Мы з мамай (ёй за 80) жывём у двухпавярховым, двухпад'ездным доме на першым паверсе, — піша (ліст друкуецца са скарачэннямі і ў пераказе. — Рэд.) Людміла БЫКАВА з аграгарадка Негарэлае, што на Дзяржыншчыне. — Апошнім часам наша кватэра перыядычна затапляецца змесцівам каналізацыі... Паток яго можна спыніць, толькі перакрыўшы кран у падвале. У мамы — калі я на рабоце — на гэта не хапае сіл (ёй даводзіцца прасіць дапамогі ў суседзяў)... Да таго ж, людзі, якія жывуць над намі, на другім паверсе, вельмі абураюцца, бо да іх тады не паступае вада...
Такая ж праблема і ў жыхароў суседняга пад'езда.
Мінулым летам мы самі памянялі каналізацыйныя трубы, унітаз, і ўсё роўна рэгулярна выклікаем сантэхніка. Ён казаў, што, калі б своечасова адпампоўвалі каналізацыю, мы ў яго паслугах не мелі б патрэбы, але пакуль, як я зразумела, на нашым доме паставілі крыж. Адпампоўку робяць толькі пасля штодзённых званкоў, разы тры на месяц... А чаму жыхары павінны «абрываць» тэлефоны і прасіць, каб да іх прыехалі не пасля, а да таго, як пачнуцца, мякка кажучы, непрыемнасці? Чаму б не распрацаваць графік правядзення работ?
На гэтыя пытанні рэдакцыя «Звязды» папрасіла адказаць кіраўніцтва КУП «Водаканал Дзяржынскага раёна».
Як паведамляецца ў афіцыйным адказе за подпісам дырэктара Аляксандра Жыгаліна, спецыялісты прадпрыемства з выездам на месца абследавалі сістэму водаадвядзення ад дома № 139 па вуліцы Ленінскай. Яна ў спраўным стане. Калодзежы вулічнай сістэмы, якія служаць для прыёму каналізацыйных сцёкаў, знаходзяцца ніжэй за ўзровень кватэр, размешчаных на першым паверсе будынка. Такім чынам, падтапленне кватэры заяўніцы сцёкамі ніякім чынам не звязана з перапаўненнем калодзежаў.
Праблема выцякання сцёкавых вод з каналізацыйных калодзежаў у зімні перыяд 2022-2023 звязаная з умовамі надвор'я (дождж, адліга). Ліўневыя воды сталі часткова трапляць у калодзежы, а паколькі каналізацыйная сістэма дома № 139 замкнутага тыпу (не звязаная з цэнтралізаванымі сеткамі водазабеспячэння), адбылося перапаўненне. Прадпрыемства распрацавала і зацвердзіла графік вывазу сцёкавых вод з калодзежа ад дома № 139, ён будзе ажыццяўляцца кожны тыдзень — у аўторак і пятніцу.
...Каб упэўніцца ў тым, што ўсё гэта адпавядае сапраўднасці, мы патэлефанавалі майстру КУП «Водаканал Дзяржынскага раёна»: Алеся Кульбіцкая патлумачыла, што ёй гэты ўчастак перадалі зусім нядаўна. «Па аўторках і пятніцах пасля адпампоўвання каналізацыі я асабіста, — паабяцала майстар, — буду глядзець што там і як. Калі калодзежы ўсё роўна будуць перапаўняцца, мы адправім тэхніку дадаткова... Гэтае пытанне трэба трымаць на кантролі, высвятляць прычыну... Часта бывае, што ў дрэннай рабоце каналізацыі жыхары вінаваты самі, бо выкідваюць ва ўнітазы ўсё, што трапіць пад руку — ад напаўняльнікаў для каціных латкоў да вільготных сурвэтак і ануч... Мы адпампуем септык і праверым, ці сыходзіць з дома вада, калі не, значыць будзем падключаць спецыялістаў, каб прабіць унутрыдамавую каналізацыю. А пакуль — прапанавала майстар — можаце перадаць заяўніцы мой службовы нумар тэлефона. Калі з'явяцца нейкія праблемы, яна зможа тут жа паведаміць мне ці напісаць на Vіber... Мы стараемся не пакідаць людзей у бядзе».
...Шчыра кажучы, на гэты раз рэдакцыю парадавала і аператыўнасць, і грунтоўнасць, з якой работнікі раённага водаканала падышлі да вырашэння праблемы.
Хочацца верыць, што пасля звароту ў газету парадуюцца і жыхары названага дома: то-бок праблем з каналізацыяй у іх болей не будзе.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Праўду кажуць: у каго няўдача, той і плача ды піша ў газету «Звязда».
Я тут не выключэнне, хоць непрыемнасці на гэты раз не столькі ў мяне: Рая, прыяцелька мая, каторую ноч не спіць. На дачку пакрыўдзілася, на сваіх любімых унучак. Як на нейчы погляд — дык, можа, і дарэмна (падумаеш...), як на яе і на мой...
Калі па парадку, дык Рая жыве ў ціхім раёне ціхага райцэнтра. А дачка яе — у Мінску. Там у яе добрая кватэра, муж, двое дзяцей і нават дзве жывёліны: сабачка (важыць, казала, кілаграма паўтара) і кацяра (той на ўсе пяць зацягне).
З-за іх, уласна, усё і пачалося, бо сям'я дачкі надумала ў адпачынак махнуць — да чорта на рогі. Гадаванцаў туды не пацягнеш... Можна было на ператрымку здаць... Але ж, палічылі, што гэта дарагавата, ды і навошта грошы выкідваць, калі мама ёсць, калі яна ўжо на пенсіі, а значыць, час мае — дагледзіць.
Раі гэта ідэя зусім не спадабалася, але ж якая маці ды бабуля не хоча, каб дачцэ як найлепей было?! Згадзілася.
У прызначаны дзень гадаванцаў да яе зяць з дачкою прывезлі, акруціліся ды паехалі чамаданы складаць. Рая засталася з «пастаяльцамі».
Тыя, казала, у дарозе, відаць, стаміліся, бо адразу ж паснулі і захраплі (гаспадыня б не супраць, каб вось так — усе дзесяць дзён). Але ж госці прачнуліся, абнюхалі тэрыторыю (добра, што не памецілі), пад'елі і на «радасць» новай глядачцы захацелі падурэць. Кот, карацей, пагнаўся за сабачкам і ледзь не прыдушыў (разнімаць прыйшлося), потым сабачка пабег за катом. Той, целяпень, як ні дзіўна, змог разагнацца і нават сігануць на штору...
Сагнаць яго Рая не паспела: ён сам упаў — разам з... карнізам, які «па дарозе» ўніз, «знёс» з падаконніка пяць вазонаў і са стала — дарагую вазу (падарунак нябожчыка мужа).
Перапала, відаць, і кату з сабакам... Прычым малы з-пад тканін яшчэ неяк выбраўся, а вось вялікі...
З перапуду ці што — кот усімі кіпцюрамі, мёртвай хваткай, учапіўся ў штору і так нема роў, што ў кватэру сталі грукаць суседзі (думалі, што некага душаць).
Гэта быў дзень першы. Не абышлося без прыгод і ў ноч (як першую, так і ў дзевяць наступных), бо «кватаранты», абодва, хацелі спаць толькі на ложку. «А веніка вы не хацелі?»— папыталася ў іх Раіса і сапраўды стала спаць з венікам.
Роспытаў, непрыемнасцяў нацярпелася яна і ў час прагулак, бо і ў сваім двары, і ў суседніх яе ды нябожчыка мужа ўсе ведалі як сур'ёзных, прыстойных людзей, а тут раптам (ці не здзяцінела баба?) — ходзіць з катом на спецыяльнай шворачцы, з сабачкам на павадку (той у куртачцы і тапачках).
...Вось гэтак прыкладна ўсе дзесяць дзён жанчына і пражыла: дачакацца не магла, пакуль дачка з сям'ёю прыедзе!
А прычакала (нарэшце, у поўным складзе!) і вачам не паверыла. Усе, унучкі (гэта няхай сабе), але ж і дачка з зяцем адразу ж кінуліся да ката, да сабакі: на рукі абодвух — ціскаюць, гладзяць, цалуюць. Маці ў куце стаіць — нікому не цікавая... Нават дачцэ, якой слугавала ўсё жыццё, якой і адукацыю, і вяселле, і грошай — на кватэру, на мэблю, машыну...
Першым, як ні дзіўна, схамянуўся зяць: падышоў, павітаўся. Потым заўважылі бабулю і ўнучкі: сталі распытваць, ці спадабалася ёй трымаць жывёлак, ці весела было? «Яшчэ і як!» — сказала Раіса.
У падрабязнасці яна не ўдавалася. Шторы — яшчэ да прыезду дачкі — перамыла, павесіла на месца (карніз сусед прымацаваў), вазоны перасадзіла... Усё, як быццам, утрэслася. Асадак застаўся ды такі...
Мусіць, і праўда ўпускаем мы нешта ў выхаванні дзяцей, калі каты з сабачкамі ім даражэйшыя? Калі многім не патрэбныя дзеці. І не вельмі цікавыя родныя бацькі.
Соф'я КУСЯНКОВА
Рагачоўскі раён.
Аматарскі тэатр «СМОЛТ» пры нашым раённым Цэнтры культуры парадаваў гледачоў чарговай прэм'ерай. Спектакль-казку «Снежная каралева праз шмат гадоў» паводле вядомага твора Ганса Хрысціяна Андэрсэна паказалі тры разы, і кожны раз глядзельная зала была запоўнена. Гэта — згадзіцеся — пераканаўчы поспех, а тым больш — для маладога і самадзейнага калектыву.
Мастацкі кіраўнік тэатра Лёля Сямёнава расказала, што ўдзельнікі самі ствараюць і музычнае афармленне, і сцэнічныя строі, што на гэты конт багатая фантазія ў выхавацелькі дзіцячага садка (а па сумяшчальніцтве памочніка рэжысёра Анастасіі Гадалавай), што ў многім ім, пачаткоўцам, дапамагаюць культработнікі-прафесіяналы.
Дарэчы, сумесна з імі артысты-аматары зладзілі для сваіх старэйшых гледачоў своеасаблівы экскурс у іх мінулае. На працягу амаль дзвюх гадзін публіка з задавальненнем слухала песні ў выкананні Тамары Валчанковай, Ігара Кавальскага, Максіма Пашука, Дар'і Кавалёвай, Святланы Змітровіч, Вікторыі Гневышавай, Яўгеніі Ломаць і іншых. Дарэчы, Жэня, кіраўнік народнага ансамбля «Хутарок», даўно ў складзе аматарскага тэатра, яна там, можна сказаць, прымадонна! Як і яшчэ адна ўдзельніца «Хутарка» Алена Чурылава (па асноўнай прафесіі — медыцынскі работнік).
Атмасферу далёкіх 70-х, 80-х, 90-х і так званых нулявых гадоў выдатна аднавілі відэазастаўкі, саўндтрэкі, якія стварыў Сяргей Шухно. Выступленні спевакоў упрыгожылі інсцэніроўкі і падтанцоўкі ў выкананні самадзейных артыстаў, за што асобная падзяка мастацкаму кіраўніку «СМОЛТа» Лёлі Сямёнавай.
Сярод шматлікіх песенных рэмейкаў, што прагучалі падчас канцэрта, нават самага патрабавальнага гледача не мог не ўразіць рэмікс на «Сівую ноч» ад народнага ансамбля «Хутарок», а бясспрэчным адкрыццём стаў юны ўдзельнік Паша Петуноў з песняй «Снегіры».
Вопыт прафесіяналаў і энтузіязм аматараў далі цудоўны вынік: шчырыя апладысменты гледачоў, якія з нецярпеннем будуць чакаць новых пастановак і канцэртаў.
Ала СТРАШЫНСКАЯ
г. Смаргонь.
Васьмідзесяціпяцігоддзе Мінскай вобласці — добрая нагода, каб успомніць землякоў, чые імёны вядомыя далёка за межамі Міншчыны.
Вучні нашай школы № 2 падрыхтавалі, напрыклад, бенефіс у гонар доктара гістарычных навук Эмануіла Рыгоравіча Іофе, які скончыў гэтую навучальную установу ў 1956 годзе, а потым...
Дыяпазон навуковых інтарэсаў выпускніка — гісторыя (у тым ліку ваенная), сацыялогія, паліталогія. Эмануіл Рыгоравіч — аўтар звыш 2 тыс. навуковых работ, 48 кніг (у тым ліку пра Беразіно), навуковы кансультант 50 радыё і тэлеперадач, 18-га тома БСЭ і 8-га тома Энцыклапедыі гісторыі Беларусі...
Унікальныя фатаграфіі з сямейнага архіва дапамаглі зацікаўленым бярэзінскім школьнікам уявіць карціну нялёгкага ваеннага побыту сям'і Іофе ў Казахстане ў гады эвакуацыі, пасляваеннага дзяцінства ў бацькоўскай хаце на вуліцы Камсамольскай, прафесарскія будні акадэміка ў БДПУ імя М. Танка, дзе Эмануіл Рыгоравіч 44 гады працаваў выкладчыкам, шчасце бацькі дзвюх дарослых дачок і дзядулі пяці ўнукаў.
Вечары-прысвячэнні іншым землякам пройдуць у шасці аграгарадках раёна.
Тамара КРУТАЛЕВІЧ
г. Беразіно.
Напэўна, кожны — і той, хто мае дома катоў, сабак, папугаяў, і той, хто не мае — можа расказаць пра іх нешта пацешнае.
У майго дзядзькі некалі быў сабака. Гаспадар, нягледзячы на хворыя ногі, сам выводзіў яго на вуліцу, прычым — у любое надвор'е.
У той раз вельмі ветрана было, так што гулялі яны зусім нядоўга. «Холадна табе? Прамёрз? — папытаўся дзядзька ў сабакі. І тут жа суцешыў: — Нічога не зробіш — зіма... Але ж яна хутка скончыцца, а пацяплее — мы з табой паедзем на дачу».
За размовамі і з гэтай думкай дзядзька дайшоў да свайго пад'езда, азірнуўся — сабакі няма. Стаў клікаць — дарэмна. З надзеяй, што сябра нейкім чынам абагнаў і суседзі завялі яго дадому, дзядзька зайшоў у кватэру, але і там сабакі не было.
Гаспадар шукаў яго даволі доўга, а вось знайшоў зусім выпадкова: сабака сядзеў... на прыпынку, з якога яны... ад'язджалі на дачу. Трэба разумець, засумаваў па ёй?
А дзядзька з тога часу стаў думаць, што казаць пры сабаку, што не.
Таццяна САВЕЛЬЕВА
г. Мінск.
Прэв’ю: pexels.com
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.