Вы тут

Максім Расоха: Музыка — як смачная страва


Максім Расоха стаў мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, калі не стала Міхаіла Фінберга. Аркестр зараз носіць імя былога кіраўніка і не адмаўляецца ад спадчыны яго стваральніка: традыцыйныя фестывалі, канцэрты — іх больш за 60 у год. І новае жыццё — праз новыя праекты, якія Максім Расоха ўмеў прыдумляць і напаўняць зместам яшчэ будучы маладым музыкантам. Падумаць толькі: выбіраў паміж кулінарным тэхнікумам і музычным вучылішчам...

 Беларуская музыка набыла шчырага даследчыка, чалавека, які стварае калектывы, здольныя здзіўляць, і які імкнецца яе прадставіць так, каб не адпускала...


— Калі вы зразумелі, што хочаце быць дырыжорам?

— У музычнай школе я вучыўся на трубача, але да музыкі не цягнуўся ад слова зусім. Праўда, аднойчы зразумеў, што ў мяне атрымліваецца, і пачаў цікавіцца. А калі ў чалавека атрымліваецца, калі яго хваляць — хочацца, каб яшчэ пахвалілі. І я вырашыў, што буду рабіць далей. Быў выбар: кулінарны тэхнікум або музычнае вучылішча. Вельмі люблю гатаваць, ды не проста па рэцэпце, а імправізую. А музыка — як смачная страва, якую мы выбіраем у рэстаране: калі разумеем, з чаго яна прыгатавана, то з’яўляецца прадчуванне, што атрымаем задавальненне. Я таму на канцэртах і расказваю пра твор, што будзе гучаць, — у ім ёсць разынка, і я яе раскрываю. Свайго роду музычная кулінарыя. «Смачна» павінна быць і ў музыцы…

Я паступіў у музычнае вучылішча і абраў габой. Разумеў, што мае аднакурснікі ўжо гадоў пяць гралі на інструменце, а я пачаў з нуля. Даводзілася шмат займацца. А калі быў на другім курсе, мы сабралі невялікі калектыў, для якога я ўпершыню пачаў рабіць аранжыроўкі, дырыжыраваў ім. Затым у Акадэміі музыкі, дзе я вучыўся па класе аркестравага дырыжыравання ў выдатнага музыканта і педагога, заслужанага артыста Беларусі Барыса Сцяпанавіча Чудакова, мы з сябрамі стварылі квартэт драўляных духавых інструментаў. Па размеркаванні я прыйшоў працаваць у Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, дзе і з’явіўся квартэт «Рыўера», у склад якога ўвайшлі артысты аркестра фагатыст Дзіма Солтан, лепшая флейтыстка Беларусі Таццяна Кармазінава  і кларнетыст Дзмітрый Ярацэвіч. Разам з «Рыўерай» мы сталі ўладальнікамі Гран-пры на міжнародным конкурсе ў Фінляндыі, потым было шмат іншых конкурсаў і фестываляў. Таксама запісалі некалькі дыскаў, сярод якіх праграма Яўгена Глебава, куды ўвайшлі балетная сюіта «Маленькі прынц», музыка да балета «Альпійская балада» і іншыя творы. Мы ўчатырох гралі за ўвесь склад аркестра.

 Дзякуючы кампазітару Глебаву я трапіў у свет беларускай музыкі: пачуў аднойчы ягоны «Беларускі танец» з «Палескай сюіты» — што за мелодыя!.. Я ж яшчэ выкладаю ў знакамітай 10-й музычнай школе імя Глебава, якой кіруе легендарны дырэктар заслужаны дзеяч культуры Беларусі Тамара Арцёмаўна Куніцкая. Якраз быў юбілей кампазітара, і мы захацелі прадставіць «Дудку-весялушку» з мультфільма — так узнік калектыў з 12 чалавек. На наступным канцэрце школы «Зімовая казка» ў Доме афіцэраў я ўжо дырыжыраваў ім... З ансамблем «Мінск-Класік» мы запісалі дыск Глебава «Музыка беларускага кіно». Атрымалася, што ў мяне не было мэты стаць дырыжорам, але для рэалізацыі сваіх творчых ідэй я ствараў розныя калектывы.

Быў момант, калі паўстала дылема: дырыжыраваць калектывам або граць у ім. І здарылася так, што ў гэты ж час у Прэзідэнцкім аркестры захварэў і галоўны дырыжор, і другі дырыжор. Мяне папрасілі выручыць — трэба было запісаць адзін твор. Я згадзіўся дапамагчы. Менавіта тады я ўсвядоміў, што буду дырыжыраваць. І пазней нават стаў другім дырыжорам гэтага знакамітага аркестра, праўда, як запасны гулец. А хацелася творчасці.

Таму, калі мне прапанавалі стаць дэканам аркестравага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, пагадзіўся. А ўжо праз тры месяцы з духавым аркестрам акадэміі, якім кірую і цяпер, мы паехалі ў Маскву і занялі другое месца на Усерасійскім адкрытым конкурсе духавых аркестраў. Аднойчы я звярнуўся з прапановай да рэктара Кацярыны Мікалаеўны Дулавай рэалізаваць музычны праект да 90-годдзя з дня нараджэння Яўгена Глебава. Пасля акадэмія атрымала грант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і мы з духавым аркестрам прадставілі гэты праект ва ўсіх абласных гарадах Беларусі. На наступны год я быў адзначаны грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры.

Як музыкант і дырыжор я працаваў у розных калектывах Мінска і Гомеля. Была магчымасць зразумець, што для мяне музыка — гэта і любімая справа, і лад жыцця.

— Ёсць вялікі пласт музыкі, шлях якой да слухача няпросты. Беларуская музыка добра вядома шырокаму колу?

— Як у Міхаіла Якаўлевіча, у мяне ў прыярытэце нацыянальная музыка. Дзеля яе было створана шмат фестываляў, яны займаюць сваё месца ў біяграфіі аркестра. У мяне быў перыяд, калі я працяглы час праводзіў у архівах. Шмат музыкі ўдалося знайсці: ноты, рукапісы, вельмі шмат даваенных. Гэта музыка не гучыць са сцэны, няма яе і ў запісах. Дзякуючы Беларускай акадэміі музыкі былі выпушчаны зборнікі рукапісаў, якія мне ўдалося знайсці. Цяпер іх можна ўзяць у бібліятэцы, граць творы. Людзі павінны хаця б раз пачуць музыку, каб зразумець яе каштоўнасць, бо гэта ж наша гісторыя, не кажучы ўжо пра тое, што творы заўсёды нясуць ідэю. Калі ў Акадэміі музыкі былі курсы павышэння кваліфікацыі, да нас прыязджалі дырыжоры з розных музычных і навучальных устаноў. Нават яны са здзіўленнем слухалі гісторыю розных твораў, прасілі ноты беларускіх аўтараў, музыка якіх нідзе не гучыць, яе немагчыма знайсці. Я дзяліўся партытурай, і спадзяюся, што музычнае жыццё ў тых каледжах стала больш разнастайным. У тым ліку дзякуючы творам такіх аўтараў, як Юры Бяльзацкі. Многія сёння нават не ведаюць такога кампазітара. А ён у 1939-м, ратуючыся ад нямецкіх захопнікаў, аказаўся ў Беларусі. Стаў стваральнікам, дырыжорам і кампазітарам Першага дзяржаўнага джаз-аркестра БССР, кіраўніком якога быў Эдзі Рознер. У 1947 годзе, калі аркестр быў ліквідаваны, Бяльзацкі мог вярнуцца ў Польшчу, але застаўся тут і працягнуў эстрадную лінію ў Беларусі, стаў мастацкім кіраўніком аркестра Беларускага радыё і тэлебачання, яшчэ да Барыса Райскага. Некалькі гадоў таму мы з ансамблем зрабілі перадачу на радыё, выканалі  музыку Юрыя Бяльзацкага. А да 110-годдзя выйшаў зборнік з яго сачыненнямі, музыка стала даступнай для выканання. Ёсць і запісы, якія можна паслухаць. І так са многімі кампазітарамі, якіх мы выконваем.

На мой погляд, наша задача ў Беларусі — не проста граць музыку, якую ўсе ведаюць  — гэтым публіку не здзівіць. Усё ж нам бліжэй наша, нацыянальная. Яе мы бярэм за аснову — усе нашы фестывалі, па сутнасці, дзеля гэтага, кожны раз рыхтуем новую праграму. Напрыклад, на свята музыкі «Заслаўе — 2023», якое традыцыйна адбываецца напрыканцы студзеня. Наша праграма складаецца з твораў вядомых кампазітараў, якія рэдка выконваюцца. Напрыклад, у выкананні струннага аркестра прагучыць «Павана» з балета «Пасля балю» Генрыха Вагнера. Чым часцей мы будзем выконваць нават невялікія п’есы, уверцюры, тым лепш людзі будуць ведаць нашу сучасную беларускую музыку.

А ў адным канцэрце тэматычна можна звязаць нават Бетховена і Багатырова! Ёсць шмат паралеляў, праз якія рэальна зацікавіць публіку беларускай музыкай, нават без навязвання 70 працэнтаў на радыё. А чаму складана аказалася знайсці столькі беларускай музыкі? Таму што шмат яе ўтоена ў нашым складаным мінулым, і да гэтага часу не знойдзена. Сутыкнуўся з гэтым, калі па суботах гралі «Вечары беларускага джаза» — а я даўно марыў зрабіць «Анталогію беларускага джаза». Аркестр імя Фінберга адкрываў першы джазавы канцэрт, мы прадставілі музыку ад Бяльзацкага да Лучанка і нашых сучаснікаў.

У гісторыі нашай музыкі шмат забытых імёнаў, напрыклад Яўген Грышман, які пісаў эстрадную музыку на аснове беларускага фальклору. У 1930-я фальклор у Беларусі быў адным з прыярытэтных накірункаў, шмат экспедыцый арганізавалі Шырма і Цітовіч, Чуркін сабраў больш за 3000 беларускіх народных песень. Нацыянальнае беларускае мастацтва стала ўзнімацца фактычна 100 гадоў таму. І кампазітары пісалі музыку. Для канцэрта ў Заслаўі мы выбралі першы ў музычнай гісторыі нашай краіны фартэпіянны квінтэт на беларускія тэмы Мікалая Аладава, напісаны ў 1925 годзе, але ў ім сімфанічнае мысленне. Фактычна гэта сімфонія, якая гучыць больш за паўгадзіны, яна заснавана на беларускіх народных тэмах, на тым фальклоры, які мы цяпер не ведаем. Калі б у партытуры нейкі выканаўца не падпісаў, дзе якая тэма гучыць, мы б і не даведаліся. Таму неабходна не проста выконваць беларускую музыку — яе трэба яшчэ і прадстаўляць зразумелай мовай. Вось чаму я вяду канцэрты акадэмічнай музыкі сам — каб данесці сэнс, які важны для мяне.

— На якіх кампазітараў хочаце звярнуць увагу сёлета?

— Да 70-годдзя Уладзіміра Солтана мы рыхтуем некалькі твораў: зрабілі пералажэнне знакамітага канцэртнага вальса і элегіі — іх тэмы былі ўзятыя з ягонай уласнай музыкі да першага беларускага серыяла «Пракляты ўтульны дом». Прагучыць знакамітая канцэртная п’еса для саксафона з камерным аркестрам.

Сёлета адзначаем 110 год з дня нараджэння Анатоля Багатырова, мы выконваем вальс Ніны з музыкі да драмы «Маскарад». Глебаў, Смольскі — у нас музыка розных кампазітараў, як і вядомых, так і менш вядомых. У прыватнасці, у мінулым годзе  адзначалі 120-годдзе з дня нараджэння заслужанага артыста БССР Самуіла Палонскага. Ён родам з украінскага мястэчка Гайсіна, вучыўся ў Кіеве, але ў канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя прыехаў у Мінск. Да Вялікай Айчыннай вайны кіраваў Яўрэйскім дзяржаўным вакальным ансамблем, Беларускай рэспубліканскай харавой капэлай, ансамблем песні і танца Беларускай ваеннай акругі, пісаў музыку. Атрымалася знайсці рукапіс камернай інструментальнай музыкі — для трубы, для валторны з фартэпіяна, для скрыпкі з фартэпіяна. Фактычна гэта камерная музыка даваеннага перыяду, яе няма ў запісе. Але выйшаў зборнік Палонскага, і зараз, ведаючы пра такога кампазітара, можна граць яго музыку. У прыватнасці, у яго ёсць твор «Кірмаш», напісаны для беларускага народнага аркестра. Фактычна гэта музычная ілюстрацыя мінулага Беларусі, як «Карцінкі з выстаўкі» Мусаргскага. Вясковае вяселле прыязджае на кірмаш, маладыя выходзяць і сустракаюцца з рознымі персанажамі. Гандляркі паказаны праз беларускую польку. Сляпы грае на ліры — гучыць «Перапёлачка». Праходзяць міма яўрэйскага латка — гучаць яўрэйскія матывы. Сустракаюць цыганоў — ідзе «Цыганачка»...Пачынаецца твор гукамі званочкаў і заканчваецца імі, калі вяселле ад’язджае. Мы летась прадстаўлялі гэты твор на ўсіх фестывалях.

Таксама працуем з музыкай Аляксея Туранкова, кампазітара са складаным лёсам. Яго «Малдаўская дойна», «Іспанскі танец» напісаны больш за 70 гадоў таму і наогул не выдаваліся. Нашы кампазітары ўвасаблялі ў музыцы тэмы розных народаў, таму можна нават зрабіць асобную праграму «Мелодыі краін свету ў творчасці беларускіх кампазітараў». Думаю, трэба выдаць ноты. Я называю такую працу музычнай археалогіяй: знайшоў рукапіс, прывёў у належны выгляд, інструментаваў, знайшоў магчымасць выканаць і расказаць пра твор.

— У праграму камерных фестываляў Фінберг уключаў сусветную класіку — бо аркестр эстрадна-сіфанічны і павінен «трымаць твар»…

— Мы развіваемся і з акадэмічнай музыкай, калі граем такія творы, як «Брандэнбургскі канцэрт № 3» Баха. Бярэм у рэпертуар музыку замежных кампазітараў, такіх як Эдвард Грыг. Рыхтуем канцэрт да 110-годдзя Бенджаміна Брытэна. Прафесійны калектыў павінен выконваць музыку розную, але глыбокую па эмоцыях — яна ўздзейнічае перш за ўсё на выканаўцаў, і яны тады здольныя лепш яе раскрыць. Бо на канцэрце хочацца адчуць не толькі задавальненне, але і пражыць маленькае жыццё — ёсць такая музыка. Напрыклад, Cantus кампазітара Арво Пярта, прысвечаны памяці Брытэна. Мы сыгралі на рэпетыцыі, скончылі — а музыканты аркестра працягваюць маўкліва сядзець... Такая музыка прымушае слухаць і пра нешта задумацца.

— Як Вас прынялі музыкі пасля такога аўтарытэтнага кіраўніка як Фінберг?

— Я чалавек супрацьлеглы Міхаілу Якаўлевічу па характары. З музыкамі кантактую як таварыш. Магу па-сяброўску папрасіць нешта зрабіць, не патрабуючы сляпога падпарадкавання. Па-першае, гэта высакакласныя прафесіяналы. Я сам музыкант, а гэта калегі, з якімі я магу рэалізаваць сваё бачанне. З музыкантамі ў нас добры кантакт, мне прыемна з імі працаваць. З кожным канцэртам яны болей даведваюцца пра мяне, а я — пра іх. Струннай групе больш пашанцавала ў гэтым сэнсе — у нас больш акадэмічных канцэртаў. Часам я вяду канцэрты ў стылі стэнд-ап, як гэта было ў Нясвіжы, дзе ўжо ў новым годзе мы прадставілі праект «Калядны джаз» у радзівілаўскім палацы. Абыгралі выхад музыкантаў — атрымалася шоў на 2 хвіліны. «Духавікі» першы раз убачылі, як я вяду канцэрт — была поўная імправізацыя, у тэатральнай зале акрамя беларусаў былі гледачы з Расіі, Казахстана, Ізраіля, Украіны, трэба было іх разварушыць. Дапамог аповяд пра мелодыю Глена Мілера «Маленькі карычневы гарлачык» — па сутнасці, гэта інструментальная версія знакамітай застольнай песні (свята ўсё-такі!). А ў ліпені ў двары нясвіжскага палаца плануюцца два вечары праекта «Джаз у горадзе Н». Не пабаюся сказаць, што наш аркестр — заканадаўца джазавага мастацтва ў Беларусі. У лютым мы правядзем традыцыйны праект «Мінскі джаз». Натуральна, праз прызму майго разумення гэтай музыкі.

Музыканты, нават тыя, хто доўга працуе ў аркестры, ахвотна ідуць на нешта новае, бо душу не падманеш, ёй патрэбны свежыя эмоцыі. На шчасце, мы можам граць музыку розных жанраў і стыляў.

— Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі народ любіць і ведае ў большай ступені па канцэртах папулярнай музыкі. Але ці можна гэтым здзівіць?

— І тут наш прыярытэт нязменны — музыка беларускіх аўтараў. Ёсць жаданне выконваць яркую, эфектную. Плануем канцэрт паэта-песенніка Алега Жукава да яго 80-годдзя. У нас папаўненне сярод салістаў: Таццяна Прахарэнка, якая ўдзельнічала ў «Фактар.ву», яркая, перспектыўная выканаўца, у ёй бездань драйву і эмоцый, і Андрэй Коласаў, які нядаўна атрымаў медаль Францыска Скарыны.

У сакавіку ў вялікай зале філармоніі прадставім праект «Шлягер на ўсе часы». Першы канцэрт будзе прысвечаны вялікаму Мусліму Магамаеву. Песні ў яго выкананні сталі сапраўднымі шлягерамі, яны будуць падмацаваны відэакантэнтам. Другі канцэрт — бенефіс заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Наталлі Тамела і Дзмітрыя Качароўскага. А трэці канцэрт прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння знакамітага савецкага рэжысёра Леаніда Гайдая. Прагучыць музыка з яго кінафільмаў у суправаджэнні відэашэрагу з яркімі ўрыўкамі, цытатамі.

— Можа быць, з’явіцца праграма музыкі з беларускага кіно?

— Гэтым летам каля ратушы з калектывам «Мінск-Класік» мы прадстаўлялі «Музыку беларускага кіно». Ёсць думкі развіваць гэтую тэму, тым больш што ў 2024-м 100-годдзе беларускага кінематографа. Патрэбны або праект, або грант. Таму што аркестр гатовы сыграць любую праграму з любым салістам і ў любым пункце зямнога шара. Ёсць пытанні арганізацыі: трэба даваць рэкламу, зазываць публіку. З’явілася шмат новых калектываў, гэтаму, як ні дзіўна, паспрыяла пандэмія. Таму музыку трэба яшчэ прадаць, каб людзі былі гатовы заплаціць грошы за білеты.

Вось чаму мы займаемся стварэннем такіх праектаў і канцэртаў, якія і надалей будуць жыццяздольнымі, якія нам падабаюцца. Плануем зрабіць праект акадэмічнай музыкі, у якім пакажам нашых суайчыннікаў-музыкаў, якія жывуць у розных краінах. У чэрвені ў вялікай зале філармоніі струнны аркестр нашага калектыву выступіць з вядучым піяністам Еўропы Цімурам Сяргеенем.

Сёлета стартуе праект «Мары дзяцінства». Лепшыя вучні музычных школ сталіцы будуць іграць пад акампанемент Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я.Фінберга ў канцэртнай зале «Верхні горад». А ў маі лепшых з лепшых чакае вялікі канцэрт на вулічнай сцэне каля ратушы. Мяркую, гэты праект стане штогадовым. Мне ён падаецца не толькі прывабным, але і вельмі важным. У нас недаацэньваецца значэнне музычных школ, і мы хочам нагадаць пра іх асноўную функцыю — прывіваць любоў да музычнага мастацтва. А яно развівае мысленне чалавека і ўзбагачае душу. Бо музыка — гэта асаблівая мова, разумець якую можа навучыцца кожны.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота з архіва Максіма Расохі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?