Вы тут

Настаўнікі + вучні + бацькі = адмысловыя традыцыі


Далучэнне бацькоў да школьнага жыцця дзяцей, паразуменне з настаўнікамі і ўдзел ва ўсіх значных мерапрыемствах установы адукацыі. Магчымасць уплываць на ўнутрышкольную стратэгію праз прысутнасць на педсаветах і ўнясенне прапаноў па афармленні класаў і наладжванні вучэбнага працэсу. Зваротны водгук ад настаўнікаў у выглядзе падзячных лістоў, якія дасылаюцца са школы на работу бацькам і маці. Такая формула стасункаў «настаўнікі + вучні + бацькі» існуе ў сярэдняй школе № 164 г. Мінска. Падобная практыка і створаныя дзякуючы ёй традыцыі прыходзяцца даспадобы ўсім тром бакам — удзельнікам школьнага жыцця. Чым так прываблівае школа і што робіцца для стварэння натхняльнай атмасферы для ўсіх, расказала дырэктар установы Святлана Багдашова.


Работа з усімі ўдзельнікамі навучальнага працэсу ў школе выбудоўвалася шляхам спроб і памылак, з адборам найбольш эфектыўных і запатрабаваных спосабаў стасункаў.

— Актыўнае ўключэнне бацькоў у адукацыйны працэс — справа складаная, — лічыць дырэктар. — Вельмі важна знайсці эфектыўныя формы работы, якія былі б цікавыя бацькам, каб тыя адчувалі сябе не пасіўнымі гледачамі і слухачамі, а непасрэднымі ўдзельнікамі працэсу.

Ініцыятыўныя бацькі з задавальненнем прапануюць свае ідэі, якія ўкараняюцца ў школьнае жыццё, і колькасць такіх мам і тат з часам усё павялічваецца. Яны становяцца паўнапраўнымі сацыяльнымі партнёрамі, скіраванымі на стварэнне станоўчага іміджу школы і камфортнага псіхалагічнага асяроддзя ў ёй. Ніводная значная з'ява ў школьным жыцці не абыходзіцца без удзелу бацькоў.

Дзякуючы магчымасцям актыўнага ўдзелу бацькоў у жыцці школы тут ужо склаўся шэраг традыцый. На пачатку года, напрыклад, арганізуюцца «Калядныя вячоркі», падчас якіх адзначаюць найлепшых вучняў, педагогаў і бацькоў за папярэдні год. Да гэтага дня рыхтуюцца падзячныя лісты і спецыяльная сувенірная прадукцыя. У 2020-м, напрыклад, гэта былі сертыфікаты на наведванне спартыўных аб'ектаў горада і памятныя знакі з сімволікай школы, у 2021-м — календары з фота самых адметных падзей навучальнага года. Вынікі 2022-га нядаўна падвялі ў бальнай залі Лошыцкай сядзібы, падзялілася Святлана Багдашова:

— Месца для святкавання выбіралі з улікам таго, што школа падводзіла вынікі Года гістарычнай памяці і давала старт Году міру і стварэння. У форме прэзентацыйнай галерэі вядучыя свята пазнаёмілі прысутных з 19 педагогамі, 12 бацькамі і 52 вучнямі, якія летась дасягнулі значных поспехаў.

У снежні 2022-га ў навучальнай установе прайшоў знамянальны ўрок «Пішам гісторыю школы разам», прысвечаны прысуджэнню ўстанове імя ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, жыхара Ленінскага раёна сталіцы Б. В. Карпенкі. 97-гадовы палкоўнік у адстаўцы асабіста прысутнічаў на ўроку. Сумеснымі намаганнямі школьнай адміністацыі і бацькоў урок ператварыўся ў сапраўднае свята.

Мамы і таты вучняў, дарэчы, прысутнічаюць і на тэматычных педагагічных саветах. Традыцыйна на такія мерапрыемствы запрашаецца па адным прадстаўніку ад трох ступеняў адукацыі: пачатковай, сярэдняй і старэйшай. Бацькі выступаюць на педсаветах з матэрыяламі па пэўнай праблеме або ў ролі экспертаў.

— Такая работа ў школе вельмі важная, бо бацькі бачаць праблемы, якія хвалююць педагогаў, удзельнічаюць у вызначэнні шляхоў іх вырашэння, дапамагаюць зірнуць на адукацыйны працэс іншымі вачыма, — падкрэсліла дырэктар. — Практыка паказвае, што такі фармат супрацоўніцтва спрыяе ўдасканаленню адукацыйнага працэсу.

Бацькі могуць аказаць істотную дапамогу і ў правядзенні выхаваўчай работы, упэўнены педагогі. Яны запрашаюць прадстаўнікоў бацькоўскай суполкі на мерапрыемствы, якія ладзяцца ў рамках рэалізацыі рэспубліканскага праекта «Крок». Прафесійныя кампетэнцыі бацькоў выкарыстоўваюцца для правядзення прафарыентацыйнай работы.

Падчас работ па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ў школе працуе творчая група з ліку бацькоў, навучэнцаў і педагогаў. Разам яны рэалізоўваюць сапраўдныя аўтарскія праекты сучаснага афармлення кабінетаў. Такім чынам створана адукацыйная прастора ў кабінетах геаграфіі, рускай і беларускай моў, працы. Кіруе гэтай творчай групай Надзея Каплянкова, маці вучаніцы 9 «Б» класа.

Яшчэ адно традыцыйнае свята школы — навагодняя спартландыя, дзе спаборнічаюць каманда дырэктара школы, каманда вучняў 10-11 класаў і каманда бацькоў. Апошнія два гады, дарэчы, перамагае каманда бацькоў, якую ўзначальвае Аляксандр Беразун.

Штогод найлепшых бацькоў адзначаюць падзячнымі лістамі, якія школьная адміністрацыя дасылае па месцы іх работы. Такую традыцыю распачала начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Наталля Кучынская.

— Важна, што ў лістах мы просім адзначыць нашых бацькоў на працоўных сходах. Атрымліваем і зваротную сувязь ад кіраўніцтва прадпрыемстваў і саміх бацькоў. І гэта моцны стымул да далейшай работы, — заўважыла Святлана Багдашова. — А падзячныя лісты да Дня настаўніка дасылаем і бацькам маладых педагогаў, якія прыйшлі да нас на працу, каб падзякаваць іх бацькам за выхаванне добрых людзей.

Ірына СІДАРОК

Фота даслана адміністрацыяй школы № 164

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».