Вы тут

«Беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа»


У Выдавецкім доме «Звязда» падрыхтавана да друку чарговае, трэцяе па ліку, выданне маляўніча аформленай кнігі — «Беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа». Тыраж — 1 200 экзэмпляраў.


Пад адной вокладкай — шэсць твораў народнага фальклору: казкі «Каза ў арэхах», «Зайкава хатка», «Як пеўнік ратаваў курачку», «Пчала і шэршань», «Дудар», «Не вытрываў». Творы добра вядомыя і даўно палюбіліся чытачам розных пакаленняў. Якуб Колас апрацаваў іх на працягу 1922 — 1940 гг. Разнастайныя па тэматыцы, казкі знаёмяць дзяцей з багатай прасторай беларускага фальклору, са светаўспрыманнем нашых продкаў.

Мастак кнігі — Алег Грубін. Відавочна, што ён надзвычай уважліва прачытаў творы, які склалі кнігу, і здолеў пераканаўча адлюстраваць вобразы галоўных персанажаў казак. Часам нават узнікае жаданне спыніцца ў чытанні і спярша ўважліва прагледзець ілюстрацыю. Дарэчы, чаму б асобна не выдаваць — напрыклад, паштоўкамі рэпрадукцыі прац мастака, які здолеў унікнуць у характар, сутнасць фальклорных твораў? Прагляд такіх паштовак дадаў бы шмат эмоцый, прынёс бы юным чытачам эстэтычную асалоду.

Першы раз у Выдавецкім доме «Звязда» кніга казак у апрацоўцы Якуба Коласа выйшла напрыканцы 2020 года — тыражом 1 100 экзэмпляраў. Наступны раз — у лістападзе 2021-га: тады тыраж быў роўны 1 000 экз. А зараз, у 2023 годзе, — 1 200 экзэмпляраў. Такім чынам, агульны наклад «звяздоўскага» коласаўскага праекта — 3 300 экзэмпляраў. Па сённяшнім часе — досыць неблагая лічба.

Кнігу «Беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа» можна набыць у кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне, а таксама — у кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, 72.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.