Вы тут

Гармонія ва ўсім. Выстава «Беларусь — Кітай. Супрацоўніцтва і сяброўства»


Выставачны праект «Беларусь — Кітай. Супрацоўніцтва і сяброўства», прысвечаны развіццю дыпламатычных адносін паміж рэспублікамі, працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі. Экспанаты з яго калекцыі склалі цэльную экспазіцыю ў выставачным корпусе музея. Фарміраванне калекцыі кітайскага мастацтва пачалося яшчэ ў 1960 годзе. Сёння гэты збор налічвае больш за 1500 твораў кітайскай мастацкай культуры. 


Фрагмент экспазіцыі.

На выстаўцы «Беларусь — Кітай. Супрацоўніцтва і сяброўства» прадстаўлены розныя віды і тэхнікі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Кітая XVII — пачатку XXI ст.: фарфоравыя вырабы, кераміка, перагародчатая эмаль, мастацкі метал, разьбяныя і распісныя лакі, разьба па камені, косці, дрэве; мастацтва народнай карцінкі, гохуа (нацыянальны жывапіс на рысавай паперы). Змешчаны ў экспазіцыі таксама прадметы, якія дэманструюцца рэдка. Яны перададзены музею ў дар вядомымі кітайскімі мастакамі або набыты ў калекцыянераў у розныя гады. Усяго каля 70 унікальных экспанатаў, аўтарства многіх з якіх невядома. Куратары — Наталля Шчукіна і Наталля Калашнік, супрацоўніцы навуковафондавага аддзела НММ. 

Кітайскае мастацтва, асабліва жывапіс, напоўнена філасофскім зместам, зразумелым далёка не кожнаму. Што казаць толькі пра адну паэтычную інтэрпрэтацыю рэчаіснасці... Між тым яно вельмі моцна абапіраецца на традыцыю, і адлюстраванне вобраза чалавека, прыгажосці прыроды, уласцівае сусветнай спадчыне ўвогуле, здольна знайсці водгук у душы любога гледача. Так ці інакш, у адным і тым жа вобразе кітаец і еўрапеец убачаць рознае. І тут не ў апошнюю чаргу цікава параўноўваць, адсочваць паралелі з заходнім выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. 

Сяа Юй (Лі Хайху) «Непаўторнасць у кожнай кветцы лотаса», 2011—2012 гг.

Выстаўка ў Мастацкім дазваляе прасачыць некаторыя асаблівасці кітайскага мастацтва, сярод якіх — мінімальныя выяўленчыя сродкі, глыбокі (часам патаемны) змест, адметны сімвалізм, злучэнне рэлігійнага і свецкага. Галоўнае ж для традыцыйных майстроў — адлюстраванне гармоніі ва ўсіх яе праявах. 

На выстаўцы можна ўбачыць творы прадстаўнікоў двух асноўных жывапісных стыляў: гунбі і се-і (большасць работ). Багацце жанраў кітайскага мастацтва праект таксама дэманструе. Напрыклад, твор «Пейзаж з возерам і рыбамі» (невядомы майстар XXI стагоддзя) належыць да асаблівага ў кітайскім мастацтве жанру чун-юй — адлюстраванне насякомых і рыб. «Вяртанне дадому» Ень Фэй Хонга, створанае ў 2007 годзе, — прадстаўнік жанра лінг-мао (выявы птушак і жывёл). А дэкаратыўная шырма (2-я палова XX ст.) невядомага майстра па-асабліваму паказвае птушак (жанр цінь-няа). 

Невядомы майстар «Хатэй з дзецьмі», 1950-я гг.

Наведаць экспазіцыю «Беларусь — Кітай. Супрацоўніцтва і сяброўства» можна да 12 сакавіка. Дарэчы, справядлівай тут падаецца заўвага аб неадпаведнасці назвы выстаўкі яе зместу, што можа ўвесці ў зман патэнцыяльнага гледача. Праект цалкам прысвечаны Кітаю, і аўтары, работы якіх прадстаўлены ў экспазіцыі, адлюстроўваюць іх бачанне краіны і сябе як прыналежных да нацыі. Аднак з-за таго, што была неабходнасць падкрэсліць у назве тэму культурнага супрацоўніцтва, яна крыху губляе сэнс. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».