Вы тут

Прыйшла і кажу. У пошуках гармоніі і шчасця


Так доўга ішла да таго, што маю сёння вакол і ўнутры сябе. У 20 гадоў я не разумела, як я жыву, чаго хачу, чым напоўнена мая душа. У 23 выскачыла замуж. Выйшла, бо адчувала, што кахала. Дакладней, не ведала, што можна жыць неяк па-іншаму, без гэтага хлопца, з якім сустракалася з першага курса ўніверсітэта. Наступныя восем гадоў жыла ў чарадзе дзён, якія прыносілі розныя эмоцыі. Часта — нядобрыя. Але я цярпела, нават не здагадваючыся, што шлюб і сям’я створаны для шчасця і развіцця, а не дзеля галачкі і абяцання, якое дала ў загсе. У 29 нарадзіла, а праз год — развод, і я адна ў інтэрнаце з аднагадовай дачкой на руках і мацярынскай дапамогай. І вось тут я пачала вучыцца слухаць сябе. Не бацькоў, мужа, свякроў і сваякоў. Сябе. Паўгода спатрэбілася, каб устаць з кален, і яшчэ паўгода, каб усвядоміць, што самы галоўны чалавек у маім жыцці — гэта я. А самае важнае пачуццё, якое я хачу адчуваць, — гармонія ўнутры свайго цела. У 31 год пачалася мая дарога да пошуку сябе. Вывучэння. Разумення.


Вы калі-небудзь задумваліся, чаго вы хочаце на самай справе? Якім быць чалавекам? Якіх мэт дасягнуць? Якога мужчыну бачыць побач з сабой?

Альбо нават не аб глабальных мэтах, а аб штодзённых. Што вы хочаце з’есці на сняданак ці вячэру? Якое адзенне насіць? Як бавіць свой вольны час?

Многія з нас не ведаюць сябе. Мы жывём па схеме, якую нам паказалі бацькі, бабулі. Мы падглядваем за чыімсьці жыццём, не думаючы, што можна пабудаваць унікальнае сваё. Зайздросцім і нічога не мяняем дзень пры дні.

А колькі розных пачуццяў мы зведваем? Ставімся да іх няўважліва, не пражываем іх і ў выніку атрымліваем дэпрэсіі, хваробы. Нашы сем’і разбураюцца.

Я пішу пра гэта, бо сама прайшла складаны шлях узаемаадносін з сабой. Мне 35 гадоў, і сёння самае важнае для мяне — гармонія. Гармонія ўнутры сябе. І гэта самая цяжкая задача ў маім жыцці — здабыць яе.

Я не сяджу і не чакаю, калі ж усё наладзіцца. Я раблю для гэтага крокі. І думаю, што наперадзе іх яшчэ вельмі шмат.

Што я магу параіць маім чытачам, каб стаць шчаслівым, упэўненым чалавекам, з той самай запаветнай гармоніяй унутры?

1 Псіхатэрапія. Гэта не псіхолаг і не псіхіятр. Першы дае парады, другі — таблеткі. Ёсць залатая сярэдзіна — псіхааналіз. Гэта калі вы раз на тыдзень, у адны і тыя ж дзень і час ходзіце да прафесіянала, які дапамагае вам разабрацца ў сабе. Глыбінна. Выцягнуць несвядомае на паверхню. Прывяду просты прыклад: усім нам трэба гаварыць. Чалавек істота сацыяльная, і без зносін мы можам загінуць, як без вады і ежы. Толькі гэты чалавек будзе не проста вас слухаць, ківаць галавой і, як сяброўка, казаць: «Забудзь, усё будзе добра». Гэты чалавек кожным сваім трапным словам будзе дапамагаць вам спазнаць сябе. Рабіць вашы слабасці — вашым здабыткам. Я два гады хаджу на псіхааналіз. Гэта вельмі складаная работа. Але магу з упэўненасцю сказаць, што гэта найлепшае ўкладанне грошай. Аня два гады назад і цяпер — два розныя чалавекі. Галоўнае — пачаць гаварыць. Мабыць, гэта самае складанае.

2 Чытаць кнігі па псіхалогіі, рукапісы, якія матывуюць. Глядзець і слухаць лекцыі, падкасты на тэму пазнання сябе. Кожную раніцу, пакуль я раблю макіяж і ўкладку дома, я ўключаю праграмы Міхаіла Лабкоўскага на «Ютубе» і слухаю. Некаторыя з іх праслухала па некалькі разоў і ўвесь час знаходзіла для сябе патрэбныя словы. Я не сцвярджаю, што ўсе яго выказванні — ісціна, але паглядзець на свет пад іншым вуглом і паспрабаваць змяніць сябе — гэта цудоўны спосаб.

3 Выключыць са свайго акружэння таксічных людзей. І няважна, блізкая гэта сяброўка або падпісчык у сацыяльных сетках. Калі такі чалавек наўмысна чапляе вас, крыўдзіць, прымушае потым пакутаваць ці зведваць непрыемныя пачуцці — расставайцеся з ім. Хоць калі вы ўвасобіце ў жыццё два папярэднія пункты, то людзі самі пачнуць знікаць, а на іх месца стануць прыходзіць іншыя. Тыя, каго вы заслугоўваеце ў дадзены момант жыцця. Я цяпер вельмі трапятліва стаўлюся да свайго акружэння. І бязбольна расстаюся з тымі, хто хоча самасцвердзіцца за мой кошт або пагуляць са мной у гульні, правілы якіх мяне не задавальняюць.

4 Медытацыя. Гэта мой план на бягучы год. Я ўпэўнена, што гэта працуе. Нашы цела і душа — адзінае цэлае. Таму, супакойваючыся ўнутры, расслабляецца і наша абалонка. У галаве — штыль, а сэрца стукае ў спакойным рытме. Я спрабавала некалькі разоў, і мне спадабалася. Толькі зразумела адно — гэта таксама вялізная работа. Нашы мозг і псіхіка прывыклі жыць у стрэсе, і калі мы вучымся расслабляцца, яны ўсяляк супраціўляюцца. Упэўненая: галоўнае пачаць, і ўсё атрымаецца.

Парадаў можна даць шмат. Але, думаю, калі вы сапраўды захочаце змяніць сваё жыццё, зрабіць яго больш якасным, не нервавацца па дробязях, то вы пачняце дзейнічаць. Бо самае простае — гэта скардзіцца і нічога не мяняць. Асабіста я так рабіць не збіраюся і буду далей ваяваць за сваё шчасце і гармонію.

Ганна ЧЫЖ-ЛИТАШ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?