Вы тут

«Чабурашка» — паспяховае пераасэнсаванне знакамітай аповесці


У пачатку новага года на экраны Беларусі і Расіі выйшаў кінафільм расійскай вытворчасці «Чабурашка» — чарговае пераасэнсаванне знакамітай аповесці пра кракадзіла Гену і яго сяброў, прыдуманай Эдуардам Успенскім яшчэ ў 1960-я гады. Новай стужцы хапіла ўсяго пары тыдняў, каб скарыць нацыянальны бокс-офіс і стаць абсалютным рэкардсменам па касавых зборах у краіне-суседцы за ўсю гісторыю. Цяжка паверыць, але нашумеламу «Аватару», які з вялікім адрывам лідзіраваў апошняе дзесяцігоддзе, застаецца глытаць пыл! З энтузіязмам сустрэлі карціну і ў нас: «чабурашкавая ліхаманка» апанавала Беларусь ад рэгіёнаў да сталіцы. Трыумфальнае шэсце сямейнага блакбастара па айчынных кінатэатрах працягваецца: квіткі разыходзяцца як гарачыя піражкі.


Афіша.

Небывалы «папкорнапад»

Так, няхай на сыходзе пятага (!) тыдня пракату ажыятаж вакол фільма крыху сціх, але, калі глянуць у афішу, ладная частка рэпертуарнай сеткі і сёння належыць «лапавухаму»: кінатэатры, спрабуючы выціснуць з непрадбачанага хіта ўсё магчымае, не скупяцца дзеля яго і, ахвяруючы навінкамі, аддаюць пад фільм самы прыбытковы час і самыя вялікія залы. Наўпрост цяпер перад нашымі вачыма разгортваецца гістарычная, можна сказаць, падзея. Цэлымі сем’ямі людзі атакуюць кінатэатры, папкорн і напоі «ліюцца» ракой, рэкамі ж працягнуліся праз усю краіну чэргі па квіткі (іх назіралі як у Мінску, так і ў абласных і раённых цэнтрах — паўсюль, дзе паказваюць кіно). Словам, аншлаг і авацыі (так-так, расчуленая публіка праводзіць стужку апладысментамі!).

Пагаворваюць нават, нібыта ўсяго за некалькі дзён паказу на складах дзіцячых крам скончыліся ўсе лялькі Чабурашкі, і «Саюзмультфільму» давялося ў пажарным парадку выпускаць дадатковую партыю. Дзеці, для многіх з якіх паход з бацькамі на фільм стаў першым візітам у кіно, патрабуюць ад дарослых новую цацку, і дарослыя з радасцю задавальняюць іх просьбы (хоць, як ні парадаксальна, трагедыя галоўнага героя якраз у нежаданні быць чыёйсьці цацкай). Аб паўнавартасным сацыялагічным аналізе пакуль казаць рана (дата апошняга паказу ўвесь час перасоўваецца), але крыху паспекуляваць на тэме ніхто не забараняе. Паспрабуем жа разабрацца ў прычынах гэткай фенаменальнай папулярнасці новага экраннага ўвасаблення старога, знаёмага ўсім героя.

Вучоныя — у тупіку

Уласна, першы адказ на пытанне аб небывалым поспеху карціны ўжо знойдзены. Пра дзіўнага звярка з карычневай поўсцю і вельмі выразнымі вушамі, які «жыве ў гарачых трапічных лясах», ходзіць на дзвюх лапах і размаўляе, невядома, бадай што, толькі навуцы. У рэшце рэшт не адно пакаленне выхоўвалася на кніжках Эдуарда Успенскага аб прыгодах неразлучных сяброў — кракадзіла Гены, які «працаваў у заапарку... кракадзілам», і Чабурашкі, якога знайшлі ў скрыні з апельсінамі (апошнія казкі з гэтай серыі выходзілі зусім нядаўна). Астатнія, пэўна, знаёмы з лялечнымі мультфільмамі «Кракадзіл Гена» (1969), «Чабурашка» (1971), «Шапакляк» (1974) і «Чабурашка ідзе ў школу» (1983), пастаўленымі Раманам Качанавым на студыі «Саюзмультфільм».

Зрэшты, пералічаныя мультыплікацыйныя шэдэўры — толькі адны з многіх экранных версій персанажаў. Так, добра вядома пра асаблівую любоў да Чабурашкі, напрыклад, у Японіі (а за ёй — на тэрыторыі ўсяго Далёкага Усходу, уключаючы Паўднёвую Карэю, Кітай, В’етнам, Камбоджу, Лаос і нават Інданезію). Цягам апошніх дзесяцігоддзяў тут пабачылі свет адразу некалькі анімацыйных праектаў пра дзівосную істоту, якая ўсё ніяк не разбярэцца: яна цацка, жывёла альбо — як у новай экранізацыі — чалавек? Найбольшую папулярнасць з тых праектаў атрымала тэтралогія 2010 года («Кракадзіл Гена», «Чабурашка і цырк», «Чабурашка ідзе ў заапарк» і «Парады Шапакляк»). Яе першая частка — даслоўны рымейк аднайменнага савецкага мульціка, перастворанага з азіяцкай руплівасцю на сучаснай анімацыйнай студыі.

Зробленыя з вялікай павагай да арыгінала, гэтыя кароткаметражныя карціны былі перакладзены на рускую мову і ў 2014 годзе дэманстраваліся ў Беларусі на вялікім экране ў рамках XXI Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Акрамя таго, у 2010 годзе на японскім канале TV Tokyo (прадукцыю тэлегіганта любяць ва ўсім свеце) выйшла першая з дваццаці шасці серыя маляванага серыяла «Гэта што за Чабурашка?». Дарэчы, стваральнікі найноўшай расійскай экранізацыі не першыя, хто паспрабаваў ажывіць пухнатага героя праз камп’ютарную анімацыю. Да іх гэта ўжо зрабілі японцы (зноў жа), выпусціўшы тры гады таму кароткаметражную стужку «Чабурашка: Я знайшоў сябра». Аднак падобныя ініцыятывы гучалі і раней — яшчэ ў пачатку XXI стагоддзя.

Не-кракадзіл Гена (Сяргей Гармаш) і Чабурашка (Вольга Кузьміна).

Іншымі словамі, няхай навуцы звярок па імені Чабурашка і невядомы, але людзі розных узростаў па ўсім свеце яго добра ведаюць. Што яшчэ паўплывала на папулярнасць карціны? Адным з аб’ектыўных фактараў вялікага попыту магла стаць удала выбраная дата прэм’еры. Як-ніяк, пракат стужкі стартаваў адразу пасля Новага года: школьныя канікулы ішлі поўным ходам, а наперадзе чакалі іншыя святы. Да таго ж, верагодна, спрыяльна на касавых зборах адбілася адсутнасць заўважных заходніх канкурэнтаў (яны за апошнія дзесяцігоддзі падпарадкавалі сабе амаль увесь айчынны кінарынак). Аднак было б несправядліва сцвярджаць, нібыта надзвычайны поспех «Чабурашкі» — толькі збег абставін. Так, названыя фактары забяспечылі стужцы добры старт, але ўсё астатняе яна зрабіла сама, таму шукаць адказаў варта ўнутры карціны.

Як снег на галаву

Новая экранізацыя — першая ў гісторыі ігравая з прымяненнем камп’ютарнай анімацыі і тэхналогіі motion capture (захопу рухаў), калі акцёра апранаюць у спецыяльны касцюм і абвешваюць камерамі з усіх бакоў, а потым на камп’ютары замяняюць яго вобраз віртуальным. Спраектаваны ў праграме персанаж дубліруе (зразумела, суадносна прапорцыям свайго «цела») рухі і міміку акцёра і таму выглядае больш натуральным і жывым. У новым фільме гэткім чынам абышліся ўласна з Чабурашкам (голас звярку падарыла актрыса Вольга Кузьміна), астатнія персанажы папросту перапісаны. Так, Гена больш не кракадзіл, а звычайны стары буркун, які працуе садоўнікам у дэндрарыі (ролю выконвае Сяргей Гармаш), Шапакляк жа ў цітрах адсутнічае ўвогуле, замест яе — дама па імені Рыма (Алена Якаўлева), жарсная аматарка капелюшоў ды ўладальніца шакаладнай імперыі «Радасць мая». Далей у тым жа духу...

Гена, апантаны парадкам мізантроп-адзіночка (зрэшты, небезнадзейны), пастрыгае кветкі ў дэндрарыі, а пасля працы падглядвае (альбо, як ён пазней скажа, «наглядае») у падзорную трубу з балкона свайго прыгожага доміка за сям’ёй дарослай дачкі (Паліна Максімава). Аднаго дня над гарадком выпадае апельсінавы дождж, а з ім, прынесены ўраганам, з неба падае Чабурашка. Малы звер і садоўнік, адзіныя сябры якога — расліны, не адразу знойдуць агульную мову, але ў выніку праз Чабурашку Гена навучыцца разбірацца з уласнымі праблемамі і страхамі. Фільм да самых краёў нашпігаваны адсылкамі да савецкай класікі: Гена па-ранейшаму любіць шахматы, а ў асаблівых выпадках апранае бардовы пінжак, Рыма-Шапакляк па-ранейшаму нераўнадушна ставіцца да галаўных убораў, а яе прыхвасцень (Дзмітрый Лысенкаў) не пакідае сумненняў наконт сваёй жывёльнай прыроды (дарэчы, пацукі тут таксама будуць).

Рыма (Алена Якаўлева) разам са сваім памагатым (Дзмітрый Лысенкаў).

Як ні дзіўна, у фільме пад назвай «Чабурашка» самога звярка не так і шмат. Не, ён прысутнічае амаль у кожнай сцэне, але зусім не абавязкова на правах цэнтральнага персанажа. Па вялікім рахунку, яго сцэнарнае прызначэнне — двухногі макгафін (прадмет, праз стаўленне да якога выяўляюцца характары герояў) і крыніца гумару. Сапраўдная ж гісторыя разгортваецца вакол Гены і яго спроб залячыць душэўныя раны, выправіць дапушчаныя ў мінулым памылкі. Хоць, трэба прызнаць, мараль у карціне слабаватая («У дрэнных учынкаў не бывае апраўдання, але бываюць прычыны»), заяўленая аўтарамі праблематыка здольна зацікавіць самую шырокую аўдыторыю... Яшчэ больш гэтую аўдыторыю пашырае рэчыўны свет, у якім існуюць героі. Фармальна падзеі адбываюцца ў наш час, але на экране — казка, у якой не знайшлося месца ні смартфонам (героі карыстаюцца «хатнім»), ні іншым прыкметам эпохі.

Можна колькі заўгодна прыдзірацца да якасці камп’ютарнай графікі, якой у фільме надзіва многа, і дызайну самога Чабурашкі ці, барані божа, да сюжэтных недакладнасцей і хібаў, але факт застаецца фактам: «Чабурашка» — феномен, які ўжо ўвайшоў у гісторыю (хаця б у якасці самага касавага фільма на доўгія гады наперад) і, верагодна, выхавае новае пакаленне прыхільнікаў вушастай істоты. Цалкам мажліва, праз некалькі гадоў сённяшнія дашкольнікі і першакласнікі будуць з такой жа цеплынёй і настальгіяй згадваць кіно пра Чабурашку, з якой сталыя людзі згадваюць савецкія мульцікі пра яго.

Даведка

Мала хто ведае, а мастак-пастаноўшчык арыгінальнай анімацыйнай стужкі 1969 года Леанід Шварцман быў ураджэнцам Мінска. Колькі гадоў таму газета «Культура» рабіла інтэрв’ю з легендарным аніматарам, аўтарам кананічнага аблічча Чабурашкі, у чыім паслужным спісе, апроч іншага, мастацкія рашэнні да «Залатой антылопы», «Снежнай каралевы», «Кацяняці па імені Гаў», «38 папугаяў» і многіх іншых. У інтэрв’ю дзевяностапяцігадовы майстар (памёр летась, не дачакаўшыся прэм’еры) прызнаваўся: «Так, я часта ў сваіх стужках скарыстоўваў успаміны пра стары Мінск. Гэта не толькі „Чабурашка“, але і „Даверлівы дракон“, „Асцярожна, малпачкі!“, у нейкай ступені нават „Рукавічка“». А вось яшчэ адзін цікавы факт: да стварэння японскага лялечнага рымейка 2010 года таксама меў дачыненне ўраджэнец Беларусі — аніматар Міхаіл Тумеля (аўтар цудоўнага мультальманаха «Беларускія прымаўкі»). На здымках ён гэтак жа, як некалі Леанід Шварцман, выступіў мастаком-пастаноўшчыкам.

Бернард ЗАТЫЛКІН

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».