Вы тут

Чым цікавы Партызанскі раён — месца флагманаў беларускай прамысловасці?


Партызанскі раён Мінска з'яўляецца адным з самых маладых муніцыпальных утварэнняў горада. У мінулым годзе яму споўнілася 45 гадоў. Аб тым, наколькі важную ролю ён выконвае ў развіцці Мінска, якіх працоўных дасягненняў дабіліся яго прамысловыя прадпрыемствы, як змяняецца сацыяльная інфраструктура, карэспандэнту «Звязды» расказаў кіраўнік адміністрацыі раёна Валерый Вараніцкі.


— Валерый Віктаравіч, у кожнага раёна Мінска ёсць свая адметнасць, што называецца, свая разынка. У чым, на ваш погляд, заключаецца асноўнае адрозненне Партызанскага раёна ад іншых муніцыпальных утварэнняў сталіцы?

— Адным з галоўных адрозненняў нашага раёна я лічу наяўнасць вялікай колькасці ўстаноў адукацыі розных тыпаў, частка якіх занятая падрыхтоўкай кадраў для прамысловых прадпрыемстваў горада. А гэта, як разумееце, залог паспяховага эканамічнага развіцця не толькі горада, але і дзяржавы ў цэлым.

Сёння сістэма адукацыі ў раёне налічвае 62 установы ўсіх тыпаў: 29 дашкольных устаноў, 11 сярэдніх школ, 2 гімназіі і спецыяльная школа для дзяцей з парушэннем слыху. На тэрыторыі раёна сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі хачу выдзеліць спецыялізаваны ліцэй МУС, дзе штогод падрыхтоўку праходзяць будучыя абаронцы і сапраўдныя патрыёты краіны.

У Партызанскім раёне размяшчаецца 9 каледжаў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Нашы каледжы рыхтуюць спецыялістаў для асноўных прадпрыемстваў, такіх як Мінскі трактарны завод, маторны, электратэхнічны, «Белкамунмаш». Спецыфіка раёна такая, што прадпрыемствы з'яўляюцца пляцоўкай як для праходжання практыкі, так і для першых працоўных месцаў выпускнікам. Цесна супрацоўнічаем у плане падрыхтоўкі кадраў.

У раёне чатыры вышэйшыя навучальныя ўстановы: акадэмія сувязі, лінгвістычны ўніверсітэт, міжнародны экалагічны інстытут імя А. Сахарава, філіял расійскага эканамічнага ўніверсітэта імя В. Пляханава. Да пачатку новага навучальнага года ўведзены ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту новы лабараторны корпус БДУ — інстытут Сахарава, дашкольная ўстанова № 242 на трактаразаводскім пасёлку, сучасны стадыён сярэдняй школы № 87 пасля рэканструкцыі, будынак гандлёвага каледжа таксама пасля капітальнага рамонту.

Асноўнай задачай для сябе бачым стварэнне адпаведных умоў для адукацыйнага працэсу. У раёне сёння вучацца каля 30 тысяч дзяцей, навучэнскай і студэнцкай моладзі. А гэта — наша будучыня!

— Партызанскі раён — месца засяроджвання флагманаў беларускай прамысловасці і іншых прадпрыемстваў. Які ўклад у эканоміку горада яны ўнеслі па выніках 2022 года?

— Прамысловы комплекс раёна ў 2022 годзе прадстаўлены 23 прамысловымі арганізацыямі.

За студзень — кастрычнік 2022 г. выраблена прамысловай прадукцыі на суму 4184,6 млн руб., або 25 % усіх аб'ёмаў вытворчасці прадпрыемстваў г. Мінска. Згадзіцеся, вельмі важкая лічба! Тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі адносна мінулага года склаў 140 працэнтаў.

Удзельная вага запасаў гатовай прадукцыі прамысловых арганізацый раёна ў сярэднямесячным аб'ёме вытворчасці на 01.11.2022 склала 67 працэнтаў. Суадносіны экспарту тавараў і аб'ёмаў вытворчасці прадукцыі прамысловых арганізацый склалі 60,9 працэнта.

Прамысловымі арганізацыямі адгружана інавацыйнай прадукцыі на суму 1768,3 млн руб., удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў аб'ёме, адгружанай па раёне, склала 45,0 %, або каля паловы адгружанай прадукцыі прадпрыемстваў прамысловага комплексу г. Мінска.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг у цэлым па раёне за студзень — верасень 2022 г. склала 7159,9 млн руб. з тэмпам росту 130,7 працэнта. У цэлым па раёне на 1.10.2022 атрыманы чысты прыбытак у памеры 383,5 млн руб.

Што датычыцца намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы, то за студзень — кастрычнік яна склала 2171,5 рубля, або 111,8 % да аналагічнага перыяду 2021 г. Дадам, што сярэдняспісачная колькасць работнікаў раёна за студзень — кастрычнік 2022 г. у раёне склала 58 574 чалавекі.

— Наколькі паспяхова развіваецца сацыяльная інфраструктура раёна? Што зроблена ў гэтым плане за апошні час?

— Сапраўдным падарункам для жыхароў Партызанскага раёна стала ўвядзенне ў эксплуатацыю новага будынка дзіцячай паліклінікі па вул. Даўгабродскай, 39.
Гэты аб'ект мае для нас асаблівую важнасць, больш за 10 гадоў дзеці туліліся ў будынку цэнтральнай раённай паліклінікі № 14. А цяпер у іх цэлы палац, так адзначыў Прэзідэнт нашай краіны, які 3 чэрвеня 2022 года ўрачыста адкрыў дзіцячую паліклініку ў Партызанскім раёне.

Фота: planetabelarus.by

У нашым раёне шмат сацыяльных аб'ектаў. Акрамя паліклінік, 6-й гарадской клінічнай бальніцы плануецца будаўніцтва новага прыёмнага аддзялення траўматалагічнага корпуса. Рашэнне Мінгарвыканкама ёсць, праект распрацаваны. Дадам, што да 2025 года будзе ўведзены ў эксплуатацыю гарадскі наркалагічны дыспансер па вул. Карвата.

Жадаем пашырыць магчымасці нашага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: падабраны дадатковыя плошчы для арганізацыі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў з уладкаваннем майстэрняў па працоўнай рэабілітацыі.

Партызанскі раён мае добрую спартыўную інфраструктуру: гэта цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па плаванні і сінхронным плаванні, спартыўна-юнацкія школы па тэнісе і пяцібор'і. Мы, дарэчы, вельмі ганарымся нашай выхаванкай Арынай Сабаленкай!

У гэтым годзе выкананы капітальны рамонт уваходнай аркі аднаго з любімых месцаў адпачынку мінчан — парку імя Горкага. А развіццё і абнаўленне сеткі гандлю, атракцыёнаў у парку адбываецца ўвесь час.

— Як у раёне ідзе будаўніцтва жылля? Якія новыя аб'екты ў хуткай будучыні з'явяцца на яго тэрыторыі?

— Генеральным планам г. Мінска і праектамі дэталёвага планавання ў найбліжэйшай перспектыве прадугледжана будаўніцтва больш як 450 тыс. кв. метраў жылля ў мікрараёне Сцяпянка (у межах вуліц Карвата і Геалагічнай), таксама ў межах вуліц Сталетава, Запарожскай, Філімонава, у мікрараёне трактаразаводскага пасёлка (у межах вуліц Клумава, Шчарбакова, Чабатарова), на вуліцах Захарава і Андрэеўскай.

У 2022 годзе ўведзены ў эксплуатацыю два жылыя дамы (139 кватэр) для шматдзетных сем'яў у раёне вул. Чабатарова, Клумава, Шчарбакова. Працуе камісія па прыёмцы ў эксплуатацыю яшчэ двух жылых дамоў для тых, хто мае патрэбу. З'явяцца новыя дамы ў мікрараёне Дражня — па вул. Солтыса (126 кватэр) і на вул. Андрэеўскай (88 кватэр). Ажыццяўляецца будаўніцтва двух жылых дамоў на камерцыйнай аснове (5 кватэр для шматдзетных) у раёне вул. Карвата, 8а.

— Адным з прыярытэтаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі з'яўляецца паляпшэнне ўмоў жыцця для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Што ствараецца ў гэтым плане?

— У адпаведнасці з індывідуальнай праграмай рэабілітацыі інваліды, якія маюць патрэбу, забяспечваюцца тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі. Набыты гусенічны травалатар для перамяшчэння інвалідаў у пад'ездах жылых дамоў, дзе немагчыма стварыць безбар'ернае асяроддзе. У мінулым годзе мы ў шасці дамах абсталявалі пандусы і пад'ёмнікі, два з іх удалося выканаць дадаткова за кошт эканоміі бюджэтных сродкаў.

У тэрытарыяльным цэнтры абслугоўвання насельніцтва адкрыта аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, а таксама аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых грамадзян. Працуюць гурткі і спартыўныя секцыі. Мы з увагай ставімся да праблем і з разуменнем іх вырашаем.

— Што ў хуткім часе будзе зроблена для павышэння якасці жыцця грамадзян і ўпрыгожвання тэрыторыі раёна?

— У 2022 годзе для жыхароў Партызанскага раёна абсталяваны дзве экасцежкі ў мікрараёнах «Сцяпянка» і «Дражня». Выдатныя зоны для сямейнага адпачынку і аматараў здаровага ладу жыцця. У 2023 годзе на тэрыторыі раёна УП «Зелянбуд Партызанскага раёна г. Мінска» будзе працягнута азеляненне і добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Акрамя гэтага, будуць наладжаны дзве зоны адпачынку ў парку «Антонаўскі» і ў парку імя А. Герасіменкі. У гэтых зонах для камфортнага адпачынку будуць устаноўлены лаўкі, пабудаваны дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, устаноўлены МАФ.

Таксама для павышэння эстэтычнага ўзроўню нашай любімай сталіцы і ў рамках кветкавага афармлення раёна дадаткова будуць устаноўлены кветкавыя кашпо на агароджах уздоўж вуліц Ванеева, Даўгабродскай, В. Казлова, А. Кашавога, Ф. Скарыны, Сталетава і С. Ваўпшасава.

Сяргей РУЧАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.