Вы тут

На Гомельшчыне прагназуецца нарошчванне аб’ёмаў выканання работ


Супрацоўнікі Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў праводзяць сістэмны грамадскі кантроль за ўмовамі працы на будпляцоўках, арганізоўваюць жывыя сустрэчы з працаўнікамі непасрэдна на будпляцоўках.


Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Дзедлава», дзе маніторынг правёў старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў Дзмітрый Мурашка, — філіял Гомельскага домабудаўнічага камбіната. Гаспадарка адна наймацнейшых у Рагачоўскім раёне. Зараз на яе тэрыторыі мадэрнізуюцца малочнатаварныя вытворчасці. У мінулым годзе распачалі будаўніцтва арачнага каркасна-тэнтавага памяшкання для ўтрымання маладняку і капітальнага будынка на 300 галоў жывёлы. Новыя аб'екты дазволяць павялічыць пагалоўе і сканцэнтраваць дойны статак на асноўнай ферме ў Курганні, а аддаленую ферму выкарыстоўваць для дарошчвання маладняку. Кантралёры ад прафсаюзаў паназіралі за працэсам завяршэння будаўніцтва арачнага каркасна-тэнтавага памяшкання. На будпляцоўцы задзейнічаны як спецыялісты гаспадаркі, так і з Гомеля.

— Будаўніцтва дасць магчымасць аб'яднаць пагалоўе групы адкорму і паставіць у «арачнік» звыш 200 жывёл, якія знаходзяцца цяпер на адкрытым паветры, — патлумачыла намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце Гомельскага домабудаўнічага камбіната Анжаліна Сырамятнікава. — Другое памяшканне з жалезабетону прадугледжана праектам для даільна-малочнага блока «Курганне». Вытворчасцю жалезабетонных вырабаў і будаўніча-мантажнымі работамі займаюцца спецыялісты будкомплексу камбіната.

На аб'екце з'явіцца новая свідравіна і будзе ўзведзена воданапорная вежа. У будаўнічых планах гаспадаркі на гэты год — добраўпарадкаванне тэрыторыі зернятока.

— Загружанасць — галоўнае пытанне, якое адрасуюць будаўнікі, — расказаў старшыня галіновага прафсаюза. — Нягледзячы на тое, што з-за санкцыйнага ціску склалася няпростая сітуацыя з прытокам інвестыцый у будаўнічую сферу, у нашым рэгіёне на гэты год прагназуецца нарошчванне аб'ёмаў выканання работ па дагаворах.

Дзмітрый Мурашка адзначыў, што сустрэчы на выязных аб'ектах дазваляюць будаўнікам задаць хвалюючыя пытанні як працоўнага, так і асабістага характару.

— Напрыклад, у «Дзедлава» пацікавіліся, якія ёсць магчымасці і льготы для аздараўлення ў прафсаюзных здраўніцах нашага рэгіёна, — дадаў прафсаюзны лідар. — Асабістыя пытанні бяру на кантроль, каб вывучыць іх і аказаць чалавеку ўсю неабходную інфармацыйную дапамогу ці накіраваць да адказных службаў.

Старшыня прафсаюза будаўнікоў паведаміў, што другая мэта маніторынгу — захаванне бяспекі працы. Прафсаюзы праводзяць кантроль за ўмовамі працы на будпляцоўках у зімовы перыяд.

— Абавязкова глядзім стан бытавога памяшкання, умовы для адпачынку і абагрэву падчас працоўных перапынкаў, забяспечанасць прыборамі для разагрэву ежы і кіпячэння вады. Правяраецца захаванне норм рэжыму работы ў адпаведнасці з тэмпературай паветра. Асобная ўвага на наяўнасць і выкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны, спецадзення і абутку. Вывучаем стан прылад і інструментаў, — патлумачыў Дзмітрый Мурашка.

Па яго словах, не менш важна, што сустрэчы дазваляюць ацаніць працоўны настрой работнікаў на месцах, даць тлумачэнні па пытаннях, што іх цікавяць.

— Нашы работнікі актыўна цікавяцца агульнарэспубліканскімі тэндэнцыямі ў будаўнічай сферы, павелічэннем аб'ёмаў будаўніцтва арэнднага жылля, цэнаўтварэннем на рынку будпаслуг, развіццём міжрэгіянальных сувязяў будпрадпрыемстваў, рэзюмаваў Дзмітрый Мурашка.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?