Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Не капай ямы іншаму — Сам у яе трапіш»


Не капай ямы іншаму — Сам у яе трапіш

Астап Ібрагімавіч Бендэр ведаў чатырыста адносна сумленных спосабаў адбірання грошай. Ён быў вялікім камбінатарам. Знаёмая вяскоўка — ці не такім жа... канспіратарам. А зрэшты, мяркуйце самі.


Фота: pixabay.com

У свае семдзесят з гакам цётка Аўдося заставалася моцнай і рухавай: свінак-курэй і з паўгектара зямлі ва ўзорным парадку трымала, па грыбы-па ягады шастала, самагоначку гнала. Не, не на продаж, бронь бог! Унучак яе ў райцэнтры дом будаваў, кожную капейку лічыў. Дзе там на крамную гарэлку траціцца? І без яе ну ніяк! Бабуля выручала.

І ўсё ў іх добра было б, каб не адзін сусед: прывалачэцца ледзь не штодня, ды просіць, каб наліла — хоць чарачку, бо «трубы згараць», памрэ...

Цётка спачатку шкадавала дурня — налівала калі-нікалі, а пасля — як адрэзала. Сказала:

— Ідзі па халадку, пакуль я за чапялу не ўзялася! А то зноў твая Маня прыйдзе сварыцца, папракаць, што спойваю.

— Дык ты ж не спойваеш, а ратуеш... Мне б чарачку і ўсё, — клянчыў сусед.

— Не, і яшчэ раз не! — абарвала яго Аўдося ды выпхнула з хаты.

— Ах так?! — раззлаваўся п'янюга. — Ста грамаў шкада? Дык жа болей страціш! Я табе пакажу!

І сапраўды — паказаў: спачатку ў дзвярным праёме сваю ссінелую, зарослую шчаціннем морду, а назаўтра...

Агледзеўшы раніцой гаспадарку, Аўдося прысела за стол, каб з'есці пахкіх аладак і першай жа ледзь не падавілася: у суседава дварышча крочыў іхні ўчастковы міліцыянер, за ім — нейкі чужы... Трэці чалавек, у штацкім, заставаўся ля весніц і цяпер ўважліва разглядаў яе хату.

«Такі ж данёс, паганец!» — «вылічыла» суседа Аўдося, і тут жа ў галаве замільгалі думкі. У хаце, за печчу, 25 літраў вадкай валюты, і з ёю трэба нешта зрабіць? Хата — пад наглядам, значыць, нікуды не вынесеш, у кустах не схаваеш... Тады дзе?

...Перад цётчынай змысласцю, далібог, схіліў бы галаву сам Шцірліц і зняў фуражку штурмбанфюрэр СС. Па-першае, Аўдося схапіла ў сенцах пусты вядзёрны гаршчок, бухнула ў яго дзесяць літраў «слязы», накрыла чыгуннай патэльняй і спрытна ўсунула ў печ, дзе ў такіх жа гаршках варылася бульба свінням. Па-другое, рэшткі пітной вады, што заўсёды стаяла на табурэце пры выхадзе з хаты, плюхула ў рукамыйнік, а пустое вядро, запоўніўшы самагонам, накрыла вечкам і зверху паставіла конаўку...

Але ж рэшткі «вогненнай вады» ўсё роўна яшчэ заставаліся — у мяшку з тоўстага поліэтылену. Канспіратарка завязала іх (ды так, што мацней не бывае!) і панесла ў чырвоны кут, дзе стаялі вазоны.

Там ёй, беднай, цяжкавата прыйшлося, але ж цётка паднатужылася — разам з комам зямлі выдрала з драўлянай скрынкі разгалісты фікус, на дно паклала «дрэнаж» з самагону і вярнула кветку назад. Усё: можна садзіцца да стала і есці свае аладкі.

«Сышчыкі» тым часам ужо зайшлі ў хату, прадставіліся, сказалі, што «паступіў сігнал» і распачалі вобшук. Спачатку яны ператрэслі ўсё дварышча, усе гаспадарчыя пабудовы і лазню (самагонны апарат адтуль цётка адразу ж выносіла ў надзейнае месца). Потым сталі шнарыць у хаце, аднак... Некаму на шчасце, некаму на жаль — не знайшлі нічога, апроч пляшкі віна, што стаяла ў серванце.

...Цётка не чула, што пасля гэтага пінкертоны сказалі даносчыку, які вісеў на плоце ў чаканні «расправы».

Сама ж яна, злавіўшы момант, пад нос яму сунула дулю, што азначала адно: чарачкі больш не будзе. Ніколі — каб і канаў.

Алена НЕСЦЯРОНАК

г. Докшыцы


Што можна пану, то не Івану, Што рускаму добра, тое немцу смерць

Гэта нашы продкі заўважалі здаўна. Таму паўтараць мой «эксперымент», я нікому не раіла б, а вось расказаць у чым ён заключаўся, хачу.

Гадоў 20 таму ў мяне былі сур'ёзныя праблемы са здароўем. Як толькі вясна і першая зеляніна, радыска, агуркі, потым клубніцы і маладая бульбачка — так у мяне пакуты са страўнікам. Да таго ж, што называецца, бокам вылазіць ледзь не кожны перакус у дарозе, а ўчарашнюю салату з маянэзам дык нават не паказвай, бо тады ўжо дакладна дыета, сухары, таблеткі...

Пасля іх прыёму, на нейкі час, ну вядома ж, палепшае, а потым ізноў... Крыўдна: ва ўсіх лета як лета, а я... У чарговы раз пакутую, па дарозе дамоў заходжу да сястры. Тая нешта парадкуе ў кухні, у тым ліку — з большай бутэлькі ў меншую пералівае настойку пропалісу. Трохі не разлічыла з памерам — уся не ўлазіць. Сястра за яе і ў чарку.

— На, — кажа, — выпі. Горай не будзе.

Я ў надзеі адзін раз глынула (моцная, халера!). Тое, што засталося, аддаю назад.

— А давай да дна, — кажа гаспадыня. — Што ты нейкую крыху пакідаеш?

Я волю ў кулак і куляю...

Потым мы яшчэ пасядзелі з сястрой, пагаварылі.

У мяне, бачу, на адной руцэ пляма чырвоная, на другой — таксама. І ў галаве нешта робіцца. Значыць, трэба дамоў.

Іду — ледзь ногі перастаўляю. Сонца паліць. Вось ён, мой двор і дом (на шчасце — зусім недалёка). Але ж адчуваю, што на другі паверх я не падымуся. Дай, думаю, у цяньку, пад яблыняй, пасяджу. Хоць якая ды прахалода...

А сястра тым часам хвалюецца, набірае нумар майго тэлефона (мабільных яшчэ не было) — ёй ніхто не адказвае. Вырашыла следам пайсці... Ну і знайшла мяне без прытомнасці. Пазваніла ў хуткую.

Дактары пасля сказалі, што любыя лекі прымаць трэба з розумам, далі таблеткі ад алергіі. Усё, карацей, скончылася. І не проста добра... Бо з тога дня я, можна сказаць, аджыла: страўнік стаў працаваць як новенькі.

І ўсё ж нагадаю: што добра пану, то не Івану.

Валянціна Б.

г. Івацэвічы


Трэба слухаць бухгалтарку

Гэта — як «Ойча наш...»: нельга цяпер без новых тэхналогій, без якасных інфармацыйных сістэм — іх купляюць усе, як правіла, у вядомых фірм. Але ж і тады — спачатку вывучаюць водгукі, прыкідваюць, што лепей, што горш. А наша кіраўніцтва дык нават далей пайшло.

— Калі памяць не падводзіць, — здалёк пачаў мой начальнік, — нашы калегі (назву ўстановы прапушчу. — Аўт.) такую камп'ютарную праграму купілі гады два назад. Не пашкодзіла б схадзіць да іх — паглядзець, як працуе.

Казаць нешта двойчы мне не трэба было.

У прызначаны дзень і час у той неназванай установе мяне сустрэла Ірына Віталеўна (усе імёны зменены. — Аўт.) — досыць мілая жанчына ў гадах, намесніца галоўнага бухгалтара. Мы з ёй пазнаёміліся, плённа папрацавалі і ўжо збіраліся разам выйсці з будынка (яна ў час абеду ў краму, я — назад на работу), аднак ля дзвярэй нас спыніў тэлефонны званок: сакратарка з прыёмнай па ўнутранай сувязі папрасіла маю спадарожніцу пазваніць Івану Іванавічу.

— Гэта начальства, дырэктар... Вы ж разумееце? — патлумачыла мне Ірына Віталеўна, адразу ж набіраючы нумар.

Шэф, як выглядала, чакаў гэтага званка: прынамсі, слухаўку зняў імгненна і тут жа (мне здалёк чуваць) стаў на нешта скардзіцца.

Віталеўна ўважліва слухала, уздыхала і, падобна, з цяжкасцю лавіла момант, каб уставіць сваё:

— Так-так, Іван Іванавіч, вам трэба лячыцца... Як?.. Тэмпература высокая? Не?.. Тады выпіце гарачай гарбаты і ў пасцель. Хочаце каньяку?! — разгублена перапытала жанчына. — Дык дзе ж яго ўзяць?

Такі адказ, відаць, не задаволіў хворага. Ён папрасіў «да апарата» галоўную бухгалтарку Алу Антонаўну.

Намесніца сказала, што яе няма, што Іван Іванавіч сам падпісаў ёй заяву на адгулы.

На гэтым, як мне здавалася, дыялог мог бы завяршыцца. І сапраўды: суразмоўцы амаль развіталіся, калі Віталеўна яшчэ раз сказала... «лячыцеся».

— А як? — спытаў дырэктар, і... усё пачалася спачатку.

Я душылася ад смеху, а Віталеўна раіла далей:

— Шыю абматайце шалікам. У вас жа ёсць нейкі цёплы?.. Не, антыбіётыкаў не трэба.

З сумам зірнуўшы на гадзіннік, «дакторка» расшпіліла паліто, зняла шапку і села за стол.

Я зрабіла амаль тое самае, каб яшчэ раз пачуць, што Алу Антонаўну паклікаць нельга, што яна здала гадавую справаздачу, і яе адпусцілі ў адгулы.

— ...Што ўвогуле на рабоце? — тым часам перапытвала ў шэфа Ірына Віталеўна. — Ды ўсё нармальна, людзі працуюць. Не, Іван Іванавіч, бронь божа, вам прыязджаць не трэба!.. Наперадзе — выхадныя. Будзьце дома — лячыцеся... Як?!

Я выцірала слёзы ад рогату, Віталеўна, закаціўшы вочы, свабоднай рукой намалявала ў паветры круг:

— Маліна ёсць? Папіце з гарбатай... Хочаце расолу з агуркоў, а ёсць капусны? Дык гэта ж лепей! Так што, лячыцеся...

Яна зноў страціла пільнасць: Іван Іванавіч ізноў запытаўся, як?

— На ногі цёплыя шкарпэткі і ў пасцель! Чуеце?! — скінуўшы вопратку і страціўшы рэшткі цярпення крычала «дакторка». — Не-е, на работу прыходзіць нельга! Мы справімся!

«Няўжо развітаюцца?» — падумала я, спаўзаючы з крэсла. І шанец на гэта быў, аднак Віталеўна зноў «наступіла на граблі»: сказала сваё «лячыцеся!» і шэф папытаўся, як?

— У пасцель! — загадала «дакторка». — І зараз жа! Сон — найлепшыя лекі!

На гэтым яна скончыла размову, апранулася, і мы разам выскачылі з пакоя.

...Як данесла пазней сарафаннае радыё, дырэктара той установы неўзабаве звольнілі, бо ён, казалі, знайшоў такі на рабоце каньяк і палячыўся так, як хацеў, а не так, як яго вучыла бухгалтарка.

Наталля СЯМЁНАВА

г. Гомель

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.