Вы тут

Як захаваць ясны розум да старасці і чым дапамагчы хвораму


Найбольш распаўсюджаная форма дэменцыі, якая сустракаецца ў 60 працэнтах выпадкаў, — гэта хвароба Альцгеймера. Яна выклікае пільную ўвагу з боку ўрачоў і вучоных. Распазнаць такую паталогію на ранніх этапах — значыць прадоўжыць сабе паўнавартаснае жыццё. Бо з дапамогай правільна падабранай тэрапіі можна запаволіць пагаршэнне стану чалавека. Што ж можа дапамагчы захаваць памяць у сталым узросце? Ці можна натрэніраваць мозг, як мышцы? І што рабіць, калі дэменцыя развіваецца ў вашага блізкага? Як правільна арганізаваць догляд? Пра гэта і іншае расказала загадчык аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і псіхатэрапіі Ніна Лукашэвіч.


Дэменцыя ці старэчая няпамятлівасць?

— У аснове хваробы Альцгеймера ляжыць паступовае разбурэнне клетак і тканак галаўнога мозга, асабліва тых яго ўчасткаў, якія адказваюць за памяць і мысленне, — тлумачыць Ніна Вячаславаўна. — Сімптаматыка звычайна павольна, але няўхільна прагрэсіруе. Паступова губляюцца кагнітыўныя функцыі: памяць, разважанні, абстрактнае мысленне, матэматычныя здольнасці. Адбываецца распад эмацыянальнай сферы і асобы ў цэлым, губляюцца рухальныя навыкі і асабліва маўленчыя. Хворы перастае пазнаваць нават родных і блізкіх, ён прыкаваны да пасцелі, не можа абслугоўваць сябе. Хвароба характэрная для прадстаўнікоў усіх сацыяльных груп і не звязана з прыналежнасцю да пэўнага пласта грамадства, полу, нацыянальнасці і з пражываннем у пэўнай геаграфічнай мясцовасці. Хоць найбольш часта захворванне адзначаецца ў людзей састарэлага ўзросту, сустракаецца яно і сярод маладзейшых.

Звычайна захворванне падбіраецца непрыкметна: вызначыць пачатак і адрозніць яго ад так званай старэчай няпамятлівасці, на якую пакутуе велізарная колькасць пажылых людзей, вельмі складана. Як вядома, чалавечая памяць з узростам пачынае слабець. Гэта, на жаль, непазбежны закон прыроды. Аднак хвароба Альцгеймера — не звычайнае ўзроставае пагаршэнне памяці. Гэта невылечнае каварнае захворванне, якое разбурае чалавечую памяць поўнасцю.

Сімптомы разбурэння тканак мозга праяўляюцца даволі павольна, але яны няўхільна прагрэсуюць.

— На ранніх стадыях адзначаецца расстройства памяці, якое выяўляецца, напрыклад, у няздольнасці ўспомніць нават падзею, якая адбылася нядаўна, ці завучаную інфармацыю. З развіццём хваробы выяўляюцца такія сімптомы, як зблытанасць думак, раздражняльнасць і агрэсіўнасць, ваганні настрою. Парушаецца здольнасць гаварыць і разумець сказанае. Як правіла, хвароба доўжыцца ад пяці да дзесяці гадоў. З цягам часу паступова губляюцца функцыі мыслення, разважанні, памяць. Асоба распадаецца, губляюцца маўленчыя і іншыя рухальныя навыкі. Чалавек не пазнае блізкіх і родных, не можа сябе абслугоўваць, перастае рухацца, — расказвае ўрач.

Хворы са значнымі зменамі ў псіхіцы становіцца падобны да дзіцяці. Ён не валодае дастатковым самакантролем і крытычнасцю, каб адэкватна ацаніць сітуацыю. Чалавек у такім стане можа трапіць у небяспечнае становішча або стаць крыніцай яго ўзнікнення: учыніць пажар, уключыць газ, згубіцца на вуліцы.

Ажыццяўляць догляд пацыентаў, якія пакутуюць на хваробу Альцгеймера, часам бывае вельмі складана. У хатніх умовах догляд такіх хворых, як правіла, кладзецца на блізкіх, якія падвяргаюцца наймацнейшаму эмацыянальнаму стрэсу, пастаянна назіраючы за тым, як дэградуе любімы чалавек. Непадрыхтаванасць і бездапаможнасць сваякоў у сітуацыі хранічнага стрэсу не толькі не дапамогуць хвораму, але і могуць адбіцца на стане іх уласнага здароўя.

Сваякам і тым, хто ўдзельнічае ў доглядзе, важна валодаць простымі практычнымі прыёмамі. Часам трэба знаходзіцца каля хворага даволі працяглы перыяд, які можа доўжыцца гадамі. Гэта патрабуе вялікага цярпення, маральных і фізічных сіл, бо хворага трэба мыць, сядзець каля яго, сачыць, каб ён не здзяйсняў дурасці, падтрымліваць з ім гутарку на самыя розныя тэмы. Апроч таго, узнікае вялікая колькасць дадатковых праблем, напрыклад: хворы дрэнна спіць, блукае па начах, трызніць, часам агрэсіўна паводзіць сябе.

Што важна ведаць падчас догляду?

Рэжым дня. У першую чаргу неабходна ўстанавіць пэўны рэжым дня для хворага, што дазволіць арганізаваць і ўпарадкаваць яго жыццё. Рэжым павінен уклю-
чаць звыклыя заняткі, гэта дапаможа асобе захаваць адчуванне ўпэўненасці і абароненасці.

Неабходна зрабіць так, каб у пажылога была магчымасць займацца любімымі справамі — усімі сіламі падтрымлівайце яго цікавасць да іх. Пры гэтым па магчымасці неабходна выключыць з жыцця стрэсавыя сітуацыі, не выклікаць агрэсію і гнеў.

Станоўчыя эмоцыі. Важна паспрабаваць дапамагчы чалавеку захаваць пачуццё ўласнай годнасці. У яго прысутнасці варта ўстрымлівацца ад абмеркавання яго стану, бо словы і ўчынкі навакольных могуць выклікаць турботу і крыўду.

Недапушчальна прыцягваць увагу да няўдач. Любы канфлікт прыводзіць да непатрэбнага стрэсу як для хворага, так і для людзей, якія яго даглядаюць. Праявы гневу, жорсткасці ці крыўды толькі пагоршаць сітуацыю і ўзмоцняць праблему. Спрабуйце захоўваць спакой, імкніцеся смяяцца разам (але не з хворага). Гумар часта бывае выдатным сродкам ад стрэсу.

Фізічная форма. Фізічныя практыкаванні дазваляюць на некаторы час падтрымаць функцыянальныя здольнасці, але па рэкамендацыі аб характары і складанасці практыкаванняў лепш усё ж звярнуцца да спецыялістаў. Калі да хваробы чалавек любіў працаваць у садзе або на агародзе, яму можа падарыць задавальненне выкарыстанне навыкаў, якія захаваліся. Аднак нельга забываць, што па меры прагрэсіравання захворвання здольнасці і інтарэсы могуць мяняцца.

Зносіны. З развіццём хваробы яны паміж хворым і тым, хто яго даглядае, могуць усё больш ускладняцца. Варта праверыць зрок і слых у пацыента, пры неабходнасці замовіць мацнейшыя акуляры, замяніць слыхавы апарат. Як мага больш майце зносін з пажылым чалавекам, пры гэтым гаворка павінна быць выразная, павольная, сказы — простыя, кароткія. Выкарыстайце невербальныя сродкі зносін: пагладжванні, дакрананні. Пачынаючы размову, дакраніцеся да хворага, звярніце яго ўвагу на сябе.

Пры зносінах рэкамендуюць паважліва звяртацца да хворага па імені (імені па бацьку); гаварыць выразна, павольна, твар у твар з хворым, пры гэтым трымаць галаву на ўзроўні яго вачэй; праяўляць душэўную цеплыню, абдымаючы хворага, калі гэта яго не абмяжоўвае; уважліва выслухоўваць; паспрабаваць вызначыць жэсты і спалучэнні слоў, словы-падказкі, неабходныя для эфектыўнага падтрымання зносін; пазбягаць негатыўнай крытыкі, спрэчак, канфліктаў.

Агрэсіўныя паводзіны. Сур'ёзным выпрабаваннем для чалавека, які ажыццяўляе догляд хворага з хваробай Альцгеймера, з'яўляюцца агрэсіўныя паводзіны пацыента. Пры ўзнікненні агрэсіі важна захоўваць спакой і ні ў якім разе не адказваць тым жа. Трэба імкнуцца гаварыць з хворым спакойна, прыязна і трымацца ад яго на некаторай адлегласці, таму што блізкае знаходжанне пацыент успрымае як патэнцыяльную пагрозу. Па магчымасці пераключыце яго ўвагу на спакойны занятак.

Пры з'яўленні вар'яцкіх ідэй ці рознага кшталту галюцынацый не спрабуйце спрачацца, бо неабходнасць абараняць уласныя погляды здольная прывесці хворага да ўзмацнення трызнення. Можна паспрабаваць адцягнуць яго ўвагу на рэальны аб'ект і пазней пракансультавацца з урачом: магчыма, галюцынацыі выкліканыя ўжываннем якога-небудзь прэпарата.

Меры бяспекі. Пакладзяце ў кішэні адзення хворага запіску з яго імем, хатнім адрасам і нумарамі тэлефонаў, па якіх можна звязацца са сваякамі. Абсталёўвайце дзверы кватэры складанымі замкамі так, каб пажылы чалавек не меў магчымасці выйсці з кватэры самастойна. Карысна прымацаваць на ўсе дзверы люстэркі — гэта здольна адцягнуць хворага ад жадання адчыніць дзверы.

Страта адэкватнага ўспрымання навакольнага асяроддзя і каардынацыі руху можа прывесці да атрымання бытавых траўмаў. Для таго каб засцерагчы хворага, неабходна перакрыць газ і ваду, калі такі чалавек застаецца адзін, устанавіць замкі на вокнах, пазбавіць яго доступу да вострых, рэжучых і колючых прадметаў, небяспечных інструментаў, электрычных прыбораў, лекавых сродкаў, хімічных і вогненебяспечных рэчываў, запалак. Ванны пакой і прыбіральню варта абсталяваць поручнямі, насадкамі на ўнітаз і няслізкімі дыванкамі, а яго пакой — устойлівай мэбляй. Пры гэтым пажадана не мяняць звыклага размяшчэння мэблі.

Асабістая гігіена. Нагадвайце хвораму аб неабходнасці мыцця, дапамагайце карэктна, захоўваючы такт і паважаючы яго асабістую годнасць. Для бяспекі хворага максімальна выкарыстоўвайце разнастайныя сродкі рэабілітацыі: прыступкі для ванны, спецыяльныя крэслы, разнастайныя поручні, няслізкія дыванкі.

Пры хваробе Альцгеймера чалавек можа ўпадаць у стан, у якім ён забывае, дзе знаходзіцца прыбіральня, перастае адчуваць, калі варта туды пайсці. Важна пры гэтым максімальна заахвочваць хворага ў наведванні прыбіральні, устанавіўшы пэўны рэжым. Для напаміну аб тым, дзе ён знаходзіцца, можна пакідаць дзверы адчыненымі ці пазначаць іх вялікімі каляровымі літарамі. Уначы можна выкарыстоўваць санітарнае крэсла або памперсы.

Адзяванне. Хворы можа забыцца на працэдуру адзявання, не бачыць неабходнасці ў змене адзення. Дапамагаючы хвораму, яго адзенне варта пакласці ў патрэбным парадку, у якім ён будзе яго выкарыстоўваць. Лепш пазбягаць адзення са складанымі гузікамі, падыдуць ліпучкі і гумкі. Абутак мусіць быць зручным, няслізкім, на гумовай падэшве, свабодным, але не звальвацца з нагі. У працэсе адзявання не прыспешвайце хворага, хай ён робіць гэта павольна, але самастойна.

Прыём ежы. Калі хворы есць самастойна, то задача таго, хто даглядае, — проста нагадаць яму аб неабходнасці прыёму ежы, разагрэць яе і падаць на стол. На позніх стадыях хваробы Альцгеймера хворага ўжо давядзецца карміць. Ежа пры гэтым мусіць быць у выглядзе пюрэ ці ў вадкім стане. Падавайце ежу толькі цёплай, бо ў хворага часам знікае адчуванне гарачага і халоднага.

Як падоўжыць працаздольнасць мозга?

Каму хочацца бачыць сваю або старасць сваіх блізкіх вар'яцкай, бездапаможнай, бяспамятнай? Тады не запускайце работу шэрых клетак. Для гэтага ўрач раіць замяніць каву (асабліва па раніцах) зялёным чаем. Ён пашырае крывяносныя сасуды мозга, умацоўвае іх сценкі. Акрамя таго, важна не дапускаць бяссонніцы. Сон вяртае здольнасць мозга ўспамінаць. Палепшыць яго кровазабеспячэнне дапамагаюць фізічныя практыкаванні і прагулкі на свежым паветры.

Адначасова ўсяляк практыкуйце сваю памяць: разгадвайце крыжаванкі, больш чытайце, вядзіце дзённікі, завучвайце на памяць вершы, асвойвайце новую бытавую тэхніку. Тое, што трэніруецца, тое і падтрымліваецца, а тое, што не працуе, — памірае. Гэты прынцып дакладны і для мозга, асабліва ў пажылым узросце. Вядома, наўрад ці нейроны можна накачаць, нібы біцэпсы, і, нават усяляк падтрымліваючы сваю памяць у добрым стане, пажылы чалавек не зможа спыніць старэнне мозга, але, тым не менш, вынік ад трэніровак ёсць.

А да правалаў у памяці стаўцеся з гумарам. Напрыклад, як гэта рабіла Фаіна Ранеўская: «Склероз нельга вылечыць, але пра яго можна забыцца». Памятайце, што любыя перажыванні толькі пагаршаюць памяць.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.