Вы тут

Тры суды за хату без даху


Пасля ўступлення ў сілу 27 верасня 2021 года Указа № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў ў сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі» купіць дамок у вёсцы сапраўды становіцца прасцей нават таму, хто не мае вялікіх грошай. Трэба толькі не ленавацца сачыць за інфармацыяй на сайтах, цікавіцца ў выканкамах, і мара пра сваю сядзібку ў вёсцы можа стаць рэальнасцю.


Фота носіць ілюстратыўны характар. Фота Анатоля Клешчука.

Гэта калі трэба купіць. А вось калі стаіць задача процілеглая — прадаць, як з гэтым? Якія праблемы даводзіцца вырашаць, якія падводныя камяні сустракаюцца, карэспандэнт газеты пацікавілася ў Тэвельскім сельскім Савеце Кобрынскага раёна. Названы сельсавет не назавеш аддаленым, ад Брэста да Тэўляў нейкія семдзесят кіламетраў. Але ёсць свая спецыфіка названай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі: у склад яе ўваходзіць 21 населены пункт. Шэраг вёсак можна аднесці да катэгорыі так званых паміраючых, дзе засталося пражываць адзін-два-тры чалавекі. Асабліва хутка згасае жыццё ў той частцы сельсавета, што мяжуе ажно з трыма раёнамі: Пружанскім, Жабінкаўскім, Камянецкім. Населеныя пункты тут дажываюць свой век.

Скажам, у вёсцы Навасёлкі, якая размешчана ў глухім закутку, наводдаль ад дарог, пастаянна пражывае толькі адна бабуля. Пустыя хаты гадамі стаяць недагледжаныя, зарастаюць хмызняком, спадчыннікі імі не надта цікавяцца. Сёлета ў дачыненні да некалькі дамоў з названай вёскі сельвыканкам пачынае працэдуру прызнання іх безгаспадарчымі. Але пра гэта крышку пазней.

Летась на тэрыторыі сельсавета знеслі дзевяць дамоў, зямлю ўвялі ў севазварот. На гэты год планы яшчэ большыя. Старшыня Тэвельскага сельскага Савета Іна КУЗНЯЦОВА сказала, што працаваць у гэтым кірунку па Указе № 116 стала прасцей, чым раней, але ж праблем і цяжкасцяў хапае. І звязаны яны найперш са стаўленнем спадчыннікаў да сваёй нерухомасці. Здараецца, што яны нічога не робяць на бацькоўскай сядзібе, але і расстацца з ёй не спяшаюцца. Як вядома, прызнаць дом безгаспадарчым па-ранейшаму можа толькі суд.

На першым этапе сельвыканкам збірае звесткі пра хату, якая стаіць больш за тры гады без выкарыстання, агляд праводзіць спецыяльна скліканая камісія. Далей у работу ўключаюцца адпаведныя службы райвыканкама. Вядзецца пошук патэнцыяльных спадчыннікаў. Іх інфармуюць аб магчымым прызнанні пабудовы безгаспадарчай. На гэтым этапе яны могуць заявіць правы і, што важна, узяць на сябе абавязацельствы па прывядзенні ў парадак сядзібы ды пабудоў. Калі ахвотных узяцца за работу ў вызначаны тэрмін не знаходзіцца, дакументы накіроўваюцца ў суд, які прымае рашэнне.

— Працэдура даволі складаная і працяглая, — расказвае Іна Кузняцова. — Па адным з такіх дамоў, трухлявым і напаўразбураным, судовыя пасяджэнні праводзіліся аж тры разы. На першым судзе свае правы заявіў спадчыннік і сказаў, што сам правядзе работы па зносе, бо дом быў у такім стане, які не дазваляў аднаўленне. Яму вызначылі фронт работы і тэрмін. Але да другога судовага пасяджэння гаспадар толькі знёс дах, рашэнне зноў адклалі. На трэці раз прэтэндэнт на нерухомасць наогул не з'явіўся ў суд. А калі яму патэлефанавалі, сказаў, што работы аказалася надта многа, патрабуюцца сродкі, а ён не разлічваў на гэта, таму не супраць, каб пабудовай займалася мясцовая ўлада. Такім чынам, толькі на трэці раз суд сваім рашэннем перадаў напаўразваленую хату сельвыканкаму, які і правёў работы па зносе. На ўсе суды давялося ездзіць кіраўніку мясцовай улады, прысутнічаць спецыялістам райвыканкама. А гэта час, які можна было б патраціць на іншыя важныя справы, у тым ліку на навядзенне парадку з праблемнай нерухомасцю.

— Зносіць стараемся ну зусім нехлямяжыя дамы, — працягвае Іна Валер'еўна. — А тыя, якія можна выкарыстоўваць, імкнёмся прадаваць. Некалькі гадоў таму прадалі нядрэнную хату ў Завершы. — Зараз і паглядзець прыемна. Новыя гаспадары ачысцілі двор ад хмызняку, паставілі агароджу. Пастаянна яны не жывуць, але паспяхова выкарыстоўваюць дом у якасці дачы.

Вось і ў гэтым годзе Тэвельскі сельскі Савет выставіў на продаж чатыры хаты, якія раней былі перададзены ва ўласнасць як нічыйныя. Пасля ацэнкі Брэсцкім агенцтвам па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры быў вызначаны рынкавы кошт кожнай з пабудоў, аб'явы аб продажы размешчаны на сайце райвыканкама, у раённай газеце. Варта заўважыць, што з 1 студзеня звесткі яшчэ размяшчаюцца з Адзіным рэестры пустых дамоў на базе дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы «Адзіны рэестр маёмасці» (доступ да яго адкрыты). Дык вось на два дамы — у Тэўлях і Рынках — ахвотныя хутка знайшліся. Грамадзяне падалі заявы, якія будуць разгледжаны на пасяджэнні выканкама з прыняццем адпаведнага рашэння. Пасля гэтага ў кожным выпадку будзе заключаны дагавор аб куплі-продажы, выстаўлены рахункі з улікам затрат па ацэнцы (гэта прыкладна 400 рублёў). Пасля аплаты пакупнік зможа прыступаць да афармлення дакументаў на ўласнасць дома і ўчастка.

Калі ж на працягу 30 дзён пакупнікоў не знайшлося, то першапачатковы кошт паніжаецца на 80 працэнтаў. 30 дзён ужо прайшло, значыць, такі парадак будзе прыменены да двух з чатырох дамоў, што выстаўлены на продаж, — у Завершы і Дзявятках.

Паводле назірання старшыні выканкама, некаторых патэнцыяльных пакупнікоў, дарэчы, цікавіць не столькі дом, колькі ўчастак зямлі пры ім. Ёсць такія, дзе маецца 50 і нават 70 сотак. Сядзібы з вялікімі надзеламі купляюць людзі, якія зацікаўлены ў вядзенні ўласнай падсобнай гаспадаркі. На такога пакупніка разлічвае мясцовая ўлада ў Навасёлках, пра якія гаварылася вышэй. Адну хату там набыў некалькі гадоў таму чалавек, які вырошчвае клубніцы. І, паводле яго слоў, не супраць пашырыць свае плантацыі. Магчыма, ён захоча купіць яшчэ пабудовы, знесці іх, рэкультываваць зямлю і апрацоўваць яе. Усё лепш, чым панурая карціна былой вёскі на ўзлеску, што зарастае бур'яном ды дробным хмызняком, які падыходзіць у некаторых месцах да самых вокнаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Кобрынскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.