«Крок у гісторыю» — так называецца новы праект цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Вікторыя» Партызанскага раёна горада Мінска.
— Наш праект працуе не толькі як музейная экспазіцыя, — паведаміла педагог вышэйшай катэгорыі Юлія Стырна, але і як асяроддзе, якое спрыяе больш глыбокаму вывучэнню гісторыі школьнікамі. Тут незвычайны для музея інтэр’ер, адметныя гукавое і светлавое афармленне. Кожная з трох залаў — вобразны пераказ асобных старонак гісторыі барацьбы нашага народа супраць фашысцкіх захопнікаў.
Сапраўды, зала гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці ўражвае з першага імгнення. Наведвальнікаў сустракае радыёпаведамленне пра напад ворага на нашу краіну, у прыгашаным святле паўстаюць сцены гераічнай цытадэлі, гарыць непагаснае полымя Славы.
У наступнай зале на сценах размешчаны вялікія фотакопіі здымкаў ваенных гадоў. Многія фота пазначаны QR-кодамі. Калі паднесці да QR-кода аб’ектыў смартфона, перад вамі на экране ўзнікае тэкст: імя сфатаграфаванага ў ваенныя гады чалавека і звесткі пра яго.
— Але не толькі фотаздымкі ваенных гадоў пазначаны такой лічбавай даведкай, – тлумачыць Юлія Стырна, — сучасныя таксама. Трапілі яны ў музей з сямейных альбомаў супрацоўнікаў цэнтра дадатковай адукацыі. Такая сувязь праз выявы, партрэты найбольш вобразна раскрывае тэму еднасці розных пакаленняў. Школьнікі з цікавасцю «адкрываюць» у сваіх смартфонах гістарычныя даведкі, многія пачынаюць з гэтага свае вучнёўскія гістарычныя даследванні. Дарэчы, ёсць на гэтай сцяне і партрэт майго дзеда, франтавога разведчыка Івана Стырна, які ў сямнаццацігадовым узросце пайшоў на фронт, дайшоў да Берліна.
У гэтай жа зале можна азнаёміцца з дэталёва прапрацаванымі макетамі. Пад шклом — узноўленая панарама бітвы на Буйніцкім полі пад Магілёвам, спаленая ворагамі Хатынь. Тут жа на вялікім экране можна ўбачыць кінастужкі, якія расказваюць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку пра канцлагеры, пра дзяцей, сілаю вывезеных з тэрыторыі Беларусі.
Трэцяя зала прысвечана партызанскаму руху. Сцены, столь, падлога выглядаюць так, як было ў зямлянках. На сцяне баявы сцяг, побач са збітым з дошак сталом — невялічкая печка, на стале — лісты родным. Найбольшае ўражанне на школьнікаў аказвае той факт, што гэтыя лісты сапраўдныя. Радкі з ваеннага мінулага агучаны. Таксама тут можна ўбачыць макеты айчыннай і трафейнай зброі, інструменты, якімі карысталася медсястра (дарэчы, гэтыя экспанаты сапраўдныя. Яны былі перададзены ў экспазіцыю з другога музея цэнтра). Стваральнікі зямлянкі памясцілі ў ёй нават сапраўдныя драўляныя скрыні з-пад патронаў.
Варта дадаць, што праект «Крок у гісторыю» наведваюць не толькі школьнікі. З цікавасцю знаёмяцца з ім экскурсанты з іншых устаноў адукацыі, госці беларускай сталіцы.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара
Крыху больш чым 2 % беларусаў ужо маюць біяметрычныя дакументы.
Адна з галоўных прыкмет, што вясна прыйшла, — змешаны з першымі водарамі акрыялай прыроды апетытны дымок.
Літаральна днямі ў населеным пункце пачнецца маштабная работа чарговага народнага патрыятычнага праекта.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.