Вы тут

Ці лечыцца гаджэтаманія і як яе папярэдзіць


У жыцці нашых дзяцей з'явілася бомба запаволенага дзеяння. Круглыя суткі яе гадзіннікавы механізм цікае ў дамах і школах, становячыся прычынай істэрык, стрэсаў і сямейных сварак. Гэта бомба — інтэрнэт-залежнасць, звычка надоўга ўтароплівацца ў экраны планшэтаў і смартфонаў...

Так пачынаецца кніга дзіцячага псіхолага Элізабет Кілбі «Гаджэтаманія: як не страціць дзіця ў віртуальным свеце». Перад тым як пісаць гэты матэрыял, я паразмаўляла з сямейным псіхолагам Таццянай Шарандай, а таксама прайшла майстар-клас «Гаджэтаманія: норма ці залежнасць» псіхолага і мамы пяці дзяцей-пагодкаў Карыны Рыхтэрэ. І сёння хачу падзяліцца думкамі, якія мяне ўразілі і падаліся вельмі важнымі.


Фота: pixabay.com

Дазваляйце дзіцяці сумаваць

Тое, што гаджэты выклікаюць моцную залежнасць і сур'ёзна ўплываюць на псіхічнае і фізічнае здароўе, думаю, ні для кога не сакрэт. Таму сёння хочацца пагаварыць не пра шкоду планшэтаў і смартфонаў, а пра тое, як прывіць дзіцяці здаровыя прывычкі карыстання лічбавымі прыладамі. І што трэба рабіць бацькам, каб выцягнуць падлетка з пасткі, у якую ён трапіў, вярнуць інтарэс да рэальнага жыцця і пры гэтым не сапсаваць адносіны.

Стрэтэгія дзеянняў залежыць ад узросту дзіцяці. Да сямі гадоў яго асноўная задача — гуляць. Калі ж дзіця ў 5-6 гадоў можа заняць сябе толькі мульцікам — гэта трагедыя. Трагедыя нашага часу. А пачынаецца ўсё з таго, што некаторыя «прагрэсіўныя» бацькі даюць смартфон дзіцяці ледзь не з самага нараджэння. (Сама не раз бачыла, як малеча, якая яшчэ не ўмее гаварыць, ужо водзіць пальцам па сэнсарным экране, механічна пераключаючы ролікі на YouTube.) А потым здзіўляюцца, калі ў тры гады сын ці дачка кажа, што ім сумна без мульцікаў.

— Дазваляйце дзецям сумаваць — гэта карысна, — у адзін голас кажуць псіхолагі. — Здольнасць самастойна сябе забаўляць, прыдумваць гульні, фантазіраваць — вельмі важны навык, які яны павінны асвоіць. І ўжо даказана, што гэты навык атрафіруецца, калі ў дзіцяці ёсць лёгкая для мазгоў і заўсёды даступная альтэрнатыва ў выглядзе тыцкання ў экран. «Я буду варыць суп, а ты пасумуй». Як правіла, праз некалькі хвілін пасля сумавання прыходзіць натхненне. І большасць дзяцей знаходзяць, чым сябе заняць. Бо сум — гэта выдатны трэнажор для фантазіі.

Псіхолагі раяць да трох гадоў выключыць любыя гаджэты, бо ў дзіцяці няма ў іх патрэбы. А прывыканне і залежнасць у такім узросце развіваюцца за лічаныя тыдні. Разам з тым рэальнасць такая, што, згодна з даследаваннем лабараторыі Касперскага, у 54 працэнтаў дзяцей да 4-6 гадоў ужо ёсць свой планшэт ці тэлефон. З гаджэтазалежнасцю цяжка змагацца яшчэ і таму, што планшэт вельмі зручны самім бацькам. Яны выкарыстоўваюць яго як кнопку «выключэння» дзіцяці. Дастаткова ўключыць мульцік — і больш не чуваць бясконцага «мам, паглядзі». Ведаю, што многія мамы ўключаюць дзецям мульцікі, каб паспець прыгатаваць вячэру ці прыбраць у кватэры, але псіхолагі раяць гэта-
га не рабіць. А, наадварот, падключаць малых да сваіх спраў па гаспадарцы. «Давай разам мыць падлогу, змагацца з пылам, ляпіць пельмешкі». Так вы не толькі зробіце свае справы, але і праведзяце час з дзіцем.

— Я не кажу, што гаджэты — абсалютнае зло і нам трэба іх спаліць на вогнішчы, — удакладняе Карына Рыхтэрэ. — Калі вы стаміліся і вам проста хочацца папіць кавы ў цішыні альбо тэрмінова зрабіць важны званок, уключыце мульцік. Я кажу пра тое, каб не рабіць іх бескантрольны прагляд штодзённай традыцыяй.

Не бойцеся быць «дрэннай мамай»

Вядома, ідэальны сцэнарый не дапусціць залежных паводзін — з самага ранняга ўзросту сачыць за тым, каб дзіця цікавілася рэальным жыццём больш, чым віртуальным. Але для гэтага ўзаемадзеянне з бацькамі павінна быць хоць бы на дзесяць працэнтаў больш цікавым, чым мульцік ці камп'ютарная гульня.

— Для чалавека няма нічога смачнейшага за задавальненне, — кажа Таццяна Шаранда. — Умоўна кажучы, мы не будзем есці нясмачны селядзец, калі ёсць смачная ікра. Гаджэт — тое ж самае. Калі ён выходзіць на ўзровень нясмачнага селядца, а кантакт з мамай, як чырвоная ікра, становіцца смачным, можна казаць пра тое, што гаджэтазалежнасць будзе ўзята пад кантроль. Задача бацькоў — захапіць дзіця сабой. А для гэтага трэба ўдзяляць яму больш часу, праяўляць ініцыятыву. Пайшлі разам у музей, паехалі ў Ратамку на конях катацца... Задача бацькоў — арганізаваць баўленне часу без тэлефона секцыі, гульні, паездкі. Паказаць, што рэальнае жыццё цікавейшае за віртуальнае.

Акрамя таго, псіхолагі раяць бацькам з самага пачатку ўвесці правілы карыстання гаджэтамі: колькі, калі і што можна глядзець. Але калі прыходзіць час выключаць гаджэт, малеча, як правіла, пачынае плакаць. Потым слёзы перарастаюць у істэрыку і нават агрэсію. Гэта сігнал, што ў вашага малога вельмі шмат экраннага часу. І трэба ўводзіць строгія правілы. Калі ўстанаўліваем абмежаванні — вельмі часта ў вачах дзіцяці мы становімся дрэннай мамай. І гэта нармальна. Дзеці могуць злавацца на нас, крыўдзіцца, крычаць: «Ты самая жудасная мама на свеце! Я цябе не люблю!» У гэты момант важна захоўваць спакой. Можна сказаць: «Я бачу, што ты
расстроены. Але мой абавязак як маці клапаціцца пра тваё здароўе. Я маю права ставіць абмежаванні, а ты маеш права засмучацца». Сучасныя бацькі баяцца, што дзіця расстроіцца, не ўмеюць нармальна рэагаваць на іх эмоцыі. Менавіта таму многім мамам прасцей уключыць яшчэ адзін мульцік, толькі б малеча не плакала... Але гэта пастка: як толькі мы ідзём на павадку ў свайго дзіцяці — адразу прайграем.

— Калі дзіця раз за разам пераходзіць на істэрыкі, як толькі мама хоча выключыць мульцік, я магу дакладна сказаць, што яна ўжо не раз зрывалася на дзіця, крычала і ўрэшце... уключала мульцік, — кажа Таццяна Шаранда. — У такой сям'і няма паслядоўнасці ў выхаванні, няма аўтарытэту бацькоў. Уявіце сітуацыю: дзіця падышло да берага. Мама кажа: «Тут вельмі небяспечна, ты можаш упасці». І адводзіць малога ўбок. Адзін раз адвяла, другі, трэці. Кожны раз мама дакладна абазначае: сюды нельга. У выніку рана ці позна дзіця прыме правіла і не будзе імкнуцца яго парушаць. Калі дзіця зразумее, што слова мамы — жалезабетоннае, то слёзы і істэрыкі з часам знікнуць. Я раю ўсім мамам: асвойце трансавыя тэхнікі, навучыцеся пераканаўча гаварыць нізкім спакойным голасам.

«Я з табой не размаўляю»

У 7-13 гадоў ужо практычна ва ўсіх дзяцей ёсць свой тэлефон. Таму псіхолагі раяць: як толькі вы яго набылі, устанавіць на смартфон дадатак «Бацькоўскі кантроль», пры дапамозе якога можна кантраляваць не толькі час знаходжання ў інтэрнэце, але і кантэнт. Не варта чакаць, што дзеці самі будуць кантраляваць экранны час, бо сіла волі пачынае фарміравацца толькі з сямі гадоў. Асноўная задача бацькоў — навучыць дзіця карыстацца гаджэтам правільна, без крайнасцяў і перакосаў, успрымаць яго як карысны інструмент для вырашэння задач, не больш. А зрабіць тое можна толькі ўласным прыкладам. Таму вельмі важна, каб бацькі самі не «завісалі» ў інтэрнэце. Калі ў іх таксама залежнасць, трэба мяняць правілы для ўсіх: напрыклад, за 1-2 гадзіны да сну не карыстаемся гаджэтамі, ніякіх тэлефонаў не павінна быць падчас ежы. Можна ўвесці нават сямейныя дні без гаджэтаў.

Пасля 13 гадоў кантроль заканчваецца і пачынаецца ўплыў, які немагчымы без бацькоўскага аўтарытэту і цёплых даверлівых адносін. Калі вы іх не выбудавалі — самы час гэтым заняцца.

На майстар-класе мяне ўразілі дзве гісторыі з жыцця. «Сыну 11 гадоў. Калі я забрала ў яго тэлефон, ён кінуўся ў істэрыку і нават ударыў мяне. Цяпер я кантактую з ім суха, без пяшчоты», — падзялілася сваім болем адна мама.

— Пазбаўленне дзіцяці кантакту — самая грубая памылка, якую мы можам зрабіць. Гэта тое, што разбурае адносіны, — кажа Карына Рыхтэрэ. — Нельга адштурхоўваць ад сябе дзяцей. Адкіданне дзіцяці — гэта эмацыянальны гвалт. Такім метадам вы не справіцеся з залежнасцю ад гаджэтаў — стане яшчэ горш. Хлопчык не справіўся са сваімі эмоцыямі, са сваёй залежнасцю, якую вы ж і дапусцілі — і вы яго за гэта яшчэ і караеце. Гэта не віна дзіцяці. «Я з табой не размаўляю» — гэта не выхаванне. Вучыцеся размаўляць. Скажыце: «Мне шкада, што атрымалася такая сітуацыя. Мне было балюча. Давай з табой думаць, як мы дайшлі да такога жыцця, што нам трэба мяняць? Як мы з табой маглі б разам бавіць час?» Неабходна наладжваць адносіны. Бо яны — асноўны ключ уплыву, асабліва ў падлеткавым узросце.

Другая гісторыя больш сумная. Дзяўчынка-падлетак падышла да мамы і сказала: «Аддай тэлефон, або зараз я сябе зарэжу». Атрымаўшы тэлефон, дачка паклала нож пад падушку, каб тая не ўздумала зноў забраць...

Калі для дзіцяці жыццё без гаджэта страціла сэнс — гэта крайні пункт залежнасці. У падлеткавым узросце наогул вельмі небяспечна забіраць тэлефон адразу, бо гэтым вы толькі выклічаце да сябе нянавісць і агрэсію. Пасля 13 гадоў псіхолагі раяць дзейнічаць паводле падлеткавай стратэгіі, калі вельмі павольна, паступова выцягваем дзіця з віртуальнага свету ў рэальны.

— Што можна параіць маме дзяўчынкі? Ці трэба ёй адразу ж пасля таго, як аддала тэлефон, паразмаўляць з дачкой? — пацікавілася я ў псіхолага.

— Не, у такіх сітуацыях дыялог паміж мамай і дачкой пачынаецца толькі тады, калі ёсць ініцыятыва з боку падлетка. Нават проста прыйшла і сказала: «Што мне паесці?» Мама, будзь у гэты момант мудрэйшая, не згадвай пра тую сітуацыю. Спачатку пакармі яе. Спрацоўвае стары эвалюцыйны механізм — дачка супакойваецца. Ужо потым у працэсе ежы маме трэба сказаць: «Ведаеш, мне было вельмі балюча з-за таго, што адбылося паміж намі. Рукі апусціліся, хацелася плакаць». Мама павінна гаварыць вельмі ціха. І без абвінавачанняў у бок дачкі. І гэта не павінен быць працяглы маналог, усяго 2-3 хвіліны. Няхай дачка есць, а маці павінна сысці з кухні. Гэта будзе першы крок да працэсу рэфлексіі ў дзіцяці. Маме трэба наладжваць страчаны кантакт. Спакойна пачынаць выбудоўваць даверлівыя адносіны. Гэта сур'ёзная доўгая работа маці ў першую чаргу над сабой. Я на яе месцы пацікавілася б, што падабаецца дачцэ ў гаджэце. Калі дзяўчынка бязвылазна сядзіць у ТікТок і глядзіць ролікі пра катоў ды сабак, прапануйце схадзіць разам на выстаўку жывёл, завядзіце шчаня, няхай яна яго трэніруе, удзельнічае з ім у спаборніцтвах. Хай скіруе фокус увагі на фізічную актыўнасць!

У 8 гадоў, вядома, прасцей выцягнуць дзіця з залежнасці, чым у 13—15. Больш за тое, наступае крытычны момант, калі гаджэтазалежнасць не лечыцца. Але нават
у такім выпадку можна паспрабаваць перавесці прывязанасць да гаджэтаў у сацыяльна прымальны кірунак. Напрыклад, «любіш сядзець у ТікТок — станавіся блогерам, апантаны анлайн-гульнямі — паступай на праграміста...Ты можаш разлічваць на маю падтрымку...» Вельмі важна не разбіць адносіны аб пастаянныя прэтэнзіі, крыкі, крыўды, заўвагі. Калі
мы ўвесь час трансліруем дзіцяці незадаволенасць — нічога добрага не будзе.

Колькі часу дзіця можа праводзіць у гаджэтах, каб не стаць залежным ад іх?

  • Да 3 гадоў: няма патрэбнасці ў экранным часе;
  • 3—5 гадоў: 10—20 хвілін на дзень;
  • 5—7 гадоў: 20—30 хвілін на дзень, у выхадныя магчымы прагляд поўнаметражнага фільма;
  • 7—10 гадоў: 30—40 хвілін на дзень, у выхадныя 60—90 хвілін на дзень;
  • 10—13 гадоў: 40—60 хвілін на дзень, у выхадныя 60—90 хвілін на дзень;
  • 13—18 гадоў: свой тэлефон, але для дзіцяці існуюць правілы карыстання гаджэтам.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.