Вы тут

Часопісы ў студзені: «Маладосць»


Першы нумар «Маладосці» за 2023 год адкрываецца вершамі студэнткі першага курса філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Ірыны МАКАРЧУК. У чатырох творах — і «ціхі ветрычак весні», і белая птушка, «што ў пастцы канала»... Паэт шукае сябе і клікае ў сваю творчасць розны вопыт жыцця. Свайго і чужога. Вершы прыцягваюць і прымушаюць разважаць. Якраз гэтага штуршка ў зносінах творцаў з чытачом часам і не хапае. «... Была я агнём, і вадой, і туманам,/ У стэпе паважным была караванам./ Прайшла сотні жыццяў,/ Знайшоўшы сябе. / Я — толькі зярнятка/ У Божай сяўбе». Плёну Ірыне і новых адкрыццяў, пільнага ўзірання ў жыццё!..


Вядомы празаік Людміла РУБЛЕЎСКАЯ выступае ў часопісе з падборкай апавяданняў «Чатыры калоны» — несумненна, творы знакамітага працаўніка на ніве мастацкай літаратуры нельга не прачытаць. Таццяна КУРМАЗІЯ, якая нарадзілася ў Петрыкаве, на Гомельшчыне, знаёміць чытача з падборкай вершаў «Неўтаймоўнага мора чысты выток». Вершы ў асноўным пра каханне... «Ён кахае цябе, як ніхто не кахаў ніколі, — / Гэты смешны хлапчук у расхрыстаным паліто./ Ты смяешся гарэзліва, потым з тугой міжволі/ Схамянешся ад думкі: «А ён для мяне — ніхто».

У студзеньскім нумары — і аповесць Вольгі ЛІХАДЗІЕЎСКАЙ (нарадзілася ў Мінску ў 1992 годзе, працуе настаўніцай у школе) «Дзіцячае памежжа». Яе пачатак — у адзінаццатым нумары «Маладосці» за 2022 год.

З падборкай вершаў «Тры жаночыя партрэты» выступае ў «Маладосці» любімы беларускімі чытачамі паэт і празаік Алесь БАДАК. Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ аддае на суд усіх, хто адкрые першы нумар «Маладосці», — апавяданне «Дзе я..?»

Соф’я ШАХ з Светлагорска, якую добра ведаюць як аўтара многіх вянкоў санетаў, не здраджвае свайму любімаму жанру і прадстаўляе чытачу «вянок санетаў безгалова-хвастаты» «Духавышыня». Падборка паэтычных твораў Дзяніса МАЦЕШЫ (нарадзіўся ў Паставах, жыве ў Мінску) называецца: «Дотыкі ніколі не змаўкаюць...» Кароценькі верш з чатырох радкоў у гэтай падборцы называецца «Разам»: «Дотыкі ніколі не змаўкаюць — /Целаў блізкасць, абяцанні „назаўжды“.../ Нараджаюцца і зноўку паміраюць/ Літары — пачуццяў галасы».

Застаецца ў палоне сваіх ранейшых творчых зацікаўленняў кандыдат філалагічных навук з Віцебска Ганна НАВАСЕЛЬЦАВА — «Маладосць» друкуе яе міфаказку «Сказ пра Лесю». А Святлана БЯЗЛЕПКІНА (магчыма, чытач памятае яе па кнізе прозы «Чарнобыльская русалка») выступае з апавяданнем «Апошні шанц».

Па традыцыі ёсць у студзеньскім нумары і пераклады: «Краіну сляпых» Герберта УЭЛСА пераклаў на беларускую мову Кірыл БУЛАЙ, студэнт 4 курса Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Багаты нумар і на публіцыстычныя, літарутрна-крытычныя матэрыялы. У раздзеле «Люстэрка лёсу» — урыўкі з кнігі доктара педагагічных навук Аляксандра РАДЗЬКОВА «Пра матэматыку і матэматыкаў». У хуткім часе кніга пабачыць свет асобным выданнем у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Вучоны і публіцыст разважае пра шэдэўры матэматычнай думкі, нагадвае айчыннаму чытачу, наколькі інтэлектуальна багатая ў нас краіна. Кастусь ЛАДУЦЬКА знаёміць чытача з забытым калекцыянерам экслібрысаў — магілёўскім інжынерам Мікалаем ВЕЛІКАНАВЫМ. Яго збор зараз захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.