Вы тут

Скарбы фараона Рамзеса ІІ, позірк робата і кавуны ў Антарктыдзе


Адкапалі саркафаг захавальніка скарбаў фараона Рамзеса ІІ

Археолагі падчас раскопак выявілі ў прыгарадзе Каіра старажытны саркафаг, які належаў Птах-эм-вія — захавальніку скарбніцы фараона Рамзеса ІІ, самага магутнага старажытнаегіпецкага кіраўніка. Пра гэта паведаміла The Guardіan.


Адкрыццё зроблена ў Сакары, старажытным некропалі, размешчаным за 30 кіламетраў на поўдзень ад Каіра. Выявіла пахаванне прафесар факультэта археалогіі Каірскага ўніверсітэта Ола Эль Агізі.

Летась спецыяліст і яе каманда знайшлі грабніцу Птах-эм-вія на ўзроўні зямной паверхні. Пазней археолаг выявіла яго падземную пахавальную камеру з саркафагам.

У цэнтры ўнутранага двара грабніцы каманда вучоных заўважыла вяршыню вертыкальнай шахты, якая прадугледжвала праход у пахавальную камеру. Глыбіня шахты склала каля васьмі метраў, пясок выдалялі на працягу тыдня.

Пасля таго спецыялістка спусцілася ўніз, дзе і выявіла саркафаг. Як адзначыла археолаг, знайсці такі некрануты артэфакт у арыгінальнай грабніцы надзвычай складана.

«Выяўленне саркафага на яго першапачатковым месцы ў пахавальнай шахце было хвалюючай падзеяй, таму што гэта саркафаг уладальніка грабніцы, што не заўсёды бывае так. Часам ён прызначаны для іншага чалавека пазнейшага перыяду», — растлумачыла прафесар.

У іерогліфах на грабніцы пералічаны тытулы Птах-эм-вія, яны падкрэсліваюць яго блізкасць да цара, даказваючы, што ён адыгрываў «вельмі важную ролю ў кіраванні таго часу».

Таксама на саркафаг нанесены эмблемы бостваў, у тым ліку намалявана багіня неба Нут на веку, якое зачыняе куфар з раскінутымі крыламі для аховы памерлага.


Даследчыкі назвалі карысныя для здароўя вачэй ягады

Ужыванне ў ежу гэтых ягад можа прадухіліць пагаршэнне зроку ў людзей у пажылым узросце. Да такой высновы прыйшлі даследчыкі Каліфарнійскага ўніверсітэта, вынікі працы якіх публікуе часопіс Nutrіents.

Даследаванне праводзілася на працягу трох месяцаў. Для ўдзелу ў ім былі прыцягнуты добраахвотнікі ва ўзросце 45-65 гадоў, якіх падзялілі на дзве групы.

Удзельнікі эксперыменту з першай групы штодня ўжывалі каля 30 грамаў ягад годжы. У канцы даследавання ў добраахвотнікаў вымералі шчыльнасць ахоўных пігментаў вачэй. Як аказалася, за час эксперыменту гэты паказчык вырас.

Іншая група, якая складалася з паддаследных тога ж узросту, на працягу трох месяцаў прымала лекавыя БАДы. Ніякіх змен у іх зафіксавана не было.

Па словах даследчыкаў, у групы людзей, якія ўжывалі ягады годжы, быў павышаны ўзровень лютэіну і зеаксанціну. Гэтыя два пігменты адфільтроўваюць шкоднае сіняе святло, забяспечваюць антыаксідантную ахову і дапамагаюць засцерагчы вочы ад наступстваў старэння.


Адкрыты новы від старажытных яшчараў

У Аргенціне палеантолагі знайшлі астанкі новага віду невялікіх дыназаўраў, якія насялялі Зямлю 70 мільёнаў гадоў таму. Пра гэта паведаміў Нацыянальны савет па навуковых і тэхнічных даследаваннях (CONІCET).

Астанкі дыназаўра былі знойдзены каля населенага пункта Салітраль-Марэна, размешчанага на поўдзень ад горада Хенераль-Рока. Даследаванне касцей паказала, што гэта новы від дыназаўра, які жыў на тэрыторыі аргенцінскай Патагоніі ў канцы мелавога перыяду.

Дыназаўр атрымаў назву Patagopelta crіstata у гонар месца выяўлення яго касцей і панцыра. Навукоўцы ўстанавілі, што яго памеры былі невялікія ў параўнанні з іншымі старажытнымі яшчарамі, усяго каля двух-трох метраў у даўжыню.

Спецыялістам не ўдалося сабраць поўны шкілет дыназаўра, аднак атрыманых звестак аказалася дастаткова, каб зразумець, што гаворка ідзе пра новы від анкілазаўраў. Косткі гэтых траваедных яшчараў часта знаходзілі ў Паўночным паўшар'і і вельмі рэдка ў Паўднёвым.

Як вынікае з гіпотэзы навукоўцаў, памер гэтых дыназаўраў абумоўлены тым, што з-за недахопу ежы на астравах, у якія ператварылася паўночная частка Патагоніі, выжывалі толькі маленькія асобіны.


Знойдзены спосаб зрабіць позірк робата асэнсаваным

Расійскія навукоўцы знайшлі аптымальны сцэнарый руху позірку чалавекападобнага робата падчас зносін з людзьмі. Работу правялі спецыялісты Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта пры падтрымцы Расійскага навуковага фонду.

У даследаванні ўзялі ўдзел два спецыяльна сканструяваныя андроіды, здольныя гаварыць і рэагаваць на гаворку, размяшчэнне твару і кірунак позірку суразмоўніка, а таксама 46 добраахвотнікаў. Падчас эксперыменту мадэляваліся тры сітуацыі: робат распавядае гісторыю паддоследнаму, чалавек апавядае пра што-небудзь андроіду, машына і добраахвотнік разам вырашаюць задачу ў матэрыяльным свеце на прыкладзе гульні-галаваломкі. Затым удзельнікаў прасілі ацаніць робатаў, якія выкарыстоўвалі розныя стратэгіі руху вачэй.

Найбольш жывым з пункту гледжання суразмоўнікаў выглядаў той робат, які пераключаўся паміж рознымі варыянтамі позірку. Напрыклад, расказваючы гісторыю чалавеку, ён то глядзеў у вочы слухачу, то больш ветліва пазбягаў прамога зрокавага кантакту. Падчас рашэння галаваломкі ўвага робата пераходзіла ад партнёра да самой гульні. А калі андроід слухаў гісторыю, ён глядзеў то ў вочы, то на твар апавядальніка. Па словах навукоўцаў, атрыманы такім чынам эфект «эмацыянальнасці» робата тлумачыцца тым, што рознанакіраваныя рухі вачэй ствараюць ілюзію змены ўнутраных ментальных станаў, як у думаючай істоты.

«Мы разумеем, што робат павінен рэагаваць на ваш позірк. Але ў залежнасці ад задач ён можа паводзіць сябе па-рознаму. Калі робат увесь час глядзіць на вас, то гэта таксама дрэнна ўспрымаецца, таму павінен быць баланс паміж прамым позіркам і позіркам у бок», — растлумачыў навуковы супрацоўнік Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта Арцемій Котаў.


На полюсе холаду ў Антарктыдзе вырастуць кавуны

На станцыі «Усход» вясной 2023 года плануюць сабраць першы ўраджай кавуноў. Пра гэта паведаміла «Известиям» загадчыца аддзела святлофізіялогіі раслін і біяпрадукцыйнасці аграэкасістэм Аграфізічнага навукова-даследчага інстытута Гаянэ Панова.

Яна ўдакладніла, што для эксперыменту выбраны найлепшыя расійскія і замежныя сарты высокапрадукцыйных і хуткаспелых кавуноў.

«Запусціць фітатэхкомплекс і пасадзіць насенне агуркоў і кавуноў палярнікі плануюць у сакавіку. Да пачатку мая на станцыі «Усход» саспеюць першыя кавуны», — сказала Гаянэ Панова.

Смакавыя якасці антарктычных кавуноў, як чакаецца, павінны адпавядаць знакамітым астраханскім пладам, якія растуць пад паўднёвым сонцам.

Для апоры і харчавання каранёвай сістэмы раслін у фітатэхкомплексе навукоўцы распрацавалі канструкцыю, якая спалучае ў сабе тры асяроддзі — цвёрдае, вадкае і газападобнае. Ролю цвёрдага асяроддзя, на якім размяшчаюцца і замацоўваюцца карані, выконвае тонкі гідрафільны матэрыял, вадкае асяроддзе прадстаўлена падачай да каранёў раслін вады і пажыўных рэчываў, сістэма змяшчае паветраную праслойку, неабходную для дыхання каранёў.

Асветленасць набліжана да сонечнага спектра. Для гэтага выкарыстоўваюцца святлодыёдныя свяцільні, якія стварылі біяфізікі ў лабараторыі рэгуляваных аграбіясістэм Аграфізічнага інстытута сумесна з індустрыяльным партнёрам.

У Антарктыдзе эксперыменты па вырошчванні раслін у памяшканнях у поўнасцю кантралюемых умовах ідуць трэці год. Пазалетась, паводле даных дырэктара Арктычнага і антарктычнага НДІ Расгідрамета Аляксандра Макарава, на станцыі «Усход» сабралі 28,5 кілаграма памідораў і 9 кілаграмаў перцаў з плошчы крыху больш за адзін квадратны метр.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.