Вы тут

На Віцебшчыне адзначаны самы нізкі ўзровень злачыннасці ў рэспубліцы


Пра гэта на прэс-канферэнцыі па выніках 2022 года заявіў начальнік упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Андрэй Любімаў.


Стан аператыўнай абстаноўкі ў паўночным рэгіёне характарызуецца зніжэннем агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў, у тым ліку — кіберзлачынстваў.

Нягледзячы на шырокае інфармаванне грамадзян аб распаўсюджанасці кіберзлачынстваў і крадзяжоў фінансавых сродкаў з дапамогай сеткі Інтэрнэт, такія выпадкі ўсё роўна сустракаюцца. Разам з гэтым узрасла агульная колькасць махлярстваў (больш за 600), больш за палову іх здзейсненыя з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт: набыццё тавараў на інтэрнэт-пляцоўках, «вішынг-крэдыты». У выніку супрацьпраўных дзеянняў грамадзянам вобласці нанесены ўрон на суму, якая перавышае 550 тысяч рублёў. Работа праваахоўных органаў у гэтым кірунку працягнецца. Акцэнт будзе зроблены на папярэджанне насельніцтва праз сродкі масавай інфармацыі, а таксама асабістае інфармаванне грамадзян супрацоўнікамі міліцыі пры наведванні жылога сектара.

«Складанасць раскрыцця такіх злачынстваў заключаецца ў цяжкім доступе да арганізатараў, нягледзячы на тое, што асобы, якія маюць дачыненне да іх (кур’еры), затрымліваюцца», — адзначыў Андрэй Любімаў. — Як паказвае статыстыка, у хітрасці злачынцаў у большасці сваёй трапляюць пажылыя грамадзяне: махлярства здзяйсняецца шляхам тэлефонных званкоў, падчас якіх людзям паведамляюць пра трагічныя падзеі, якія адбыліся з іх роднымі і блізкімі, і сумах грошай, неабходных для вырашэння праблемы. З мэтай выяўлення падобных выпадкаў мы стварылі аператыўную групу, якая вокамгненна выязджае на адрас і «перакрывае» кур’ера».

Павялічылася колькасць злачынстваў, звязаных з ілжывай небяспекай — гэта інфармаванне аб ілжывым мініраванні ўстаноў і арганізацый вобласці. Фактычна кожны тыдзень на электронную пошту ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, судовых устаноў прыходзяць падобныя абвесткі. На гэты выпадак у супрацоўнікаў праваахоўных органаў алгарытм рэагавання ўжо адпрацаваны. Рост інфармацыйных злачынстваў, адзначае начальнік упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, звязаны з адчуваннем беспакаранасці ў адпраўнікоў — як правіла, усе электронныя адрасы, з якіх прыходзяць лісты аб ілжэмініраванні, зарэгістраваныя за межамі Рэспублікі Беларусь.

Дарожна-транспартная абстаноўка ў Віцебскай вобласці характарызуецца зніжэннем колькасці дарожна-транспартных здарэнняў, загінуўшых і параненых у іх грамадзян. Галоўнымі складнікамі станоўчай дынамікі сталі рашэнне тэхнічных пытанняў (абмежаванне хуткасці на некаторых участках дарог, паляпшэнне стану дарожнага палатна і асвятлення) і меры прафілактычнага характару. Асаблівая ўвага ў 2023 годзе будзе адведзена рабоце з непаўналетнімі ўдзельнікамі дарожнага руху, якія перасоўваюцца на веласіпедах, і аснашчэнню вуліц вобласці веладарожкамі.

На жаль, не губляе сваёй актуальнасці праблема незаконнага абароту наркотыкаў. У сеткі наркагандляроў трапляюць дарослыя і моладзь, жанчыны і мужчыны. З развіццём лічбавых тэхналогій з’яўляюцца новыя каналы збыту наркатычных сродкаў і спосабы іх распаўсюджвання. За мінулы год супрацоўнікамі праваахоўных органаў вобласці выяўлена чатыры факты незаконнага перамяшчэння наркотыкаў праз дзяржаўную граніцу, з незаконнага абароту канфіскавана 117 буйных партый наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Нядаўна ў асяроддзі наркагандляроў з’явілася паняцце «спорцікі» — гэта свайго роду калектары, якіх наймаюць за асобную плату з мэтай пакарання кур’ераў або закладчыкаў, якія правініліся. Часцей за ўсё гэта пабоі або катаванні, усё гэта фіксуецца на відэа і размяшчаецца на розных рэсурсах. Падобныя факты жорсткасці былі выяўлены і ў Віцебскай вобласці ў гарадах Віцебск і Орша, усе асобы былі затрыманыя. «Мы павялічылі колькасць супрацоўнікаў міліцыі ў аддзеле аналітычнай разведкі з мэтай работы ў сетцы Інтэрнэт, у цэлым мерапрыемствы, праведзеныя ў 2022 годзе, дазволілі знізіць колькасць крымінальна караемых дзеянняў, звязаных з наркотыкамі, якія былі ўчынены ў тым ліку непаўналетнімі і з іх удзелам», — падкрэсліў Андрэй Юр’евіч.

Праведзеныя ў мінулым годзе мерапрыемствы дазволілі не дапусціць росту забойстваў, фактаў наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, хуліганстваў, разбояў, крадзяжоў, вымагальніцтваў. Пад асаблівым кантролем у паўночным рэгіёне знаходзіцца сфера аграпрамысловага комплексу: павялічылася колькасць выяўленых злачынстваў, дзе аб’ектам злачынных замахаў была буйная рагатая жывёла. У ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў былі затрыманыя тры групы, якія ажыццявілі незаконную скупку буйной рагатай жывёлы — прычыненая дзяржаве шкода склала больш за 20 тысяч рублёў. У мінулым годзе павялічылася колькасць грамадзян, накіраваных у лячэбна-працоўныя прафілакторыі (882), аднак да работы па прадухіленні алкагалізацыі насельніцтва неабходна больш актыўна падключыцца ўстановам аховы здароўя.

«Намі праводзіцца выхаваўчая і патрыятычная работа з непаўналетнімі дзецьмі, у тым ліку — з цяжкімі падлеткамі. Пад эгідай унутраных войскаў у 2022 годзе на базе вайсковай часці 5524 створаны ваенна-патрыятычны клуб. У задачах супрацоўнікаў органаў унутраных спраў на гэты год — набыццё квадракоптэраў і прымяненне іх пры ахове грамадскага парадку ў горадзе падчас масавых мерапрыемстваў; сумесна з аблвыканкамам і Белтэлекамам працяг устаноўкі камер відэаназірання ў месцах масавага знаходжання грамадзян, а таксама паблізу вадаёмаў; працяг мерапрыемстваў па прафілактыцы ўчынення злачынстваў у сетцы Інтэрнэт», — падвёў вынікі Андрэй Любімаў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.