Вы тут

«І гэта ўсё зрабілі МЫ!»... так эмацыйна ахарактарызавала ўбачанае на выстаўцы «Беларусь інтэлектуальная» адна з яе наведвальніц


— Мне здаецца, што гэта самае важнае меркаванне. Нам удалося даказаць і паказаць усім, што Беларусь — насамрэч інтэлектуальная краіна, — падкрэслівае першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей ЧЫЖЫК. — Ідэя з арганізацыяй і правядзеннем такой выстаўкі была выстралам у «дзясятку». 


Літаральна пасля першых дзён мы пачулі меркаванне, што трэба работу выстаўкі прадоўжыць, што і было зроблена. І гэта было вельмі правільнае рашэнне. Мы ж бачылі, колькі наведвальнікаў было на выставе штодня. Прыходзілі як групы школьнікаў і студэнтаў, так і звычайныя сем’і. Людзям было цікава, яны ўнікалі ва ўсе нюансы, задавалі шмат пытанняў. Атрымаўся сапраўдны дыялог. Паводле прыблізных ацэнак, выстаўку за дзевяць дзён наведалі ад 80 да 100 тысяч чалавек. Вельмі магутна на ёй былі прадстаўлены дасягненні фізікаў і матэрыялазнаўцаў. Прычым усё было презентавана вельмі даходліва і наглядна. Увогуле кластарная арганізацыя экспазіцыі, калі навуковыя распрацоўкі былі сабраныя па тэмах, незалежна ад прыналежнасці навуковай арганізацыі да пэўнага ведамства, цалкам сябе апраўдала. Немалаважна, што калі было прынята рашэнне прадоўжыць выстаўку, яе экспазіцыя дадаткова папаўнялася новымі распрацоўкамі. Усе сталі думаць, а што яшчэ можна прадставіць увазе грамадскасці, чым захапіць і здзівіць...

«Выстаўка „Беларусь інтэлектуальная“ паказала, што наша краіна знаходзіцца на высокім інтэлектуальным узроўні, мы ідзем у нагу з часам, у нас ёсць інавацыйныя распрацоўкі, часам нават такія, якіх няма ў нашых суседзяў. Наведвальнікі змаглі азнаёміцца з шырокім блокам медыцынскіх тэхналогій, прычым не ніжэй пятага—шостага тэхналагічнага ўклада, — падкрэслівае, падводзячы вынікі навукова-папулярнага мерапрыемства начальнік аддзела навукі Міністэрства аховы здароўя Маргарыта ДОСІНА. — Тыя ж клетачныя тэхналогіі, якія мы актыўна прымяняем для лячэння розных захворванняў, знаходзяцца на ўзроўні шостага тэхналагічнага ўкладу. Яны працуюць там, дзе не можа справіцца традыцыйная медыцына. Медыцынская навука ўвогуле з’яўляецца самай практыка-арыентаванай, таму што медыкі працуюць з жывымі пацыентамі і ім трэба прымаць хуткія рашэнні тут і цяпер. Канешне, паколькі нашы перадавыя тэхналогіі знаходзяцца ў ложка пацыента, мы не можам іх так наглядна прадэманстраваць, як тыя ж фізікі. Але мы спрабавалі гэта рабіць. Спадзяюся, у нас атрымлівался».

Да найбольш значных дасягненняў, прадстаўленых на выстаўцы, на думку Маргарыты Досінай, трэба аднесці ДНК-вакцыну супраць нейрабластомы. На гэта захворванне пакутуюць дзеці да двух гадоў. Вакцына дапамагае ў тых выпадках, калі не дапамагае традыцыйнае прымяненне лекавых сродкаў. Шасцёра дзяцей ужо прайшлі ДНК-вакцынацыю. 

Таксама ў медыцынскім раздзеле была прадстаўлена проціпухлінная вакцына «Еланаген». Гэта сумесная распрацоўка РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. Аляксандрава з амерыканскай кампаніяй. Скончаны клінічныя выпрабаванні вакцыны пры хіміярэзістэнтнасці раку яечнікаў (калі пухліна ўстойлівая да любой хіміятэрапіі). Атрыманы ўнікальныя вынікі.

БДМУ прэзентаваў праграму на аснове штучнага інтэлекту, якая дазваляе выяўляць пацыентаў з рассеяным склерозам на ранніх стадыях. А чым раней пачынаецца лячэнне пацыента, тым больш камфортным і працяглым становіцца яго жыццё. Таксама можна было азнаёміцца з рознымі сістэмамі, якія дапамагаюць траўматолагам і артапедам выпраўляць скрыўленні пазваночнікаў у дзяцей ( як прыроджаныя, так і набытыя). Дастаткова шмат на выставе было прадстаўлена імпартазамяшчальных распрацовак, джэнерыкаў лекавых прэпаратаў. 

— Выстаўка «Беларусь інтэлектуальная» садзейнічае папулярызацыі навукі сярод моладзі і іх прафарыентацыі, — дзеліцца сваім меркаваннем начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі Пётр ПЯКУЦЬКА. — Мерапрыемства выконвае мноства функцый. Перш за ўсё пазнавальную і прамоўтэрскую, маркетынгавую. Дзякуючы гэтай выстаўцы мы змаглі сфарміраваць у значнай колькасці нашых грамадзян уяўленне аб беларускай навуцы. Былі паказаны канкрэтныя вынікі работы вучоных. Такія выстаўкі неабходныя, каб у грамадстве статус вучонага заўсёды знаходзіўся на высокім узроўні. 

На яго думку, выстаўка ў тым ліку вырашае і задачы прафарыентацыі. Паводле звестак Міністэрства адукацыі, яе наведалі каля 6,5 тысячы студэнтаў, каля 3 тысяч школьнікаў і каля 2,5 тысяч навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Яны не толькі даведаліся аб новых беларускіх распрацоўках, але і паглядзелі, кім яны ў будучым могуць стаць, чым займацца або зацвердзіліся ў сваім прафесійным выбары. 

— Навуковыя ідэі павінны ўкараняцца ў рэальным сектары эканомікі і сацыяльнай сферы. Таму на выстаўцы, апроч іншага, быў прадстаўлены кластар па камерцыялізацыі распрацовак, — аб гэтым заявіла журналістам намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ) Таццяна СТАЛЯРОВА. — Ён прадэманстраваў, якія магчымасці ўжо ёсць у гэтым кірунку. У краіне надаецца вялікая ўвага развіццю інавацыйнай інфраструктуры: функцыянуюць 17 навукова-тэхналагічных тэхнапаркаў, пяць цэнтраў трансферу тэхналогій, Беларускі інавацыйны фонд і Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці.

Шэраг прадстаўленых ДКНТ і падведамаснымі арганізацыямі распрацовак выклікалі жывую цікавасць не толькі ў наведвальнікаў, але і ў патэнцыяльных спажыўцоў. Было праведзена больш як сто дзелавых сустрэч. Дасягнуты папярэднія дамоўленасці аб супрацоўніцтве.

У ліку ўнікальных распрацовак — «Санітарны шлюз», прызначаны для біялагічнай аховы работнікаў на аграпрамысовых прадпрыемства. Інфармацыйны комплекс тэлемедыцынскай дыягностыкі «Агляд +» , з дапамогай якога можна правесці тэст для ацэнкі стану чалавека (перадрэйсавы агляд вадзіцеляў), вызначыць наяўнасць наркатычных сродкаў, прычым без удзелу медыцынскага работніка. Імітатар хады «Крок», прызначаны для рэабілітацыі пацыентаў з рознага роду траўмамі. Ён, дарэчы, быў прадстаўлены ў адзінкавым экзэмпляры і прададзены непасрэдна падчас мерапрыемства. 

Выстаўка «Беларусь інтэлектуальная» за два месяцы аб’едзе ўсе абласныя цэнтры. Па словах Сяргея Чыжыка, першым яе прыме Гомель. На Гомельшчыне знаходзіцца шмат навуковых арганізацый. Да таго ж у лютым бягучага года вобласць святкуе сваё 85-годдзе. Адметнасцю выставак, якія пройдуць у абласных цэнтрах, стане асобная экспазіцыя, прысвечаная развіццю і дасягненням навуцы ў канкрэтным рэгіёне. 

Таксама хутка выстаўку «Беларусь інтэлектуальная» можна будзе наведаць у віртуальным фармаце. «Экспазіцыю, прадстаўленую ў Мінску, мы знялі. Калі будзе зроблена віртуальная версія, выставім яе ў інтэрнеце. Людзі змогуць яшчэ доўга наведваць выстаўку з пачуццём рэальнай прысутнасці, разглядаць экспанаты, чытаць інфармацыю аб іх. Спадзяемся, у бліжэйшы час мы зможам прадаставіць усім такую магчымасць», — паведаміў Сяргей Чыжык.

А вось рабіць выстаўку «Беларусь інтэлектуальная» штогадовай, не плануецца. Паколькі на ёй былі прадстаўлены самыя важныя дасягненні навукі за апошнія два-тры гады, трэба даць час навукоўцам і вытворцам, каб здзейсніць новыя адкрыцці, прапанаваць новыя тэхналогіі і выпусціць новую інавацыйную прадукцыю. А затым можна зноў запрашаць гасцей на выставу навукова-тэхнічных дасягненняў...

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.