Вы тут

Губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік правёў прэс-канферэнцыю


Паводле слоў губернатара, даход абласнога бюджэту летась вырас на 19 працэнтаў. Гэта дазволіла выканаць усе сацыяльныя абавязацельствы і павялічыць фінансаванне інвестпраграм. Год можна лічыць паспяховым і па прыцягненні замежных сродкаў. Іх аб'ём склаў 225 мільёнаў долараў, з якіх пераважная большасць — гэта прамыя замежныя інвестыцыі. Многія інвестары ўкладваюць свае грошы ў далейшае развіццё праектаў і пашыраюць бізнес.


Фота: прэс-служба аблвыканкама.

У кожным раёне плануецца рэалізаваць па адным значным інвестпраекце — у галіне дрэваапрацоўкі, лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, нафтахіміі.

Нягледзячы на эканамічныя санкцыі, станоўчае сальда гандлю вырасла. Гэта значыць, што санкцыі вывелі прадпрыемствы на іншыя рынкі збыту. Зараз стаіць задача захаваць гэту тэндэнцыю і працягваць асвойваць новыя кірункі.

Упор на індывідуальнае жыллё

Сёлета запланавана пабудаваць 465 тысяч кв.м жылля, з іх 155 тысяч — з дзяржпадтрымкай.

Павялічыцца будаўніцтва арэнднага жылля, якое будзе выдзяляцца ў першую чаргу работнікам бюджэтных сфер — урачам, педагогам — для замацавання маладых спецыялістаў. Таксама ў прыярытэце прадстаўнікі сілавога блока і шматдзетныя сем'і. Плануецца, што сёлета 1600 такіх сем'яў палепшаць свае жыллёвыя ўмовы.

Губернатар падкрэсліў, што акцэнт будзе зроблены на развіццё індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. Пад малапавярховую забудову тыпа таўнхаўс плануецца адвесці 175 тысяч «квадратаў». Паралельна ў новых мікрараёнах будзе ўзводзіцца сацыяльная інфраструктура — школы, дзіцячыя садкі, паліклінікі, дарогі.

Медыцына — у прыярытэце

На фінансаванне галіны выдаткоўваецца 26 працэнтаў бюджэту.

Адзін з самых важных аб'ектаў — анкадыспансер, будаўніцтва якога вядзецца ў абласным цэнтры. Сёлета плануецца ўвод першай чаргі — радыелагічнага аддзялення. Закуплена высокатэхналагічнае абсталяванне. Хутка служба пачне прымаць пацыентаў, якія пакуль праходзяць курсы прамянёвай тэрапіі ў іншых рэгіёнах

Рыхтуецца праект будаўніцтва новай бальніцы ў Гродне. Гэта будзе сучасная ўстанова, якая забяспечыць даступнасць самых запатрабаваных відаў медыцынскай дапамогі.

Вырашаецца пытанне па выдаткаванні сродкаў на мадэрнізацыю фтызіятрычнага дыспансера. Плануецца пачаць работы ўжо сёлета, каб частку палат перавесці на новыя плошчы. Гэта дазволіць не зніжаць даступнасць медыцынскай дапамогі і забяспечыць дастойны ўзровень знаходжання пацыентаў.

У цэлым мадэрнізацыя ахопіць многія ўстановы аховы здароўя рэгіёна. У горадзе атамшчыкаў — Астраўцы — замест старой бальніцы з'явіцца сучасная паліклініка. Капітальны рамонт чакае бальніцу ў Карэлічах і паліклініку ў Навагрудку. А вось жыхары мікрараёна Паўднёвы ў Гродне змогуць наведваць новую паліклініку, будаўніцтва якой завяршаецца.

Бязвіз і мясцовы збор

Бязвізавы ўезд для грамадзян суседніх краін, які быў уведзены летась, даволі станоўча паўплываў на эканоміку рэгіёна. Даходы ад турыстычных паслуг выраслі на 85 працэнтаў, што склала 12 мільёнаў долараў. Права на бязвіз атрымалі не толькі турыстычныя групы, але і асобныя грамадзяне. Такім чынам, летась рэгіён наведалі больш за 3 200 чалавек, што ў 10 разоў больш, чым у папярэднім 2021 годзе. І гэта лічба расце.

Паводле слоў губернатара, значна папоўніў бюджэт вобласці мясцовы збор за перасячэнне мяжы. За паўтара года ён склаў 21 мільён рублёў. Гэтыя сродкі былі накіраваны на ліквідацыю наступстваў, звязаных з пандэміяй каранавіруса, а таксама на фінансаванне ўстаноў аховы здароўя. Між тым, мясцовы збор, які быў адноўлены з 1 лютага ў памеры адной базавай велічыні, ніяк не паўплываў на паток турыстаў.

Культурная спадчына

У вобласці актывізавалася работа па аднаўленні архітэктурных помнікаў. Цалкам прайшлі рэканструкцыю Мірскі і Лідскі замкі. Працягваюцца работы ў замках Крэва і Навагрудка. Вядзецца маштабная рэканструкцыя Старога замка ў Гродне. Нядаўна тут былі адкрыты для наведвальнікаў тры інтэр'ерныя залы, на чарзе яшчэ адна — самая раскошная.

Шэраг аб'ектаў праходзяць рэканструкцыю ў рамках прыватна-дзяржаўнага партнёрства. Інвестар уцягвае іх у гаспадарчую дзейнасць — адкрываюцца кафэ, музеі, гасцініцы. Як адзначыў Уладзімір Каранік, прыкладам такога партнёрства з'яўляецца палацава-паркавы комплекс у Свяцку, дзе вядзе работы санаторый «Азёрны». Мяркуецца, што сёлета аб'ект прыме першых турыстаў. Дарэчы, падыходы да рэканструкцыі аб'ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі спрасціліся, што дазволіць больш актыўна ўцягваць іх у гаспадарчы абарот.

Ці будзе слон?

Губернатар запэўніў, што будзе.

Вось ужо 20 год, як у Гродзенскім заапарку чакаюць слана. Менавіта столькі часу прайшло з тае пары, як не стала тут слана Сурака, якога прывезлі з нямецкага Лейпцыга ў 60-ыя гады. Па словах Уладзіміра Караніка, пытанне па слане абмяркоўвалася падчас наведвання ім заапарка ў канцы года. Праўда, ёсць пытанне па сланоўніку, бо памяшканне патрабуе дапрацоўкі. Мяркуецца, што гэта будзе зроблена ўжо сёлета. Што датычыцца слана, перагаворы аб яго набыцці неаднаразова вяліся, і была дасягнутая пэўная дамоўленасць, але давесці справу да канца не атрымалася. Між тым, зараз ёсць некалькі варыянтаў, якія даюць падставу спадзявацца, што слон з'явіцца ў заапарку ўжо сёлета. Абласныя ўлады гатовы аказаць у гэтым пытанні неабходную падтрымку.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.