Вы тут

Лукашэнка: Нашай банкаўскай сістэме дастаткова свабоды, каб не плесціся ў хвасце падзей


Удасканаленне заканадаўства па пытаннях банкаўскай дзейнасці абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. І як звычайна, першае пытанне ад кіраўніка дзяржавы да спецыялістаў: навошта, каму трэба і ці трэба гэта зараз. Ён падкрэсліў, што не трэба ісці шляхам рэкамендацый, якія дадзены ў мінулым стагоддзі. Напрыклад, аб тым, што банкі павінны быць дзяржавай у дзяржаве, павінны быць абсалютна незалежнымі...«Няма ў свеце нічога незалежнага, усе адзін ад аднаго залежаць — і арганізацыі, і ўстановы.... Нашай банкаўскай сістэме дастаткова свабоды, каб не плесціся ў хвасце падзей і каб разам з урадам працаваць на эканоміку». — падкрэсліў беларускі лідар. 


Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння банкі, Нацыянальны банк — гэта не бухгалтэрыя ўрада, як калісьці лічылі. «Урад у нас адказвае за эканоміку. Банкаўская сістэма і банкі — гэта крывяносная сістэма эканомікі. Ну, паспрабуйце аддзяліць гэтую крывяносную сістэму ад эканомікі», — адзначыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на неабходнасць сачыць за тым, каб не было разбалансаванасці. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што разгляд змянененняў заканадаўства датычна банкаўскай сістэмы не азначае, што банкаўская сістэма працуе дрэнна і яе нарматыўная база патрабуе кардынальнага перагляду. «Ва ўмовах санкцый банкі прадэманстравалі ўстойлівасць, забяспечылі захаванасць зберажэнняў, правядзенне разлікаў і акумуляванне рэсурсаў для крэдытавання. Летась дзякуючы каардынацыі дзеянняў Нацыянальнага банка і ўрада ўдалося паскорыць пераарыентацыю экспарту, падтрымаць прадпрыемствы абаротнымі сродкамі, прафінансаваць найважнейшыя для краіны інвестпраекты», — сказаў ён.

Але існуюць і праблемныя пытанні. Прэзідэнт канстатаваў, што катэгарычна не задаволены работай урада і банкаў па рашэнні пытання з праходжаннем плацяжоў падчас знешнегадлёвых аперацый. «Мы быццам бы прадукцыю можам паставіць і іншае... Гэта ў бліжэйшы час мы разгледзім. Банкі і ўрад зробяць справаздачу, як яны працуюць па плацяжах. Проста трэба ўпірацца і працаваць», — заявіў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што спецыялістам Нацыянальнага банка і іншым банкам трэба падключыцца да рашэння праблемы праходжання плацяжоў. «Гэтай праблемы быць не павінна. Яе няма: мы проста абы-як працуем. І асобныя нашы прыватнікі паказваюць, як трэба працаваць», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Пэўныя змены наспелі»

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў нашай краіне забяспечана абарона інтарэсаў укладчыкаў. Беларусь — ледзь не адзіная краіна ў свеце, якая гарантуе насельніцтву поўнае вяртанне ўкладаў незалежна ад сумы і валюты ў выпадку эканамічнай неплацежаздольнасці банка. «Але жыццё не стаіць на месцы. Развіваюцца тэхналогіі, узнікаюць новыя выклікі ў сферы адмывання даходаў, больш вынаходлівым становіцца кібермахлярства, будуецца новая сістэма ўзаемаразлікаў, у тым ліку ў міжнародным гандлі. Словам, пэўныя змены наспелі. Я баюся забягаць наперад, але мне здаецца, што хуткім часам у свеце з’явіцца новыя магутныя валютныя саюзы з новай рэзервнай валютай», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларускі і расійскі бакі своечасова дамовіліся аб збліжэнні банкаўскага заканадаўства ў інтарэсах суб’ектаў гаспадарання. Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што беларусы павінны працаваць з расійскімі калегамі па банкаўскай сферы выключна ў інтарэсах суб’ектаў гаспадарання. 

Прэзідэнт нагадаў па свае даручэнне органам дзяржаўнага кіравання і кантролю прааналізаваць работу банкаўскай сістэмы і ўнесці свае прапановы па карэкціроўцы банкаўскага заканадаўства. «Некаторыя навацыі ўжо прайшлі апрабацыю на практыцы — Нацыянальны банк замацаваў іх сваімі рэкамендацыямі і прапануе рэалізаваць на сістэмнай аснове ў рамках прававога поля. Толькі тое, што нам патрэбна. Аднак я вырашыў сабраць спецыялістаў вас, каб яшчэ раз пераканацца ў тым, што новаўвядзенні прынясуць карысць. Бо на разгляд выносіцца асноўны нарматыўна -прававы акт», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што людзі павінны ведаць, якія змены плануюцца. Ці не засталося нейкіх непрапрацаваных, шэрых, не дай бог, «цёмных» месцаў.

«Беларусь — сацыяльная дзяржава. Правілы эканамічнай дзейнасці павінны зыходзіць з прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці, аднолькава адназначна тлумачыцца і безумоўна выконвацца. Выключэнняў для нейкіх сфер, у тым ліку банкаўскай, няма і не будзе. У рэгулятара павінны быць усе неабходныя рычагі ўплыву ў фінансавай галіне, у тым ліку для пакарання нядбайных банкаў рублём і іншым, — сказаў Прэзідэнт. — У наш час асабліва важна, каб усе галіны ўлады, органы дзяржаўнага кіравання працавалі ў цесным звязку. Толькі разам можна забяспечыць мабілізацыю рэсурсаў на найважнейшых напрамках устойлівага развіцця эканомікі».

Кіраўнік дзяржавы папрасіў не раслабляцца. Ён падкрэсліў, што Расію спрабуюць уразіць дадатковымі санкцыямі. А каб не было шляхоў адыходу, Беларусь дадатковымі санкцыямі будуць не проста палохаць, а таксама «забяспечваць». Па яго словах, ключавую ролю ў вырашэнні звязаных з гэтым пытанняў павінны адыгрываць банкі і Нацыянальны банк як рэгулятар усёй банкаўскай сістэмы.

Аляксандр Лукашэнка падсумаваў, што па выніках нарады павінны быць дадзеныя канчатковыя і аргументаваныя адказы на пытанні: як новаўвядзенні паўплываюць на работу банкаўскай сістэмы і ці патрэбныя яны ўвогуле, ці адпавядаюць гэтыя навацыі запытам грамадзян і нацыянальнай эканомікі? Таксам кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэба адказаць на пытанне, ці ўсе пытанні інтэграцыйнага парадку дня Саюзнай дзяржавы ў частцы банкаўскай сферы будуць закрыты абноўленым Кодэксам? 

«Усе інтэграцыйныя праекты ў банкаўскай сферы з Расіяй павінны быць нам выгадныя. Гэта наш крытэрый», — падсумаваў беларускі лідар. 

Актуалізацыя банкаўскага заканадаўства ідзе «ад жыцця»

З дакладам аб асноўных напрамках удасканалення банкаўскага законадаўства выступіў старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Павел Каллаўр. Па яго словах, актуалізацыя Банкаўскага кодэкса была праведзена з мэтай удасканалення прававога поля, у якім працуюць Нацыянальны банк і банкі. Неабходнасць яго карэкціроўкі абумоўлена змяненнямі макраэканамічнага асяроддзя і агульнага дзяржаўнага заканадаўства, інтэграцыйнымі працэсамі, а таксама дынамічным развіццём інфармацыйных тэхналогій у банкаўскай сферы. Прадстаўленая рэдакцыя праекта Банкаўскага кодэкса — вынік сумеснай работы Нацыянальнага банка, урада, Камітэта дзяржаўнага кантролю і іншых зацікаўленых арганізацыяй і ведамстваў. «Прапанаваныя змяненні можна ўмоўна падзяліць на два блокі. Першы блок — гэта ініцыятывы макраэканамічнага характару. Другі — накіраваныя на рэгуляванне дзейнасці банкаў». — расказаў Павел Калаўр. 

Сярод прапанаваных змен асобна можна вылучыць блок заканадаўчых ініцыятыў макраэканамічнага характару. Прапануецца ў дадатак да мэты «падтрыманне цэнавай стабільнасці» замацаваць другую мэту — «забеспячэнне фінансавай стабільнасці», а таксама норму аб садзейнічанні ўстойліваму эканамічнаму развіццю краіны. «З прававога пункту гледжання гэта дасць магчымасць упарадкаваць адказнасць і паўнамоцтвы на забеспячэнне фінансавай стабільнасці, а таксама ўдакладніць ключавыя напрамкі дзейнасці Нацыянальнага банка. Эканамічны эффект — узрасце накіраванасць грашова-крэдытнай палітыкі на фарміраванне спрыяльнага асяроддзя для ўстойлівага развіцця эканомікі», — растлумачыў кіраўнік Нацбанка Другая ініцыятыва звязана з удасканаленнем прававога механізму забеспячэння фінансавай стабільнасці. Гэтай нормай вызначаюцца статус Нацыянальнага банка як дзяржаўнага органа, адказнага за забеспячэнне фінансавай стабільнасці ў банкаўскай і іншых рэгулюемых ім сферах, а таксама комплексныя падыходы да забеспячэння фінансавай стабільнасці. 

У Нацыянальным банку перакананы, што ў цэлым рэалізацыя прапанаваных норм дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць грашова-крэдытнай палітыкі, а таксама яе ўзгодненасць з агульнаэканамічнай палітыкай. Акрамя таго, гэта будзе садзейнічаць выкананню абавязацельстваў беларускага боку па саюзнай праграме па арганізацыі грашова-крэдытнай палітыкі і макрапрудэнцыйнага рэгулявання.

Змены, якія плануюць унесці ў банкаўскае заканадаўства, накіраваныя на рэгуляванне дзейнасці банкаў. Вялікая частка з іх звязана з абаронай правоў спажыўцоў банкаўскіх паслуг і выключэння празмернай фінансавай нагрузкі на крэдытаатрымальніка. Для гэтага, па-першае, уводзіцца забарона на ўстанаўленне ў крэдытных дагаворах умоў аб выплаце працэнтаў у павышаным памеры, абмяжоўваюцца памеры штрафаў; па-другое, устанаўліваецца пералік выпадкаў, пры якіх банк мае права патрабаваць датэрміновага вяртання крэдыту; па-трэцяе — вызначаецца разумны тэрмін для датэрміновага вяртання крэдыту (не раней як тры месяцы з дня паведамлення фізічнай асобе).

«Гэта норма мае сацыяльную накіраванасць, а яе рэалізацыя дасць магчымасць узмацніць прававую абароненасць спажыўцоў фінансавых паслуг», — заявіў Павел Калаур.

Для далейшага развіцця інструментаў і механізмаў па фінансаванні знешнегандлёвых аперацый у праекце Банкаўскага кодэкса замацавана норма аб кааперацыях банкаўскага, гандлёвага фінансавання. Гэтая навацыя накіравана на пашырэнне магчымасцей экспартнага фінансавання і зніжэнне рызык знешнегандлёвых аперацый айчынных прадпрыемстваў. 

Таксама ўнесена прапанова аб устанаўленні кваліфікацыйных патрабаванняў да дзелавой рэпутацыі службовых асоб, якія выконваюць ключавыя функцыі ў банку, замацаваць абавязак «праходжання імі ацэнкі адпаведнасці такім патрабаванням».

«Гэтая ініцыятыва грунтуецца на правапрымяняльнай практыцы і накіравана на выключэнне магчымасці абыходу патрабаванняў заканадаўства. Яе замацаванне ў Банкаўскім кодэксе дасць магчымасць не дапусціць выпадкаў кіравання банкамі асоб, якія не прайшлі ацэнку адпаведнасці кваліфікацыйным патрабаванням і патрабаванням дзелавой рэпутацыі», — растлумачыў Павел Калаур.

Сярод навацый — прапанова прадаставіць Нацыянальнаму банку права абмежаваць ліцэнзійныя паўнамоцтвы банка ў выпадку неаднаразовага парушэння патрабаванняў аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам. Адпаведная норма змяшчаецца і ў заканадаўстве Расійскай Федэрацыі. 

Кіраўнік дзяржавы па выніках нарады ў цэлым ухваліў прапанаваныя навацыі. Разам з тым ён даручыў дапрацаваць асобныя палажэнні, «дашліфаваць» дакумент і ў бліжэйшы час унесці яго на разгляд у парламент. Па словах Паўла Калаўра, Банкаўскі кодэкс — гэта верхнеўзроўневы профільны дакумент. Неабходная дэталізацыя і канкрэтызацыя асобных норм будзе аператыўна забяспечана ў адпаведных тэматычных законапраектах і падзаконных актах. 


У тэму

Законапраект накіраваны на ўмацаванне фінансавай сістэмы

Пасля нарады ў Прэзідэнта старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Людміла Ніжэвіч расказала журналістам, што навацыі ў заканадаўстве аб банкаўскай дзейнасці прадугледжваюць у тым ліку зніжэнне фінансавай нагрузкі на крэдытаатрымальнікаў. Яна падкрэсліла, што гэтыя навацыі адпавядаюць патрабаванням часу. Многія прапановы накіраваны на ўзмацненне абароны грамадзян. Напрыклад, прадугледжваецца зніжэнне фінансавай нагрузкі на крэдытаатрымальнікаў, змяншэнне для іх штрафных санкцый. Вызначаецца пералік выпадкаў, калі ўзгодненыя рашэнні, якія датычацца крэдытавання, выносяцца банкамі сумесна з фізічнымі асобамі. «У цэлым законапраект накіраваны на ўмацаванне фінансавай сістэмы і супрацьстаянне тым выклікам, якія сёння стаяць перад краінай», — падсумавала Людміла Ніжэвіч.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец, падкрэсліла, што прапанаваныя навацыі вельмі важныя для эканомікі і грамадзян. Напрыклад, прапанова аб змяншэнні штрафных санкцый. «Бываюць выпадкі, калі банкі пры затрымцы выплаты крэдыту на 1-2 дні выстаўляюць штрафныя санкцыі вялікіх памераў. У абноўленым Банкаўскім кодэксе ўжо рэгулююцца і дакладна вызначаюцца выпадкі, калі банк можа прад’яўляць штрафныя санкцыі. Для насельніцтва вось гэта вельмі важная навацыя. Тонкасці мы будзем яшчэ абмяркоўваць», — растлумачыла яна. 

Таццяна Рунец расказала, што ў Савет Рэспублікі паступаюць звароты ад грамадзян з прапановай зрабіць безумоўнай магчымасць датэрміновага пагашэння спажывецкіх крэдытаў — без згоды на тое банка. Гэтае пытанне таксама ўважліва разглядаецца пры рабоце над новым Банкаўскім кодэксам.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.