Вы тут

З іменем гэтага рэжысёра звязана цэлая эпоха ў беларускім кіно


З іменем гэтага рэжысёра звязана цэлая эпоха ў беларускім кіно. Яго фільмы адзначаны ўзнагародамі міжнародных кінафестываляў у Беларусі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Расіі, Польшчы, Чэхіі, Швецыі, Югаславіі. Міхаіл Пташук стварыў больш за 30 фільмаў, прыцягнуўшы ўвагу прадзюсераў «Галівуда» стужкай «У жніўні 44-га», але, калі здавалася, што ён на піку кар’еры, рэжысёр трагічна загінуў у аўтакатастрофе ў Маскве — яму не было 60-ці гадоў, столькі мог яшчэ стварыць... Але і тое, што было створана, прыцягвае ўвагу гледачоў да гэтага часу. Так бывае, калі прафесіяналізм у працы яднаецца з асаблівасцю раскрыцця тэм, якія падаюцца важнымі. Важнымі яны былі на ўзроўні грамадства, і важнымі яны былі асабіста для Міхаіла Мікалаевіча. Чалавек, народжаны на Брэстчыне ў 1943-м годзе ў зямлянцы, калі маці ратавалася ад гітлераўцаў, ён найбольш думаў пра каштоўнасць жыцця. І абараняў яго асаблівым чынам — праз мастацтва. Сёння, калі рэжысёр мог святкаваць сваё 80-годдзе, варта ўзгадаць, чым асаблівыя яго фільмы. 


Міхаіл Пташук на здымачнай пляцоўцы фільма «У чэрвені 41-га». Фота з архіва «ЛіМа».

1. Дзіцячыя

Калі на экраны выйшаў фільм «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту», яго, верагодна, паглядзелі ўсе савецкія дзеці — фільм пра хлопчыка Віцю, які расце ў сям’і вайскоўца, разважаў пра выхаванне асобы. А гэта тады было вельмі актуальна. Тым больш, што дзеянне адбывалася ў піянерскім лагеры, дзе праводзілі лета ці не ўсе школьнікі краіны. А між іншым, гэта дыпломная праца Пташука. Пасля таго, як ён скончыў Маскоўскае тэатральнае вучылішча імя Барыса Шчукіна, то вучыўся на Вышэйшых рэжысёрскіх курсах Дзяржкіно СССР у Георгія Данелія. Невыпадкова майстар значыцца мастацкім кіраўніком карціны. А ў адной з роляў зняўся Аляксандр Абдулаў, які яшчэ быў студэнтам. Для яго як і для рэжысёра гэта быў дэбют у кіно — фактычна «баявое хрышчэнне» - акцёр, які стаў суперпапулярным, атрымаў ад Пташука. Стужка прынесла рэжысёру два Гран-пры міжнародных кінафестываляў і ўсесаюзную славу. Герой яго фільма — маленькі, але вельмі сур’ёзны і правільны хлопчык, — павінен быў стаць прыкладам для падлеткаў. І сапраўды, такія хлопчыкі былі і ёсць. 

Але ўдакладніць тэму выхавання Міхаіл Пташук вырашыў у стужцы «Лясныя арэлі», знятай на «Беларусьфільме» праз пару гадоў. І зноў — піянерскі лагер, былы вайсковец, які выхоўвае дзяцей. Імкнучыся зразумець падлеткаў з іх першым каханнем. На гэтую ролю Пташук запрасіў супервядомага Алега Яфрэмава. Праўда, фільм крытыка прыняла неадназначна, адзначыўшы яго недахопы. А вось падлеткі маглі б паспрачацца, бо прыцягваў сам факт увагі да рамантычных пачуццяў у іх асяродку. Ну і тады ўжо можна было заўважыць, што для рэжысёра Пташука важна не толькі пра што, але і як здымаць... Ён шукаў.

2. Серыял

Тады казалі «шматсерыйны мастацкі фільм». Гэта быў «Час выбраў нас». Пяць серый, якія паказвалі ў прайм-тайм па тэлебачанні. І людзі іх чакалі кожны вечар, сачылі за лёсам герояў, на якія паўплывала вайна. Так, гэта быў фактычна серыял на тэму Вялікай Айчыннай, дзе галоўнымі сталі некалькі герояў адначасова, яны ўсе вельмі розныя, але роля кожнага была значнай. Хацелася верыць, што ўсе застануцца жывымі, апынуўшыся сярод беларускіх партызан. У трох галоўных ролях — зоркі савецкага кіно: Яўген Герасімаў, Віктар Праскурын, Станіслаў Жданько. Але ў ролі камандзіра партызанскага атрада зняўся Уладзімір Гасцюхін, які неўзабаве стаў беларускім акцёрам. У 1980-м годзе шматсерыйны фільм «Час выбраў нас» быў адзначаны Прэміяй ленінскага камсамолу, што было важка для таго часу. І Пташук ужо зразумеў, пра што хоча здымаць. 

3. Ваенныя 

Фільмы, які ён зняў па волі душы. Ён адчуваў драму і ўмеў яе паказаць. Тым больш, што ў яго на радзіме драмы вайны былі ў кожнай сям’і. Балела, вярэдзіла, кранала. І падмурак для гэтых фільмаў быў — у беларускай літаратуры. «Вазьму твой боль» зняты паводле Івана Шамякіна. І тут ключавая роля дасталася Уладзіміру Гасцюхіну, з якім рэжысёр ужо працаваў. Менавіта ён увасобіў героя, які ў вайну быў маленькім хлопчыкам, але памятае паліцая, які вінен у смерці яго блізкіх. Як жыць побач, няхай той і «адматаў» прызначанае яму пакаранне?.. Пташук здолеў перадаць напружанне і інтрыгу і прымусіў гледача вучыцца дараванню. 

Больш закручаным атрымаўся фільм «Чорны замак Альшанскі» — у ім падзеі апошняй вайны пераплятаюцца з больш даўняй гісторыяй Беларусі. Сцэнарый для яго ствараў сам Уладзімір Караткевіч. Адсюль подых даўніны, які ўдала злучаецца з сучаснасцю. А драматызм — як вызначэнне не толькі найноўшай, але і далёкай беларускай гісторыі. Хтосьці запомніў героя ў выкананні знакамітага акцёра Віктара Яўграфава. Але ці не адну з вызначальных роляў — Лапатухі — аддалі беларускаму артысту Генадзю Гарбуку, які здолеў перадаць адчуванне бяды, важнае для самога рэжысёра.

«Знак бяды» — фільм, у якім сышліся глыбокі матэрыял аповесці Васіля Быкава і досвед, які да гэтага часу ўжо меў рэжысёр Міхаіл Пташук. І акцёр Генадзь Гарбук, які тут выступіў у ролі Петрака. А вось яго жонку Сцепаніду ўвасобіла расійская актрыса Ніна Русланава — трапіла ў вобраз жанчыны, якая бачыць, як мяняецца рэчаіснасць, калі вёска аказваецца пад нямецкай акупацыяй, і рашаецца на крайні крок — спальвае сябе і сваю хату... Адзін з самых моцных фільмаў пра вайну. Прынамсі, для Беларусі, якая знаходзілася ў акупацыі, і кожны жыхар вырашаў: падпарадкавацца новым правілам, альбо не. І спальваў для сябе «масты»... Вельмі сімвалічны фільм для Беларусі, дзе паўстаюць характары ў звышскладаных абставінах, калі страшна жыць... 

4. Блокбастэр

Высокабюджэтны і паспяховы фільм 2000 года атрымаўся зноў-такі дзякуючы тэме, блізкай рэжысёру. Фільм «У жніўні 44-га...» створаны паводле рамана «Момант ісціны» Уладзіміра Багамолава. І пакуль ішлі здымкі, працэс суправаджаўся скандаламі з пісьменнікам, які быў нязгодны з падыходам, абраным рэжысёрам. Але расійскія прадзюсеры выказалі Пташуку давер — і не прагадалі. Пасля выхаду фільм атрымаў высокую адзнаку не толькі ў Беларусі і Расіі, але і за мяжой. Трапіў у лік «лепшых рускіх кінахітоў пра вайну». 

Хоць вайны ўжо няма, але на тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічаюць варожыя шпіёны. Іх трэба выявіць і абясшкодзіць. Паколькі ў аснове сюжэту — пошук, то атрымалася перадаць захапляльную інтрыгу, за якой сочыш не ў малой ступені дзякуючы акцёрам — Яўгену Міронаву, Уладзіславу Галкіну і Юрыю Калакольнікаву. Але ж не толькі ў сюжэце справа. Паказана пасляваенная рэчаіснасць, дзе ўсё ўпарадкавана, гаспадаркі дагледжаныя, засеяныя палі. На заўвагі — ці магло так быць? — рэжысёр адказваў: гэта ж Заходняя Беларусь, у нас такія людзі... Між іншым, уся крытыка сышла на нуль, калі фільм набраў высокія рэйтынгі пры паказе па тэлебачанні. Ён і цяпер вылучаецца сваім рытмам, і карцінка чапляе — Беларусь тут паказана шыкоўна... 

5. Галівудскі 

Калі прадзюсер Роджэр Кормэн (ён працаваў, напрыклад, з маладым Спілбергам) пабачыў «У жніўні 44-га...», то быў здзіўлены рэжысёрскім падыходам. І пажадаў, каб яго новы фільм пра вайну здымаў народны артыст Беларусі Міхаіл Пташук. Праект называўся «У чэрвені 41-га...», альбо «Песня Ружы». Міхаіл Мікалаевіч яшчэ паспеў яго зняць... Стужка стала першай і адзінай працай рэжысёра, створанай на галівудскія грошы. Але яна не мела таго поспеху, як яго папярэднія стужкі пра вайну, якая стала галоўнай тэмай у яго творчасці. Пры тым, што былі яшчэ карціны пра мірнае жыццё — Пташук здымаў кіно і ў складаныя 90-я. Але што балела, тое ў ім і гаварыла найбольш пераканаўча. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.