Вы тут

Іван Янкоўскі: Хто ўмее заўсёды пакідаць галаву светлай — становіцца чэмпіёнам


У вялікім спорце выпадковых людзей не бывае, бо спорт — не толькі колькасць заваяваных медалёў, гэта і характар, асаблівы падыход да жыцця, успрымання свету і людзей. І нават калі чэмпіёнам стаць не наканавана, ёсць магчымасць праявіць сябе. Адданасць справе, любоў да яе і ўпартая праца заўсёды ўзнагароджваюцца. А людзі, якія жывуць спортам, заўсёды будуць яму патрэбны незалежна ад колькасці медалёў.

Іван Янкоўскі ў бытнасць спартсменам перамагаў на шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных стартах. Але на самых галоўных — чэмпіянатах свету і Еўропы — кожны раз спыняўся за крок ад перамогі. Чэмпіянаты Еўропы 2012 і 2014 гадоў прынеслі яму бронзавыя медалі, у 2016 ён дабраўся да «серабра». З-за сур'ёзнай траўмы калена не змог выступіць на самым галоўным старце — Алімпійскіх гульнях 2016 года. Залячыўшы траўму, вярнуўся ў спорт. Узнагародай за мужнасць і цярпенне стаў сярэбраны медаль чэмпіянату свету 2018 года — ізноў зусім крыху не хапіла да перамогі. І, тым не менш, у беларускай вольнай барацьбе Іван Янкоўскі — фігура прыкметная. А рэванш за яго нерэалізаваныя здольнасці сёння бяруць члены нацыянальнай зборнай па вольнай барацьбе, якую ў 2019 годзе ўзначаліў той самы 32-гадовы Іван Янкоўскі. Для такой пасады ў спорце — вельмі малады ўзрост. Але ж галоўнае — не лічбы ў пашпарце, а досвед і падыход да працы. Аб чым думае і як жыве чалавек, які адказвае за спартыўныя лёсы многіх людзей?


Я абраў спартыўнае жыццё з вар'яцкімі нагрузкамі

«У зале барацьбы ўпершыню ў жыцці ўбачыў, як цяжкая, знясільвальная праца можа прыносіць задавальненне. Як зачараваны, я, сямігадовы, глядзеў на моцных духам, дужых спартсменаў на дыване. Яны былі потныя, стомленыя, але іх вочы гарэлі, яны кайфавалі ад таго, што робяць. І мне так спадабалася гэтая мужчынская атмасфера сілы, барацьбы, эмоцый, што я ўлюбіўся ў барацьбу з першага погляду. Дзякуй за гэта варта сказаць маім старэйшым братам, роднаму і стрыечнаму, якія займаліся гэтым відам спорту ў Анатоля Іванавіча Ермака. Менавіта яны прывялі мяне ў залу. Я з першых дзён уключыўся ў трэніроўкі, і нават думкі не ўзнікала сысці.

Ключавая фігура для развіцця юнага спартсмена — трэнер. Да яго прыходзіць дзіця, у якога мышцы і звязкі не сфарміраваны, падаць ён не ўмее, характар не развіты. Калі трэнер няправільна падыдзе да трэніровак — могуць быць сур'ёзныя наступствы. Спачатку дзяцей вучаць куляцца, развіваюць каардынацыю, расцяжку. Магчыма, гэта не так цікава, як сама барацьба. І трэнер павінен не перагнуць палку, каб захаваць жаданне, утрымаць, бо дзіця выбірае не від спорту, а трэнера, які і ўлюбляе ў свой спорт. Таму паразуменне паміж трэнерам і спартсменам — аснова. Анатоль Іванавіч Ярмак улюбіў мяне ў барацьбу, мы адразу знайшлі агульную мову. Ён вёў мяне ўсю маю спартыўную кар'еру.

У барацьбе рэдка бывае, калі першы трэнер працуе са спартсменам ва ўсіх узростах.

У 10 класе прыйшлося зрабіць самы важны ў жыцці выбар: ісці ў вучылішча алімпійскага рэзерву і цалкам прысвячаць сябе спорту ці шукаць нешта іншае. Акрамя мяне на гэтае пытанне ніхто б не адказаў. І я абраў спартыўнае жыццё з двухразовымі трэніроўкамі, вар'яцкімі нагрузкамі і вучобай паміж імі. Сыходзіў з дому раніцай, вяртаўся познім вечарам. Усяго сябе аддаваў барацьбе, вучоба ў школе таксама патрабавала часу і сіл. Але я не скардзіўся, разумеў, на што іду, і быў гатовы.

Пасля першага медаля чэмпіянату Еўропы стала дыхаць лягчэй. «Бронза» чэмпіянату Еўропы 2012 года
стала вельмі дарагой і доўгачаканай. Мне было 25 гадоў, за плячыма ўжо — шэсць чэмпіянатаў Еўропы, і кожны раз зусім крыху не хапала да медаля. Ужо нават былі думкі заканчваць з барацьбой, раз не атрымліваецца. Здаецца, і на буйных турнірах моцных барцоў перамагаю, і ў форме добрай, а прыязджаю на чэмпіянат Еўропы — і нічога. У 2012 годзе я думаў толькі пра медалі і ні пра што болей. Разумеў: ці зараз, ці ніколі. На шчасце, тым разам у мяне атрымалася ўвайсці ў прызёры. Калі мне на шыю павесілі медаль чэмпіянату Еўропы — нібы гара з плячэй. Я быў вельмі зацыклены на медалі, і на мяне гэта ціснула. Таму пасля першай узнагароды змагацца стала лягчэй псіхалагічна.

Атрымаў траўму, выступіў, але прайграў. На жаль, праз няўдалы збег абставін я не выканаў самай галоўнай спартыўнай мары — не рэалізаваў сябе на Алімпійскіх гульнях. У 2012 годзе перад Лонданам у мяне не было шанцаў: занадта малады. Ды можна было адабрацца ў Рыа-дэ-Жанэйра. На ліцэнзійным турніры я ўпэўнена выйграваў схватку, але дапусціў маленькую, нязначную памылку, прапусціў прыём і прайграў. Быў шанц узяць ліцэнзію на турніры ў Турцыі. На трэніроўцы нага захрасла паміж дыванамі, калена выскачыла з сустава, як вынік — разрыў меніска. Але ўсё ж я выйшаў бароцца. Для ліцэнзіі трэба было заняць першае-другое месца. А я быў на трэцім. І зноў не хапіла зусім няшмат...

«Ваня, ты занадта адказны, і гэта на цябе цісне», — сказаў мне адзін знаёмы трэнер. Магчыма, калі б быў менш адказны, менш зацыкліваўся, усё магло быць інакш.

Я вельмі хацеў заваяваць медаль — ніякіх іншых думак. І на найважнейшых стартах гэта адыграла са мной злы жарт. Часам карысна менш думаць аб выніку. Ты ўжо адпахаў, выканаў свой аб'ём нагрузак. Усё, што застаецца, — выходзіць і бароцца, лішні раз не асцярожнічаючы, не баючыся рабіць прыёмы. Ты іх ведаеш, мозг ведае, калі які прыём зрабіць. Не трэба забіваць галаву лішнімі думкамі. Гэта стопарыць, не дазваляе лішні раз рызыкнуць. У барацьбе вельмі важная рэакцыя, а каб хутка рэагаваць, трэба, каб мозг не быў забіты. У нас найскладанейшы від спорту, дзе вынік можа вырашыцца за долі секунды. Трэба быць больш раскаваным, больш давяраць сабе».

«Нам патрэбны галоўныя старты — чэмпіянат Еўропы і чэмпіянат свету»

Беларуская школа вольнай барацьбы — з'ява ўнікальная з вельмі цікавым дэвізам — «Беларусаў на дыване лепш не злаваць». У гэтым не раз пераконваліся сапернікі галоўнай легенды беларускай барацьбы Аляксандра Мядзведзя, пазней — Сяргея Смаля, затым Мурада Гайдарава і Ібрагіма Саідава. Праўда, пасля трох алімпійскіх перамог Аляксандра Мядзведзя ў айчыннай вольнай барацьбе былі толькі прызёры Алімпійскіх гульняў, але не чэмпіёны. Выправіць гэту задачу — адказнасць маладога пакалення трэнераў і спартсменаў, на чале якіх Іван Янкоўскі. У 2019 годзе тады яшчэ дзеючаму спартсмену прапанавалі ўзначаліць нацыянальную каманду. «Праверкай боем» адразу стаў чэмпіянат Еўропы 2020 года. Яна была ўдалай: Магамедхабіб Кадзімагамедаў стаў чэмпіёнам, Нюргун Скрабін — сярэбраным прызёрам, Расул Ціхаеў і Амаргаджы Мамедаў — бронзавымі. Але галоўны экзамен чакаў на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Вынік — «серабро» Магамедхабіба Кадзімагамедава. З таго часу беларускія «вольнікі» амаль на кожным турніры заваёўваюць медалі. Самы «свежы» прыклад — міжнародныя спаборніцтвы па вольнай барацьбе «Кубак Івана Ярыгіна», за медалі якога ў студзені змагаліся больш за 400 барцоў з 12 краін. Беларус Дзяніс Храмянкоў (катэгорыя да 125 кг) стаў пераможцам турніру.

«У 2019 годзе нічога не прадвяшчала перамен. Пасля няўдалай алімпійскай кваліфікацыі я заняў трэцяе месца на турніры ў Якуціі, выйграў турнір у Кемераве. Усё было спакойна, пакуль мне не патэлефанаваў Камандар Бафаліевіч Маджыдаў, на той момант старшыня федэрацыі барацьбы, і не запрасіў на размову. Чакаў чаго заўгодна, але толькі не прапановы ўзначаліць зборную. Гэта было так нечакана, што я нават разгубіўся. Вядома, разумеў, што рана ці позна мне давядзецца завяршыць спартыўную кар'еру. Але ідэй, чым буду займацца пасля, не было. І ўжо тым больш не меркаваў, што мне вось так з ходу прапануюць стаць галоўным трэнерам, думаў, максімум — памочнікам. Я разумеў, што другі раз такую прапанову не атрымаю, усведамляў усю ступень адказнасці. Я не першы год у спорце і выдатна разумею, што немагчыма працаваць з камандай і цалкам аддавацца сваёй падрыхтоўцы. Таму прапанову кіраўніцтва я прыняў і завяршыў сваю спартыўную кар'еру. І гэта было правільна. Шанцаў адабрацца на Алімпійскія гульні ў Токіа ў мяне было няшмат, даваў аб сабе ведаць узрост, на пяткі наступалі маладыя спартсмены.

Я разумеў, што пры дрэнным збегу абставінаў праз паўгода мая трэнерская кар'ера можа скончыцца. Мяне прызначылі галоўным трэнерам зборнай за паўгода да Алімпійскіх гульняў. А ў няўдачах каманды заўсёды вінаваты трэнер, і ніхто б не стаў разбірацца, колькі часу я працую. Я ўсведамляў ступень адказнасці, але раз ужо ўзяўся — выконвай. У маім выпадку перанос Алімпійскіх гульняў на год пайшоў нават на карысць. Мы добра выступілі ў 2020 годзе: заваявалі чатыры медалі на чэмпіянаце Еўропы, тры медалі на Кубку свету. І я зразумеў, што ў нас будуць алімпійскія ліцэнзіі. Спартсмены ўзялі чатыры ліцэнзіі з шасці магчымых. Лічу, што гэта вельмі добры вынік. Тэарэтычна маглі б і больш, але, чаго ўжо граху ўтойваць, маглі б і менш.

Адпраўляючыся на Алімпійскія гульні ў Токіа, я інтуітыўна адчуваў, што ў нас будзе добры вынік. У Токіа паехалі чатыры моцныя спартсмены. І я разумеў, што медаль будзе. Алі Шабанаў прайграў спартсмену, які заняў трэцяе месца, схватка была зусім роўная. Саша Гуштын таксама бронзаваму прызёру саступіў зусім крышачку. Дзяніс Храмянкоў перагарэў і нарабіў дурных памылак, а мог бы смела змагацца за пападанне ў тройку. Ну, Магамедхабіб Кадзімагамедаў, вядома, выдатна сябе праявіў.

Сярэбраны прызёр — гэта той, хто прайграў за перамогу. Многія, дарэчы, дзівіліся, чаму, маючы сярэбраны медаль Алімпійскіх гульняў, Магамедхабіб выглядае такім засмучаным. Яго стан могуць зразумець толькі барцы. Ён вельмі хацеў «золата», у яго для гэтага ўсё было. Але не склалася. Тыя, хто выходзіць у фінал, учора ўжо заваявалі медаль, яны разумеюць, што ён сто працэнтаў у іх ёсць. Таму на вырашальную схватку выходзяць з думкамі выключна аб «золаце». А калі прайграеш, то чаму тут радавацца? Так, ты сярэбраны прызёр, але ты прайграў.

Як бы балюча не было прайграваць спартсмену, трэнеру яшчэ горш. Бывае, спартсмен такую памылку дапускае, што мне хочацца скрозь зямлю праваліцца. А ён яе можа нават не заўважыць, у яго ўсё нармальна. Не перадаць словамі пачуцці, калі барэц робіць ну вельмі дурныя памылкі, якія ўсё псуюць. Але гэта і ўрок для самога трэнера. Трэба некалькі сцэнарыяў схваткі прапрацоўваць, усе варыянты развіцця сітуацыі. Можна планаваць адно, а схватка пойдзе зусім па іншым сцэнарыі, іх можа быць незлічоная колькасць і да кожнага трэба быць гатовым. Мы выступаем на пульсе каля 200 удараў у хвіліну, мышцы акісляюцца, забіваюцца. І ў гэтым стане мозг павінен працаваць на максімуме. Тыя, хто ўмее нават у самых непрадказальных сітуацыях пакідаць галаву светлай, становяцца чэмпіёнамі.

Барацьба — вельмі цяжкі від спорту, як, па сутнасці, любы іншы. Але, каб зразумець наколькі, трэба самому прайсці гэты шлях. У барацьбе цябе ўвесь час кідаюць, б'юць, на арганізме гэта адбіваецца. Пры гэтым ты павінен усебакова развівацца: трэніраваць гнуткасць, каардынацыю, рэакцыю. І ў патрэбны момант уключаць усе гэтыя якасці. Не ўяўляю, хто можа сказаць, што гэта лёгка. Адзінаборствы — цяжкая праца. Таму, паклаўшы руку на сэрца, бароцца мяне ўжо не цягне. Бывае, выйдзеш на дыван з хлопцамі паштурхацца, там усе балячкі выскокваюць, і рэзка жаданне знікае.

Мне прыемна, што маім сынам неабыякавая барацьба. Яны глядзяць спаборніцтвы па тэлевізары, перажываюць за нашых спартсменаў. Я часам бяру іх з сабой у «Стайкі». Але старэйшы абраў хакей, яму падабаецца, і няхай займаецца. Не хачу сваіх дзяцей прымушаць. Няхай займаюцца тым, што ім па душы. З-пад палкі нічога не атрымліваецца, сэнсу ў гэтым няма. А калі зразумеюць, што прызванне — барацьба, я толькі падтрымаю і дапамагу. Вучу сваіх сыноў усё рабіць да канца, бо галоўнае — гэта цярпенне. Асабліва ў спорце. Наверх падымаецца толькі той, хто ўмее цярпець.

Каб выхоўваць сваіх моцных барцоў, павінна супадаць жаданне і трэнера, і спартсмена. А ў многіх яно знікае, як толькі яны разумеюць, які аб'ём нагрузак трэба выконваць. І гэта вялікая праблема для развіцця барацьбы. Многія не вытрымліваюць, і мы губляем патэнцыяльных спартсменаў, а трэнер іх утрымаць не можа. Ва ўсіх павінна быць накіраванасць на вынік. Калі ў спартсмена ёсць жаданне чагосьці дамагчыся, і гэта дапамагае яму працаваць, ён абавязкова даб'ецца выніку. Ёсць таленавітыя хлопцы, але гультаі, і гэта ім перашкаджае. А ёсць менш таленавітыя, але аратыя па натуры. Яны будуць біцца да апошняга, выкладвацца па максімуме. Задача трэнера — да кожнага такога спартсмена знайсці падыход.

У нас ёсць вялікая праблема — мы не можам давесці спартсменаў да патрэбнага ўзросту. Дзяніс Храмянкоў, Аляксандр Гуштын, Магамедхабіб Кадзімагамедаў, Арыйан Цютрын — нашы лідары. Яны могуць і павінны адабрацца на Алімпійскія гульні і паказаць там высокі вынік. Дыван пакажа, як усё будзе складвацца. У камандзе ёсць вопытныя спартсмены, і моладзь мы нядрэнную выхоўваем. Але нам трэба моладзь утрымаць. Я першы важны медаль заваяваў у 25 гадоў. Наша вялікая праблема ў тым, што мы не можам да гэтага ўзросту хлопцаў давесці, яны не вытрымліваюць адсутнасці выніку і проста сыходзяць са спорту. Але трэба цярпець, сціснуўшы зубы, трэніравацца. І бацькі, і трэнеры павінны ўсяляк падтрымліваць маладога спартсмена. І, зразумела, ён сам павінен старацца. Калі гэты пазл складзецца, будзе і поспех.

Спартсменам трэба ведаць дату важнага старту. Амаль год як мы знаходзімся ў міжнародным бане. За гэты час нядрэнна выступілі на шасці міжнародных турнірах, не ўлічваючы нашы рэспубліканскія спаборніцтвы. Напрыклад, у верасні на міжнародным турніры на прызы Аляксандра Мядзведзя перамаглі Магамедхабіб Кадзімагамедаў (да 79 кг), Дзяніс Храмянкоў (да 125 кг), «серабро» ў Андрэя Карпача (да 79 кг), Віталь Ігнатовіч (да 79 кг), Адлан Тасуеў, Аркадзь Пагасян (абодва — да 92 кг) і Віталь Песняк (да 125 кг) заваявалі «бронзу». У кастрычніку на турніры ў Якуціі Арыян Цютрын (да 57 кг) стаў пераможцам, у гэтай жа катэгорыі Дзімчык Батамункуеў заняў трэцяе месца. У Андрэя Бекранёва (да 61 кг) «бронза», у Сашы Гуштына (да 97 кг) — «серабро». Мы нічога не страцілі ў спаборніцкай практыцы. Хлопцы ў добрай форме. Але, калі надыходзіць важная дата старту, яны мабілізуюцца, збіраюцца, арыентуюцца на працу. Нам патрэбны галоўныя старты — чэмпіянат Еўропы і свету. Цяпер няма таго агню, запалу, і гэта адчуваецца. Але, мяркуючы па выніках, сёлета спартсмены паказалі добрую гатоўнасць. Моладзь ездзіла на турніры і прыязджала адусюль з медалямі. Няхай прывозілі не россып узнагарод, але пустымі не вярталіся. Значыць, мы ўсё робім правільна».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота дадзены героем


Аўдыёверсія праекта — на радыё Пілот-FM і на сайце zviazda.by.

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.