Вы тут

Новая версія ПК «Адно акно»


Звыклая для многіх беларусаў служба «адно акно» набывае ўсё больш лічбавы выгляд. Яе магчымасці абяцаюць стаць больш зручнымі, хуткімі і функцыянальнымі. Змяншаць колькасць дакументаў для ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур, аптымізаваць усе працэсы па іх ажыццяўленні і скарачаць тэрміны іх прыняцця — такія задачы ставяцца ў краіне для ўдасканалення працэсу атрымання адмінпрацэдур фізічнымі і юрыдычнымі асобамі. У Нацыянальным цэнтры электронных паслуг (НЦЭП) нагадалі гісторыю лічбавізацыі службы і расказалі, чаго чакаць ад сэрвісу, які ўдасканальваецца.


Для людзей — па патрабаванні, для суб'ектаў — згодна з кампетэнтнымі органамі

Адміністрацыйных працэдур у Беларусі вельмі шмат. Заявы на ажыццяўленне большасці з іх грамадзянін (фізічная асоба) або суб'ект гаспадарання (юрыдычная асоба) можа падаваць у службу «адно акно» па ўсёй краіне. Пералік адміністрацыйных працэдур, з якімі працуе «адно акно», рэгламентаваны Указам Прэзідэнта № 200. Астатнія адмінпрацэдуры — ведамасныя, вызначаныя пастановай № 548, таксама падлягаюць пераводу ў электронны выгляд (каб пасля яны маглі аказвацца суб'ектам гаспадарання з выкарыстаннем праграмнага комплексу «Адно акно» або без яго). Пакуль такія адмінпрацэдуры могуць ажыццяўляцца толькі канкрэтнымі ведамствамі. Напрыклад, выдачай дазволу на правядзенне аэрафотаздымкі займаецца Мінабароны, а выдачай пропуску на ўезд у прыгранічную зону — Дзяржпагранкамітэт.

— Каб аўтаматызаваць работу спецыялістаў службы «адно акно» (у тым ліку і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія прымаюць заявы на ажыццяўленне адмінпрацэдур), яшчэ ў 2017 годзе ўкаранілі праграмны комплекс «Адно акно» (ПК «Адно акно»). Ён заўжды быў часткай агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы (ААІС) і дазваляў аўтаматызаваць працэс не толькі прыняцця ад чалавека заявы на здзяйсненне адмінпрацэдуры, але і далейшае яе ажыццяўленне, — нагадала Святлана КАРАНЕВІЧ, начальнік аддзела электроннай камерцыі НЦЭП. — У адрозненне ад службаў «адно акно», якія могуць прымаць заявы і ад людзей, і ад суб'ектаў гаспадарання, у ПК «Адно акно» пакуль рэалізавана толькі 210 адмінпрацэдур для фізічных асоб.

Набор працэдур для ажыццяўлення з дапамогай ПК «Адно акно» (для грамадзян) фарміраваўся шляхам вывучэння найбольш запатрабаваных і папулярных у насельніцтва паслуг у розных рэгіёнах краіны, з якімі яны звярталіся ў службу «адно акно». Менавіта іх найперш перавялі ў электронны выгляд. Аднак удасканальванне ПК «Адно акно» адбывалася крыху хаатычна, лічыць спецыяліст:

— Ідэальна, калі для любой адмінпрацэдуры ёсць адзіны орган, які вызначае аднолькавы парадак яе ажыццяўлення па ўсёй краіне. На справе ў розных раёнах адна і тая ж працэдура можа аказвацца па-рознаму. У асобных рэгіёнах, напрыклад, акрамя абавязковых дакументаў, якія згадваюцца ва Указе № 200, спецыялісты службы «адно акно» замаўлялі яшчэ шэраг дадатковых. І мы дапаўнялі ПК «Адно акно» магчымасцю запыту гэтых дадатковых дакументаў, згодна з пажаданнямі пэўнага рэгіёна, хоць іншым, магчыма, тыя паперы і не патрэбныя.

Каб у ПК «Адно акно» з'яўляліся адмінпрацэдуры для юрыдычных асоб, кампетэнтныя органы павінны здзейсніць шэраг дзеянняў. За апошнія гады з'явілася шмат нарматыўных дакументаў, якія рэгулююць працэс пераводу адмінпрацэдур для юрасоб у электронную форму. Летась, напрыклад, зацверджаны абавязак усіх упаўнаважаных органаў пад кожную адмінпрацэдуру для юрыдычных асоб скласці невялікі рэгламент, дзе прапісаць, як пэўная працэдура павінна ажыццяўляцца, дадала Святлана Караневіч:

— У адносінах да адмінпрацэдур для грамадзян таксама трэба вызначыць кампетэнтныя органы, адказныя за кожную адмінпрацэдуру, якія і выпрацуюць адзіныя правілы для ажыццяўлення канкрэтнай працэдуры па ўсёй краіне.

Аўтаматызацыя запытаў па адмінпрацэдуры

Праграмны комплекс «Адно акно» патрэбны, каб максімальна аўтаматызаваць і алічбаваць ланцужок узаемадзеяння па ажыццяўленні адмінпрацэдур на ўсіх этапах. Падача заявы, прымацаванне дадатковых дакументаў, накіраванне дадатковых запытаў у рамках працэдуры, перанакіраванне заявы ў іншы орган на выкананне, прыняцце адміністрацыйнага рашэння і фіксацыя яго ў праграмным комплексе.

— Многія адмінпрацэдуры, акрамя абавязковага пакета дакументаў, патрабуюць накіравання пэўных запытаў у іншыя інстанцыі. Пералік запытаў зацверджаны пастановай № 541 і датычыцца дакументаў, якія чалавек не прыносіць першапачаткова, звяртаючыся па адмінпрацэдуру, і якія служба «адно акно» павінна запытаць сама ў іншых інстанцыях. Дык вось ПК «Адно акно» дазваляе аўтаматызаваць гэтыя запыты трыма спосабамі, — падзялілася начальнік аддзела. — Запыт можна накіраваць па СМДА (да гэтага канала сувязі ў Беларусі падключана больш як 16 тысяч дзяржорганаў і арганізацый). Або даслаць іншаму аператару «аднаго акна», які тэрытарыяльна аддалены. Калі вы, напрыклад, звярнуліся з заявай у Мінск, а дадатковыя дакументы трэба атрымаць з Пухавічаў, вам не трэба будзе ехаць туды — запыты зробіць аператар у электронным выглядзе. Можна таксама адправіць запыт наўпрост у інфармацыйныя рэсурсы, вядома, калі яны інтэграваныя з ААІС і ПК «Адно акно».

Вялікая ўвага ў краіне ўдзяляецца перагляду дзеючых бізнес-працэсаў ажыццяўлення адмінпрацэдур, іх рэінжынірынгу, скарачэнню як колькасці працэдур у прынцыпе, так і змяншэнню колькасці запытваных дакументаў, скарачэнню тэрмінаў ажыццяўлення адмінпрацэдур і г. д. Акрамя таго, неабходна нарошчваць колькасць працэдур, якія можна ажыццявіць у электронным выглядзе, у тым ліку з дапамогай ПК «Адно акно», удакладніла Святлана Караневіч:

— Пастановай прэм'ер-міністра № 119р, дарэчы, вызначаны канкрэтныя спісы адмінпрацэдур, якія неабходна перавесці ў электронны выгляд (з указаннем тэрмінаў і адказных выканаўцаў). Прычым у гэтым дакуменце абазначаны як працэдуры, якія можна атрымаць з дапамогай ПК «Адно акно», так і ведамасныя.

Удасканаленасць версіі 3.0

Службы «адно акно» ў розных рэгіёнах ажыццяўляюць розныя адмінпрацэдуры, таму рэгіёны выбіраюць не ўсе 210 даступных працэдур ПК «Адно акно». Адпаведна, у іх розныя патрэбы і ў адмінпрацэдурах для юрыдычных асоб. У краіне была створана каардынацыйная група са спецыялістаў Мінюста, Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг і прадстаўнікоў кожнай вобласці, каб збіраць прапановы і заўвагі па развіцці ПК «Адно акно». Назбіралася ўжо каля 20 прапаноў, якія патрабуюць якраз калегіяльнага рашэння, дадала прадстаўніца НЦЭП.

— Доступ да ПК «Адно акно» заўжды быў арганізаваны праз асабісты кабінет на адзіным партале электронных паслуг. Хоць партал цяпер займеў новы адрас, доступ да ПК «Адно акно» застаўся ранейшы — праз кабінет юрыдычнай асобы, якая можа выступаць аператарам ПК «Адно акно». Цяпер адбываецца перавод існуючых абанентаў ПК «Адно акно» другой версіі (869 арганізацый) на праграмны комплекс «Адно акно» версіі 3.0. Новыя абаненты будуць падключацца ўжо адразу да новай версіі, а ў найбліжэйшы час папярэдняя версія ПК «Адно акно» перастане працаваць. Дарэчы, зараз актывавана толькі каля 70 % асабістых кабінетаў юрыдычнай асобы сярод існуючых абанентаў ПК «Адно акно» другой версіі.

Разам з пераходам на ПК «Адно акно» трэцяй версіі існуючых абанентаў будзе перанесена і гісторыя здзяйснення імі адмінпрацэдур за апошнія пяць гадоў. Такім чынам, арганізацыя, карыстаючыся ўжо трэцяй версіяй ПК «Адно акно», будзе мець доступ да гісторыі закрытых заявак у папярэдняй версіі комплексу; тыя, што яшчэ здзяйсняюцца ў ПК «Адно акно» другой версіі, таксама пяройдуць у трэцюю версію; новыя заявы будуць здзяйсняцца і захоўвацца ўжо ў трэцяй версіі.

— Аператары ПК «Адно акно» версіі 3.0 у сваім асабістым кабінеце маюць больш правоў і магчымасцяў на дзеянні па ажыццяўленні адмінпрацэдур. З гэтым комплексам ужо інтэграваны, напрыклад, Адзіны дзяржаўны рэгістр юрасоб і ІП, што дазваляе канструяваць адмінпрацэдуры для юрыдычных асоб. Тут можна таксама працаваць з ІD-карткамі. А яшчэ не толькі заказваць адмінпрацэдуры, але і абскарджваць адміністрацыйныя рашэнні па іх ці ўвогуле адзываць заяву да выканання працэдуры. Можна таксама фарміраваць справаздачнасць, — удакладніла Святлана Караневіч.

Спецыялісты цэнтра кажуць, што з часам адмінпрацэдуры, якія ажыццяўляюць аператары ПК «Адно акно», людзі змогуць ажыццяўляць і «з канапы», не звяртаючыся да спецыялістаў.

Топ-5 найбольш запатрабаваных беларусамі адміністрацыйных працэдур

Летась несумненным лідарам у спажыўцоў, якія звярнуліся да ПК «Адно акно», была адмінпрацэдура па рэгістрацыі дагавора найму (арэнды) жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонду і дадатковых пагадненняў да яго — такіх заяў зафіксавана 64 912.

На другім месцы — пастаноўка на ўлік дзяцей з мэтай набыцця імі дашкольнай адукацыі, спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі — 45 975.

Трэцяй па запатрабаванасці стала адмінпрацэдура па выдачы накіравання ва ўстановы адукацыі для засваення зместу адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі, адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі, адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю — 39 190.

Па выдачу рашэнняў аб дазволе на рэканструкцыю жылых і (ці) нежылых памяшканняў у шматкватэрных, блакіраваных жылых дамах, аднакватэрных жылых дамах, нежылых капітальных пабудоў на прысядзібнай тэрыторыі, а таксама капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), незавершаных закансерваваных капітальных пабудоў пятага класа складанасці (за выключэннем садовых дамкоў, гаспадарчых пабудоў і збудаванняў, якія неабходныя для вядзення калектыўнага садаводства) звярнуліся 28 175 разоў.

Летась з дапамогай ПК «Адно акно» было пададзена 18 336 заяў на прыняцце рашэнняў аб атрыманні (або адмаўленні ў атрыманні) дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе штомесячнай і (ці) аднамомантнай сацыяльнай дапамогі.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».