Вы тут

Магілёўскія фотамастакі прапануюць здзейсніць падарожжа


Магілёўскія фотамастакі прапануюць здзейсніць падарожжа ва ўладанні нашчадка Радзівілаў і даведацца, дзе знаходзяцца беларускія дзюны.


Спяшайцеся, бо час абмежаваны. Унікальная фотавыстава двух народных фотаклубаў вобласці — магілёўскай «Вясёлкі» і асіповіцкай «Раніцы» працуе да 5 лютага ў выставачнай зале музея гісторыі Магілёва. Выстава «Світанак над Свіслаччу» адкрывае гледачу незвычайна прыгожыя і дагэтуль яшчэ не раскручаныя мясціны Прыдняпроўскага краю. Фотападарожжа запрашае ў беларускае міжрэчча ў Асіповіцкім раёне, дзе коцяць хвалі Свіслач і Беразіна. Там у XII-XVII стагоддзях стаяў замак, апошнім уладальнікам якога быў Багуслаў Радзівіл, той самы вялікі харунжы (пасля Льва Сапегі) Вялікага княства Літоўскага. Чым прывабілі гэтыя мясціны аднаго з нашчадкаў караля Польшчы Казіміра IV і вялікіх князёў літоўскіх Кейстута і Вітаўта? Не цяжка здагадацца, калі апынуцца каля падмурка яго старадаўняга замка.

— Мясціны фантастычныя, — не хавае свайго захаплення магілёўская фотамастачка Ірына Савосіна. — Упершыню я там пабывала ў 1988 годзе. Нас, яшчэ зусім зялёных пачаткоўцаў, запрасіў фотамайстар з вялікай літары Зіновій Шэгельман. З намі былі такія зоркі фота саюзнага маштабу, як Павел Цішкоўскі, Яніс Глейздс, Святлана Балашова. Іх фота натхнялі і матывавалі. Начавалі ў гасцініцы ў Бабруйску, а ў тры гадзіны ночы паехалі на здымкі. У той год нам вельмі пашчасціла з сонейкам. Пад яго праменямі пейзажы здаваліся незямнымі. Фота атрымаліся незвычайна прыгожымі, а Зіновій Шэгельман зрабіў шэдэўр, які потым не раз станавіўся пераможцам на міжнародных фотавыставах.

Тады, у канцы 80-х, Ірыну не менш уразіла імя ўладальніка замка, рэшткі якога паслужылі натурай для здымак. Яе дзяцінства прайшло ў Калінінградзе на Балтыйскім моры. Дзяўчынка не раз была ў Домскім саборы, які размешчаны ў гістарычным раёне горада. Там знаходзяцца магільныя склепы розных знакамітых асоб, у тым ліку і Багуслава Радзівіла. Гэта імя чамусьці тады вельмі трывала ўпісалася ў дзіцячую памяць. І вось тут у беларускім міжрэччы нагадала пра сябе.

У леташнім жніўні былыя пачаткоўцы, а зараз мэтры фота Ірына Савосіна, Аляксандр Ліцін і іншыя, вырашылі яшчэ раз акунуцца ў таямнічасць адкрытых ім болей чым 30 гадоў таму мясцін. І, як і іх настаўнікі, паказаць маладым паслядоўнікам тую прыгажосць. І тыя не былі расчараваныя. 17 аўтараў двух клубаў зрабілі шмат цікавых, незвычайных фота.

— На месца мы прыехалі ў 4 гадзіны раніцы і былі зачараваныя спевамі птушак, — расказвае Ірына. — Сонейка ўзышло ў хмарцы, але ўсё роўна было прыгожа. Фатаграфавалі краявіды і саміх сябе. Апраналіся ў нацыянальныя касцюмы, пазіравалі паасобку і разам. У 1988 годзе яшчэ даволі ў добрым стане была адна з замкавых пабудоў. Ва ўсялякім разе сцены стаялі. Мы яшчэ марылі тады, што выкупім іх і зробім творчую дачу. Але пачаліся ліхія 90-я і гэтую думку прыйшлося пакінуць. Зараз ужо і сцен няма, толькі дзе-нідзе бачны падмурак. І ўсё. Шкада, што гісторыя разбураецца. Але мясціны па-ранейшаму вабяць, тут абавязкова трэба ўсім пабываць.

Не менш цікавым для здымак было яшчэ адно месца— Елізава. Ірына Савосіна, як вопытны не толькі фатограф, але і краязнаўца, паведаміла, што назва звязана з былой уладальніцай гэтых тэрыторый Елізаветай Вялікапольскай — тут быў яе палац. Ад яго наогул нічога не засталося. А пасёлак, які з’явіўся на гэтым месцы напачатку 20-га стагоддзя, быў звязаны з будаўніцтвам шклозавода.

— Для фатографаў тут ёсць цудоўны ландшафт, — расказвае фотамастачка. — Цэлыя горы найпрыгажэйшага, найчысцейшага пяску — гэтакія беларускія дзюны. Вельмі незвычайны пейзаж. І мы таксама яго шмат здымалі. Наогул у той дзень здымка ішла 5 гадзін — ад паловы пятай раніцы да 10.00.

На фотавыставе шмат таго, што зроблена ўпершыню. Яна ўпершыню арганізаваная адразу двума народнымі клубамі. Той факт, што ў адной вобласці існуе адразу два народных фотаклуба ў той час, калі ў іншых абласцях ніводнага, ужо сам па сабе выключны. На выставе бяруць удзел зусім яшчэ пачаткоўцы і мэтры. Яна цікавая і сваёй разнастайнасцю. Тут ёсць як рэтра-здымкі амаль 35-гадовай даўніны, так і сучаснае фота, вялікія работы, распячатаныя на пенакардоне, і зусім невялічкія, у каляровых паспарту і нават зробленыя шляхам гуміарабікавага друку на безжэлацінавай бавоўнавай паперы. Апошні варыянт самы сучасны. Выява атрымліваецца падобнай на гравюру ў чорна-белых танах.

— Фотасправаздача атрымалася незвычайнай ва ўсіх аспектах, — падкрэсліваюць арганізатары. — Такая шырокая гама прыёмаў фотадруку прадстаўлена ў Магілёве ўпершыню. Тут можна ўбачыць не толькі цікавыя пейзажы і фотазнаходкі, але і сучасныя тэхналогіі фотадруку.

Дарэчы, тыя, хто адсочвае новыя таленты ў айчынным фотамастацтве, змогуць адкрыць тут для сябе і новыя імёны. Самаму малодшаму ўдзельніку пленэру 14 гадоў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта magilev.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.