Своеасаблівы люты ў нас атрымліваецца. То прымарозіць, то адпусціць і амаль адліга. На гэтым тыдні ў нас чакаецца снег, мокры снег, дажджы і туманы, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У аўторак у многіх раёнах краіны прагназуецца кароткачасовы мокры снег. На асобных участках дарог — галалёдзіца. А вось у сераду будзе пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай месцамі прагназуюцца слабыя туман і шэрань. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 5—12 градусаў, пры праясненнях — 13—17 марозу, па паўднёвым захадзе — 3—4 градусаў ніжэй за нуль. Днём тэмпература паветра будзе вагацца ад мінус 5 градусаў да 2 цяпла.
У сераду ў фарміраванне надвор'я ўмяшаецца грэбень антыцыклону, які сфарміруецца ў халоднай паветранай масе. Паказанні барометраў будуць актыўна расці, у аблоках з'явяцца ўстойлівыя прасвятленні, ападкі спыняцца, але ў начныя гадзіны тэмпература паветра панізіцца.
У чацвер чакаецца надвор'е пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай месцамі будуць слабыя туман і шэрань. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы — ад 3 марозу па паўночным захадзе да мінус 12 градусаў па паўднёвым усходзе краіны. Пры праясненнях у Гомельскай і Магілёўскай абласцях будзе 13—15 марозу. Удзень тэмпература паветра складзе ад мінус 4 да плюс 2 градусаў.
У ноч на пятніцу грэбень высокага ціску яшчэ будзе ўтрымліваць свае пазіцыі, а вось у ранішнія гадзіны на тэрыторыю нашай краіны прарвуцца атмасферныя франты, якія да канца тыдня будуць прыносіць усё новыя порцыі ападкаў, надвор'е стане пахмурным, у Беларусь вернецца еўразіма. Маразы пойдуць на спад, а ападкі зноў пачнуць выпадаць у выглядзе снегу і мокрага снегу, па паўднёвым захадзе — кароткачасовы дождж.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пятніцу ноччу будзе пераважна без ападкаў, а раніцай і днём на большай частцы краіны пройдуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, па паўднёвым захадзе магчымы дождж. Месцамі будзе слабы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 4 да 9 марозу, пры праясненнях — да мінус 12 градусаў. Тэмпература днём будзе ад мінус 5 градусаў да 2 цяпла.
У суботу на большай частцы краіны чакаюцца ападкі (снег, мокры снег, па паўднёвым захадзе магчымы дождж). У асобных раёнах магчымыя слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 0 да 7 марозу, пры праясненнях — да мінус 10 градусаў. Днём слупок тэрмометра можа вагацца ад мінус 4 градусаў да 2 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Крыху больш чым 2 % беларусаў ужо маюць біяметрычныя дакументы.
Адна з галоўных прыкмет, што вясна прыйшла, — змешаны з першымі водарамі акрыялай прыроды апетытны дымок.
Літаральна днямі ў населеным пункце пачнецца маштабная работа чарговага народнага патрыятычнага праекта.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.