Вы тут

Новы ўзровень якасці жыцця вяскоўцаў забяспечвае сучасная дарога


Дарога, што злучае два аграгарадкі — Дзмітравічы і Хадасы, асабліва той яе ўчастак кіламетра ў паўтара, да пясчанага кар'ера, — заўсёды была для мясцовых жыхароў праблемай. Грузавікі кожны дзень ходзяць да кар'ера і назад, яшчэ — транспарт сельгаспрадпрыемства, адным словам, машыны разбівалі шлях так, што ў прамым сэнсе было не прайсці, не праехаць, асабліва ў сезон дажджоў. Легкавікі буксавалі, а пешаход мог пераадолець адлегласць ад адной вёскі да другой толькі ў гумовых ботах. Бягучыя рамонты давалі часовы эфект.


Старшыня Дзмітравіцкага сельвыканкама Вячаслаў Русакевіч паказвае дарогу на Хваянаўку.

Асабліва цярпелі жыхары вёскі Унучкі. Скаргі сыпаліся ў выканкамы розных узроўняў, службовыя асобы добрасумленна запісвалі змест званкоў на прамыя лініі, затым пісалі адказы, з якіх вынікала, што дарога — у планах. Калі нарэшце тыя планы набылі абрысы канкрэтных спраў і на ўчастак зайшла тэхніка будаўнічага ўпраўлення, людзі ўздыхнулі з палёгкай. Дарогу заасфальтавалі.

Паводле слоў старшыні Дзмітравіцкага сельскага Савета Вячаслава Русакевіча, карэннае паляпшэнне дарогі адназначна ўзняло на прыступку якасць жыцця людзей з навакольных вёсак. Тыя ж Унучкі набылі новы віток у сваім развіцці. Гэта прыпушчанская вёска засталася амаль без сталых жыхароў па натуральных прычынах. Тут і раней набывалі ўчасткі, куплялі старыя хаты гараджане. А цяпер, калі ёсць добрая дарога, працэс пайшоў яшчэ хутчэй.

— За апошнія два гады многа зроблена ў паляпшэнні мясцовых дарог, — гаворыць кіраўнік мясцовай улады. — Асабліва вялікі аб'ём работы прыйшоўся на 2021 год, калі ў нас праходзілі раённыя дажынкі. Тады заасфальтавалі каля 10 кіламетраў дарог і вуліц. Работу прадоўжылі і ў 2022 годзе. Вось, скажам, адрэзак даўжынёй у 2,9 кіламетра на дарозе Трасцяніца — Свішчава — Вайская — Галоўчыцы пасля пракладкі асфальтавага пакрыцця зрабіў даступным для ўсіх відаў транспарту новы малочнатаварны комплекс, а яшчэ палепшыў камунікацыі да ўсіх названых вёсак. Заадно паэтапна паляпшалася дарога з Дзмітровічаў на Асіннікі. Асфальтавалі па меры фінансавання: спачатку кавалак 745 метраў, потым 550 метраў, затым яшчэ. І за год аднавілі дарогу працягласцю 1436 метраў. Для нас гэта асабліва важна. Вялікая частка сельсавета размешчана фактычна на тэрыторыі Белавежскай пушчы, якая штогод прыцягвае падарожнікаў з усіх напрамкаў. На нашай тэрыторыі, напрыклад, знаходзіцца 16 аграсядзіб, далёка не кожны раён сёння можа пахваліцца такой колькасцю падобных аб'ектаў. А дарога служыць візітоўкай, як не круці. Першае, што бачыць перад сабой госць, — дарога. Ну і пра якасць жыцця я ўжо згадваў, дарога — перадумова усяму. Ці трэба казаць, што па добрай дарозе без праблем пры неабходнасці можа дабрацца хуткая дапамога, транспарт аддзела па надзвычайных сітуацыях, гандлёвая арганізацыя з прадуктамі?

Далей старшыня сельвыканкама запрашае паглядзець новы ўчастак дарогі ў напрамку з Дашэвічаў на Хваянаўку. Нейкі час едзем па знакамітай аб'язной дарозе вакол Белавежскай пушчы, затым паварочваем на Хваянаўку. Наперадзе шлях перабягае маладая казулька — пушчанскія насельнікі тут адчуваюць сябе камфортна. Пад лютаўскім дробным дажджом (2 лютага. — Аўт.) дарога паблісквае адносна новым асфальтам.

«У планах было такое ж пакрыццё на ўчастку Абрамава — Макавішча, — тлумачыць старшыня, — але планы скарэкціравалі, і пакуль работа па пракладцы асфальту была адкладзена, у планах на гэты год значыцца рамонт пясчана-гравійнага пакрыцця названага ўчастка працягласцю 2,3 кіламетра».

Усе работы па паляпшэнні дарог выконвае Высокаўскае ДРБУ-137. Яны ж займаюцца і бягучым, ямачным рамонтам. Зімой, калі здаралася некалькі дзён снегападаў на нашай тэрыторыі, дарогі расчышчалі даволі аператыўна, на сігналы мясцовай улады рэагавалі своечасова.

— Вядома, хацелася б, каб наўкола быў асфальт, але ж у нас 29 населеных пунктаў, у 13 з іх пражывае да дзесяці чалавек. І мы разумеем, што ў першую чаргу паляпшаюцца ажыўленыя, запатрабаваныя шляхі. Астатнія падтрымліваюцца ў здавальняльным стане бягучымі рамонтамі.

Анатоль Багацееў, намеснік старшыні Камянецкага райвыканкама:

— Па тэрыторыі нашага раёна праходзіць 640 кіламетраў мясцовых дарог, а таксама 179 кіламетраў вуліц населеных пунктаў. З 2017 года працуем па іх паляпшэнні ў рамках праграмы «Дарогі Беларусі». За мінулы год пракладзена 9 кіламетраў новага асфальта-бетоннага пакрыцця, а таксама на 21 кіламетры праведзены бягучы рамонт. Дарэчы, пад канец года былі дабаўлены сродкі на ўказаныя мэты, за кошт гэтага атрымалася палепшыць больш дарог, чым запланавалі першапачаткова. Летась таксама быў праведзены капітальны рамонт моста на дарозе Ратайчыцы — Млыны — Алешкавічы.

На гэты год рамонт намечаны на ўчастках агульнай працягласцю ў 19 кіламетраў. Замест гравійкі з'явіцца асфальт на ўчастку 2,1 кіламетра дарогі Каралін — Кунаховічы, затым на такім жа ўчастку — Камянец — Мартынюкі — Пруска. На дзвюх дарогах — Турна Вялікая — Дзямянчыцы і Гарадзішча — Хадосы —
будзе праведзена павярхоўная апрацоўка, якая дазваляе пры з'яўленні трэшчын абараніць дарожнае палатно ад далейшага разбурэння. Гэта апрабаваная часам тэхналогія падразумявае разліў вязкай масы з далейшым уезджваннем. Такім чынам будуць апрацаваны пэўныя ўчасткі дарог. А, напрыклад, на дарозе Вярховічы — Капылы — Каралін (1,7 кіламетра) з'явіцца асфальт, як і на 2,9 кіламетра дарогі Камянец — Трасцяніца — Лышчыцы — Воўчын. Плануем рамонт гравійнага пакрыцця на пад'ездзе да вёскі Сарава. Будзе абсталявана не менш за пяць аўтобусных прыпынкаў. Ну, і бягучы рамонт грунтавых дарог, ямачны рамонт — штодзённыя клопаты.

Новы ўчастак дарогі Трасцяніца — Свішчава — Вайская — Галоўчыцы.

Паводле інфармацыі камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Брэсцкага аблвыканкама, на ўтрыманне і рамонт дарог Брэсцкай вобласці ў 2023 годзе з розных крыніц фінансавання будзе накіравана 160 мільёнаў рублёў. З абласнога бюджэту на гэту работу выдзяляеца 76,5 мільёна. Мяркуецца адрамантаваць не менш за 215 кіламетраў мясцовых дарог і 6 мастоў. Чатыры аварыйныя масты перабудуюць на водапрапускныя трубы.

Акрамя гэтага, з рэспубліканскага дарожнага фонду Брэсцкай вобласці будзе выдаткавана каля 30 мільёнаў рублёў. У асноўным гэтыя сродкі будуць накіраваны на рэканструкцыю вуліц. Вулічную сетку абновяць у Брэсце, Баранавічах, Бярозе, Ганцавічах, Драгічыне, Іванаве, Лунінцы, Ляхавічах, Пінску, Пінскім раёне.

Каб рух па мосце не перакрываць

Сёлета ў Лунінцы плануюць пачаць капітальны рамонт пуцеправода праз чыгунку. Праект рыхтуе РУП «Брэстаўтадар». Спецыялісты гэтай арганізацыі будуць займацца і будаўнічымі работамі.

Варта адзначыць, што мост пакуль знаходзіцца ў здавальняльным стане. Але ўзведзены ён у 1986 годзе. Праз гэты мост ідзе асноўны ўезд у горад з аўтадарогі М10, мост фактычна раздзяляе горад на дзве часткі, іх сувязь асабліва важная з пункту гледжання мікрараёнаў новай забудовы. Калі ж яго не рамантаваць загадзя і ён зробіцца аварыйным, такая сітуацыя памяняе ўсё жыццё горада, і не ў лепшы бок. Адна палова райцэнтра, па сутнасці, акажацца аддзеленай ад другой, аб'езд складзе каля 20 кіламетраў.

«Работы плануецца пачаць у сярэдзіне года, — паведаміў намеснік старшыні Лунінецкага райвыканкама Сяргей Чарненка. — Капітальны рамонт прадугледжана правесці за 18 месяцаў у тры этапы. Пры гэтым частка моста будзе перакрытая, а на другой арганізуюць двухпалосны рух. Як гэта было, напрыклад, пры рэканструкцыі Кобрынскага моста ў Брэсце напярэдадні 1000-гадовага юбілею горада. Такі спосаб забяспечвае рамонтныя работы і бесперапынны рух адначасова».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Камянецкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?