Вы тут

Прадукт, які ратуе ад стрэсу


Вядома, што бананы паляпшаюць памяць, пазбаўляюць ад стрэсу і ацёкаў. Але ці праўда, што да нас даязджаюць толькі кармавыя бананы і закансерваваныя «хімозай»? Навошта бананы тэстуюць на радыеактыўнасць? І колькі ў іх атрутных пестыцыдаў?


У чым карысць

У банана імідж чэмпіёна па колькасці калію, які каштоўны тым, што дапамагае выводзіць з арганізма лішнюю вадкасць. Калі гэтага макраэлемента не хапае, перагружаныя вадой сэрца, печань, ныркі ацякаюць. У ста грамах жоўтых бананаў трыста пяцьдзясят міліграмаў калію. А ў той жа колькасці чырвоных — ужо чатырыста. Аднак сутачная норма амаль у дзесяць разоў большая — 3500 міліграмаў калію. Значыць, і тыя, і іншыя бананы трэба есці кілаграмамі, каб атрымаць неабходную дозу макраэлемента.

Рэкорд банана з лёгкасцю б'юць капуста, вінаград, мандарыны, апельсіны, гарох і нават бульба, прыгатаваная ў мундзіры. Акрамя таго, гэты калій складаецца з трох ізатопаў (калій-39, калій-40, калій-41), адзін з якіх (калій-40) — радыеактыўны. Аднак і ў бананах, і ў іншых прадуктах, багатых на калій, гэты ізатоп складае тысячную долю працэнта.

Галоўнай карысцю бананаў дыетолагі называюць іх здольнасць павышаць настрой за кошт павелічэння колькасці сератаніну ў крыві. Прычым самыя радуючыя бананы — саспелыя, салодкія. Хоць у злёгку недаспелых таксама ёсць бонус. У іх застаецца больш асаблівага крухмалу, які не паспеў раскласціся на простыя вугляводы. Смаку ў гэтага крухмалу амаль няма. Затое ён, як высветлілася нядаўна, вельмі падабаецца стрававальным бактэрыям. А значыць, гэта і клятчатка, і прэбіётык.

Як бананы дабіраюцца да нас

Зялёныя бананы многія лічаць яшчэ і больш бяспечнымі: нібыта ў іх менш таксічных газаў, якімі іх апрацоўваюць, каб тыя штучна даспелі на чужыне. Бо на радзіме бананаў у Эквадоры іх спецыяльна зразаюць строга на дванаццатым тыдні росту, калі яны дасягаюць патрэбнага памеру, але ўнутры іх яшчэ не запусціўся працэс саспявання. У той жа дзень бананы аказваюцца на борце спецыяльнага карабля-халадзільніка. Наступны месяц яны плывуць па моры, адкуль «перасаджваюцца» ў грузавікі-рэфрыжэратары.

Пасля дарогі першыя дванаццаць гадзін бананы адаграваюцца. Магутныя вентылятары разганяюць тэмпературу да +19. А затым у камеру пускаюць банана-газ.

Бананагаз — гэта сумесь азоту (95 %), які ні на што не ўплывае, пры гэтым запавольваючы псаванне, з этыленам (5 %). А вось ён вельмі гаручы і звычайна ўжываецца пры вырабе поліэтылену. А яшчэ аказвае наркатычнае ўздзеянне. Аднак этылен расліны вылучаюць і самі, і для чалавека ён бясшкодны ў звычайных прыродных канцэнтрацыях. Да таго ж, у прамысловай газавай камеры ўсё разлічана, і бананы роўна суткі знаходзяцца ў этыленавым воблаку, а наступныя пяць дзён ветрацца і даходзяць да кандыцыі.

Якой хіміяй апрацоўваюць

Апасацца ў бананах варта сельскагаспадарчых хімікатаў, адзначаюць эксперты. Апошнія дзевяць гадоў на бананавыя плантацыі наступае і асабліва інтэнсіўна пажырае плесневы грыбок-кілер. У адчайных спробах выратаваць ураджай плантатары заліваюць яго ядамі.

Ад гэтага церпяць жыхары бліжэйшых да плантацый дамоў. Іх здароўе бывае падарвана. Аднак бананы на плантацыі добра абараняюць. Як толькі завязалася гронка, яе ўкрываюць пакетам, які не дае патрапіць «хімозе» на плод. Пасля зразання бананы на плантацыі старанна мыюць. Так што рызыка купіць бананы з перадозам пестыцыдаў мінімальная, сцвярджаюць эксперты.

Ці варта траціцца на арганічныя бананы? Магчыма, яны больш «чыстыя»? Насамрэч браць можна любыя бюджэтныя, бо карысных рэчываў, і ў тым ліку амінакіслаты трыптафану, якая ператвараецца ў арганізме ў гармон радасці, чаго многім сёння не хапае, ва ўсіх бананах аднолькава шмат.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.