Вы тут

Як брэндавыя святы працуюць на развіццё тэрыторый


У Гродзенскай вобласці кожны раён мае сваё адметнае свята. Ды не толькі раён. Многія аграгарадкі і вёскі імкнуцца прыцягнуць да сябе ўвагу цікавымі народнымі абрадамі і традыцыямі, якія ідуць з глыбіні стагоддзяў. Але зрабіць цікавае відовішча — яшчэ паўсправы. Важна яшчэ і ўдала сустрэць гасцей, арганізаваць для іх камфортныя бытавыя ўмовы. Ці стануць брэндавыя святы тым лакаматывам, які павядзе населены пункт да росквіту?


Падрыхтоўка да свята — за сельсаветам

Даволі вядомы ў краіне фэст «Гальшанскі замак». Зразумела, што свята непасрэдна звязанае са старыжытным гісторыка-культурным комплексам. Але ці апраўдвае сябе гэтае масавае мерапрыемства ў фінансавым плане? Адна справа, калі такі фэстываль ладзіцца ў горадзе ці райцэнтры, дзе можна разлічваць на вялікую масавасць і добры фінансавы збор. Іншая — праводзіць свята ў аграгарадку з абмежаванымі інфраструктурнымі магчымасцямі. Ці можна ў гэтым выпадку казаць аб нейкіх фінансавых перспектывах і развіцці брэндавага фэсту? Бо, уласна кажучы, маштабныя фестывалі і ўрачыстасці павінны не толькі класціся на мясцовы бюджэт, але і спрыяць развіццю асяроддзя, у якім яны праводзяцца.

Гісторыя фэсту ў аграгарадку Гальшаны налічвае 11 гадоў. Мерапрыемства ладзіцца каля сцен замка, звычайна летам. Напрыклад, летась гэта было ў жніўні. Праграма даволі насычаная, галоўнай лакацыяй з'яўляецца інтэрактыўная праграма рыцарскіх клубаў з коннымі турнірамі і вогненным шоу. Сёлета мяркуюць праводзіць фестываль у маі.

Трэба сказаць, фэст стаў яшчэ больш папулярны з адкрыццём паўтара года таму адноўленай паўночнай вежы і музейнай экспазіцыі. Рэканструкцыя былой рэзідэнцыі Паўла Стэфана Сапегі ХVІІ стагоддзя вялася за кошт сродкаў фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва, дзяржпраграмы «Культура Беларусі». За сродкі раённага бюджэту ўстаноўлены візіт-цэнтр з сувенірнай крамай.

Таксама новы выгляд набыла калязамкавая тэрыторыя, з'явіліся вялікая стаянка, сучасныя ліхтары, абсталяваны лесвіца і пляцоўка для агляду.

— У Гальшанах усё падпарадкавана агульнай ідэі — зацікавіць турыстаў. У тым ліку з дапамогай брэндавага фестывалю «Гальшанскі замак». Летась фэст наведала каля дзвюх тысяч чалавек, і гэта прытым, што мерапрыемства платнае, — адзначае намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Наталля СТАНКЕВІЧ.

Відавочна, што папулярнасць фэсту не падае. А ўваходныя білеты дазваляюць зрабіць яго больш відовішчным і непаўторным. Сродкі, якія паступаюць ад работы таго ж музея, ідуць на пашырэнне экспазіцыі, закупку новых экспанатаў.

Між тым работы на замку працягваюцца. Рыхтуецца праект па ўмацаванні і кансервацыі сцен паўночна-ўсходняга корпуса. Сёлета на гэтыя мэты дзяржпраграмай выдзяляецца паўмільёна рублёў. Некаторыя праекты распрацаваны самімі работнікамі музея. Напрыклад, з'явілася ідэя ўстанавіць скульптуру каня каля карэты, якая там ужо ёсць. Яна будзе пасаваць да ўязной брамы, якая таксама дарабляецца.

Увогуле ў Гальшанах не спыняюцца на адным толькі брэндавым фестывалі. Тут прасоўваюць і свой прадукт «Гальшанскі пернік», які гатуецца па старажытнай рэцэптуры. Нядаўна распрацавана экскурсія па замку з элементамі містыкі, яе будуць праводзіць з прыходам вясны. Усё гэта дазваляе ствараць непаўторны імідж мясцін, адпаведна, расце і турыстычны паток.

Хоць тэрыторыя Гальшанскага замка і сам аб'ект летась перададзены на баланс упраўлення культуры Ашмянскага райвыканкама, мясцовы сельвыканкам не застаецца ў баку ад арганізацыі брэндавага фэсту. Добраўпарадкаванне тэрыторыі, падрыхтоўка да свята кладзецца на сельскі Савет. З іх боку вядуцца рамонтныя работы, абкошванне травы, добраўпарадкаванне. Турызм станоўча ўплывае на мясцовы бюдэт, які папаўняецца праз гандлёвыя пункты, аб'екты грамадскага харчавання, гасцініцы, выязны гандаль.

— У Гальшанах працуе тры кафэ, і яны за некалькі дзён да пачатку фестывалю пастаянна поўныя. Тое ж можна сказаць і пра дзве прыватныя гасцініцы, праўда, яны невялікія, разлічаны на дзясятак месцаў. Іх браніруюць ажно за некалькі тыдняў да фестывалю, — расказаў в. а. старшыні Гальшанскага сельвыканкама Аляксандр САВАНЕЦ.

Прадстаўнік мясцовай улады паведаміў, што для тых, хто жадаў бы адкрыць тут гасцініцу ці наогул вялікі турыстычны комплекс, такая магчымасць можа з'явіцца. Сёлета на аўкцыён выстаўляецца даволі значны комплекс будынкаў старой бальніцы ў Гальшанах. Цяпер вядзецца ацэнка маёмасці.

Перад фэстам — конкурс на найлепшы падворак

У гарадскім пасёлку Сапоцкін, які знаходзіцца за 200 кіламетраў ад Гальшан, таксама ёсць сваё брэндавае свята, хоць і не такое маштабнае, але па-свойму ўнікальнае. Сёлета вось ужо восьмы раз тут правядуць Свята пісанкі. Трэба сказаць, што такога фэсту няма больш нідзе. Толькі тут захавалася старадаўняя тэхналогія афарбоўкі пасхальных яек — пісанак. Яны традыцыйна чорнага колеру з нанясеннем васковага ўзору. Пісанкі ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як элемент нематэрыяльнай спадчыны. Некалькі гадоў таму ў пасёлку адкрылі тэматычны музей, дзе прадстаўлена паўтары тысячы яек — сапраўдных твораў мастацтва. Тут можна не толькі пазнаёміцца з унікальнай тэхнікай аздаблення пасхальных яек, але і атрымаць майстар-клас па іх роспісе.

На думку старшыні Сапоцкінскага сельвыканкама Андрэя САДКОЎСКАГА, такія святы спрыяюць падтрымцы традыцый, а яны — той фактар, які цікавіць турыстаў.

— Гэта абласное свята, у якім бяруць удзел творчыя калектывы і майстры не толькі раёна, але і вобласці. Яны дэманструюць свае здабыткі, гэта цікава для наведвальнікаў. Задача мясцовай улады — добра падрыхтавацца да сустрэчы гасцей, — падкрэсліў у гутарцы старшыня сельвыканкама. — У сувязі з тым перад пачаткам свята ідзе агляд тэрыторыі, населены пункт абнаўляецца, наводзіцца парадак у дварах. Мы нават праводзім конкурс на найлепшы падворак, што з'яўляецца добрым стымулам для гаспадароў сядзіб.

Ёсць у гарадскім пасёлку і вялікі святлодыёдны экран, на якім трансліруецца свята — як у рэжыме рэальнага часу, так і ў запісе на працягу года. Турысты, якія едуць праз Сапоцкін на Аўгустоўскі канал, бачаць з дарогі гэты экран і могуць зацікавіцца мерапрыемствам.

Па словах Андрэя Садкоўскага, інфраструктура пасёлка паляпшаецца. На тэрыторыі сельскага Савета каля дзясятка аграсядзіб, якія размешчаны вакол Аўгустоўскага канала. Завяршаецца маштабная рэканструкцыя палацава-паркавага комплексу ў Свяцку пад турыстычны цэнтр з гасцініцай. Некалькі гадоў таму ў рамках міжнародных праектаў адрамантаваны амаль усе праблемныя ўчасткі дарогі, якая вядзе на Аўгустоўскі канал і на Сапоцкін.


Кампетэнтна

Алена ПАСЮТА, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатў:

— Штогод на Гродзеншчыне праводзяцца брэндавыя мерапрыемствы і колькасць іх пастаянна расце. Ва ўсіх на слыху фестываль нацыянальных культур, аўтамабільны фестываль, якія традыцыйна праходзяць у Гродне раз на два гады. Летась упершыню праведзены Каравай-фэст «Бацькава булка» ў Свіслачы, згоду ў год набываюць усё большую папулярнасць «Іўеўскі памідор», «СынкаВеча» на Зэльвеншчыне, фестываль кветак у Жалудку. Сёлета вяртаецца LІDBEER — унікальны інтэрактыўны опэн-эйр, які на адзін дзень пераўтварае гістарычны цэнтр сталіцы беларускага броварства Ліды ў маштабную фестывальную пляцоўку. На гэтыя святы традыцыйна прыязджаюць госці з усёй краіны і замежжа. Такі падыход садзейнічае захаванню народных традыцый і папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу.

Многія традыцыі адноўленыя. Такая ж работа вядзецца і ў адносінах да інфраструктуры. У працэс актыўна ўключаюцца мясцовыя жыхары. Такім чынам уносіцца пэўны каларыт у развіцце тых месцаў, дзе ладзяцца традыцыйныя святы. Фэсты, у сваю чаргу, актывізуюць работу інфраструктурных аб'ектаў, якія праз падаткі папаўняюць мясцовы бюджэт.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Ад Гальшан да Сапоцкіна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?