Вы тут

Новая выстава Нацыянальнага музея прысвечана Году міра і стварэння


Квітнеюць сады... Голле згінаецца пад цяжарам сакавітых яблыкаў... Сям’я, прадстаўнікі розных пакаленняў, дружна збіраюць у сваім садзе ўраджай... Яркія плады, плён рупнай працы, упрыгожваюць стол... Вечны цыкл: семя — рост — квецень — пладанашэнне — завяданне — і зноў адраджэнне аб’яднаны стваральнай працай чалавека. Выстава «Плады Зямлі», якая адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі, прысвечана Году міра і стварэння. Каля чатырох дзясяткаў твораў розных перыядаў — ад XVIII да канца ХХ стагоддзя — дазваляюць дакрануцца да спаконвечнай мудрасці быцця: у аснове сусвету — прыгажосць і гармонія. Выстава прысвечана пладам зямлі як вынікам працы чалавека, боскім дарам, сімвалам любові і радасці. Нацюрморты, пейзажы, абразы, жанравыя карціны, партрэты, кераміка, скульптура...


Пачынаецца расповед з абраза XVIII стагоддзя «Маці Божая Пясковая» з царквы Святой Параскевы з вёскі Старыя Дзевяткавічы, што пад Слонімам. Паводле легенды, манах, які пісаў абраз, зрабіў толькі контур аблічча Маці Божай — і заснуў... А нараніцу пабачыў ікону завершанай, а ў руцэ немаўляці Хрыста быў яблык... Сімвал райскага саду. 

Зрэшты, «Райскі сад» — назва аднаго з раздзелаў выставы, які прадстаўляе тую пару года, калі зямля квітнее... Не проста сузіраеш прыгажосць — але і, здаецца, чуеш спевы птушак. Іншыя раздзелы — «Кветкі і плады», «Дыялог», «Жыццё на стале», «У стылі Сезана». Ужо з гэтых назваў вынікае інтэлектуальны, філасофскі складнік экспазіцыі і яе шматаблічнасць.

Увасабленнем шчодрасці беларускай прыроды, гасціннасці Беларусі даўно стала карціна Івана Хруцкага «Партрэт невядомай з кошыкам пладоў», якая таксама прысутнічае ў экспазіцыі і ўспрымаецца як сімвал пераемнасці ў беларускім мастацтве.

Розны настрой, розныя інтэрпрэтацыі... Радасць, якую дорыць сузіранне багатага ўраджаю... Настальгія, абуджаная яблыкамі са старога бацькоўскага саду... Містычныя роздумы, спароджаныя святам Дзяды... Працы Міхаіла Рагалевіча, Аляксандра Кішчанкі, Валянціна Волкава, Гаўрыіла Вашчанкі, Святланы Катковай, Валяр’яны Жолтак, Сяргея Цімохава ды іншых беларускіх майстроў падораць вам незвычайнае падарожжа ў свет мастацтва і роздуму. «Прадстаўленыя ў экспазіцыі творы прапануюць нам спыніцца, азірнуцца, прыгледзецца да дароў зямлі», — гаворыцца ў анатацыі выставы.

Паблукаць між дзівосных нацюрмортаў са спелымі пладамі, сцэн уборкі ўраджаю ды іншых сімвалаў стваральнасці можна да 5 сакавіка.

Людміла ІВАНОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?