Вы тут

Дыялог пакаленняў: традыцыйны кітайскі жывапіс і фэшн-фатаграфія прадстаўлены на выстаўцы ў Гомелі


Выстаўка «Дыялогі: традыцыйны кітайскі жывапіс і сучасная фэшн-фатаграфія» адкрылася ў Гомелі ў карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі, паведамілі БелТА ў дзяржаўнай установе.


«Гэты праект, які рэалізуецца сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, раскрывае творчасць двух прадстаўнікоў кітайскага выяўленчага мастацтва — мастака Чжана Сінкэ, які ўжо адбыўся і атрымаў вядомасць, і маладога, амбіцыйнага і мэтанакіраванага фатографа У Цзівэя», — расказалі ў галерэі.

Блок «Хуа Чжан» прадстаўляюць творы Чжана Сінкэ, выкананыя ў тэхніцы традыцыйнага кітайскага жывапісу — гохуа. Свае работы аўтар ствараў, натхняючыся родным горадам Лаянам. Ён размешчаны ў заходняй частцы правінцыі Хэнань і ў старажытнасці быў цэнтрам Кітая.

«У перакладзе з кітайскай мовы «хуа чжан» азначае «цудоўны твор». Слова «хуа» таксама азначае «кітайская нацыя», а «чжан» — «сачыненне». «Чжан» вымаўляецца і як прозвішча аўтара. Менавіта таму фраза «Хуа Чжан» можа перакладацца як «традыцыйны кітайскі твор ад Чжана», — растлумачылі ў галерэі.

Сучасную фэшн-фатаграфію прэзентуе малады кітайскі фатограф У Цзівэй. Цяпер яму 25 гадоў, і ён студэнт аддзялення графічнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

У Цзівэй адзначыў, што яго заўсёды прываблівала выяўленчае мастацтва. З шасці гадоў пачаў маляваць, удзельнічаў у многіх выстаўках у Шанхаі і Пекіне. «Сем гадоў таму я ўзяў у рукі камеру і ўпершыню паехаў у Еўропу. Менавіта гэта паездка падштурхнула мяне да сур’ёзнага захаплення фатаграфіяй. У 2022-м у якасці асноўнага напрамку работы мною была выбрана фэшн-фатаграфія. З майго пункту гледжання, здымка мадэлей — гэта самае непасрэднае адлюстраванне прыгажосці. І так здарылася, што мае здымкі трапілі ў модны часопіс», — падзяліўся фатограф. На яго думку, галоўнае ў фатаграфіі — не фотатэхніка і тэхналогіі, а менавіта выразнасць эстэтыкі.

Арганізатары падкрэслілі: праект — гэта своеасаблівы дыялог паміж старэйшым пакаленнем, якое прытрымліваецца традыцыйных поглядаў, і сучаснай моладдзю, якая пастаянна шукае новыя сродкі самавыяўлення.

Выстаўка ў галерэі будзе працаваць па 26 лютага.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.