Вы тут

Лук’янаў расказаў пра планы Саюза моладзі ў 2023 годзе


Кожны малады чалавек можа раскрыць сябе праз праекты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, заявіў журналістам першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў, перадае БелТА.


Сёння ў Рэспубліканскім доме моладзі ў Мінску праходзіць VIII Пленум Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Мерапрыемства самай масавай маладзёжнай арганізацыі краіны аб’яднала членаў Цэнтральнага камітэта БРСМ, кіраўнікоў тэрытарыяльных арганізацый БРСМ з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама ганаровых гасцей.

«Нам неабходна, вядома, правесці пэўную рэвізію, падвесці вынікі 2022 года і намеціць перспектывы, планы, да чаго павінны рухацца, на што арыентавацца. Год няпросты, знамянальны шэрагам падзей — гэта 80-годдзе Хатынскай трагедыі, 105-годдзе Усесаюзнага камсамола, 60-годдзе беларускіх студэнцкіх атрадаў. І, вядома, у Год міру і стварэння неабходна акцэнтаваць усю нашу праектна-праграмную дзейнасць менавіта на раскрыцці асноўных сэнсаў, закладзеных ва ўказе кіраўніка дзяржавы. Важна, вядома, працаваць у пярвічным звяне. Усе асноўныя восем напрамкаў, вызначаныя стратэгіяй развіцця БРСМ, павінны праламляцца ў канкрэтным чалавеку. Малады чалавек можа раскрыць сябе праз гэтыя праекты», — расказаў Аляксандр Лук’янаў.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў справаздачнага мерапрыемства таксама будуць пытанні далейшага ўзаемадзеяння БРСМ і БРПА, удзелу прадстаўнікоў арганізацыі ва Усебеларускім народным сходзе, рэалізацыі сумеснага праекта «Кадравая лесвіца» з РГА «Белая Русь».

Перад пачаткам пленума яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі да мемарыяльнага знака на месцы пакарання смерцю членаў Мінскага камуністычнага падполля ў Аляксандраўскім скверы сталіцы. Затым у зале пленумаў адбылася ўрачыстая цырымонія развітання з піянерскім гальштукам і ўступлення ў рады БРСМ. Яе правялі старшыня Цэнтральнага савета БРПА Аляксандра Ганчарова і першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук’янаў. Маладыя людзі, якія папоўнілі рады Саюза моладзі, далі ўрачыстае абяцанне. «Гэта абяцанне закладвае ў сябе сэнсы, якія, мы ўпэўнены, наша моладзь, нашы маладыя патрыёты пранясуць праз усё сваё жыццё, і не толькі ў межах дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі», — дапоўніў першы сакратар ЦК БРСМ.

Рабочую частку пленума традыцыйна завершыць узнагароджванне лепшых. У прыватнасці, нагрудным знакам БРСМ «За поспехі ў працы» адзначана намеснік галоўнага рэдактара — рэдактар аддзела палітычнай інфармацыі і аналітыкі галоўнай рэдакцыі інфармацыі БелТА Святлана Сухарко.

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.