Вы тут

Мы жывём па запаветах продкаў, часам нават не здагадваючыся пра гэта


Дух творчасці ў народа існаваў, існуе і, я перакананы, будзе існаваць. Без гэтага няма адчування паўнаты жыцця, — заўважае дырэктар музея стражытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Барыс Лазука. Мы разглядаем вітрыны з побытавымі рэчамі, звяртаем увагу на сальнічку, якую вясковы майстар выразаў з дрэва ў выглядзе качкі...


— А ці не абдзелены сучасныя дзеці: усё ж раней малыя раслі ў асяроддзі, дзе падобныя рэчы ствараліся рукамі тых, хто быў з імі побач? — асцярожна цікаўлюся ў Барыса Андрэевіча.

— Сапраўды, гэта праблема, але я б не хацеў абагульняць і катэгарычна заяўляць, што мы ўсё страцілі. Трэба разумець, што мы жывём у атачэнні іншых з'яў, прадметаў, рэчаў, ладу жыцця. У нас пачынае дамінаваць гарадская, а не вясковая культура. Хаця для беларусаў вясковае жыццё заўсёды было на першым месцы. Раней нават арыстакратычныя маёнткі знаходзіліся не ў гарадскім, а ў прыродным асяроддзі, паблізу тых фальваркаў, дзе жыло простае насельніцтва, вырошчваўся ўраджай. Можна згадаць і пра звычай, які атрымаў назву «дзядзькаванне», калі дзяўчынку з багатай сям'і разам з ахмістрыняй, якая яе апякала, а хлопчыка — з камердынерам, звычайна вайсковым чалавекам, адпраўлялі ў сельскія сем'і. І хлапчук, нягледзячы на тое, што ў сталым узросце будзе гаспадаром рознага дабра, якое ацэняць у мільёны, павінен быў ведаць першааснову. Яго маглі пакласці спаць на саломе, на лаве, ён гуляў у тыя ж гульні, што і вясковыя дзеці, спасцігаў асновы сялянскага побыту. Але цывілізацыя развіваецца па сваіх законах. Традыцыйную культуру, народную, ці звязаную з жыццём арыстакратыі, нельга проста ўзяць, рэаніміраваць і тое, што адбывалася ў ХVІІІ-ХІХ стагоддзях, прыўнесці ў наша жыццё. І тут ёсць небяспека забыцця. Палітыка дзяржавы якраз накіравана на тое, каб захаваць традыцыйную народную культуру. Важна, каб яна арганічна, цэльна ўваходзіла ў сучасную сістэму каштоўнасцяў. Тут ёсць мноства праблем. Традыцыйныя строі не пабачыш акрамя як на фестывалях і святах народнай культуры. Але цяжка ўявіць, што людзі, апранутыя ў падобныя ўборы, з'явяцца, напрыклад, у метро ці офісе. Гэта будзе выглядаць ненатуральна, штучна.

— Як зрабіць, каб інфармацыя, якую мы «счытываем» у музейных вітрынах, працах вучоных, уваходзіла ў наша паўсядзённае жыццё?

— Тут можна адзначыць традыцыю абвяшчэння года пад пэўным дэвізам, дзякуючы чаму робіцца вялікая справа. Абвяшчэнне пэўнай тэмы фарміруе аўру, уплывае на падзеі, якія адбываюцца не толькі ў сферы культуры, але і грамадска-палітычнай. І галоўным дэвізам у кожны з такіх гадоў становіцца зварот да памяці. Людзі пачалі шукаць адказы на пытанні, што такое «малая радзіма», «гістарычная памяць»? Напрыклад, мінулы год падвёў нас да таго, каб мы задумаліся пра падзеі, якія адбываліся і ў старажытнасці, і ў ХІХ стагоддзі, і ў савецкія часы. Глядзіце, як вырасла цікавасць да беларускіх арнаментаў, да сімволікі, няхай і прыдуманай у наш час, якой надзяляюць тыя ці іншыя элементы.

— Але калі б не гэтае новае «прачытанне» сучаснікамі народных узораў, можа, такой цікавасці да народнага касцюма і не ўзнікла б?

— Так, ён існаваў бы толькі ў музейных экспазіцыях, на фестывалях, рэканструкцыях народных свят. Больш за тое, калі ў грамадства не будзе шанавання помнікаў народнай культуры, яны будуць разглядацца як нешта аджытае, непатрэбнае, што можна выкінуць, знішчыць. Але калі на рэчы завязана памяць аб матулі, дзядулі, бацьку ці дзядзьку, якія яе рабілі, гэта ўспрымаецца зусім інакш. Я хачу звярнуцца да чытачоў «Звязды»: падумайце, паспрабуйце згадаць, ці існуюць у свеце яшчэ краіны, у якіх дзяржаўным святам з'яўляецца дзень шанавання продкаў? Людзі прыбіраюць могілкі, успамінаюць памерлых. Для беларусаў Радаўніца — абавязковая паездка на магілы продкаў, якімі б ні былі складанымі матэрыяльныя ці іншыя ўмовы. Гады, якія праходзяць пад пэўнымі дэвізамі, я перакананы, кансалідуюць нацыю ў культурным кантэксце, у культурнай памяці. Год міру і стварэння ўпісваецца ў гэту традыцыю. Памяць і зварот да жыцця продкаў, шанавання каштоўнасцяў, якімі яны жылі, аб'ядноўваюць нацыю. А што для беларусаў заўсёды было галоўным: мір і лад у сям'і, паміж бацькамі і дзецьмі, старэйшым і маладым пакаленнем, паміж суседзямі, мір на нашай зямлі. Паспрабуйце згадаць з урокаў гісторыі, ці праяўляла калі-небудзь Беларусь нейкую варожасць у адносінах да іншых народаў? Не знойдзеце такіх прыкладаў.

— Калі чалавек аздабляе сваё жыццё прыгожымі рэчамі, выбірае самыя маляўнічыя куткі для пабудовы сядзіб і палацаў, разбівае каля іх цудоўныя паркі і кветнікі, сваім дзецям з маленства прывівае любоў да зямлі, ці могуць у яго нашчадкаў узнікаць іншыя думкі, акрамя як падымаць свой край і рабіць яго прыгажэйшым?

— Разважаючы з пазіцыі вучонага, які займаецца вывучэннем матэрыяльнай культуры, у тым ліку арыстакратыі, помнікамі сакральнага мастацтва, хачу сказаць, што не ведаю прыкладаў, калі б у нейкіх помніках, у касцюмах, тканінах, побытавых рэчах нашых продкаў праяўляліся вобразы і сімвалы адмоўнага. Сялянскае жыццё ўвогуле не вымагала людзей займацца вайсковай справай. Гэта была выключна мірная, стваральная праца. У арыстакратычным асяроддзі існавала пэўная доля ўсведамлення, што мужчыну родам заклікана заступіцца за слабага. Калі мы глядзім на народныя касцюмы, перад намі паўстаюць вобразы цнатлівай дзяўчыны, годнай кабеты, мужчыны, які дбае пра згоду ў сям'і, пра дастатак. А возьмем арыстакратычны касцюм. Перад намі будзе мужчына-заступнік, які аберагае свой род, сваіх бацькоў і дзяцей, сваю жонку, наогул усіх жанчын. Успомніце касцюм, у якім адкідныя рукавы закідваліся на плечы (так званыя «вылёты»). На поясе вісела шабля. На галаўным уборы магла быць каштоўная брошка, прышпільвалася сакалінае пяро. Павязваўся слуцкі пояс. А цяпер уявіце, як такі чалавек выглядаў у паланэзе, калі кланяўся жанчыне, цалаваў ёй руку. Вось ён нахіляецца да жанчыны, рукавы і канцы пояса апускаюцца долу і нават пяро на шапцы кланяецца жанчыне. Арыстакраткі былі вартыя сваіх мужоў, бацькоў. Калі мужчыны былі на вайне, выступалі ў ролі заступнікаў сваёй дзяржавы, жанчыны дакладалі ім пра справы ў гаспадарцы, пісалі, якім варта заняцца рамонтам. Яны не толькі клапаціліся пра сваіх дзяцей, але і дбалі пра будучыню. Пасля маглі ісці радкі пра тое, як жанчыне не хапае падтрымкі мужа, яго шчырасці і сілы. Такія ж лісты мы можам пачытаць і ад жанчын 1941—1945 гадоў. Гэта ўласцівасць славян. Роля жанчыны заўсёды была высокай. Нездарма казалі, што мужчына — галава, а жанчына — шыя.

Пачытайце радкі са статутаў ВКЛ. Там асобная група артыкулаў была звязана з абаронай жанчыны і яе дзяцей ад усяго: ад злых людзей, ад вар'ята-мужа, ад незразумела трактаванага закона. Была тая частка маёмасці, якая перадавалася жанчыне як пасаг. І яе муж не меў права на гэта пасягнуць. У нас зараз існуе так званы мацярынскі капітал. Але яшчэ ў XVІ—XVІІІ стагоддзі існавала паняцце мацярызны — якраз таго капіталу, які жанчына прынесла ў новую сям'ю, і толькі яна магла яго перадаць сваім дзецям. А мы нават не задумваемся, што жывём тымі ж каштоўнасцямі.

— Атрымліваецца, культура з'яўляецца падмуркам для развіцця грамадства?

— Паглядзіце на нашы традыцыі этыкету, як мы сябе паводзім, на што арыентуемся. Часам бабуля ўшчувае непаслухмяных унукаў: «Бачыў бы вас дзед». Гэта пасыл да нашых продкаў, асуджэнне ад іх і ад суседзяў — найвышэйшы суд. Этыкет — таксама частка нашай памяці. Яе нельга прывіць прышчэпкай ці лозунгам. Гэта павінна быць у ладзе жыцця. На святочны калядны стол мы кладзём сена ці салому — тое, што вырасла на лузе, было сабрана працавітымі людзьмі. У такія дзеянні нашы продкі закладалі глыбокі сэнс. На свята мы наліваем кілішак гарэлкі і кладзём на яго лустачку хлеба — для нашых прашчураў, якія назіраюць за намі. Гэта зноў памяць пра мінулае, і яна арганічна ўваходзіць у наша жыццё. Нельга выхаваць грамадзяніна, працаўніка, выдатнага інжынера ці педагога з чалавека, які жыве без такой памяці, без думак: а што скажуць пра мяне людзі. Вось яно, адчуванне міру і ладу. І ў гэтым годзе мы павінны стаяць за тое, каб мір быў ва ўсім — нашым жыцці, поглядах, эмоцыях, пачуццях. На жаль, з развіццём новых тэхналогій паступова нам прывіваюцца нейкія іншыя каштоўнасці. Праз розныя элементы — адзенне, вечарынкі, фільмы. Часам за прыгожай абгорткай мы атрымліваем і вельмі небяспечныя пасылы. Многія фільмы і рэчы прапагандуюць культ насілля. Мы, як вучоныя, займаемся і пытаннямі культурнай бяспекі. Проста забаронай на пэўныя фільмы і з'явы тут нічога не вырашыш. Мы павінны фарміраваць у нацыі той ген, той антывірус, які будзе выстаўляць заслону адмоўнаму ўплыву.

— Традыцыйная культура, дзе з кожным абрадам праз пакаленні перадаваліся пэўныя ідэі, каштоўнасці, можа фарміраваць такі імунітэт? Магчыма, яшчэ ў дзіцячым садку пры знаёмстве малых з абрадамі, рамёствамі, арнаментамі можна вучыць іх разважаць, выбіраць: што добра, а што — дрэнна?

— Так, і вывучэнне традыцый — гэта незвычайна шырокі абсяг для спазнання. Напрыклад, чаму ў нас у такой пашане ручнік? Гэта не толькі побытавая рэч, каб выціраць рукі і твар — ён выконвае многа розных функцый, выкарыстоўваецца ў абрадах. Чаму не проста тканінай, а ручніком упрыгожвалі выяву Маці Божай і святых? Чаму самае дарагое, хлеб і соль, неслі на ручніку? Чаму ручнік з'яўляўся ўвасабленнем здольнасці, годнасці, вартасці маладой дзяўчыны, якая выходзіла замуж, паказвала, як умее ткаць і вышываць? Хіба не цікава знаходзіць адказы на гэтыя пытанні? Ва ўсім закладаліся добрыя ідэі. Тую ж папараць-кветку на Купалле шукалі дзеля шчасця, дзеля міру, дзеля згоды. Увесь лад жыцця быццам падводзіў чалавека да засваення памяці. Дзеці бачылі, як бацькі працавалі і сустракалі святы, і разумелі, што ім таксама трэба так рабіць. Нашы продкі фарміравалі і назапашвалі памяць, якая перадавалася ў звычаях, абрадах, казках, песнях, матэрыяльных формах.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.