Вы тут

На выставе да 100-годдзя Шчамялёва быў пагашаны канверт і прэзентаваны фільм


«Люстэрка эпохі» — так называецца выстава, якая 3 лютага адкрылася ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва да 100-годдзя мастака. У дзевяці залах прадстаўлена 150 карцін майстра, некаторыя з іх наведвальнікі убачаць упершыню. Эпіграфам экспазіцыі стала выказванне Леаніда Шчамялёва: «Усё, што я ўвасабляю ў халстах, — маё жыццё. Гэта гісторыя маёй Радзімы, гэта людзі, якіх я бясконца люблю, і — прырода, без якой не мыслю свайго існавання».


На ўрачыстае адкрыццё прыйшлі прадстаўнікі гарадскіх уладаў, міністэрстваў, грамадскіх арганізацый, блізкія і сябры Леаніда Шчамялёва, мастакі, скульптары, пісьменнікі, мастацтвазнаўцы, журналісты — карацей, усе, каму блізкая творчасць майстра. 

«Леанід Шчамялёў — гонар нашага горада» — лічаць прадстаўнікі Музея гісторыі горада Мінска, філіялам якога з’яўляецца персанальная галерэя мастака, якой, дарэчы, сёлета спаўняецца дваццаць год.

— Шчамялёў пісаў не толькі тое, што перажыў, ён пісаў будучыню. Калі вы пройдзеце па гэтых залах, убачыце, што Год міра і стварэння адлюстраваны на яго палотнах, — выказаў меркаванне начальнік упраўлення культуры Мінскага гарвыканкама Віталь Брэль.

На карцінах Леаніда Шчамялёва адлюстраваны важныя падзеі нядаўняй беларускай гісторыі, сведкам і ўдзельнікам якіх ён быў і сам — у часы Вялікай Айчыннай ваяваў на фронце, удзельнічаў у бітве на Курскай дузе... У яго працах, якія не заўсёды прымаліся афіцыйнай крытыкай з-за нефармальнага, шчырага падыходу — філасофская развага над чалавечымі каштоўнасцямі, якія застаюцца нязменнымі. Дабро і зло, каханне, стваральная праца, гістарычная памяць, пераемнасць пакаленняў. Першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада назваў Шчамялёва чалавекам-эпохай і агучыў прывітальны адрас ад міністра культуры Анатолія Маркевіча.

Важнай падзеяй мерапрыемства стала цырымонія гашэння канверта, прысвечанага народнаму мастаку Беларусі Леаніду Шчамялёву. Цяпер выява яго карціны разляціцца па ўсім свеце, папулярызуючы не толькі асобу самога мастака, але і нашу краіну, яе культурную спадчыну. У цырымоніі гашэння канверта прыняла ўдзел жонка Леаніда Шчамялёва Святлана, чыё аблічча мастак увекавечыў на многіх сваіх карцінах.

Яшчэ адзін уражлівы момант — перадпрэм’ерны паказ фільма «Леанід Шчамялёў. Усе адценні белага». Яго прадстаўляў дырэктар Студыі гістарычных фільмаў Уладзімір Бокун. Прысутныя ўбачылі кароткую, дваццаціхвілінную версію стужкі, цалкам яна будзе дэманстравацца ў лютым на канале АНТ. Літаральна ў дзень перад гэтай перадпрэм’ерай стужка яшчэ дазнімалася, таму што ў яе ўключаныя кадры пра падрыхтоўку выставы «Люстэрка эпохі». Стужка — частка праекта студыі, які называецца «Ад першай асобы», мэта яго — расповед пра выбітных людзей беларускай зямлі ад першай асобы, праз іх успаміны, дзённікі, праз словы блізкіх людзей. Малады рэжысёр Кацярына Шарамет, якая працавала над фільмам, зрабіла яго сапраўды выбітным і вельмі сучасным. Цікавая камп’ютарная графіка — творы мастацтва «ажываюць», пачынаюць размаўляць і каментаваць падзеі. Ёсць месца гумару, і вельмі шчымлівай, даверлівай інтанацыі. Гледачы і смяяліся, і не маглі стрымаць слёз. Завяршэнне прагляду скончылася дружнымі апладысментамі. Назва фільма ўзнікла ад таго факту, што белы быў адзін з галоўных, любімых колераў мастака. Яго дачка Маргарыта ўспамінае ў фільме, як бацька навучыў яе ў гэтым колеры бачыць увесь спектр вясёлкі.

Уладзімір Бокун заўважыў, што, хаця на Беларусі мала цалкам сонечных дзён, у кожнай карціне Шчамялёва свеціць сонца. І ў промнях гэтага сонца можна грэцца душой, наведваючы экспазіцыю.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.