Вы тут

Беларускія баскетбалісткі рыхтуюцца да «Кубка Дружбы»


Жаночая нацыянальная зборная па баскетболе нарэшце выступіць на дамашняй пляцоўцы. З 11 па 12 лютага Мінск прыме міжнародны турнір «Кубак дружбы» з удзелам жаночых нацыянальных каманд Беларусі і Расіі. Матчы пройдуць на базе Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерва. 


Наталля Трафімава.

Галоўны трэнер нацыянальнай каманды Наталля Трафімава выклікала наступных гульцоў: Настасся Верамеенка, Вольга Зюзькова, Юлія Васілевіч, Паліна Касцюкавец, Кацярына Ялчык, Алена Карасевіч (усе — БК «Гарызонт»), Александрыя Бэнтлі, Марыя Папова (абедзве — БК «УГМК», Расія), Вікторыя Гаспер ( БК «Енісей», Расія), Арына Масько (БК «Перасвет-ЮФУ», Расія), Яніна Інкіна (БК «Руна», Расія), Кацярына Карпук, Дар’я Магаляс, Яна Макуца (усе — БК «МІНСК»), Кацярына Новік, Яна Яхнавец, Паліна Дамянюк, Лізавета Шышлюк (усе — «Алімпія»). Да турніру баскетбалісткі рыхтаваліся на вучэбна-трэніровачным зборы. На адну з трэніровак каманды завіталі і журналісты. 

Кацярына Новік.

— Усе, каго запрашалі, адгукнуліся і прыехалі. Каманда ў нармальным добрым працоўным стане. Усе дзяўчаты шмат гуляюць у сваіх клубах, усе на вядучых ролях, таму думаю, што праблем з настроем не будзе, — расказвае Наталля Трафімава. — У якім бы складзе ні прыехала расійская зборная, гэта моцны супернік. Вядома, у кожнай гульні хочацца перамагчы, але цяпер для нас самае галоўнае — знайсці баланс паміж маладымі і старэйшымі гульцамі, але ўсё ж даць магчымасць больш пагуляць маладым.

Юлія Васілевіч.

Галоўны трэнер звярнула ўвагу на тое, што ў такіх няпростых спартыўных умовах маладыя баскетбалісткі атрымліваюць добры вопыт, дзякуючы ўдзелу ў Студэнцкай лізе РЖД. У матчах Лігі няма дарослых вопытных гульцоў, таму моладзі прыходзіцца разлічваць толькі на сябе, павышаючы сваё спартыўнае майстэрства. 

Наталля Трафімава таксама заўважыла, што камандзе будзе прыемна выступіць на сваёй пляцоўцы. Аднак гэта адначасова вельмі адказная справа: дамашніх гульняў у жаночай зборнай ужо не было больш за год. 

— Праблем з матывацыяй у дзяўчат няма. Кожны раз яны прыходзяць на трэніроўку з жаданнем стаць лепей. Іншай матывацыі тут не можа быць. Дзяўчаты хоць маладыя, але яны разумеюць, што кожная хвіліна праведзеная на трэніроўцы ідзе ў скарбонку іх досведу, які яны потым рэалізуюць на іншых спаборніцтвах, — расказала трэнер. 

Гулец нацыянальнай зборнай і мінскага «Гарызонта» Юлія Васілевіч на мінулым тыдні стала пераможцай конкурсу баскетбольнага майстэрства Solemate Skills Challenge, які прайшоў у рамках матчы зорак Асацыяцыі студэнцкага баскетбола. Таму настрой перад «Кубкам Дружбы» ў баскетбалісткі баявы:

— Я зараджана на тое, каб мы разам з камандай пасля такога працяглага перапынку аб’ядналіся і паказалі, на што здольныя. Я вельмі сумавала і па атмасферы нацыянальнай зборнай, і па дзяўчатах. Выдатна, што з’явіўся такі турнір, які дазволіць нам праверыць сябе, сваю працу, дазволіць праверыць моладзь, іх узровень падрыхтоўкі. Усе жадаюць парадаваць беларускіх балельшчыкаў дамашняй перамогай, — прызаналася баскетбалістка. 

Юлія Васілевіч у гэтым сезоне выступае ў Студэнцкай лізе РЖД. Па яе словах, гэта крутая магчымасць рэалізоўваць свае навыкі, сустракацца з новымі камандамі і гульцамі. 

— Там зусім іншая атмасфера, якая дазваляе перазагрузіцца ад свайго ўнутранага чэмпіянату. У нас ёсць магчымасць атрымаць новыя ўражанні. Мы можам гуляць разам са студэнтамі ў малады гарачы баскетбол. Пры гэтым не варта пужацца суперскай адказнасці, якую адчуваеш, калі выходзіш на пляцоўку супраць дарослых дасведчаных гульцоў, а проста атрымліваеш асалоду ад гульні, — расказала яна. 

Класную гульню Юлія Васілевіч паабяцала і ў выхадныя на паркеце вучылішча алімпійскага рэзерва. Тым больш, нарэшце баскетбалісткі будуць выступаць перед сваімі аматарамі. «Паміж Беларуссю і Расіяй заўсёды былі крутыя гульні. Я думаю, што балельшчыкі вельмі засумавалі па нацыянальнай зборнай. І мы таксама засумавалі па такіх гульнях. У нас ёсць вопытныя гульцы, у нас ёсць і маладая кроў, якая таксама зробіць гэтыя матчы захапляльнымі. Я люблю гуляць, калі на трыбунах ёсць людзі, гэта крута, калі за цябе хварэюць, я разумею, што гуляю не толькі для сябе, але і для гледачоў. Людзі прыходзяць па эмоцыі і мне падабаецца гэтыя станоўчыя эмоцыі дарыць». 

«Маладая кроў» у нацыянальнай зборнай гэта і Кацярына Новік, якая з гэтага сезону ўваходзіць у асноўны састаў каманды. Гульняў са зборнай Кацярына чакае ўжо даўно. 

— Вельмі спадзяюся, што ў мяне будзе магчымась выступіць. Калі не, то ўсё роўна гэта будзе добры досвед. Расія — моцная каманда, супраць якой вельмі карысна згуляць. Хвалявання ў мяне няма, хутчэй прадчуванне. Заўсёды прыемна, калі цябе ў тваёй краіне падтрымліваюць, — адзначыла Кацярына. 

Матчы «Кубка Дружбы» ў суботу і нядзелю пачнуцца ў 13.00 Уваход — вольны. Патрапіць на трыбуны можна будзе з 12.00. Арганізатары звяртаюць увагу, што колькасць пасадачных месцаў абмежавана, таму допуск у спарткомплекс будзе спынены па факце запаўнення трыбун.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.