Вы тут

Наколькі «смачным» аказаўся «Аліўе»? Разбіраем новае кіно «Беларусьфільма»


Растапляючы льды, спяшаецца ў нашы краі вясна... Людзі ўважлівыя могуць назіраць гэты працэс, што называецца, у прамым эфіры: вярнуліся з выраю першыя пералётныя птушкі, прыкметна падаўжэлі дні, а вечарамі неба барвуецца захадам. Аднак кінатэатральны пракат, як вядома, жыве па сваіх законах, суладна з уласным календаром, і, паводле яго, пракатчыкам рана расслабляцца. Зіма прыносіць самыя вялікія касы, таму апошні раўнд грандыёзнай навагодняй бітвы толькі мае адбыцца.


Навагодні сюрпрыз 

Не так даўно, не вытрымаўшы канкурэнцыі з «Чабурашкам», з дыстанцыі сышоў іншы шматабяцальны праект — «камедыйная меладрама» беларуска-расійскай вытворчасці «Аліўе». Прэм’ерны паказ застольнай карціны, якую стваральнікі пазіцыянавалі як замену бессмяротнай «Іроніі лёсу», адбыўся яшчэ 29 снежня. Фільм здымаўся па заказе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сумеснымі намаганнямі Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» і некалькіх расійскіх вытворчых студый. Адпаведна, рэжысёраў таксама значыцца два: з беларускага боку — Ігар Чацверыкоў, а Расію прадстаўляе Андрэй Нікіфараў. Дык паглядзім жа, — хоць бы і пад самы шапачны разбор — чым здзіўляе кінастужка. 

Міхаіл Верын, гумарыст на заслужанай пенсіі, народны артыст СССР, Расіі і Беларусі, жыве на дзве сталіцы — Мінск, адкуль ён родам, і Маскву, дзе прапісаны дзеці і пакрываюцца пылам яго раскошныя хароміны ў адным з наменклатурных сталінскіх гмахаў. Вобраз пажылога коміка («тады гэта называлася артыст эстрады») увасоблены на экране экстраардынарным Сяргеем Шакуравым, якому, між іншым, у сваёй яркай кар’еры ўжо даводзілася іграць артыстаў у адстаўцы (напрыклад, у фільме «Сябар» 1987 года). Чаму пыляцца хароміны? У Маскву былая зорка апошнімі гадамі выбіраецца нячаста, і толькі святы ды фірменная бацькоўская салата здольныя сабраць усю сям’ю. 

Кадр з фільма.

Уласна, збіраючыся напярэдадні Новага года на чарговую пасядзелку «ў вузкім сямейным коле», госці і не здагадваліся, чым яна ў выніку абернецца. Непапраўны «прыкаліст» Міхаіл Верын падрыхтаваў для сваіх дамачадцаў навагодні сюрпрыз — пасадзіў за стол новую «нявесту» — маладзенькую цемнаскурую медсястру па імені Люба (Івана-Тэрэза Дзіура). Небеспадстаўна падазраючы родзічаў у крывадушнасці і ў тым, што прыходзяць не дзеля яго (ці хаця б дзеля адно аднаго), а толькі каб трапіць у тастамент і ўрваць сабе кавалак шматпакаёвай спадчыны, бацька задумаў сапраўднае шоу, каб правучыць і разам з тым прымірыць членаў сям’і, перазнаёміць іх нарэшце паміж сабой. 

Сямейка ж падабралася пярэстая: па адзін бок стала ўселіся старэйшы сын, чалавек высокага чыну Віктар (Станіслаў Дужнікаў), яго карыслівая жонка Карына (Ірына Пегава) і іх нашчадак Дзіма разам са сваёй дзяўчынай Алінай (Ягор Сазыкін і Вікторыя Разумоўская), насупраць — сярэдняя незамужняя дачка Аляксандра (Марына Пятрэнка), малодшы сын, хіпстар-метрасексуал Ігар (ураджэнец Беларусі Антон Дзенісенка) і яго грамадзянская жонка Ліза (Алена Палянская). Сапраўдная сям’я! Кампанію ім склалі віноўнік урачыстасці Міхаіл Верын, яго падстаўная нявеста Люба і сусед — кампазітар Рыгор Забродскі (беларускі акцёр Уладзімір Іваноў), які завітае на шум бакалаў (і пах спіртнога) пасярод свята. Усіх разам дзесяць чалавек, і ў кожнага свая драма. 

Усе за стол! 

Гучыць завязка вельмі інтрыгоўна! У рэшце рэшт застолле — «жанр» амаль што невычарпальны. За сталом людзі праводзяць ледзь не палову жыцця, за сталом нярэдка вызначаецца лёс: прызнаюцца ў каханні, «расстаюцца назаўсёды» і, канешне ж, мірацца... Кінематограф гэта даўно зразумеў — бадай, не існуе больш нагляднага спосабу прадэманстраваць канфлікт паміж героямі, як пасадзіць іх абедаць адзін насупраць аднаго. Адразу ў памяці паўстаюць катарсічная, амаль трохгадзінная «Сьераневада» — фільм румынскага рэжысёра Крысці Пую, які грымеў па ўсім свеце ў 2016 годзе (праўда, там людзей сабраў якраз не патрыярх, а пасведчанне аб яго смерці), і да таго падобныя. 

На здымачнай пляцоўцы.

Аднак паміж усімі «да таго падобнымі» і новай беларуска-расійскай стужкай няма нічога агульнага. Сусветныя дасягненні застольнага жанру відавочна прайшлі міма сцэнарыста карціны Аляксея Зюзіна. Не ў крыўду кажучы, але ў драматургічным плане фільм выйшаў бяззубым, і бяззубасць тая выяўляецца ў адсутнасці выразнага канфлікту паміж героямі. Зразумейце правільна: фармальна канфлікт заяўлены, але вырашаецца ён, як ні парадаксальна, не з дапамогай дыялогу, гарачай спрэчкі, да якой падштурхоўвае сама мізансцэна, а наадварот — праз маналог. Атрымліваецца, свядома адсякаючы самае цікавае, карціна папросту страляе сабе ў нагу... Крыху забягаючы наперад: аўтары наўмысна ідуць на такі рызыкоўны крок. 

Старэйшы сын Віктар (Станіслаў Дужнікаў).

Зрэшты, стваральнікі «Аліўе» параўноўваюць уласную работу, натуральна, не з фільмамі «румынскай новай хвалі», а, ні многа ні мала, з разанаўскай застольнай класікай — «Іроніяй лёсу», неад’емным спадарожнікам Новага года для мільёнаў сем’яў па ўсім былым Савецкім Саюзе. Але ж праўда ў тым, што, акрамя хіба праславутага стала, салатаў ды святочнага антуражу, паміж новым «Аліўе» і згаданым фільмам 1975 года не так і шмат перасячэнняў. Куды больш іх — з іншай класічнай карцінай Эльдара Разанава пад назвай «Гараж» (1979). Да рукапрыкладства тут, канешне, не дойдзе (хаця, магчыма, і не пашкодзіла б), але зыходныя даныя падобныя — група людзей, яркіх характараў, гэтаксама ўвесь час «высвятляе» адносіны, не выходзячы за межы аднаго памяшкання. 

Ягор Сазыкін у ролі Дзімы.

Незбалансаваны рэцэпт 

Што-што, а характары герояў сапраўды атрымаліся яркія, выпуклыя, кожны з іх — носьбіт індывідуальнага погляду на свет, у кожнага сваё разумен¬не шчасця, зоны камфорту, свае праблемы і мары. А іначай і быць не магло! Бо «Аліўе» — і ў тым заключаецца галоўны козыр твора — не фільм як такі, а падборка спавядальных маналогаў, зманціраваных адзін за адным на манер якога-небудзь камедыйнага шоу. Дзеля такога мастацкага прыёму стваральнікі і ахвяравалі дыялогамі. Само сабой, зусім ад іх ніхто адмаўляцца не стаў, але ж нясучую функцыю выконваюць менавіта сольныя выступленні. Займальная, трэба сказаць, ідэйка! Тым больш што напісаны маналогі таленавіта ды па-майстэрску (хоць асобныя пасажы і выдаюць агульнага аўтара). 

Народны артыст РСФСР Сяргей Шакураў у вобразе бацькі сямейства, народнага артыста СССР, Расіі і Беларусі Міхаіла Верына.

У кожнага з персанажаў свая праўда, якая пададзена надзвычай пераканаўча. Асабліва вылучаюцца тут лініі самога Міхаіла Верына, яго старэйшага сына Віктара і яго жонкі Карыны. На іх рахунку і наймацнейшыя акцёрскія партыі ў фільме. Сяргей Шакураў увогуле па-за канкурэнцыяй, маладым акцёрам ёсць чаму павучыцца ў старэйшага калегі, але ні Станіслаў Дуднікаў, ні Ірына Пегава не адстаюць ні на крок! З абсалютнай нязмушанасцю і, здаецца, зусім не напружваючыся, яны ўмудраюцца па-сапраўднаму ажывіць на экране сваіх персанажаў! Зрэшты, з невялікімі скідкамі пахваліць можна ўсіх, у тым ліку пачаткоўцаў Ягора Сазыкіна і Вікторыю Разумоўскую, якім проста не пашчасціла на цікавыя рэплікі, — іх выхады самыя незапамінальныя...


Галоўная «фішка» карціны абярнулася галаўным болем. Акрамя сказанага вышэй (і пра бяззубасць драматургіі, і пра залішне прыкметнага аўтара, і пра абагульненасць асобных вобразаў), незвычайная структура фільма спараджае цэлы шэраг праблем. Так, калі паасобку, у сваіх маналогах, героі ўсе цікавыя, то разам за адным сталом яны выглядаюць крышачку вяла (за асобнымі выключэннямі). І, нягледзячы на тое, што правялі побач, як відаць, цэлы вечар, уражанне складваецца — нібыта толькі селі. Выклікана гэта, верагодна, спецыфікай сцэнарыя: на ўвесь фільм эпізодаў, дзе акцёрам давялося б узаемадзейнічаць паміж сабой, — ад сілы хвілін 15–20. Зрэшты, сцэнарыста Аляксея Зюзіна, які паспеў пагуляць у КВЗ і шмат гадоў пісаў гумарыстычныя маналогі для тэлевізійных перадач накшталт Comedy Club, цяжка вінаваціць: у рэшце рэшт грэх не скарыстацца тым, што ўмееш рабіць лепш за ўсё. 

Бернард ЗАТЫЛКІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».