Вы тут

Было ваша, стала наша. Чаму дзіця цягне чужое, і што з гэтым рабіць?


 Дзіцячыя крадзяжы адносяцца да «саромных» пытанняў, якія бацькі імкнуцца вырашаць у сямейным асяроддзі. І звяртаюцца па псіхалагічную дапамогу толькі тады, калі праблема набывае пэўны маштаб і становіцца відавочна, што замоўчваць яе далей немагчыма.


Таму прычыны і спосабы папярэджання дзіцячых крадзяжоў пакуль вывучаны ў значна меншай ступені, чым іншыя паводніцкія праблемы дзяцей — аб гэтым кажуць самі псіхолагі. Менш за ўсё даследаванняў па гэтай праблеме датычыцца малыз з уладкаваных сем'яў: быццам поўны камплект клапатлівых бацькоў, у наяўнасці павага адзін да аднаго, а таксама дабрабыт... Зразумела, сутыкнуўшыся з праблемай дзіцячага крадзяжу, бацькі да апошняга «не выносяць смецце з хаты», і, як падкрэсліваюць спецыялісты, часцей за ўсё здзяйсняюць мноства выхаваўчых памылак. Паколькі не ўсведамляюць сапраўдных вытокаў такіх паводзінаў сына ці дачкі.

Ці ёсць прычыны хвалявацца?

Як правіла, першае пытанне дзіцячага псіхолага, да якога звярнуліся з такой праблемай, будзе аб узросце дзіцяці. Да чатырох, а часам нават да пяці гадоў малы не ўмее дакладна падзяляць навакольныя прадметы на «свае» і «чужыя». І, адпаведна, прысвоіўшы чужы савок у пясочніцы, сцягнуўшы цукерку са стэлажа ў краме або захапіўшы з садка «грамадскую» цацку, у душы звычайна не ацэньвае свой учынак са знакам «мінус». І да згрызот сумлення заклікаць у дадзеным выпадку рана. Псіхолагі адзначаюць, што ўтрымаць малечу ад жадання ўзяць тое, што спадабалася, можа страх пакарання, а не маральныя нормы. Але караць малога ў такой сітуацыі якраз не варта. Бацькам дастаткова ў простай і даступнай форме растлумачыць такое абстрактнае паняцце, як «уласнасць», распавесці, як перажывае той, чыя рэч знікла, і прапанаваць спраецыраваць сітуацыю на сябе: што б ты адчуваў, калі б гэта ў цябе знікла любімая цацка?..

З шасцігадовага ўзросту дзіця ўжо ў стане зразумець, што красці — дрэнна. І механізм крадзяжу тут іншы. Гэта моцнае жаданне валодаць чымсьці, якому маленькі чалавек не змог супрацьстаяць. Уласна, крадзяжы па прычыне «не змог выстаяць перад спакусай» здзяйсняюць часам нават падлеткі. Псіхолагі супакойваюць, што, як правіла, гэта разавы «збой», і такім крадзяжам не ўласціва мець паўторы і працяг. Асаблівасці, якія можна назваць у гэтым выпадку: дзіця разумее, што паступае дрэнна і амаральна, як і тое, што яго дзеянні нанеслі шкоду іншым. Але паколькі спакуса занадта вялікая, яно шукае і знаходзіць сабе апраўданні. У такой сітуацыі псіхолагі раяць бацькам настаяць на тым, каб дзіця само (а не мама або тата) вярнула скрадзенае ўладальніку і папрасіла прабачэння. Пажадана — не пад ціскам бацькоў, а з прычыны іх здольнасці пераканаць маленькага чалавека. Неабавязкова вяртанне павінна адбыцца пры сведках, можна зрабіць так, каб ніхто са старонніх гэтага не бачыў.

У восем-дзесяць гадоў дзіця ўжо выдатна ўсведамляе, што такое добра і што такое дрэнна. І крадзеж, як правіла, суправаджаецца пачуццём сораму, дзіця адмаўляе сваю правіну і не прызнаецца да апошняга. Яно разумее, што крадзеж можа стаць прычынай разладу ў адносінах з блізкімі (бацькамі і сваякамі). З іншага боку, гадоў з 10—12 усё больш значнымі для дзіцяці паступова становяцца аднагодкі. І прычынай крадзяжу можа стаць як жаданне даказаць сваю «крутасць», імкненне заняць высокае месца ў дзіцячай іерархіі (калі дваровая кампанія падабралася адпаведная), так і зайздрасць і нелюбоў да некага з аднагодкаў — напрыклад, з аднакласнікаў. Зрэшты, не ўсе дзеці развіваюцца аднолькава, і праблемы з самакантролем могуць заставацца і ў гэтым узросце (тады матывам крадзяжу можа быць той, што апісаны ранней, — немагчымасць супрацьстаяць спакусе). І тут бацькам важна не ўпадаць у паніку, а памятаць, што праблемы з самакантролем звычайна перарастаюцца.

А вось у падлеткавым узросце крадзеж — той крок, які ўсведамляецца цалкам: і маральны бок, і наступствы. Аднак не варта забываць, што дзіця перажывае пераходны ўзрост — як пішуць псіхолагі, самы цяжкі ў жыцці любога чалавека крызіс (уявіце сабе, нават славуты «крызіс сярэдняга ўзросту» не ідзе ні ў якое параўнанне з пубертатам). Магутная гарманальная перабудова, бурны рост усіх органаў і сістэм плюс сімптомы, якія ў дарослым узросце псіхалогія кваліфікуе як наймацнейшы стрэс, а ў падлеткавым — лічыць усяго толькі «праблемамі росту». Дададзім да гэтага непазбежны пошук свайго месца ў свеце і грамадстве. Словам, перш чым упадаць у істэрыку бацькам варта разабрацца, у чым матыў і дзе вытокі ўчынку дзіцяці. А ў цэлым, як пішуць даследчыкі гэтай тэмы, прычын ужо ўсвядомленага дзіцячага крадзяжу не так і шмат — педагагічныя памылкі ў сям'і (халоднасць, жорсткі, загадны стыль выхавання або іншая крайнасць — гіперапека і ўсёдазволенасць), імкненне даказаць смеласць аднагодкам або прыцягнуць да сябе ўвагу бацькоў...

Каля вытокаў крадзяжу можа быць дзіцячая траўма. Напрыклад, дзіця, калі было зусім маленькае, ужо здзяйсняла такі ўчынак, і бацькі вельмі жорстка і ў зневажальнай форме «раз і назаўжды» вырашылі гэту праблему. Наступствам такога «вырашэння праблемы» цалкам могуць стаць ўсвядомленыя крадзяжы ўжо ў падлеткавым узросце. У цэлым, як пішуць псіхолагі, вельмі часта ў «анамнезе» дзяцей, што крадуць, можна знайсці нейкую падзею, якая траўміравала, або складаныя абставіны ў сям'і.

Існуе яшчэ адна прычына — клептаманія, досыць рэдкая з'ява, для якой характэрна паталагічнае імкненне да крадзяжу. Тут наогул не важны аб'ект выкрадання — важны працэс. Скрадзеная ж рэч для чалавека каштоўнасці не мае — ён лёгка можа яе зламаць або выкінуць. І такую праблему вырашаць трэба ўжо не з псіхолагам, а з псіхіятрам.

Не навошта, а чаму

Як ужо гаварылася, з праблемай дзіцячага крадзяжу досыць рэдка звяртаюцца да псіхолагаў бацькі са шчаслівых сем'яў. Між тым праблема гэтая досыць распаўсюджаная, і з ёй у сваёй практыцы сутыкаюцца многія педагогі, калі яны працуюць у школе дастаткова доўга. Вось дзве праўдзівыя гісторыі.

У поўнай сям'і, акружаныя любоўю і клопатам (як здавалася бацькам), раслі старэйшы сын і малодшая дачка (яна маладзейшая за брата на тры гады). Дзесяцігадовы сын пачаў красці цацкі, рэчы, навучальныя прылады і наогул усё, што «дрэнна ляжала», у сястры-першаклашкі. Адкрылася гэта не адразу — некалькі разоў дзяўчынку нават павыхоўвалі за страчаныя рэчы (якія на самай справе скраў у яе брат, як высветлілася пазней). Так працягвалася, пакуль праўда не стала відавочнай.

Рэчы гэтыя хлопчыку былі не патрэбныя — ён выкідваў або хаваў іх. Проста ў досыць раннім узросце сыну паведамілі, што ён «ужо вялікі» (бо ў сям'і ёсць малодшая), і пачалі ставіцца да яго адпаведна. І дзіця прывыкла лічыць, што яго «не любяць». Плюс традыцыйная для нашай культуры розніца ў выхаванні сына і дачкі — гэта таксама адыграла сваю ролю. Такім чынам, вытокамі крадзяжу сталі эмацыянальная халоднасць бацькоў, імкненне прыцягнуць іх увагу і жаданне адпомсціць «шчаслівай саперніцы». Звярнуліся да псіхолага бацькі толькі пасля таго, як крадзяжы сына выйшлі за межы сям'і — ён паспрабаваў сцягнуць цацку ў краме і быў злоўлены.

У трэцім класе дзеці сталі «недалічвацца» асабістых рэчаў — прыгожых ручак, сцірак, часам «знікалі» пеналы. Знаходзіліся згубы ў заплечніку хлопчыка, які сам даставаў адтуль гэтыя рэчы і выглядаў збянтэжаным, што яны ў яго. Хлопчык не вылучаўся прыкладным паводзінамі, але ў класе з ім сябравалі многія. Здзяйсняў ён гэтыя крадзяжы ці не, настаўніца не магла зразумець і, паколькі была вопытным, дасведчаным педагогам, не спяшалася з абвінавачваннямі. Бо калі дзіця сцвярджала, што не ведае, як чужыя рэчы трапілі ў яго заплечнік, яно выглядала шчырым. І педагог мела рацыю. Аднойчы яна ўбачыла, як дзяўчынка, вызваленая ад фізкультуры, застаўшыся ў классе адна, дастае рэчы з сумак аднакласнікаў і хавае ў заплечнік гэтага хлопчыка.

Дзяўчынка тая была самай малодшай у класе — яна пайшла ў школу на год раней. І аказалася, што гэта было памылкай. Ёй было складана спраўляцца з вучобай, а аднакласнікі з ёй не сябравалі. Хлопчык жа, якому яна вырашыла такім чынам адпомсціць, па-першае, быў папулярны ў аднагодкаў, а па-другое, дражніў яе «малой» і пастаянна пасміхаўся з яе.

Абедзве гісторыі — не пра крадзяжы. Яны — пра дзіцячую адзіноту, трывожнасць і неабароненасць. Нізкая самаацэнка, недахоп бацькоўскай падтрымкі часта штурхаюць дзяцей на крадзеж, адзначаюць псіхолагі. У больш старэйшым узросце прычынай крадзяжу, як ужо гаварылася, можа стаць пошук павагі аднагодкаў. А калі дома дзіця не чуюць, не даюць яму цяпла і любові, яно шукае ўсё гэта па-за межамі сям'і. І верагоднасць трапіць у «дрэнную кампанію» ўзрастае, а значыць, у далейшым праблема можа толькі пагаршацца (замест таго, каб пры разумным падыходзе дарослых стаць разавым эпізодам). Бо на абарону і разуменне ад мамы і таты такое дзіця не разлічвае. Яшчэ адна прычына дзіцячага крадзяжу, якая расце з таго ж кораня, — «крык душы» дзіцяці. У гэтым выпадку крадзеж паказны, у разліку прыцягнуць да сябе ўвагу бацькоў. Дэманстрацыя сваёй нязгоды з усталяванымі імі правіламі. То-бок, дзіця крадзе, разлічваючы быць злоўленым.

Зрэшты, часам прычынай можа быць і банальны недахоп жыццёвага вопыту («не падумаў»), інфантыльнасць, адсутнасць дакладных маральных рамак і нормаў, устаноўленых бацькамі. Дапусцім, дзіця ўпотай бярэ з мамінага кашалька грошы, каб купіць... падарунак маме. Зрабіць сюрпрыз. Бо калі сказаць, што ўзяў грошы і на што яны патрэбныя — гэта ўжо не будзе сюрпрызам. У сваё апраўданне дзіця кажа, што мама ж таксама часам бярэ грошы ў таты ў кашальку — чаму я не магу зрабіць тое ж самае?.. Нават калі вам здаецца, што маральныя нормы малое павінна ўвабраць з самога ўкладу жыцця вашай нармальнай, законапаслухмянай і ўладкаванай сям'і, варта, пакуль малы не вырас, усё ж час ад часу выдаткоўваць некалькі хвілін на гутаркі і тлумачэнні на тэму «сваё — чужое». Аб тым, чаму амаральна браць чужое, аб павазе да чужой уласнасці. А таксама пра тое, чаму не варта прысвойваць знойдзены на вуліцы кашалёк або тэлефон, а варта паспрабаваць знайсці ўладальніка.

Што рабіць?

Але як быць, калі факт, як кажуць, ужо ў наяўнасці: дзіця крадзе? Перш за ўсе, не ўпадаць у паніку, раяць дзіцячыя псіхолагі. Існуе верагоднасць, што справа вырашыцца адной сур'ёзнай, спакойнай гутаркай.

  • Перш за ўсё, паспрабуйце зразумець сапраўдную прычыну такога ўчынку. «Разбірацца» трэба менавіта з ёй, а не з дзіцем. І, магчыма, з дапамогай псіхолага.
  • Будуйце гутарку ў залежнасці ад таго, як дзіця рэагуе на зробленае. Калі раскайваецца і яму сорамна (і асабліва калі малы або падлетак сам распавёў пра свой учынак) — гэта адно, і зусім іншае, калі раскаяння вы не бачыце. У другім выпадку важна пастарацца абудзіць у ім сумленне, падрабязна пагаварыўшы пра тое, чаму красці — недапушчальна і амаральна.
  • Але вось чаго дакладна рабіць нельга — гэта «навешваць ярлыкі» і «ставіць штампы». Не называйце дзіця злачынцам, не абяцайце «здаць яго ў міліцыю» і не малюйце змрочныя перспектывы яго «крымінальнай будучыні». Ацэньвайце негатыўна яго ўчынак, але не яго самога. Сын ці дачка павінны разумець, што іх па-ранейшаму любяць, а асуджаюць толькі ўчынак. Які можна выправіць і больш не здзяйсняць.
  • Выправіць учынак дзіця павінна само. Не вяртайце скрадзенае за яго, бо чалавек павінен разумець: любое дзеянне мае наступствы.
  • Калі высвятляецца, што ў наяўнасці канфлікт з аднагодкамі як першапрычына — устаньце на бок дзіцяці. Калі справа ў дрэннай кампаніі — засяродзьцеся на гэтай праблеме і дапамажы сыну або дачцэ развітацца з ёю. Галоўнае — падарыце свайму дзіцяці адчуванне абароненасці, умацуйце яго веру ў сябе. І тады гэты непрыемны эпізод назаўсёды застанецца ў мінулым.

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.