Самае цяжкае назіраць, як састарэлыя маці, бацька так і не дачакаліся не тое, што візіту, — тэлефоннага званка ад сваіх дзяцей. Аб самым прыемным і эмацыянальна цяжкім у рабоце сацыяльнага надомнага памочніка і каардынацыі дапамогі ў аддаленых маланаселеных вёсках інтэрв’ю «Звязды» з прадстаўнікамі сацыяльнай службы Кармянскага раёна Гомельскай вобласці.
Галіна Галаўнёва адрасатаў сацыяльнай службы, якім яна аказвае надомную дапамогу, падапечнымі не называе, — толькі «мае бабулечкі, дзядулечкі». Супрацоўнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кармянскага раёна ў прафесіі восьмы год. За гэты час дапамагала амаль двум дзесяткам пенсіянерам, жыхарам раённага цэнтра Карма.
— Старыя людзі, вядома, адыходзяць у лепшы свет, — кажа Галіна і просіць не кранаць гэту тэму: вельмі цяжка канстатаваць, што да кагосьці з такіх ужо родных людзей, яна больш з надомнай дапамогай не прыйдзе. — Сёння мая зона адказнасці — дзевяць састарэлых ва ўзросце ад 73 да 85 гадоў. Гэта адзінокія пенсіянеры, сямейныя пары. Пражываюць яны як ў шматкватэрным жыллі, так і ў прыватным сектары.
У кватэры — працуе паўтары гадзіны, у прыватным доме — дзве гадзіны 40 хвілін. Змена пралятае, кажа, імгненна.
— Мне падабаецца, што праца мая рэальна патрэбная: бачны яе вынік, табе рады і сапраўды цэняць. Людзі мяне чакаюць, яны так шчыра ўдзячны, што гэта цяжка нават словамі перадаць, — дзеліцца Галіна.
Загадзя, на выхадных, яна складае спіс, каму з падапечных што патрэбна. Каб не марнаваць час, прыязджае на дом да іх з тым, што прасілі: прадукты, лекі, побытавыя тавары. Працуе Галіна на ўласнай машыне. Гэта яе асабістая ініцыятыва.
— Калі хтосьці з маіх дзядуляў ці бабуль просіць нешта прывезці ці іх адвезці па тэрміновай справе, у тую паліклініку, ну як я магу адмовіць? Абавязкова суправаджаю, — дадае суразмоўца.
У дзень наведвае да пяці адрасатаў. У прыватным доме — прыносіць дровы, паліць печ. Калі вада не падведзена ў хату — ідзе па яе ў калодзеж. У сезон па асобнай дамоўленасці з цэнтрам тэрытарыяльнага абслугоўвання насельніцтва надомны памочнік дапамагае па гаспадарцы ў агародзе, садзе.
— За сем гадоў у мяне лічаныя разы здараліся нейкія непаразуменні з адрасатамі дапамогі. Люблю радаваць сваіх старых рознай хатняй ежай. Калі гатую падчас візіту, любяць таксама паўдзельнічаць, хоць чымсьці дапамагчы. Што тычыцца просьбаў ці заказаў у плане гатавання, ніякіх праблем няма. Усе вельмі любяць сырнікі, блінчыкі з тварагом, малочны суп з вермішэллю, рэдзенькае бульбяное пюрэ. Аднойчы я толькі разгубілася, не ведала, што згатаваць, калі мая адна бабуля папрасіла: «Зрабі, калі ласка, драчонікі». Высветлілася, што ў яе гэта не дранікі і не калдуны, як я прывыкла гатаваць, а катлеты з фаршу, бульбы і цыбулі, — і праз такі дэталі імкнецца перадаць цеплыню яе службы Галіна.
Сацработнік дзеліцца, што з яе асабістага назірання па службе, дзеці, што жывуць далей ад нядужых састарэлых бацькоў, падтрымліваюць, клапоцяцца аб іх намнога актыўней, чым тыя, хто жыве побач.
— Калі здараецца, што састарэламу чалавеку, майму падапечнаму неабходная шпіталізацыя, ці ён блага сябе адчувае, зразумела, выклікаю на дом медыкаў, сама магу суправадзіць ў медустанову, але гэтага для хворага старога чалавека мала. Тэлефаную дзецям. Іншыя за сотні кіламетраў адразу зрываюцца, а іншыя жывуць ў суседнім двары і не прыйдуць. Гэта самае цяжкае ў маёй рабоце — назіраць, як састарэлыя так і не дачакаліся не тое, што візіту, — тэлефоннага званка ад сваіх дзяцей, унукаў. Бо, якім бы добрым ні быў сацработнік, састарэлы чакае ўвагі менавіта ад родных.
Сёння на ўліку ў Кармянскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва амаль 200 адзінокіх пажылых людзей, каля 80 самотных інвалідаў І і ІІ груп. Усяго сацыяльную падтрымку раённай службы атрымлівае больш за дзве тысячы грамадзян розных сацыяльных катэгорый.
— Сёння асноўная задача сацыяльнай службы не ў тым, каб змясціць адзінокага пажылога чалавека ў стацыянарную ўстанову, а дапамагчы максімальна доўга заставацца ў родных мясцінах, дома, мець стасункі,— падкрэслівае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кармянскага райвыканкама Вольга ЗАХАРЭНКА.
А формаў работы шмат: паслугі сядзелкі і няні, дом сумеснага і часовага пражывання, гасцявая, прыёмная, патранатная сям’я. Кармянскі раён стаў першым у Гомельскай вобласці, дзе для аказання неабходных сацыяльных паслуг насельніцтву існуе такая форма падтрымкі ўразлівых людзей, як кватэра для часовага знаходжання.
— Жыллё абсталявана мэбляй і побытавымі прыладамі. Засяляюцца самотныя пажылыя, людзі з інваліднасцю, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Напрыклад, у выпадках, калі здароўе не дазваляе чалавеку зімаваць аднаму ў аддаленай вёсцы. Аплачваюцца ў кватэры толькі выдаткі за камунальныя паслугі, — тлумачыць Вольга Анатольеўна. — Такая практыка з аднаго боку палягчае працу сацыяльных работнікаў, якія прыходзяць у кватэру адразу да некалькіх падапечных, а з другога — дазваляе палепшыць умовы пражывання адзінокіх пажылых людзей і стварыць больш спрыяльную эмацыянальную атмасферу.
У Кармянскім раёне, які вызначаецца значнай колькасцю аддаленых маланаселеных пунктаў, актыўна выкарыстоўваецца практыка сацыяльных «мабільных брыгад». Гэта работа на выездзе спецыялістаў ўсіх чатырох профільных аддзяленняў раённага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва, псіхолага і юрыста.
— Не радзей, чым раз у два тыдні такой «мабільнай брыгадай» наведваем населеныя пункты ўсіх сельсаветаў, — дадае Вольга Захарэнка. — Людзі ўсю неабходную дапамогу, кансультацыі атрымліваюць па месцы жыхарства. У складзе мабільнай брыгады выязджаюць спецыялісты цэнтра з ноутбукамі — вучаць вяскоўцаў залатога ўзросту кампьютарнай пісьменнасці: як стварыць электронны кабінет, каб запісацца на прыём да ўрача ў райцэнтры, аплаціць паслугі праз інтэрнэт ці проста навучыцца тэлефанаваць, мець зносіны, глядзець фотаздымкі сваякоў у сацсетках. Гэта вельмі падабаецца жыхарам аддаленых населеных пунктаў.
Асабліва ўвага падчас работы сацыяльных мабільных брыгад — праблемам захавання бяспечных умоў жыцця.
— Пішам лісты дзецям, бо часта здараецца, што дапамогу бацькам яны аказваюць не своечасова, ці не аказваюць ўвогуле, — са шкадаваннем адзначае начальнік упраўлення. — Мы бяром на сябе ініцыятыву, калі бачым, што трэба адрамантаваць праводку ў доме, пячное абсталяванне. Звязваемся з гаспадаркай ў гэтым населеным пункце ці на прамую просім дапамогі ў спецарганізацыі. Мы ў сваю чаргу аказваем адрасную матэрыяльную дапамогу. Напрыклад, для таго, каб нарыхтаваць паліва да ацяпляльнага сезона, самі звязваемся з адпаведнай арганізацыяй і праз адрасную дапамогу выпісваем дровы для пенсіянера.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота з архіва гераінь
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.