Экспазіцыя «Мае калекцыі» з прыватнага збору знакамітага гомельскага калекцыянера Сяргея Пуціліна распачала выставачную праграму новага сезону музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Румянцавых і Паскевічаў.
Выстава — квінтэсэнцыя за 30-гадовы шлях гамяльчаніна, калі той збіраў антыкварныя і мастацкія каштоўнасці. Тут прадстаўлены калекцыі мэблі, інтэр’ернага ўбрання, іканапісу, кніжнага мастацтва, жывапісу, фарфору, мастацкага шкла і металу.
Самаму старажытнаму з экспанатаў выставы «Мае калекцыі» сёлета спаўняецца 460 гадоў! Гэта шэдэўр паліграфічнага мастацтва эпохі Рэнесансу — Брэсцкая Біблія, якая была надрукавана ў 1563 годзе ў першай заснаванай на тэрыторыі Беларусі друкарні, у Брэсце. Выданне выканана на сродкі брэсцкага старасты Мікалая Радзівіла Чорнага, ад чаго атрымала сваю другую назву — Радзівілаўская Біблія. Так прадставіў унікальны экспанат Сяргей Пуцілін. Калекцыянер падзяліўся гісторыяй з’яўлення ў яго калекцыі Брэсцкай Бібліі, якую ў свой час марыла набыць Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
— Некалькі разоў у маім жыцці ўзнікала гэта старажытная каштоўнасць. Але ўсякі раз складвала так, што не атрымоўвалася дамовіцца з пасрэднікамі чалавека, у прыватнай калекцыі якога знаходзілася ўнікальнае выданне. Прайшло некалькі гадоў. Я сам звязаўся з ім і даведаўся, што шэдэўр паліграфічнага мастацтва прададзены і вывезены ў Маскву. Я паехаў і змог дамовіцца, набыць Брэсцкую Біблію і вярнуць яе ў Беларусь, — аб гісторыі з’яўлення ў яго калекцыі ўнікальнага выдання распавёў Сяргей Пуцілін.
Выставы гомельскага калекцыянера працягваюць захапляць гамяльчан і гасцей горада, адзначыла дырэктар музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Аксана Торапава.
— Многія прадметы на выставе «Мае калекцыі» экспануюцца ў музеі ўпершыню, — дадала Аксана Торапава. — Экспанаты сваёй унікальнасцю сапраўды захапляюць не толькі нас, музейшчыкаў — людзей паглыбленых у гэты працэс, якія ўсведамляюць мастацкую каштоўнасць гэтых твораў і прадметаў, — але і цікавяць, абуджаюць шчыры інтарэс шматлікіх гасцей нашага музея.
Дырэктар музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля падзякавала калекцыянеру за імкненне захаваць гістарычныя каштоўнасці і папулярызаваць здабыткі антыкварнага мастацтва.
— Пакуль ішла падрыхтоўка да адкрыцця выставы, было вельмі цікава ацаніць новыя рэчы з калекцый. Бо захапляе тое, як Сяргей Пуцілін фарміруе свае калекцыі антыкварных твораў і прадметаў мастацтва — не хаатычна, а з вялікім разуменнем усіх нюансаў пэўных культурных эпох, — падзялілася загадчык гісторыка-краязнаўчага аддзела музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Ганна Кузьміч.
Выстава вызначаецца прадстаўленнем шматлікіх напрамкаў калекцыянавання: ад іканапісу, да рарытэтаў побытавага ўжытку. У прыватным зборы гамяльчаніна — асобная калекцыя прадметаў рэлігійнага мастацтва: абразы, алтарныя рэчы, вырабы меднага культавага ліцця. Вылучаецца калекцыя Сяргея Пуціліна антыкварнай фарфоравай пластыкам і посудам вытворчасці расійскіх і еўрапейскіх керамічных прадпрыемстваў, шэрагам твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з металу і шкла. Жывапіс прадстаўлены работамі мастакоў, аўтарскія подпісы на якіх пацверджаны заключэннямі экспертаў Траццякоўскай галерэі.
У калекцыі рэдкіх узораў мэблевага мастацтва ў стылі рускага ампіру — люстэрка-псішэ (мацуецца на шарнірах паміж двума стойкамі), якое атрымала назву ў гонар багіні Псіхеі, якая разгойдваецца на арэлях.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.