Вы тут

Саламон Капельман — заснавальнік санкт-пецярбургскага выдавецтва


«Шиповник» — кніжнае выдавецтва, якое мае сваю вялікую славу, пакінула істотны след у гісторыі расійскага кнігавыдання. А заснаваў яго наш зямляк — ураджэнец вядомых шчучынскіх Васілішкаў на Гародзеншчыне Саламон Юльевіч Капельман (1881 — 1944). 


У гісторыі кніжнага мастацта захаваліся два варыянты лагатыпа выдавецтва... Першы намаляваў мастак Сяргей Чахонін: марка адлюстравала адну кветку на сцябліне з вострымі шыпамі. Другі лагатып прыдумаў Яўген Лансэрэ: тры сцябліны пад адной кветкай шыпшыны. 

...У хуткім часе пасля нараджэння хлопчыка сям’я Капельманаў пераехала з Васілішкаў у Ліду, а затым у Мінск. У пачатку 1890-х яны — ужо ў Санкт-Пецярбургу. Бацька, Юдэль Эльевіч (1841 — 1893), які таксама нарадзіўся ў Васілішках, працаваў у гандлёвым прадпрыемстве свайго бацькі, дзеда будучага кнігавыдаўца, — «Э. Н. Капельман і сыны». Галоўным клопатам сямейнай фірмы быў продаж ячменя і алею. Юдэль Эльевіч памёр, калі сыну было ўсяго дванаццаць гадоў. Маці выхоўвала дзяцей адна. У сям’і, акрамя Саламона, — яшчэ два браты і чатыры сястры. Жылі Капельманы на Крукавым канале ў доме нумар 24. 

Саламон закончыў гандлёвае вучылішча Пецярбургскага таварыства купцоў. Быў слухачом юрыдычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта. У 1902 годзе маладога чалавека арыштавалі за захоўванне нелегальнай літаратуры. У астрозе хлопец правёў тры месяцы. Быў выпушчаны пад задатак у 1000 рублёў. 31 снежня 1903 года Саламона Капельмана асудзілі да трох гадоў высылкі ва Усходнюю Сібір пад нагляд паліцыі. У гэты час эмігрыраваў. Жыў у Германіі і Францыі. Наведваў лекцыі ва ўніверсітэце ў Сарбоне. Пасля амністыі ў кастрычніку 1905 года вярнуўся Санкт-Пецярбург. 

Праз год ураджэнец Васілішкаў разам з Гржэбіным заснаваў выдавецтва «Шиповник». Саламон Капельман становіцца рэдактарам альманахаў, якія выпускаў «Шиповник». Выдавецтва таксама займалася «Северными сборниками», мастацкай літаратурай, сацыяльнай публіцыстыкай. Акрамя таго Саламон супрацоўнічаў з часопісамі «Современный мир», «Журнал для всех». Вага ў тагачасным грамадстве ў выдавецтва была высокая. 

У 1918 годзе выдавецтва спыніла сваё існаванне. Гэта было звязана і з тымі палітычнымі працэсамі, якія справакавала Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, змена ўлады. А яшчэ і ад’езд з Расіі паплечніка Саламона — Зіновія Ісаевіча Гржэбіна (1877 — 1929). Старэйшы на некалькі гадоў за свайго таварыша, Гржэбін быў вядомы як таленавіты карыкатурыст-графік. Першы яго праект — часопіс палітычнай сатыры «Жупел». За выпуск гэтага выдання Зіновія Ісаевіча асудзілі на год астрога. У заключэнні Гржэбін здолеў выпусціць часопіс пад іншай назвай — «Адская почта». Выданне неўзабаве было зачынена Цэнзурным камітэтам. Хаця і пабачыла свет усяго тры нумары ілюстраванага літаратурна-мастацкага часопіса (падрыхтаваны да друку чацвёрты нумар канфіскавала паліцыя прама ў друкарні), выданне прынесла надзвычайную славу Гржэбіну. Па-першае, назву часопісу даў аднайменны штомесячнік, які ў 1769 годзе выпускаў Хведар Эмін (1735 — 1770), рускі пісьменнік, перакладчык, журналіст. Легендарная асоба, аўтар трох тамоў «Расійскай гісторыі», знаўца некалькіх моў (чатырох ці нават дзевяці!)... Па-другое, з новым часопісам «Адская почта» супрацоўнічалі Канстанцін Бальмант, Леанід Андрэеў, Вячаслаў Іваноў, Аляксандр Купрын... 

Выдавецтва «Шиповник» у хуткім часе пасля пачатку дзейнасці пераўтварылася ці не ў самае вядомае выдавецтва Расійскай імперыі. Было надрукавана 26 выпускаў аднайменнага альманаха мастацкай літаратуры. Выходзіла прыкметная «Гумарыстычная бібліятэка», выдаваліся дзіцячыя кнігі, публіцыстычныя творы і шмат што яшчэ. У «Гумарыстычнай бібліятэцы» выйшлі кнігі Аркадзя Аверчанкі, Сашы Чорнага, Джэрома К. Джэрома. Наўрад ці трэба патлумачваць, што гэта за асобы ў свеце прыгожага пісьменства. Зацікаўленні чытача і пакупніка займеў унікальны праект «Гісторыя жывапісу ўсіх часін і народаў» Аляксандра Бенуа. Кнігі гэтай аўтарскай серыі назаўжды застанцца ў гісторыі кніжнай справы, у гісторыі сусветнай культуры. Аддзел палітычнай літаратуры выдавецтва выпусціў працы італьянскага марксіста Антонія Лабрыёлы, а таксама — «Да крытыкі палітычнай эканоміі» Карла Маркса, працы Веры Фігнер, Георгія Пляханава, Мікалая Марозава, Анатоля Луначарскага. 

Дарэчы, у «Шиповнике» працаваў яшчэ адзін наш зямляк — ураджэнец гродзенскай Індуры Давід Вейс (1878 — 1938), перакладчык на рускую мову твораў Герберта Уэлса: «Чалавек-невідзімка», «Машына часу», «Чырвоны Грыб», «Востраў доктара Маро» і іншых. У 1920-я гады Д. Вейс працаваў памочнікам галоўнага рэдактара Малой савецкай энцыклапедыі. 

«Шиповник» збіраў, вобразна кажучы, пад сваім дахам літаратараў розных прыхільнасцяў — сімвалістаў, рэалістаў, мадэрністаў. У аднайменных з назвай выдавецтва альманахах друкаваліся лепшыя творы таго часу, а таксама пераклады, літаратурна-крытычныя артыкулы. Сярод аўтараў — Міхаіл Прышвін, Аляксандр Блок, Валерый Брусаў, Андрэй Белы, Юрый Вярхоўскі, Ларыса Рэйснер, Восіп Дымаў і іншыя. З альманахамі супрацоўнічалі вядучыя кніжныя графікі пачатку XX стагоддзя — Іван Бібілібін, Мсціслаў Дабужынскі, Мікалай Рэрых, Аляксандр Бенуа, Леон Бакст...

Працаваць у «Шиповнику» было няпроста. Капельман і Гржэбін, здаралася, знаходзіліся пад пагрозай арышту. На некаторы час заснавальнікі нават выязджалі за мяжу з падробнымі пашпартамі. З-за канфлікта з Капельманам у 1910 годзе ад супрацоўніцтва з «Шиповником» адмовіўся Аляксандр Блок. А між тым у 1910 годзе Блока шырока ведаў расійскі чытач. Ужо былі надрукаваны яго «Стихи о Прекрасной Даме», «Город» ( а ў гэтым цыкле і славутая «Незнакомка»), «Снежная маска», п’еса «Балаганчик»... У 1912 годзе аўтараў актыўна перахоплівала выдавецтва «Сирин». З Капельманам пасварыліся і пакінулі «Шиповник» Хведар Салагуб і Аляксей Рэмізаў. Ды і самі Капельман і Гржэбін паступова ўвайшлі ў стадыю канфлікта, які ў 1914 годзе дасягнуў апагея. Гржэбін пакінуў выдавецтва, а Капельмана прызвалі на вайсковую службу... У час Першай сусветнай вайны выдавецтвам фактычна кіравала Вера Беклемішава — жонка Саламона Капельмана. Вера Яўгенаўна — драматург, празаік, перакладчыца, мемуарыстка. Яе пяру належаць раман «Мяжа», п’есы «Прынц і жабрак (Па Марку Твену)», «Вялікі пярэдадзень», «Дні выпрабаванняў», успамінаў пра Максіма Горкага, Аляксандра Блока. Многия творы, пращда, так и засталися щ рукаписах. Вера Беклемішава і Саламон Капельман разыйшліся ў 1917 годзе. 

... З 1917 года Капельман жыў у Маскве. Працаваў ва Усерасійскім таварыстве кнігавыдаўцоў. З 1 лістапада 1922 года да канца 1920-х гг. — намеснік загадчыка, загадчык Навукова-выдавецкага бюро Савета нафтавай прамысловасці (з 1927 года — Нафтавае выдавецтва Усесаюзнага Савета Народнай Гаспадаркі), якое выдавала часопіс «Нефтяное хозяйство», спецыяльную тэхнічную літаратуру нафтавай праблематыкі. 

Наш зямляк з Васілішак пайшоў з жыцця ў савецкай сталіцы 21 ліпеня 1944 года. Пахаваны на Новадзявочых могілках. 

...Яшчэ адзін цікавы факт з лёсу васілішкаўскага кнігавыдаўца...Калі Капельман і Беклемішава разыйшліся, з Верай Яўгенаўнай застаўся зусім юны сын — Юрый, якому не было і дзесяці гадоў. У будучым — пісьменнік, аўтар добра вядомай і зараз аповесці «Танкер «Дэрбент» Юрый Саламонавіч Крымаў (1908 — 1941). Спярша ён пражываў разам з маці ў Мсцёры Уладзімірскай вобласці. Вучыўся ў Патыліхінскай вопытнай школе-інтэрнаце. Захапіўся фізікай і матэматыкай. Школьнікам плаваў на караблі юнгай. Працаваў матарыстам у рыбацкай арцелі. У школе пазнаёміўся з Аляксеем Ісаевым, будучым інжынерам-канструктарам ракетных рухавікоў. Кожнае лета, разам з сям’ёй Ісаевых, праводзіў у піянерскім лагеры «Артэк» у Крыме. Таму, калі пачаў пісаць мастацкія творы, узяў пісьменніцкі псеўданім Крымскі. Закончыў фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працоўную дзейнасць пачаў электратэхнікам, пасля — прарабам на будаўніцтве радыёстанцыі. У 1934 годзе быў залічаны на пасаду інжынера на будаўніцтве караблёў на Каспіі. Там пазнаёміўся з асаблівасцямі працы марскога транспарта, партоў, нафтавых промыслаў. Пасля загадваў цэхам зборкі на заводзе імя Красіна ў Маскве. У 1935 годзе ўладкаваўся ў Маскоўскі нафтавы інстытут. Даследаваў праблемы дэгідрацыі нафты. Стаў суаўтарам вынаходніцтва дэгідрацыйнай устаноўкі. Друкаваўся ў спецыялізаваным часопісе нафтавікоў. Магчыма, гэтаму спрыяў і бацька, які ў Нафтавым выдавецтве УСНГ.

У 1935 годзе малады чалавек напісаў аповесць «Подзвіг», прысвечаную спартсмену-аўтамабілісту, які загінуў. Адправіў твор у часопіс «Красная новь». У публікацыі адмовілі. Крымаў збірае матэрыял пра стаханаўскі рух на караблі на Каспіі. І ў 1936 годзе ў розныя часопісы высылае новую аповесць — «Танкер «Дэрбент». Адмаўляюць «Октябрь», «Молодая гвардия», «Новый мир». А вось «Красная новь», дзякуючы таму, што твор уважліва прачытаў Юрый Лібядзінскі, друкуе аповесць. У 1938 годзе Крымава прымаюць у Саюз пісьменнікаў СССР. У 1939-м маладога літаратара адзначылі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Аповесць перакладаюць на англійскую, нямецкую і французскую мовы. Твор быў экранізаваны, аповесць вытрымала каля 20 выданняў, перакладзена на розныя мовы народаў свету. Юрый Крымаў задумаў цыкл аповесцяў пад агульнай назвай «Людзі сацыялістычнай індустрыі». Усё ўкладвалася ў сістэму тагачаснага сацыялістычнага рэалізму, які дыктаваў сваю мастацкую палітыку ў літаратуры. Аповесць «Інжынер» пабачыла свет перад самай вайною у 1941 годзе. У цэнтры твора — перараджэнне звычайнага чалавека ў бюракрата, які патанае ў кар’ерызме і іншых заганах. Пісьменнік працуе над новай аповесцю — «Сяброўка», друкуе нарысы ў газеце «Правда». 

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны разам з сябрамі-пісьменнікамі Аляксандрам Безыменскім, Джэкам Алтаўзенам і іншымі адпраўляецца добраахвотнікам на фронт. Юрыя Крымава прызначаюць супрацоўнікам газеты 26-й арміі «Советский патриот» — на Паўднёва-Заходнім фронце. Ваенны журналіст піша і для цэнтральнага друку, у прыватнасці, для газеты «Правда». У сярэдзіне верасня 1941-га Крымаў патрапіў у акружэнне. І загінуў у ноч на 20 верасня...

А пачатак, вытокі, прашчуры — усё гэта Васілішкі, Шчучынскі край, беларуская Гродзеншчына... 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.