Вы тут

Жыхарка Полацкага раёна некалькі гадоў ашуквала знаёмых: cума шкоды амаль 100 тысяч долараў


Полацкія праваахоўнікі паставілі кропку ў шматлікіх ашуканскіх прыгодах 42-гадовай жыхаркі раёна. Пацярпелымі аказаліся адразу некалькі яе знаёмых. Падрабязнасці гэтай крымінальнай гісторыі паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама.


Першы з іх быў уцягнуты ў схему з набыццём бычкоў у мясцовай гаспадарцы. Жанчына расказала, што працуе на адказнай пасадзе на комплексе і можа наладзіць продаж гавяды па зніжанай цане. Пасля атрымання згоды падазраваная ўзяла грошы, але мяса палачанін так і не атрымаў. Замест гэтага неўзабаве ў яго жанчына папрасіла яшчэ 10 тысяч долараў на вырашэнне праблем.

Такой сумы ў пацярпелага не было. Пад напорам зламысніцы ён вырашыў закласці ў лізінгавую фірму сваю кватэру. Атрыманыя тысячы пайшлі ў рукі махляркі. Неўзабаве мужчына, каб аплаціць выстаўлены па крэдыце за жыллё рахунак, прадаў свой аўтамабіль. Частку атрыманых грошай ён зноў аддаў падазраванай.

Жанчына ў сваю чаргу выкупіла кватэру па відавочна заніжаным кошце і паспрабавала прадаць яе іншым знаёмым. Пад гэты працэс, а таксама на стварэнне ўжо ўпадабанай схемы з мясам, яна сабрала ў іншых пацярпелых яшчэ амаль 50 тысяч долараў.

Ашуканага мужчыну і яго малалетняга сына жанчына паспрабавала выселіць з кватэры. Паралельна жанчына працягвала збіраць грошы за наступную рэалізацыю квадратных метраў.

Пасля звароту ашуканых удзельнікаў яе шматлікіх афёр да праваахоўнікаў высветлілася, што ніякага дачынення да сельгасарганізацыі і яе кіраўніцтва падазраваная не мае. Толькі ў мінулым яна працавала там у якасці жывёлавода. Сталі вядомы і іншыя махінацыі жанчыны, а таксама пацярпелыя ад яе схем. Характэрна, што ў пагоні за чужымі грашыма махлярка нават збірала сродкі на пахаванне свайго жывога бацькі.

Падазраваная затрымана, у адносінах да яе заведзены адразу некалькі крымінальных спраў за махлярства. Сума ўрону набліжаецца да 100 тысяч долараў. Праводзяцца аператыўна-следчыя дзеянні.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.