Вы тут

Самыя халодныя месяцы года — гарачая пара для работнікаў лясгасаў


Калі вы думаеце, што стройныя, высокія, чыстыя і светлыя лясы растуць самі па сабе, гэта вялікая памылка. Каб вясной і летам нам было дзе ўдыхнуць смалістага паветра, палюбавацца зіхаценнем сонечных прамянёў у пышных кронах і захапіцца хараством прыроды, круглы год працуюць тысячы работнікаў лясгасаў. Пара «іглічнага жніва» блізіцца да завяршэння якраз цяпер. Да надыходу вясны трэба падрыхтаваць да сяўбы маленькія семечкі, з якіх праз дзясяткі гадоў вырастуць зялёныя волаты — хвоі, елкі і лістоўніцы.


Заўважым, што не раслі лясы зручнымі для чалавека і раней, калі яны яшчэ не былі перакрэсленыя аўтамагістралямі і разарваныя гарадамі. Наўрад ці, трапіўшы ў сапраўды «аўтэнтычны» лес, сучасны чалавек прыйшоў бы ў захапленне: непраходны падлесак, паваленыя ветрам дрэвы і іншыя з'явы прыроды наўрад ці зрабілі б шпацыр прыемным. У сучасным свеце уся так званая дзікая прырода прыручаная — патрабуе няспыннай увагі і пастаяннай удумлівай працы.

— Сёння на дзяржаўным узроўні пастаўлена задача па стварэнні лясоў з палепшанымі спадчыннымі ўласцівасцямі — іх павінна быць не менш за палову агульнай плошчы, — распавядае намеснік кіраўніка Старадарожскага доследнага лясгаса Уладзімір Бічан. — А для такіх лясоў патрэбна элітнае насенне. З нашай пастаяннай лесанасеннай плантацыі плошчай 17,8 га шышкі з надыходам адпаведнага сезона мы збіраем у першую чаргу.

Намеснік кіраўніка Дзяржаўнай доследнай лесагаспадарчай установы «Старадарожскі доследны лясгас» па ідэалагічнай рабоце Уладзімір Бічан

Шышкі збіраюць уручную

У сезон шышкі збіраюць не толькі на спецыяльнай плантацыі лясгаса, але і ў лесе — праўда, не любыя.

— Згодна са стандартам, сасновая шышка павінна быць не менш як 1,6 см у дыяметры, — тлумачыць інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі Старадарожскага лясгаса Валянціна Камкар. — Яна павінна быць непашкоджаная, роўная і моцная.

Інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі «Старадарожскага доследнага лясгаса» Валянціна Камкар

Збор пасяўнога матэрыялу іглічных парод штогод распачынаецца ў канцы снежня. Цяпер «хвойнае жніво» ўжо завяршаецца. На збор шышак кінуты ўсе сілы: каля 200 чалавек займаецца гэтым штодня. Дзённая норма на чалавека — каля 20 кілаграмаў. Праца нялёгкая, патрабуе ўвагі і фізічных сіл: як цалкам механізаваць яе, пакуль ніхто яшчэ не прыдумаў.

— Шышкі збіраюць уручную, — расказвае Валянціна Мікалаеўна. — Яшчэ ў лістападзе на плантацыі мы фарміруем крону так, каб сасонкі былі ніжэйшыя і прасцей было збіраць ураджай.

Дрэвы пачынаюць пладаносіць у шасці-сямігадовым узросце, калі яны яшчэ невысокія.

— Па плане на 2023 год мы павінны сабраць 16 тон шышак сасны. На сённяшні дзень ужо сабрана 26 тон (у тым ліку 5,9 тон элітнага насення). Акрамя таго, мы сабралі каля 400 кг шышак елкі і больш за 120 кг — лістоўніцы.

Лішкі не прападуць. Па-першае, кожны лясгас павінен мець трохгадовы запас пасяўнога матэрыялу іглічных, тлумачыць Валянціна Камкар. А па-другое, старадарожскія сасонкі славяцца сваёй устойлівасцю і жыццяздольнасцю і карыстаюцца попытам у многіх лясгасаў нашай краіны і суседняй Расіі.

— Ужо сёлета мы заключылі дагавор з Акцябрскім лясгасам на мільён дзвесце сеянцаў сасны, з Буда-Кашалёўскім — на 500 тысяч. Ёсць кантракты і з расійскімі лясгасамі, — кажа яна.

На плантацыі, распавяла Валянціна Камкар, пасеў закладваецца з разліку 55 кг насення на гектар, а на лесакультурных плошчах на гектар неабходна 6600 сеянцаў.

— Таму, хоць нарыхтоўваюць шышкі і вырошчваюць сеянцы іглічных практычна ўсе лясгасы, многім не хапае. Штогод мы прадаём па 5-6 мільёнаў сеянцаў сасны.

На якасць насеннага матэрыялу ўплываюць не толькі ідэальныя ўмовы вырошчвання дрэў (якія забяспечвае плантацыя). І не толькі якасць шышак, сабраных у лесе. Тут важна літаральна ўсё: своечасовы збор, сучасная перапрацоўка і аптымальныя ўмовы захоўвання.

— У нас усходжасць насення хвоі палепшаных сартоў (гэта значыць з шышак, сабраных у гадавальніку) складае 95-96 %. З шышак, сабраных у лесе, ўсходжасць насення — каля 90 %, — кажа суразмоўніца.

Яна адзначае, што насенне да сяўбы праходзіць строгі кантроль: кожны год узор атрыманага насеннага матэрыялу лясгас адпраўляе на даследаванне ў Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр. Там даюць заключэнне па ўсходжасці і іншых параметрах і прысвойваюць насенню клас.

Шлях семечка

Сабраныя і на плантацыі, і ў лесе шышкі ў вялікіх мяшках прыязджаюць у шышкасушылку — вытворчае памяшканне, дзе з іх атрымліваюць насенне.

— Шышкі мы загружаем у барабаны сушыльнай камеры: адна загрузка складае 400 кілаграмаў. З іх мы атрымаем каля 4 кг насення. Поўны цыкл да атрымання насення займае двое сутак, — кажа лесавод Вікторыя Лашманова.

Лесавод Вікторыя Лашманава.

Сушацца шышкі пры 55 градусах. У выніку шышка расчыняецца і адтуль вылятае так званая крылатка. У прыродзе насенне іглічных забяспечанае «крылцамі», каб яны падалі далей ад мацярынскага дрэва і ў далейшым саджанцам хапала пажыўных рэчываў ды сонечнага святла. Але «крылцы» пагаршаюць усходжасць насення, ускладняюць захоўванне і сяўбу, растлумачылі ў лясгасе. Таму наступны этап — абяскрыльванне. «Пушыстую» масу ўвільгатняюць вадой з невялікім працэнтам марганцоўкі (каб выключыць шкоднікаў і хваробы) і змяшчаюць у спецыяльны агрэгат — «абяскрыльвальнік», які вонкава нагадвае пральную машыну. Далей па тэхналогіі — перасоўванне насення для абвейвання, і цяжкае семечка падае ў падстаўленую кювету. Цяпер застаецца толькі прасеяць насенне праз сіта, на працягу дзвюх гадзін прасушыць у сушылцы і змясціць у шкляную бутлю на захоўванне, у прахалоднае сухое месца. У такіх бутлях, падобных на колбы алхімікаў, насенне можа захоўвацца да трох гадоў — яго жыццёвая сіла будзе спаць, пакуль яе не абудзяць сонейка і вясновая зямля.

Але наогул сеяць хвойкі ў Старых Дарогах імкнуцца хутчэй, свежым насеннем: ужо ў красавіку сабраныя цяпер семечкі ўпадуць у разоры. Праз год-два, зусім маленечкімі (памерам з сярэдняй вышыні пакаёвую кветку), іх адправяць «на ПМЖ» у старадарожскія лясы. А можа быць, іх чакае і больш далёкае падарожжа — у іншыя рэгіёны нашай краіны або нават за яе межы.

— Добра прыжываюцца аднагадовыя хвойкі, — тлумачыць Валянціна Камкар. — Двухгадовыя — скідваюць ігліцу аж да верхавіннай пупышкі, але зноў абрастаюць наступнай вясной. А вось трохгадовыя саджанцы сасны на новым месцы прыжываюцца не надта ахвотна, могуць падсыхаць. Хвоя — культура досыць далікатная і капрызная. Вось саджанцы елкі можна і ў тры, і ў чатыры, і ў пяць гадоў пасадзіць, а сасна — два гады, і ўсё.

Велізарнымі і магутнымі дрэвамі хвоі становяцца праз 70-80 гадоў. Пасля васьмідзесяці яны лічацца спелым лесам, які можна секчы. Тэрмін жыцця гэтых дрэў — больш за стагоддзе.

Елка стане рэдкасцю?

Дарэчы, елкі, пры ўсёй іх, здавалася б, непераборлівасці і распаўсюджанасці, цалкам магчыма, хутка стануць у нашых шыротах дрэвам рэдкім.

— У сувязі з кліматычнымі зменамі арэал распаўсюджвання елкі паступова ссоўваецца на поўнач і сыходзіць з Беларусі, — распавялі ў Старадарожскім доследным лясгасе.

Зрэшты, не было б тое, было б што другое, і на змену змрочным яловым лясам прыходзяць светлыя ліставыя (клён і алешына, дубовыя і бярозавыя гаі), а з іглічных парод — лістоўніца і сасна (у вырошчванні якой калектыў Старадарожскага лясгаса — профі). Нягледзячы на высокі попыт, у першую чаргу сеянцы хвоі пойдуць не на рэалізацыю, а на ўласныя патрэбы — на папаўненне зялёных насаджэнняў на тэрыторыі, за якую адказвае Старадарожскі лясгас (а гэта 70,5 тыс. га, 61,4 тыс. з якіх пакрыта лесам).

— Увосень мы робім інвентарызацыю лясных культур, улічваем, якая ў нас прыжывальнасць саджанцаў, і падлічваем, колькі трэба пасадачнага матэрыялу, — тлумачыць інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі. — Сёлета вясной нам спатрэбіцца паўтара мільёна штук сеянцаў на дапаўненне лясных культур. У нас па Старадарожскім лясгасе вялікія аб'ёмы стварэння пасяўных аддзяленняў, таму мы нарыхтоўваем шмат шышак, — дадае яна. — А ў цэлым, за апошнія пяць гадоў у нас створана каля 750 га лясных культур.

Прычынай неабходнасці аднаўляць лес кожны год становяцца бураломы (летась іх было нямала), акрамя таго, сеянцы садзяць на месцы плошчаў, якія высякаюцца.

— Паводле нарматываў, на месцы спелага лесу, які быў высечаны, малады лес трэба пасадзіць на працягу двух гадоў, — кажа Уладзімір Бічан. — Але мы стараемся зрабіць тое адразу ж, каб не даць магчымасці вырасці непажаданаму маладняку (маліннік, ажыннік, асіннік), які можа заглушыць дрэўцы.

Падлесак расце хутка, а хвоя — павольна. Так што вырошчванне соснаў — праца на далёкую перспектыву, для будучых пакаленняў. Але калі акружыць маладыя хвойкі клопатам і ўвагай сёння, прыйдзе дзень, калі яны паднімуцца ўверх і зашумяць зялёнымі кронамі ў сінім небе, цешачы вока і дорачы людзям здароўе, чыстае паветра і водар ігліцы.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.