападключыць іх да населеных пунктаў з вадой пітной якасці. Зрабіць дэцэнтралізаванае водазабеспячэнне — на адной вуліцы арганізаваць некалькі шахтавых калодзежаў (у нас ёсць прыклады, дзе людзі ўсё жыццё ў такіх умовах жывуць). Усталяваць міні-станцыі абезжалезвання — у існуючым павільёне ўстанаўліваюцца фільтры для абезжалезвання вады (нашы брыгады потым іх абслугоўваюць).

У аграгарадку Параф'янава Докшыцкага раёна воднікі, дарэчы, пачалі эксперыментальны спосаб выдалення празмернага жалеза з вады — метадам унутрыпластавога выдалення.

Рэнтабельнасць і скідкі

На думку Дзмітрыя Дразда, дырэктара водаканала Мінскага раёна, калі людзям немагчыма даць ваду належнай якасці, то ім павінны давацца на яе пэўныя скідкі. І вось калі ў 2026 годзе (зыходзячы з таго, што да 2025-га ўсе беларусы павінны мець якасную ваду) складзецца сітуацыя, што вада з павышаным утрыманнем жалеза стане бясплатнай для карыстальнікаў, гэта стымулюе шукаць спосаб вырашэння праблемы:

— Трэба правільна вызначыць прыярытэты і разабрацца, што такое эканамічная мэтазгоднасць пры вырашэнні гэтых пытанняў. У нас 241 населены пункт, мы прадаём крыху больш за 8 млн м3 вады. Дзесяць найбуйнейшых пунктаў раёна ўжываюць 65 % аб'ёму вады, а калі да іх дадаць мястэчкі са статусам аграгарадкоў — атрымаецца 87 %. Значыць, на Міншчыне больш за 200 населеных пунктаў, на долю якіх прыходзіцца ўжыванне толькі 13 % вады. 44 населеныя пункты, у якія мы адпускаем больш за пяць тысяч кубаметраў вады ў месяц, знаходзяцца на рэнтабельным узроўні, то-бок, грошы, атрыманыя ад гэтых спажыўцоў, пакрываюць нашы затраты. А 197 пунктаў у такой сітуацыі з'яўляюцца рэцыпіентамі, і мы вымушаны накіроўваць на іх абслугоўванне сродкі, атрыманыя ад іншых.

У мястэчках, дзе ўжываецца ад 400 да 1400 м3 вады ў месяц (або да 5 м3 вады ў гадзіну), мэтазгодна рабіць малыя станцыя абезжалезвання некантэйнернага тыпу, якія ставяцца ў калодзеж. Сабекошт такой станцыі зараз каля 6,5 тысячы рублёў. Аднак яна мае і плюсы, і мінусы ў рабоце. Атрымаць якасную ваду ў вёсках, дзе ўжываецца да 100 м3 вады, можна двума спосабамі. Шляхам устаноўкі маленькай станцыі (асабліва калі пад яе ёсць месца) або з дапамогай тэхналогій, якія ўключаюць выкарыстанне прамыўных вод (з наступнай перыядычнай заменай фільтраў), лічыць спецыяліст.

— Скідкі — часовая норма ва ўстаноўленых санітарнымі нормамі, правіламі і гігіенічнымі нарматывамі паказчыках. У прыватнасці, нас цікавіць жалеза, пастаянны паказчык якога 0,3 мг/дм3, а часовы можа дасягаць 1 мг/дм3. На той перыяд, які нам даецца, па пастанове галоўнага санітарнага ўрача, мы павінны распрацаваць мерапрыемствы па давядзенні нарматыву да паказчыка, які патрабуецца. І вось на гэты перыяд можа давацца скідка, — заўважыла Ірына Роўба, намеснік генеральнага дырэктара «Белводаканала». — Гаворка пра тое, што спажыўцы пастаянна не будуць забяспечаны якаснай вадой, не вядзецца — усе яны атрымаюць яе да 2025 года. Мы, як пастаўшчыкі паслугі, павінны прытрымлівацца заканадаўства і планаваць свае мерапрыемствы па забеспячэнні людзей якаснай пітной вадой.

Дзяржпраграмай пастаўлена задача да 2025 года забяспечыць падачу якаснай пітной вады 100 % спажыўцоў — фізічных асоб, з якімі заключаны дагаворы на аказанне паслугі. І на выкананне гэтай задачы ўсімі магчымымі спосабамі спецыялісты воднай галіны і арыентуюцца, запэўніваюць яны. Скасаваць жа такі дагавор (перавесці чалавека на нецэнтралізаванае водазабеспячэнне) можна толькі па пісьмовай згодзе гэтага спажыўца.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».