Вы тут

Аўтары турыстычных маршрутаў прапануюць па-новаму зірнуць на спадчыну


У Гродзенскай вобласці падвялі вынікі конкурсу, які праводзілі абласное аб'яднанне прафсаюзаў сумесна з упраўленнем спорту і турызму аблвыканкама. Было разгледжана больш за 40 заявак. Самымі цікавымі прызнаны 11 маршрутаў, галоўнай асаблівасцю якіх з'яўляецца навізна.


У манастыр на кубачак гарбаты

Мяркуеце, гэта не зусім па адрасе? На думку Ірыны Радзецкай, у яе Палескіх Афінах абсалютна нармальна спалучыць паломніцтва ў манастыр з асалодай ад свежай выпечкі і ўдзелу ў трапезе.

Ірына працуе настаўнікам гісторыі ў Слонімскай сярэдняй школе № 2 і мае пасведчанне экскурсавода. Можна ўявіць, колькі ўсяго цікавага ведае яна пра свой край. У тым ліку пра такія мясціны, якія не вельмі вядомыя. Ірына прапанавала новы экскурсійны маршрут пад назвай «Усе госці ў край Палескіх Афін». З гэтым праектам яна перамаг ў намінацыі «Лепшы тур выхаднога дня». Галоўная ўвага ў маршруце надаецца духоўнай спадчыне.

Прапануе Ірына спачатку завітаць у слонімскі Свята-Благавешчанскі жаночы манастыр і наведаць іканапісную майстэрню. Вобразы тут пішуцца толькі прыроднымі матэрыяламі, а іконы ўпрыгожваюць і сам манастыр, і Жыровіцкі манастырскі комплекс. Таксама тут пішуць іконы на заказ.

Манастыр мае падворак ў вёсцы Парэчча Слонімскага раёна. Тут аднаўляецца храм святога Георгія Перамаганосца. Многім падворак запомніцца смачным хлебам і булачкамі, якія тут выпякаюць па старажытным рэцэпце. Усё гэта можна купіць, а таксама пакаштаваць манастырскай гарбаты і іншых страў.

Далей духоўны маршрут вядзе ў вёску Шылавічы, на ўскрайку якой знаходзіцца каменны крыж. Кажуць, што ён расце проста з зямлі, але каб упэўніцца ў гэтым, трэба наведаць Шылавічы некалькі разоў.

Можна завітаць у вёску Русакова, дзе размясціўся жаночы манастыр у гонар прападобнага Амвросія Опцінскага. Дарэчы, манахі Опцінай пустыні — знакамітага манастыра ў Калужскай вобласці Расійскай Федэрацыі — дапамагаюць беларускім манашкам. Насельніцы Свята-Амвросіеўскага манастыра, апроч іншага, вырошчваюць і нарыхтоўваюць лекавыя расліны, прафесійна складаюць з іх зборы. Тут можна атрымаць адпаведную кансультацыю і зрабіць пакупку.

Яшчэ адзін пункт маршрута — Свята-Зосіма-Саваціеўскі мужчынскі манастыр у вёсцы Вялікая Кракотка. Непадалёку ад яго, на беразе ручайка Іарданка, больш за сотню год з пяску прабіваецца гаючая крыніца, якую асвяцілі ў гонар Іаана Хрысціцеля. Ваду можна набраць, каб увезці з сабой. Дарэчы, у такія падарожжы варта браць адпаведныя ёмістасці.

У самім манастыры працуюць сталярныя майстэрні, дзе вырабляюць царкоўную мэблю, ёсць пасека, тут можна набыць мёд і духмяныя «кракоцкія» свечкі. Па словах Ірыны, калі дамовіцца пра прыезд, турыстаў сустракае і частуе гарбатай з мёдам сам ігумен Міхей (Бараноўскі).

І гэта далёка не поўны маршрут, а толькі яго частка. Другі выхадны дзень Ірына прапануе прысвяціць гораду Слоніму, дзе знаходзіцца нямала гістарычных культавых будынкаў, у тым ліку мячэць і сінагога.

«Мальдзівы» і старажытныя шахцёры

Гаворка пра прамысловы турызм. Гэты кірунак пакуль не так раскручаны, як гістарычны ці экалагічны. У Ваўкавыскім аддзеле спорту і турызму задумалі спалучыць у адным маршруце вытворчасць і прыгожы ландшафт. Так нарадзіўся праект «Па слядах старажытных шахцёраў», які знаёміць з вытворчасцю цэменту і Краснасельскімі крэйдавымі кар'ерамі. Маршрут стаў пераможцам конкурсу ў сваёй намінацыі.

Па словах начальніка аддзела Наталлі Чумаковай, на цэментным заводзе гатовы падключыцца да праекта. На прадпрыемстве, якому больш за сто год, ужо ёсць свой маршрут. Тут могуць правесці па заводзе, пазнаёміць з тэхналогіяй вытворчасці цэменту, цэнтральным пунктам кіравання, музеем. Захаваліся шахты, дзе здабывалі крэмній першабытныя людзі. Аб старажытнай стаянцы сведчыць нямала фактаў, у тым ліку і экспанаты музея. Дарэчы, тут можна ўбачыць крэйдавыя адбіткі дагістарычных марскіх насельнікаў — двухстворкавага малюска, пектуса, марскіх вожыкаў, ракавін галаваногіх малюскаў аманітаў. А самаму старажытнаму экспанату — адбітку рыбы віду хоплаптэрыкс — больш за 60 мільёнаў гадоў. Знайшлі гэты адбітак у 2004 годзе падчас работы на крэйдавым кар'еры. Можна разгледзець луску, плаўнікі і вачніцы рыбы. Сапраўднасць віду была ўстаноўлена навукоўцамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Працэс выпуску цэменту звязаны са здабычай вапны. Пасля таго як кар'ер вычарпаў свой рэсурс, тэхніку пераводзяць на новыя распрацоўкі, а стары кар'ер запаўняецца вадой. У сувязі з тым, што на дне знаходзіцца крэйда, вада набывае бірузовы колер. Так і з'явіліся вядомыя крэйдавыя кар'еры, якія ў народзе атрымалі назву «беларускія Мальдзівы». Гэта зона заўсёды вабіла экстрэмалаў і аматараў фотасесій, хоць і была забаронена для наведвальнікаў. Але нядаўна на схіле распрацаванай дзесяць год таму лінзы цэментным заводам абсталявана аглядальная пляцоўка. Цяпер рабіць фота на фоне стометровага кар'ера стала бяспечна. Пляцоўка добра замацавана, забетаніравана і агароджана. У іншым выпадку кар'еры нясуць пагрозу аматарам экзотыкі. Крэйда, якая стварае блакітна-смарагдавы колер вады, — парода няўстойлівая, берагі кар'ера схільныя да эрозіі, пра што папярэджваюць аўтары праекта. Маршрут працягласцю 45 кіламетраў разлічаны на шэсць гадзін незабыўных уражанняў.

Дарэчы, ёсць цікавы факт. У 1940 годзе на цэментным заводзе праходзіў пераддыпломную практыку будучы народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін, які заканчваў вучобу ў Гомельскім тэхнікуме будматэрыялаў. Праз гады ў лісце супрацоўнікам завода пісьменнік напіша: «Але, як бачыце, цэментніка з мяне не атрымалася. Захапіла літаратура...».

Што чуе «Лясное вуха»

У конкурсе на лепшы экалагічны маршрут перамог Лідскі лясгас з праектам «Парк «Горні» — жамчужына Лідскай зямлі».

Парк каля Ліды быў закладзены 140 год таму і з'яўляецца помнікам прыроды мясцовага значэння. Закладвалі яго па ініцыятыве царскай дзяржаўнай лясной аховы. З тае пары захаваліся ліпавыя алеі, асобныя насаджэнні лістоўніцы сібірскай, сасны Веймутава і звычайнай, дуба і ясеня. З рэдкіх можна назваць клён Гінала, вязы, грабы, чырвоны дуб, павіслая бяроза, белая таполя — усяго больш за 40 відаў дрэў і кустоў.

Тут растуць некалькі сотняў дрэў, чый узрост перайшоў стогадовы рубеж альбо набліжаецца да яго. Захаваць старыя дрэвы, дапамагаюць сучасныя тэхналогіі. Самы старажытны насельнік — цукрысты клён. Ён яшчэ і самы магутны. Яго вышыня — больш за 30 метраў, а дыяметр больш за чатыры метры. У лясгасе былі заклапочаны яго станам, бо дрэва развальвалася, адпала вялікая галіна. Але дзякуючы прынятым мерам клён працягвае свой век. Тут можна сфатаграфавацца побач з «Лясным духам». А «Лясному вуху» шэптам расказаць пра свае жаданні. Гэтых герояў стварыў мясцовы майстар у рамках міжнароднага праекта. Вынікам праекта таксама стала арганізацыя на тэрыторыі парка Экалагічнага адукацыйнага цэнтра. Ёсць тут і невялікая турыстычная база, дзе можна застацца на некалькі дзён.

Нядаўна ў парку з'явілася новая алея, якая вядзе да воінскага абеліска. Помнік Невядомаму салдату ўстаноўлены ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. Месца расчысцілі, помнік аднавілі. Свае сямейныя дрэвы садзяць тут шлюбныя пары. Дарэчы, у парку можна ўбачыць цесна сплеценыя чарэшчаты дуб і ліпу, кроны якіх губляюцца ў вышыні. Аўтары праекта кажуць, што дрэвы спляліся, каб разам свой век дажываць і адно аднаго падпіраць.


Надзея Сцяпура, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў:

— У конкурсе на лепшы новы турыстычны маршрут узялі ўдзел усе раёны Гродзеншчыны. Было даслана некалькі дзясяткаў заявак. Мы ўбачылі, колькі яшчэ новых, малавядомых, цікавых мясцін тоіць у сабе глыбінка. Галоўным крытэрыем была навізна. Але не толькі. Улічвалася і тое, як маршрут будзе працаваць, наколькі цікавыя аб'екты ён прапануе, як і хто пра іх зможа расказаць. Турыстам мала толькі бачыць прыгожы будынак ці прайсціся па старым парку, іх цікавяць падзеі і людзі, тайны, легенды. Маршруты- пераможцы будуць асвойвацца нашым турыстычным бюро падарожжаў

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?