Вы тут

Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў: чалавек, паранены прыгажосцю


Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў можа быць прыкладам у тым, як ствараць свой лёс. А яго жыццёвы шлях у 97 гадоў — найлепшы доказ таго, што энергія творцы сілкуе не толькі тых, хто глядзіць мастацкія работы, але ад іх з удзячнасцю вяртаецца да саміх стваральнікаў. Сёлета, калі адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння Леаніда Дзмітрыевіча, хочацца зразумець сакрэты яго дзіўнай працавітасці. Такая магчымасць ёсць у галерэі Леаніда Шчамялёва, аснову якой заклаў ён сам, падараваўшы Мінску 60 работ. Але спадчына мастака — гэта і нашчадкі, таму што зерне яго творчай руплівасці прарасло ў дочках і ўнуках. Старэйшай дачцэ Маргарыце пасля смерці таты яго ўдава перадала сціплую кардонную тэчку з лістамі, нататкамі, накідамі, малюнкамі, зробленымі на шматочках паперы яго рукой. Гэта тое, чым тата дапамог ёй знайсці супакаенне пасля страт. Гартае — і ўсміхаецца: тонкі малюнак акрэсліў вытанчаную постаць каня, шыкоўныя кветкі — як у знакамітых нацюрмортах, накіды, з якіх пазней нараджаліся пейзажы. І фота дачкі розных гадоў, якія захоўваў Леанід Дзмітрыевіч, адзначаючы яе поспехі. Маргарыта Леанідаўна — творца, што працуе з тэкстылем, выкладае ў акадэміі мастацтваў. І разважае аб прыкладзе таты ў жыцці і мастацтве:


— Тата быў нашай пуцяводнай зоркай, мы нібыта жылі ў цені вялікага дрэва. Для мяне былі важныя сустрэчы з бацькам — у майстэрні, у яго дома. Ён быў вельмі цэльны, вялікі чалавек. Тата быў яркай індывідуальнасцю, таму ён не ўсім падабаўся: ніколі не падстройваўся, не здраджваў сабе.

З дзяцінства ў мяне ў памяці вобраз таты, які ўвесь час у творчым працэсе. У нас была вялікая сям'я, калі мы жылі на Рабкораўскай у маміных бацькоў. Ёсць татава праца таго перыяду, дзе ўвасобленая мама, цяжарная мной, акно, дом — яна вельмі рэалістычная, пры тым, што вучоба ў інстытуце была яшчэ наперадзе. Наш дом быў заўсёды адкрыты для людзей, прыходзілі і мастакі, і студэнты, якіх запрашаў тата. Мая бабуля вельмі добра спявала, цудоўна гатавала. Але, нягледзячы на гасцінны дом, часцей за ўсё згадваецца, як тата там малюе. Памятаю: за акном зіма, мы ўсе сядзім у хаце і глядзім, як ён змерзлымі рукамі піша зімовае дрэва. Ён чалавек, які жыў сваёй справай, — быў шчаслівы ў гэтым. Знайшоў сябе адразу пасля вайны.

— Жаданне стаць мастаком у яго было з дзяцінства? Ён пранёс яго праз вайну?

— Як мастак я мела дачыненне да маляванак — гэта традыцыйны беларускі роспіс. Тата згадаў адзін эпізод з дзяцінства: 1930-я гады, калі быў голад, яны з маці пайшлі на кірмаш прадаваць рэчы. Пакуль ішлі, ён бачыў маляванкі, якія віселі на плоце, а навокал стаяў пах алейнай фарбы — такія першыя сустрэчы з мастацтвам. Яго бацькі віталі заняткі творчасцю. Аднойчы яму моцна балела горла, прыйшоў урач і ўбачыў малюнак, у якім тата спрабаваў зрабіць копію карціны, надрукаванай у часопісе. І сказаў: «Беражыце гэтую галоўку, будзе мастаком...»

Тата казаў, што яго заўсёды нібыта вялі за руку нейкія сілы. Неяк на кірмашы ягоная мама купіла паліто, а калі зусім грошай не было, а ў ім раптам знайшоўся залаты гадзіннік — дапамог не памерці з голаду ў цяжкі час. Лічу, што тата быў напоўнены Богам, хоць гэта і не было відавочна...

— Перажыўшы раненне, відаць, адчуваў руку лёсу?

— Пра раненні распавядаць не любіў, але згадваў, як прыехаў у горад Сямёнаў, пайшоў на кірмаш, і аказалася, што там яго мама і сястра ратаваліся ў эвакуацыі!.. Але пры ўсіх цяжарах тата разумеў, што яму патрэбна, і рабіў усё насуперак абставінам. Акрамя службы ў кавалерыі падчас вайны ў таты быў яшчэ адзін абавязак: ён маляваў карты. Адзін генерал убачыў яго здольнасці і даў яму магчымасць рабіць карты для войска. Ужо пасля перамогі яму абяцалі працу, нават выдалі амуніцыю, коўдру. А калі тата прыехаў у Віцебск да маці (іх хата была знішчана, у горадзе заставалася 168 чалавек, калі не памыляюся), тая пагадзілася: «Трэба табе ў армію...» І раптам тата ўбачыў, што да яго нагі прыляпілася газета з аб'явай пра набор у Мінскае мастацкае вучылішча. Быў маральны выбар: яму даверылі важную працу, а ён гатовы адмовіцца ад вайсковай службы ... Пайшоў і шчыра прызнаўся: «Хачу вучыцца». Яго адпусцілі. Тата заўсёды быў удзячны жыццю за тое, што яму трапляліся добрыя людзі. Ён паступіў у вучылішча, пры тым, што не меў належнай падрыхтоўкі.

Пасля марай і шчасцем для яго быў інстытут (вучыўся ён як графік). Любімым выкладчыкам быў Віталь Цвірко. І калі Шчамялёў атрымаў майстэрню, у якой да гэтага працаваў настаўнік і там засталіся некаторыя яго рэчы, тата пакінуў іх як напамін. Напрыклад, вялікі вазон з яркімі чырвонымі кветкамі. Аднойчы я прыйшла да таты ў майстэрню, хацела прыбраць ссохлыя лісткі, а ён мяне перапыніў: «Нічога не кранай! Гэта вазон Цвірко!..» У майстэрні Шчамялёва ні да чога нельга было дакранацца — ні палітру пасунуць, ні пэндзлі яго ўзяць, ні газетку прыбраць: гэта яго прастора, у якую нельга ўмешвацца, яго баявая зброя.

— А ці шмат у яго было сяброў у мастакоўскім асяроддзі?

— Яго сябрам быў скульптар Анатоль Анікейчык, які, на жаль, памёр у 56 гадоў. Таксама сябраваў з Аляксандрам Кішчанкам. Гэта было цікавае сяброўства, яны дапаўнялі адзін аднаго. Кішчанка быў цудоўны апавядальнік, вельмі артыстычны. Памятаю яго з дзяцінства, калі мы жылі па суседстве ў раёне вуліцы К. Маркса, ён да нас часта заходзіў. Я сядзела ў адным пакоі і прыслухоўвалася, пра што размаўляюць у другім. А там спрэчкі пра мастацтва вялі асобы, якія ўжо сталі легендарнымі, такія як Альгерд Малішэўскі. Разважалі пра нешта вялікае і важнае — магчыма, тады ўпершыню я пачула імёны славутых імпрэсіяністаў.

Насамрэч у таты было шмат сяброў з розных сфер. Напрыклад, Юрый Марухін, кінааператар, які здымаў стужку пра тату. Аднойчы ён нас з сяброўкай вадзіў на здымкі фільма «Магіла льва», дзе іграла легендарная Ніна Ургант. Гэта было, калі тата ўжо з намі не жыў, але ўдзельнічаў у нашым з сястрой жыцці. Мы ніколі не знікалі з поля яго зроку.

Леанід Шчамялёў — «Конь». Эскіз.

Наша маці зрабіла для гэтага ўсё: патлумачыла, што ён з намі не разводзіўся і застаецца нашым татам, працягвае нас любіць. Ён усё жыццё вельмі паважліва ставіўся да нашай мамы, прыходзіў у госці да яе ўжо нават у сталым узросце, віншаваў з днём нараджэння. Казаў мне: «Твая маці цудоўны, сумленны чалавек». І сапраўды, яна была музыкант, грала на акардэоне, хадзіла на працу. А ён здолеў сфарміравацца як мастак і асоба не ў малой ступені дзякуючы таму, што яна стварыла для гэтага ўмовы: мог дазволіць сабе не халтурыць, не спакушацца заробкамі грошай, каб выжыць, а займаўся пошукамі. Мастак Шчамялёў не ўзнік з ніадкуль, як гэта магло падавацца, калі пра яго раптам пачалі пісаць.

— А ў чым выяўляўся яго клопат пра вас?

— Калі я ў бацькоў была яшчэ адна, то ён мяне вельмі апекаваў, асабліва калі дома не было ні мамы, ні бабулі. Мне было гадоў пяць, калі тата аднойчы застаўся са мной. Я хварэла і не хацела есці. Дык ён апрануў мамін халат і нафарбаваў вусны — мне зрабілася вельмі смешна, і ён змог мяне накарміць. Памятаю, як з татавых рук атрымала ў падарунак першы гадзіннік з прыгожым бранзалецікам. Бацькоўская пяшчота выяўлялася і ў тым, як тата мяне маляваў.

Ёсць некалькі маіх партрэтаў, якія ён стварыў у розныя перыяды жыцця. Памятаю, калі была школьніцай, аднойчы сядзела побач, ён працаваў, а па радыё гучаў даклад Хрушчова. Тата заўсёды цікавіўся, што адбываецца навокал. У той жа час мог узняцца над будзённасцю і побытам. Мастацтва для яго было вышэй за ўсё. Бывала, сяджу каля яго, а ён распавядае, як з колерам працаваць... А ёсць у галерэі Шчамялёва цудоўны партрэт, дзе мая сярэдняя сястра Людачка з кніжкай, дзе напісана «Мастак». Я з удзячнасцю захоўваю партрэт 2005 года, напісаны, калі ў мяне быў складаны перыяд, — у ім святло нібыта ліецца з нябёсаў. Здаецца, тата такім чынам імкнуўся прыцягнуць дабро. Моманты, калі ён пісаў нас, я цяпер разумею як праяву яго любові — як жаданне ўхапіць імгненне і спыніць час, які мы праводзілі разам. Таму што калі ён пісаў, то жыў у прасторы палатна.

— Ці ўплываў на выбар прафесіі дачок?

— Я наогул не выбірала. Здаецца, што нарадзілася з мастацтвам. Пад уплывам маці вучылася ў музычнай школе — фартэпіяна, акардэон. І заўсёды малявала, пайшла ў мастацкую школу. Бацькі мяне не лаялі за двойкі, якія здараліся па дакладных навуках. Тата мог толькі стрымана сказаць: «Віншую...». А быў выпадак, калі я пабілася з хлопчыкам і перастала хадзіць у мастацкую школу — мне было сорамна. Тата даведаўся. Сядзеў хмурны, неяк безнадзейна спытаў, у чым прычына. І я зразумела, што прыйдзецца хадзіць — а пасля захапілася.

Леанід Шчамялёў — «Букет». Эскіз.

Тата нязмушана запальваў нас з Людачкай, якая стала жывапісцам з адметным бачаннем. Наша малодшая сястра Настачка, дачка Святланы Мікалаеўны, хоць і сышла ў іншую галіну, але таксама скончыла мастацкае вучылішча. Мне здаецца, што бацькі заўсёды вучаць сваім прыкладам. Ён ніколі не казаў, ці ганарыцца мной. Але калі ў мяне ў 2003 годзе была выстаўка, ён прыехаў паглядзець, як ствараецца экспазіцыя, а потым быў на адкрыцці. Я зразумела, што яму прыемна. А ў 2013 годзе ён ужо не здолеў наведаць маю выстаўку ў Музеі сучаснага мастацтва, мы ўсё адзнялі, паказалі. І ён сказаў: «Малайчына». Самы дарагі для мяне водгук.

— Якія ўрокі ад яго вы засвоілі?

— Трэба дабівацца таго, чаго хочаш. Гэта значыць, слухаць сябе, верыць у сваю ўласную справу. Ён бачыў свой шлях у творчасці, у гісторыях, у манеры пісаць, незалежна ад таго, хто што думае. Калі я яму казала, што мае работы крытыкуюць, ён пытаўся: «А сама ты як мяркуеш?» Казаў, каб я прыслухоўвалася да ўнутранага голасу. Бо былі людзі, якія выказвалі заўвагі, нават нягледзячы на яго ўзрост. Яму было балюча, але стараўся не паказваць выгляду. Тата як мастак быў розны ў залежнасці ад перыяду творчасці — пачынаў з рэалізму, але стыль яго мяняўся. Гучалі папрокі ў фармалізме, заўвагі, што піша праставата. Гэта ў час панавання сацрэалізму... Цяжкі быў перыяд, у яго тады з'явіліся праблемы з сэрцам. Доўга ляжаў у лякарні, але і там маляваў, бо ўсюды бачыў прыгажосць — і шчасліва выйшаў, пражыў яшчэ 20 гадоў, выяўляючы тое, што захапляла.

Бо што такое татавы работы? Гэта паветра, святло, адчуванне прасторы. Хто б што ні казаў, па сённяшніх мерках для мяне гэта ўсё ж рэльнасць, якую я бачу навокал. Іду па вуліцы — маляўнічы куточак Мінска, нібыта з карціны таты...

Я захаплялася бацькам — тым, што ў яго была свая дакладная лінія жыцця. І выдатная ўнутраная дысцыпліна, магчыма, з часоў службы ў кавалерыі. Штодня тата хадзіў на працу ў майстэрню да 11 гадзін, нават калі мог дазволіць сабе не працаваць. А калі чакаў некага, дасканала прадумваў свой выгляд — паважаў людзей і не цярпеў неахайнасці.

Быў шчаслівы, калі да яго прыходзілі вучні (выкладаў у школе імя Ахрэмчыка), якія ўжо сталі яго калегамі. Адна з вучаніц — Надзя Лівінцава — напісала цудоўны партрэт таты, які захоўваецца ў галерэі Шчамялёва. І Валодзя Крываблоцкі часта бываў у татавым доме. У таты была такая энергетыка, што з ім хацелася і размаўляць, і спрачацца. Ён дзяліўся ўспамінамі, бо ведаў многіх цікавых людзей. Бачыў Якуба Коласа ў жыцці і, я лічу, зрабіў адзін з найлепшых яго партрэтаў. Вельмі любіў беларускую літаратуру, Караткевіча. Паважаў Мулявіна (ёсць эскіз партрэта). Любіў, калі гучала мілагучная беларуская мова. Шчамялёў не заўсёды раскрываў усе свае грані. Быў больш глыбокі, чым магло здавацца.

Леанід Шчамялёў — накід. Эскіз.

— Ён належаў да пакалення, якое шмат вытрымала. У чым чэрпаў сілы?

— Асноўнай крыніцай сілы і шчасцем была праца, яна яго трымала на гэтым свеце. І ў яго заўсёды шклянка была напалову поўная. Тата бачыў найперш добрае. У цяжкія перыяды жыцця я тэлефанавала яму, ён умеў адразу пераключыць увагу на тое, пра што сапраўды варта думаць. Яго прыклад сведчыць аб тым, што жыццё цудоўнае, і што мы сюды прыйшлі для таго, каб удасканальвацца. Са мной назаўсёды яго фразы: «Чалавек павінен быць паранены прыгажосцю» і «Мастацтва прыносіць суцяшэнне».

Ад таты я атрымала адчуванне шчасця ад працы. Нібыта з гэтага свету сыходзіш у іншую прастору, якая цалкам належыць табе. Разумею гэта кожны раз, калі бягу з працы дадому, дзе чакае пачаты габелен...

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота з архіва Маргарыты ШЧАМЯЛЁВАЙ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.