Вы тут

Паэт і літаратуразнаўца з веткаўскага Хальча


Шкадую, што не паспеў распытаць у гомельскага краязнаўца Уладзіміра Цейкіна, з якім мяне завочна пазнаёміў Віктар Хурсік, пра такога ўраджэнца яго роднага паселішча, як Абрам Амстэрдам (1907 — 1990). Няма ўжо і Цейкіна, ды і яго руплівы выдавец і сябра Вкітар Уладзіміравіч Хурсік таксама пайшоў з жыцця.


Хаця вайна так раскалашмаціла гэтыя мясціны, так раскідала па свеце яе насельнікаў, тым болей — яўрэяў... У паселішчы, якое сваю вядомасць мае з XIV стагоддзя, нямецка-фашысцкія захопнікі ў верасні 1943 года спалілі 463 хаты, забілі дзевяць жыхароў. А вызвалілі вёску ад фашысцкай навалы 16 кастрычніка 1943 года. У баях за вёску загінулі 703 савецкіх салдаты, якія пахаваны ў трох брацкіх магілах у Хальчы — у цэнтры паселішча, у скверы і на ўсходняй ускраіне. На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінулі 178 жыхароў Хальча. У знак памяці пра іх у 1971 годзе ўсталявана скульптурная кампазіцыя і стэла з імёнамі землякоў, якія не вярнуліся дадому...

Абрам Вульфавіч Амстэрдам нарадзіўся ў Хальчы ў 1907 годзе. У сям’і зубнога доктара. У 1924 годзе малады чалавек закончыў сярэднюю школу ў Гомелі. Працаваў на чыгуналіцейным заводзе — вучнем-мадэльшчыкам. А ў 1925 годзе паехаў у Ленінград. Паступіў на факультэт мовы і матэрыяльнай культуры Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Закончыў вучобу ў 1930 годзе. Як літаратурны крытык і паэт Абрам Амстэрдам пачынае друкавацца ў часопісах «Резец» і «Залп» яшчэ ў 1930 годзе. Хаця першыя публікацыі здзейсніў яшчэ школьнікам у Гомелі — у газеце «Палеская праўда». У Ленінградзе пачынаючы літаратара быў прыняты ў склад Літаратурнага аб’яднання Чырвонай Арміі і Флота. З ленінградцаў у гэты пісьменніцкі саюз уваходзілі Вісарыён Саянаў, Юрый Лібядзінскі, Адам Дзмітрыеў... Дарэчы, Адам Мартынавіч Дзмітрыеў — наш зямляк. З Магілёўшчыны. Якраз ён узначальваў часопіс «Резец», быў адным з кіраўнікоў ЛАЧАФа. Мэтай аб’яднання было жаданне дапамагчы рабочаму класу мастацкім словам «гартаваць сваю баявую загартоўку, літаратуру, якая правільна адлюстроўвае класавы твар Чырвонай Арміі і Флота». Што да літаратурнай крытыкі, то была і такая мэта ў членаў аб’яднання: «... ствараць кадры крытыкі, якая будзе весці рашучую барацьбу з чужымі марксісцка-ленінскаму вучэнню пра вайну тэорыямі ў мастацкай літаратуры»... У 1931 — 1932 гады Абрам Амстэрдам праходзіў вайсковую службу на Далёкім Усходзе.

З 1932 года ўраджэнец веткаўскага Хальча працуе рэдактарам аддзела мастацкай літаратуры Дзяржлітвыдата. У 1934 годзе Абрама Амстэрдама прымаюць у Саюз савецкіх пісьменнікаў. Абрам Амстэрдам укладае зборнік твораў маладых ленінградскіх пісьменнікаў — «Дазор». Друкуе артыкулы па сучаснай рускай паэзіі. У 1935 — 1938 гады малады чалавек вучыцца ў аспірантуры Ленградскага ўніверсітэта. Працуе рэдактарам у Ваенвыдаце. У час савецка-фінляндскай вайны служыць у палітупраўленні Ленінградскай ваеннай акругі.

Калі пачалася Вялікая Айчыннай вайна, Абрам ідзе на фронт добраахвотнікам. Капітан адміністрацыйнай службы служыць інструктарам-літаратарам 7-га аддзялення ў палітаддзеле 55-й арміі. Займаецца прапагандай сярод войск праціўніка. Складае тэксты лістовак, запісвае радыёпраграмы, праводзіць радыёвяшчанне на пярэднім краі абароны. У 1943 годзе Абрама Амстэрдама ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі. Са студзеня 1944 года Абрам Вульфавіч — старшы перакладчык у штабе 123-га стралковага корпуса. Сярод узнагарод нашага земляка — і медалі «За абарону Ленінграда», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.»

Пасля Вялікай Айчыннай вайны літаратуразнаўца займаецца падрыхтоўкай да друку зборнікаў твораў нямецкіх пісьменнікаў. Робіць каментарыі, укладае васьмітомны Збор твораў Фрыдрыха Шылера, дзесяцітомны Збор твораў Генрыха Гейнэ. У 1965 годзе Амстэрдам выдаў кнігу «Усевалад Раждзественскі. Шлях паэта» — пра добра вядомага і ў Беларусі паэта і перакладчыка Усевалада Раждзественскага, які шмат зрабіў у пераўвасабленні беларускай паэзіі на рускую мову. Напісаў Абрам Амстэрдам успаміны, крытычныя нарысы пра Міхаіла Зошчанку, Мікалая Забалоцкага, творчасць іншых ленінградскіх пісьменнікаў. Працаваў наш зямляк з Веткі рэдактарам у рэдакцыі сучаснай літаратуры Ленінградскага аддзялення мастацкай літаратуры, пазней — у Ленвыдаце.

У апошнія гады жыцця А. Амстэрдам надрукаваў у часопісах «Нева», «Звезда», «Литературная учеба» даволі цікавыя артыкулы па пытаннях літаратурнай вучобы — «Наспелыя праблемы», «Пра літаратурную педагогіку», «Ці ёсць у мяне талент?».

Памёр Абрам Вульфавіч Амстэрдам у 1990 годзе ў Ленінградзе.

Раман СЭРВАЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.