Вы тут

Вядро ў калодзежы і літара ў прозвішчы. За кадрам адной камандзіроўкі


Гадоў колькі таму на тэлебачанні была рубрыка «За кадрам», у ёй карэспандэнты дзяліліся інфармацыяй, якая не ўваходзіла ў рэпартажы і іншыя перадачы. Часам яна выглядала забаўнай, іншы раз — павучальнай, а то і праблемнай. Вось і ў мяне пасля адной з камандзіровак шмат што засталося ў нататніку.


Адваротны бок прамых ліній таксама ёсць. Пра аматараў пісаць скаргі, званіць на прамыя лініі могуць расказаць ці не ў кожным раёне. Іншыя ўжо і не аматары гэтай справы, іх можна аднесці да «прафесіяналаў». Раней я, здаецца, расказвала, як адзін вясковец званком на прамую лінію райвыканкама вярнуў з маршруту аўтакраму. Паводле яго сцверджання, тая сышла вельмі хутка, ён не паспеў атаварыцца. Гандлёвую машыну прымусілі вярнуцца. Задаволены пакупнік набыў пляшку таннага віна і характэрным жэстам адпусціў машыну пад рогат аднавяскоўцаў. Круг для аўтакрамы склаў 30 кіламетраў.

Нядаўняя гісторыя не вызначылася фінансавымі выдаткамі за кошт спаленага бензіну, парушэннем графіка абслугоўвання. Усё куды больш сціпла. Але ж... У адной кабеты ўпала вядро ў калодзеж. Хто карыстаецца калодзежам, ведае, што так бывае. Тады гаспадар бярэ прыладу, у нашай вёсцы тое прыстасаванне называлі кошкай, апускае ў студню ды дастае вядро. Калі ў каго патрэбнай рэчы не акажацца, той ідзе да суседа. Наша гераіня ж патэлефанавала ў сельсавет. Там, мякка кажучы, здзівіліся. Тады яна заявіла, што будзе звяртаццца ў райвыканкам і далей па інстанцыях, пакуль пытанне не вырашыцца. Старшыня прыкінуў, што адпісвацца і адказваць на ўсе сігналы, якія паступяць зверху, адніме шмат часу, ну і паехаў ды выняў вядро з калодзежа. На што старэнькі дзядок, аднавясковец тае гаспадыні, заўважыў: «Нахабства — другое шчасце».

Варта сачыць за парадкам у дакументах, інакш рызыкуеш трапіць у гісторыю, зусім не прыемную. У нашых вёсках, як вядома, зносяць старыя дамы, якія папярэдне прызнаюць нічыйнымі. Такой работай і займалася мясцовая ўлада ў адной з маленькіх вёсак, дзе днямі давялося быць. Бабуля, якой належала закінутая хата, як вынікала з дакументаў, даўно памерла, нашчадкаў яна не мела. Патрэбныя паперы сабралі, перадалі ў суд, каб атрымаць рашэнне і пусціць пад бульдозер нічыйную пабудову. Але рашэнне не прымалася, запытваліся ўсё новыя звесткі. І тут высветлілася амаль неверагоднае. Аказалася, што на вуліцы ў суседніх дамах пражывалі дзве жанчыны — поўныя цёзкі: супалі прозвішчы, імёны і імёны па бацьку. Толькі даты нараджэння адрозніваліся. І бабулька, хату якой збіраліся знесці, на той момант была жывая і здаровая, шмат гадоў пражывала ў дзяцей у Расіі. Ёй і накіравалі пісьмо з запытам пра лёс пабудовы. А каб знеслі, а яна прыехала ды прад'явіла прэтэнзіі?

Пасля таго як мне расказалі пра блытаніну ў дакументах уласнікаў дамоў, крыху па-іншаму паглядзела на гісторыю пенсіянера з Брэстчыны, пра якую шмат пісалі, паказвалі па ТБ. У пашпарце і іншых дакументах яго імя пісалася Светаслаў, а ў працоўнай кніжцы некалі запісалі Святаслаў. У выніку грамадзяніну адмовілі ў налічэнні пенсіі, нягледзячы на 40 гадоў працоўнага стажу. Тая справа вырашылася на карысць працаўніка, але ж колькі нерваў і здароўя яму каштавала. Калі чытала першы раз, палічыла службовых асоб, якія адмаўлялі, мякка кажучы, не надта чулымі, справядлівымі, чалавечнымі. А цяпер і задумалася, у іх, несумненна, былі падставы адмовіць. Чалавеку варта было раней выправіць дакументы, прывесці іх да адзінага выгляду.

Задача для парламентарыяў з многімі невядомымі. У гэтую вёску мы прыехалі, каб пацікавіццца, як гараджане набываюць участкі і старыя дамы. Вяскоўцы ўзнялі тэму шматдзетных сем'яў. Ім, як вядома, будуюць кватэры ў райцэнтрах, што спрыяе адтоку рабочых рук з сельскай мясцовасці. Гэтая праблема вядомая, яе не раз абмяркоўвалі на розных узроўнях. А тут людзі звярнулі ўвагу на яшчэ адзін аспект у кантэксце шматдзетных сем'яў. У названай вёсцы шмат цыганскага насельніцтва. Яны ўсе шматдзетныя і вельмі актыўна карытаюцца льготнымі крэдытамі, сямейным капіталам, які пускаюць на будаўніцтва жылля. Старшыня райвыканкама на сельскім сходзе тым, хто выказваў незадаволенасць такім суседствам, сказаў, як адрэзаў: «Яны такія ж грамадзяне краіны, як і мы з вамі, і могуць карыстацца льготамі ў рамках законаў». «Усё так, — сказаў наш суразмоўнік. — Але ж іх бясплатнае жыллё забяспечваецца нашымі агульнымі падаткамі, яны ж найчасцей афіцыйна нідзе не працуюць, а льготамі карыстаюцца». І тут ёсць пытанне.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.