Вы тут

У Кітаі адзначаюць свята ліхтароў


З нагоды свята ліхтароў («юаньсяацзэ», 15-ы дзень першага месяца па месяцовым календары), які сёлета выпаў на 5 лютага, у розных кутках Кітая ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы, звязаныя з народнымі звычаямі і традыцыямі, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».


Яшчэ ў Х стагоддзі ў Кітаі пашырыўся абрад запальваць у гэтую ноч маляўнічыя ліхтары. Звычайна ў цэнтры горада развешвалі мноства ліхтароў самых разнастайных формаў і памераў, падобных на розных жывёл, на кветкі і садавіну. У вёсках ладзіліся феерверкі, шэсці на хадулях, танцы драконаў, карагоды «янгэ», катанне на арэлях і іншыя імпрэзы. Свята ліхтароў завяршала сустрэчу Новага года. З ХІ стагоддзя яно стала ў Кітаі паўсюдным. 

У гэты дзень ядуць «юаньсяа», якія рыхтуюць з клейкага рысу з салодкім начыннем. У якасці начыння могуць выкарыстоўвацца ягады глогу, фінікі, фасоля, кунжут, шакалад і шмат чаго яшчэ. Юаньсяа маюць форму шарыка і сімвалізуюць шчасце дружнай сям’і. Гэта цікавая дэсертная страва мае і іншую назву — «таньюань», што па-кітайску гучыць як «сустрэча пасля расстання». Згодна павер’ю, калі сям’я ў гэты дзень пакаштуе разам салодкі юаньсяо, то яна будзе моцнай, дружнай і шчаслівай.

У наш час на свяце запускаюцца феерверкі, ладзяцца вулічныя тэатралізаваныя прадстаўленні, такія, як танец-карагод «янгэ» ці «львіны танец», танец з ліхтарамі, танец «лодкі на сушы», шэсце на хадулях. У гэты дзень прынята майстраваць свае ўласныя ліхтары, а таксама браць удзел на конкурсах самых разнастайных па сваёй канструкцыі і матэрыяле ліхтароў. Прынята разгадваць загадкі, напісаныя на ліхтарыках. Для гэтага кожны ахвотнік прымацоўвае да дна свайго ліхтара невялікую паперку са слушным адказам. Той, хто вырашыў паспрабаваць адгадаць загадку, абвяшчае свой варыянт і адрывае паперку з адказам і чытае яе ўслых. Калі ён адгадаў, то атрымлівае гасцінец.

Вядома, што ў гэты дзень паўсюдна развешваюць маляўнічыя вулічныя ліхтары, а калі настае цемра, то ў неба запускаюць нябесныя ліхтары. Бо ў пятнаццаты месяцовы дзень настае першая поўня ў новым годзе, гэта робіць відовішча яшчэ больш фантастычным. Ёсць вельмі прыгожае павер’е, што душы памерлых продкаў спускаюцца на зямлю, каб адзначыць са сваімі блізкімі і роднымі людзьмі свята Вясны (наступленне Новага года па месяцовым календары). І роўна праз 15 дзён, падчас свята ліхтароў, душы продкаў вяртаюцца назад, а мільёны ліхтарыкаў, запаленыя нашчадкамі, асвятляюць ім шлях на неба…

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?