Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Незалежнасць судовай сістэмы ўзмацняецца


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу са Старшынёй Вярхоўнага Суда Валянцінам Сукалам. Кіраўнік дзяржавы цікавіўся развіццём судовай сістэмы ў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся меркаваннем Валянціна Сукалы наконт работы з тымі, хто жадае вярнуцца на Радзіму. 


Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёлета адзначаецца 100-годдзе Вярхоўнага Суда Беларусі. Ён нагадаў, што калісьці «замахнуліся» на чарговую рэформу судовай сістэмы. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся яе вынікамі. «Падыходзім да Усебеларускага народнага сходу. Суды выведзеныя наверх, калі так казаць па-народнаму, пад УНС. Незалежнасць судовай сістэмы такім чынам узмацняецца», — адзначыў беларускі лідар. Таксама ён спытаў, ці не былі тут дапушчаны тыя ці іншыя памылкі. Па яго словах гэта вельмі важна, асабліва, улічваючы, што суд падымаецца да Усебеларускага народнага сходу.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як у Вярхоўным Судзе развіваецца інстытут апеляцыі, улічваючы вопыт эканамічных судоў. Працягнулася тэма і даклада генеральнага пракурора — работа з грамадзянамі, якія хочуць вярнуцца на Радзіму. «Па законе мы прымаем у судах шмат рашэнняў па пакаранні тых, хто ўчыніў адпаведныя злачынствы. Па людзях, якія знаходзяцца тут. Як гэта стыкуецца, ці няма тут супярэчнасцей?» — пацікавіўся Прэзідэнт. Ён таксама звярнуў увагу на судовыя разборы спраў, якія знаходзяцца ў яго на кантролі. 

Валянцін Сукала падкрэсліў, што судовая сістэма ў цэлым адпавядае ўсім канстытуцыйным патрабаванням, якія да яе прад’яўляюць. «Яна спакойна рэагуе на ўсе выклікі і пагрозы, асвойвае тыя аб’ёмы правасуддзя, якія сёння ў яе ёсць. Разам з тым яна не стаіць на месцы, працягвае ўдасканальвацца, рэфармавацца. Першыя вынікі праведзенай рэформы ўжо відавочныя. Так удала супала, што судовая рэформа па часу супала з канстытуцыйнай. Мы завяршылі трэці этап судовай рэформы, і якраз падаспела канстытуцыйная рэформа. І гэта атрымала замацаванне на самым высокім канстытуцыйным узроўні», — сказаў Старшыня Вярхоўнага Суда.

Якасць правасуддзя паляпшаецца

Валянцін Сукала расказаў журналістам, што па выніках судовай рэформы, у першую чаргу, палепшылася арганізацыя работы судоў. «Калі мы ўвялі аўдыёзапіс судовых паседжанняў (а зараз будзем весці і відэазапіс), судовыя працэсы сталі зусім іншымі: менш канфліктнымі, больш строгімі. Яны больш дакладна адпавядаюць закону. Удзельнікі працэсу сябе стрымліваюць. Практычна не стала скаргаў на паводзіны суддзяў, на парушэнне правілаў судовага працэсу. Гэта зрабіла правасуддзе і публічным, і ў той жа час больш прымірэнчым», — адзначыў ён. На крарысць пайшла і лічбавізацыя судовай сістэмы. Гэта дало магчымасць кантраляваць з Мінска арганізацыю работы кожнага раённага суда. «І мы адразу бачым эфектыўнасць работы кожнага суда за нейкі перыяд, нават за адзін дзень. Мы практычна на 40% скарацілі колькасць адкладаў, перапынкаў, пераносу судовых паседжанняў. Гэта значыць правасуддзе стала больш эканамічным, аператыўным, сучасным», — заявіў Валянцін Сукала. Па першых выніках судовай рэформы больш як удвая скарацілася колькасць абгрунтаваных скарг на арганізацыю работы судоў.

«Можа быць, крыху павольней, чым хацелася б, паляпшаецца якасць правасуддзя, але тут гэта звязана з укараненнем новых форм судаводства, гэта значыць пераходам на апеляцыю, увядзеннем дадатковай стадыі судовай касацыі. Гэта патрабуе, канешне, яшчэ адаптацыі. Але на шляху да гэтага ўжо сур’ёзна паляпшаецца якасць работы апеляцыйных інстанцый. Гэта значыць сёння апеляцыйныя інстанцыі, не вяртаючы справу на новы судовы разгляд, самі фактычна завяршаюць правасуддзе, выносяць рашэнне, — растлумачыў Валянцін Сукала, заўважыўшы, што гэта паскарае працэс правасуддзя, робіць яго больш сучасным, зразумелым і эканамічным. Але, ён падкрэсліў, што не ўсе недахопы ўдалося ўстараніць: «У апеляцыйным парадку абскарджваюцца не так шмат судовых рашэнняў: у крымінальным правасуддзі гэта толькі 20 працэнтаў прыгавораў, у эканамічным правасуддзі — 12 працэнтаў рашэнняў, у грамадзянскіх спрэчках — 5 працэнтаў, а ў адміністрацыйных справах — усяго 1%. Такім чынам, асноўная маса спраў застаецца па-за полем зроку вышэйстаячых судоў. Яны таксама патрабуюць дадатковай праверкі.Для гэтага ўводзіцца такая стадыя, як касацыйны разгляд». 

Старшыня Вярхоўнага Суда звярнуў увагу, што апошнія заканадаўчыя змены на канстытуцыйным узроўні замацавалі асноўныя палажэнні судовай рэформы і ўзнялі яе статус. Упершыню ў гісторыі беларускага правасуддзя Вярхоўны Суд атрымаў канстытуцыйны статус як вышэйшы судовы орган і як орган, які ўзначальвае сістэму агульных судоў.

Кажучы аб рабоце з тымі, хто хоча вярнуцца на Радзіму, Валянцін Сукала падкрэсліў, што зараз крыху ўзрасло паступленне крымінальных спраў экстрэмісцкай накіраванасці. «Мы, суды, у першую чаргу зацікаўлены, каб такіх спраў было ўсё-ткі менш. Калі нейкая частка з іх не будзе даходзіць да суда, а будзе спыняцца на дасудовай стадыі, думаю, гэта можна толькі вітаць. Вядома, калі гэтыя людзі раскаяліся ў зробленым, пакрылі шкоду, папрасілі прабачэння», — адзначыў ён. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».