Вы тут

Калі ўзнікаюць цяжкасці, дапамогу можна знайсці


Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна горада Мінска адкрыты з 1999 года. У сферы яго ўвагі другі па велічыні сталічны раён з насельніцтвам каля 310 тысяч чалавек. Падапечныя цэнтра — тыя, хто аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, а таксама пенсіянеры, шматдзетныя, адзінокія пажылыя грамадзяне, тыя, хто адасоблена пражывае, інваліды, асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў ад 18 да 23 гадоў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, асобы, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў. Тут функцыянуе восем аддзяленняў, сектар па рабоце з недзеяздольнымі грамадзянамі і праект, у рамках якога аказваецца бясплатная прававая дапамога сацыяльна неабароненым грамадзянам.


— Каля 40 тысяч чалавек — гэта тыя, хто да нас звярнуўся па дапамогу, атрымаў яе, і з кім мы застаёмся на сувязі. І тыя, пра каго мы даведаліся, што яны маюць патрэбу ў дапамозе, — расказала «Звяздзе» дырэктар ТЦСАН Маскоўскага раёна Мінска Наталля ЖАРЫКАВА. — Даведваемся пра такіх ад іх сваякоў, суседзяў, супрацоўнікаў міліцыі, паліклінікі, разлікова-даведачнага цэнтра, пошты. У нас ёсць алгарытм узаемадзеяння з пэўнымі суб'ектамі прафілактыкі, якія па абстаноўцы ў кватэры, стане чалавека, ступені яго мабільнасці, наяўнасці ў яго сацыяльных сувязяў бачаць, што ён мае патрэбу ў сацыяльнай абароне. Мы збіраем інфармацыю і глядзім, якую дапамогу можам гэтаму чалавеку або сям'і аказаць, зыходзячы з даходу, фізічнага, маральнага стану.

Часта размова ідзе пра комплексную дапамогу: акрамя матэрыяльнай, чалавек мае патрэбу ў паслугах сацыяльнага работніка, сядзелкі, нянькі. Садзейнічаем у афармленні дакументаў для размяшчэння ў дамы-інтэрнаты.

Бясплатна аказваем сацыяльную дапамогу дома адзінокім пажылым грамадзянам, у тым ліку сямейным парам, інвалідам І і ІІ груп, якія не маюць працаздольных членаў сям'і, абавязаных іх утрымліваць, калі памер іх пенсіі не вышэй бюджэту пражытачнага мінімуму. Калі вышэй, то аплата можа быць частковай або поўнай. Нашы паслугі недарагія, напрыклад, амаль двухгадзінны візіт сацыяльнага работніка каштуе на сёння адзін рубель 38 капеек. Ёсць пералік дадатковых сацыяльных паслуг, там кошт іншы, але такіх менш. У пералік абавязковых уваходзіць 75 паслуг, дадатковых — 30. Сярод апошніх — прыгатаванне складаных страў, клопат аб хатніх жывёлах, мыццё плафонаў, прыбіранне ў шафах, дробны рамонт адзення.

Забяспечваем тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, а калі чалавек набыў такія сродкі самастойна — кампенсуем іх кошт. Для інвалідаў І групы кампенсуем кошт падгузкаў.

Займаемся прызначэннем і распараджэннем сямейнага капіталу для шматдзетных сем'яў, выдаём ім пасведчанні, інфармуем пра льготы. Дапамагаем аформіць матэрыяльную дапамогу. Курыруем недзеяздольных паўналетніх людзей, якія пражываюць самастойна, у нас такіх каля 500 чалавек. Прызначаем ім апекуноў, каб падтрымліваць узровень іх жыцця.

— У якіх выпадках чалавек, які мае патрэбу ў дапамозе, можа застацца без клопату тэрытарыяльнага цэнтра?

— Калі сам свядома адмаўляецца. Ён мае на гэта права. Нехта прызвычаіўся да свайго ладу жыцця, жыве ў сваёй кватэры, не хоча нікуды пераязджаць і нікога да сябе пускаць. Нават, калі не можа перасоўвацца. Прадукты прыносяць суседзі, і гэтага чалавеку дастаткова. Тым не менш, мы настойліва рэкамендуем скарыстацца магчымасцямі, якія маюцца ў нашай дзяржаве. Тлумачым, інфармуем, што сацыяльны работнік паклапоціцца, каб падапечны быў накормлены, апрануты, каб яго кватэра была чыстай, нарэшце, пагутарыць.

У нас ёсць аддзяленне, задача якога падтрымліваць сацыяльныя стасункі, мабільнасць і актыўнасць пажылых людзей. Навучаем карыстацца смартфонам, камп'ютарам, інтэрнэтам, заказваць тавары з дастаўкай. Навучаем гэтаму і дома. Пенсіянеры прыходзяць у наша аддзяленне, каб патанцаваць, паспяваць, паразмаўляць адно з адным. У нас такіх каля 200 чалавек. Ёсць гурткі платныя і бясплатныя.

Працуем з людзьмі, якія маюць асаблівасці па зроку і слыху. У штаце ёсць тры перакладчыкі жэставай мовы, ладзім з імі выязныя мерапрыемствы, канцэрты.

Маем два філіялы аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў. У адным навучаем падапечных (як правіла, гэта выпускнікі цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі) навыкам пярвічнага самаабслугоўвання, гатавання, шыцця, а таксама рабоце ў майстэрнях. У другім забяспечваем догляд інвалідаў, каб на некалькі гадзін разгрузіць іх бацькоў або законных прадстаўнікоў.

Два гады таму адкрылі яшчэ адно аддзяленне, і яно пакуль адзінае ў Мінску — так званыя трэніровачныя кватэры для набыцця навыкаў аўтаномнага пражывання маладымі інвалідамі. Яно было адкрыта пры падтрымцы раённай структуры Мінскай гарадской арганізацыі Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам (БелАДДІМІ) і Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Разлічана на адначасовае знаходжанне васьмі чалавек. Курс навучання разлічаны на тры месяцы. Задача — пазбегнуць патрэбы змяшчаць гэтых маладых людзей у інтэрнат. Яны навучаюцца арыентавацца ў горадзе, распараджацца фінансамі, абараняць сябе ад гвалту. Каб уключыць у гэты працэс іх бацькоў, стварылі бацькоўскі клуб.

Зараз вядзём работу па адкрыцці аддзялення для людзей з дэменцыяй. Пакуль даглядаем такіх дома. Плануем таксама разам з нямецкімі партнёрамі рэалізаваць сумесны праект па навучанні догляду ляжачых хворых. Яшчэ адзін праект, які ў распрацоўцы, — інклюзіўны спорт. Размова пра вулічныя трэнажоры для інвалідаў. У планах на гэты год — вывесці на новы ўзровень індывідуальную работу з інвалідамі менавіта ў сферы спартыўных заняткаў. Збіраемся адкрыць для гэтага спартыўную залу. Гэта вельмі перспектыўны кірунак.

Увогуле наш цэнтр аказвае масу паслуг самага шырокага спектра. Сярод новых — паслугі нянькі для дзяцей з трох да шасці гадоў у шматдзетных сем'ях, а таксама для дзяцей-інвалідаў да дасягнення імі 18 гадоў. Працуем з людзьмі, якія аказаліся ахвярамі гвалту, з асобамі з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў ад 18 да 23 гадоў. На базе нашага цэнтра працуюць групы ананімных алкаголікаў, ананімных наркаманаў. Супрацоўнічаем з Праваслаўнай царквой, Фондам ААН у сферы народанасельніцтва, разам грамадскімі арганізацыямі рэалізуем міжнародныя гуманітарныя праекты.

— Колькі людзей працуе ў цэнтры?

— Каля 200 чалавек. Большасць з іх аказвае непасрэдную сацыяльную дапамогу.

— Што павінен ведаць пра тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання любы чалавек?

— Кожны, хто аказаўся ў сітуацыі, у якой не ведае што рабіць, незалежна ад узросту, стану здароўя, сямейнага альбо сацыяльнага статусу, можа звярнуцца да нас. Самае меншае — мы накіруем па адрасе, дзе змогуць дапамагчы, калі гэта не ў нашых сілах. Але многія праблемы — ад матэрыяльных да псіхалагічных — мы дапамагаем вырашаць. Пажылым людзям не варта саромецца страты тых або іншых фізічных магчымасцяў, не трэба замыкацца. Жыццё вартае таго, каб пражываць яго з радасцю. Часам дастаткова бывае добрага слова, якое вы заўсёды пачуеце ў тэрытарыяльным цэнтры.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Жыццё вартае таго, каб пражываць яго з радасцю

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.