Вы тут

«Беларусь 3» — 10 гадоў! Сацыякультурны канал падрыхтаваў шмат прэм'ер


Вось ужо дзесяць гадоў, як сацыякультурны тэлеканал прапануе сваёй аўдыторыі розных узростаў пазнавальны і забаўляльны кантэнт, які кожны дзень прыцягвае больш за 850 тысяч чалавек. Тэлеперадачы, дакументальныя фільмы, гульнявыя і анімацыйныя стужкі, тэлеверсіі спектакляў і канцэртаў — усё гэта можна знайсці тут. А пачаў тэлеканал сваё вяшчанне 8 лютага 2013 года. І да сёння штодня творчая каманда «Беларусь 3» неадступна падпарадкоўвае сваю работу галоўнай мэце — папулярызацыі і захаванню беларускай культурнай спадчыны, фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці і выхаванню патрыятызму.


Важнае месца ў зместавым напаўненні тэлеканала заняло стварэнне тэматычных эфіраў, прымеркаваных да дзяржаўных свят, памятных гістарычных падзей і юбілеяў выдатных дзеячаў беларускай навукі і культуры. А таксама прамыя трансляцыі богаслужэнняў, музычных конкурсаў і канцэртаў значных мерапрыемстваў краіны. Працягваюць выходзіць любімыя праграмы «Дабраранак», «Калыханка», «Навіны культуры», «Беларуская кухня», «Сваімі словамі», «Жывая спадчына», «Кадры жыцця», «Камертон», «Суразмоўцы».

— Творчая каманда тэлеканала заўсёды знаходзіцца ў пошуку цікавых тэм, што прыносіць свой плён. За мінулыя некалькі гадоў у эфіры з'явіліся новыя праекты «Кампазітары Беларусі», «Памяць зямлі маёй», «Гісторыя Беларусі. Бітвы», «Кафедра», «Вечары з сімфанічным аркестрам», «Гісторыя. Факты», дакументальныя стужкі «Штурман журналістыкі. Да 100-годдзя Рыгора Булацкага», «Імправізацыя. Памяці М. Фінберга», «Брэсцкая крэпасць», «Дарога памяці» (сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем Вялікай Айчыннай вайны), «Па слядах Купалы» і «Крочым за Коласам», — адзначае дырэктар тэлеканала «Беларусь 3» Наталля Марынава. — Асаблівае значэнне надаецца ў нас папулярызацыі роднай мовы, таму большаць праектаў уласнай вытворчасці беларускамоўныя.

Варта адзначыць і тое, што праекты сацыякультурнага тэлеканала «Жывая спадчына», «Рэха вайны», «Брэсцкая крэпасць» сталі найлепшымі на Нацыянальным конкурсе «Тэлевяршыня».

— Юбілейны год тэлеканала пройдзе пад слоганам «10 гадоў — 10 прэм'ер». У дзень нараджэння «Беларусь 3» поўнасцю абнавіла сваё графічнае афармленне, а 11 лютага ў эфіры стартуе першая прэм'ера. Выйдзе першы выпуск сумеснага праекта Белтэлерадыёкампаніі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі «Навука побач». У ім гаворка будзе весціся аб гісторыі стварэння прадметаў, без якіх сучасны чалавек ужо не ўяўляе жыцця, аб адкрыццях, што з імі звязаны, і перспектыўных даследаваннях, — расказвае Наталля Васільеўна. — У гэты ж дзень у вячэрнім эфіры — святочны канцэрт Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі да 10-годдзя «Беларусь 3». А 12 лютага адбудзецца прэм'ера тэлевіктарыны «Веды ў кубе». Каб высветліць, хто лепш ведае беларускую мову і літаратуру, удзельнікам прапануюць адказаць на цікавыя пытанні. На працягу найбліжэйшых двух месяцаў канал прадставіць шэраг новых пазнавальных праектаў. Напрыклад, спецыяльны праект «Вялікі тэатр» дазволіць зазірнуць за кулісы і пазнаёміцца з тымі, хто кожны дзень стварае тэатральную казку. У сакавіку ў эфіры тэлеканала з'явяцца праект «Новыя людзі», героямі якога стануць таленавітыя навукоўцы, музыканты, мастакі, выканаўцы — лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. А вось пра развіццё эстрадна-сцэнічнага жанру ў Беларусі раскажа 10-серыйны цыкл «Легенды эстрады». Рыхтуецца да выхаду таксама дакументальны фільм рэжысёра Сяргея Кацьера «Іван Міско», адкуль даведаемся пра народнага мастака Беларусі, скульптара Івана Міско, які ў лютым мінулага года адзначыў сваё 90-годдзе...Заставайцеся з тэлеканалам сапраўдных каштоўнасцей!

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.